Рэлігійная сфера: малітва за Беларусь, малітва за Лукашэнку?

Наталля Васiлевiч

Рэзюмэ

У 2015 годзе дзяржава працягвала праводзіць палітыку ўстойлівага кантролю рэлігійнай сферы, пераважна праз прававы і бюракратычны рэжым. Выпадкі ўціску ў выглядзе рэпрэсій былі адзінкавымі, закраналі невялікія незарэгістраваныя супольнасці і не мелі шырокага рэзанансу. На пачатку года назіраецца пагаршэнне стасункаў з Рымска-Каталіцкім Касцёлам, звязанае з рэзкімі выпадамі дзяржаўных чыноўнікаў на адрас кіраўніцтва рэлігійнай супольнасці. У Праваслаўнай Царкве пашыраюцца прарасейска-мілітарысцкія тэндэнцыі, у першую чаргу звязаныя з царкоўнай маладзёжнай палітыкай — ваенна-патрыятычнымі клубамі і фестывалем на «Лініі Сталіна»; праводзіцца актыўнае кадравае перафарматаванне. Галоўным мабілізацыйным элементам слаба інтэнсіўнай перадвыбарчай кампаніі сённяшняй улады становіцца рэлігійна афарбаванае шоў «Малітва за Беларусь».

Тэндэнцыi:

Агульная характарыстыка

Колькасныя замеры вернікаў і прыналежных да той ці іншай канфесіі, паводле меркавання сацыёлага С. Карасёвай, не адлюстроўваюць рэальнай карціны ўплыву адпаведнай канфесіі на жыццё і каштоўнасці асобных людзей і грамадства ў цэлым, бо сацапытанні фактычна не робяць карэляцыі паміж светапоглядам рэспандэнтаў і іх рэлігійнай ідэнтыфікацыяй.1 Аднак на сённяшні дзень такія даследаванні не маюць альтэрнатывы.

Найбольш рэгулярнымі з’яўляюцца штогадовыя замеры Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, якія дазваляюць прасачыць гістарычную дынаміку паказчыкаў. Так, у 2015 годзе, паводле вынікаў даследавання, 63.5% насельніцтва Беларусі вызначалі сябе як вернікаў; 83.0% — як прыхільнікаў праваслаўнай канфесіі, 9.5% — каталіцкай.2 Пікавы паказчык колькасці вернікаў з 2010 па 2015 гады назіраецца ў 2012 годзе, і ён складае 71.5%, паказчык жа за 2015 год з’яўляецца самым нізкім за дадзены перыяд. Колькасць праваслаўных за гэты ж перыяд вагаецца паміж 78.0 і 84.0%, колькасць каталікоў — паміж 7.0 і 12.0%. Дзяржаўныя сацыёлагі адзначаюць тэндэнцыю да таго, што як у праваслаўных, так і ў каталікоў асноўнай формай практыкавання рэлігіі з’яўляецца нецаркоўная і сацыяльна пасіўная, прыватна-сямейная — адзначэнне рэлігійных святаў.3

Канфесійная структура беларускага грамадства ў аспекце рэлігійных арганізацый прадстаўлена 26 канфесіямі з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын — 3 315, сярод іх 1643 (49.6%) праваслаўныя, 491 (14.8%) каталіцкая і 1 057 (31.9%) — розных кірункаў пратэстанцкіх абшчын.4 З іх у Мінску,5 дзе пражывае каля 20.0% насельніцтва, зарэгістравана 151 абшчына, што складае ўсяго 4.5% ад усіх рэлігійных абшчын. З агульнай колькасці сталічных абшчын 45 (30.0%) належаць да Праваслаўнай Царквы, 21 (15.0%) — да Рымска-Каталіцкай, і 56 (37.0%) — да пратэстанцкіх цэркваў; у межах адпаведных канфесій прыходы ў сталіцы складаюць 2.7% праваслаўных абшчын, 4.2% рымска-каталіцкіх і 5.2% пратэстанцкіх.

Такім чынам, рэлігійнае поле характарызуецца перавагай праваслаўя, і гэтае дамінаванне мае не толькі колькасны, але і інстытуцыйны характар — праз замацаваны ў Законе «Аб свабодзе сумлення» статус «першай» канфесіі і наяўнасць адпаведных пагадненняў з Урадам Рэспублікі Беларусь і асобнымі дзяржаўнымі міністэрствамі, установамі і арганізацыямі. Такое супрацоўніцтва з дзяржавай сапраўды адкрывае Праваслаўнай Царкве некаторыя дзверы для ўваходу ў публічную сферу, аднак гэта таксама характарызуе арыентаванасць царквы ў публічнай дзейнасці на дзяржаву і дзяржаўныя арганізацыі.

З другога боку, гэта вызначае логіку не роўнага, а малодшага партнёра, бо менавіта дзяржаўны апарат і па рэсурсах, і па інфраструктуры, і па сваім статусе выконвае ў гэтым партнёрстве галоўную ролю, ролю «замоўцы» пэўных паслугаў, інстанцыі, якая дапускае царкву ў дзяржаўныя публічныя інстытуцыі, і кантралёра дзейнасці ў межах гэтых інстытуцый. У выніку дамінантная пазіцыя Праваслаўнай Царквы ў публічнай сферы пераўтвараецца ў фонавую, без рэальнага ўплыву на грамадскае жыццё і палітыку (бо ў руках Царквы адсутнічаюць механізмы такога ўплыву), але з пастаяннай дэкаратыўнай прысутнасцю на «другім плане».

Малiтва за Беларусь: цэрквы ў перадвыбарчым працэсе

Кульмінацыйнай праявай «дэкаратыўнай» ролі цэркваў у 2015 годзе стала арганізаваная 2 кастрычніка дзяржаўнымі ўладамі ў якасці галоўнага публічна-масавага элемента перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі цырымонія «Малітва за Беларусь»,6 якая прайшла каля пабудаванага пры падтрымцы дзяржавы храма-помніка ў гонар Усіх святых, настаяцелем якога з’яўляецца набліжаны да А. Лукашэнкі прот. Ф. Поўны. Галоўнымі ўдзельнікамі з боку канфесій былі кіраўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Рымска-Каталіцкай Царквы, Рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання мусульман, Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання.

Пратэстанцкія цэрквы — нават пазначаная ў прэамбуле Закона «Аб свабодзе сумлення» малалікая Евангельска-лютэранская царква, не кажучы пра шматлюдныя, але «нетрадыцыйныя» баптысцкія, пяцідзясятніцкія і поўнаевангельскія цэрквы, на цырымоніі на публічным узроўні прадстаўлены не былі. Мабілізацыя «масоўкі» для ўдзелу ў мерапрыемстве, якое мела сімвалічны характар, была арганізавана праз звыклы ведамасны спосаб «разнарадкі».

Сімвалізм гэтай цырымоніі для царкоўна-дзяржаўных узаемадачыненняў у тым, што для дзяржаўнай улады рэлігійныя арганізацыі цікавыя сваім патэнцыялам падтрымкі, які выяўляецца праз кіраўніцтва гэтых арганізацый, галоўным чынам фармальна, без апеляцыі да мабілізацыйнага патэнцыялу шырокіх колаў вернікаў.

Беларуская Праваслаўная Царква: памiж «рускiм светам» i беларускасцю

Калі ў 2014 годзе БПЦ была рэструктуравана на ўзроўні епіскапата/епархій: прызначаны чатыры новыя епіскапы, колькасць епархій вырасла на трэць, і яны сталі драбнейшымі, — то ў 2015 годзе Мітрапаліт Павел перайшоў да перафарматавання Мінскай епархіі. Яна стала больш кампактнай, што дазволіла павялічыць інтэнсіўнасць кантролю.

Нягледзячы на тое, што ў БПЦ, у адрозненне ад РПЦ у цэлым, не быў прыняты новы тыповы прыходскі статут 2009 года, які фактычна зліквідаваў парасткі прыходскай аўтаноміі, замацаваўшы паўнамоцтвы кіравання прыходам за епархіяльным архірэем, менавіта такая сістэма адміністравання пачала насаджацца ў межах цэнтральнай беларускай епархіі дэ-факта.7 Пры Мітрапаліце Філарэце настаяцелі вялікіх мінскіх прыходаў пры захаванні лаяльнасці дзейнічалі даволі аўтаномна як у гаспадарчым аспекце, так і ў развіцці іншай дзейнасці прыходу, выдзяляючы епархіі ўмоўныя «роялці» па прынцыпе франшызы. Мітрапаліт Павел правёў аўдыт гаспадарчай дзейнасці прыходаў і паставіў яе пад больш жорсткі кантроль са свайго боку.

Калі раней гаспадарчая дзейнасць была асабістай справай прыходскага кіраўніцтва, у першую чаргу настаяцелей, і ад гэтай дзейнасці залежаў як дабрабыт прыхода, так і іх асабісты, то цяпер у эканамічным сэнсе прыход абавязаны прыносіць пэўны даход у епархію. «Эфектыўнасць» настаяцеля залежыць ад яго здольнасці «карміць» епархію і забяспечваць дастатковую для яе фінансавую празрыстасць. Хаця такі падыход з боку кіраўніцтва епархіі шмат у чым мэтазгодны, дазваляе акумуляваць сродкі на развіццё агульнацаркоўных і агульнаепархіяльных праектаў за кошт прыходаў, гэта накладае на прыходы дадатковы фінансавы цяжар і становіцца крыніцай незадаволенасці.

Такая самая тэндэнцыя закранула і буйныя аб’яднанні БПЦ — Міжнародную грамадскую арганізацыю «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імені Мяфодзія і Кірыла» і Выдавецтва Беларускага Экзархата. Стваральнікі і шматгадовыя кіраўнікі гэтых арганізацый Р. Даўгяла і У. Грозаў пасля праведзенага фінансавага аўдыту, які выявіў наяўнасць непразрыстых для епархіяльнага кіраўніцтва схем атрымання і выдаткавання сродкаў, былі звольненыя са сваіх пасадаў, а на іх месца пастаўлены маладыя святары — без досведу гаспадарчай і арганізацыйнай дзейнасці ў межах папярэдніх схемаў, у вялікай ступені завязаных на асобы ранейшых кіраўнікоў.

Стаўка на маладых і менш дасведчаных дзеля памяншэння ўплыву буйных фігураў робіцца і ў складзе новай епархіяльнай рады, зацверджанай у снежні 2015 года: сярэдні ўзрост прызначаных Мітрапалітам Паўлам членаў кіраўнічага органа епархіі склаў 39.5 гадоў (сярэдні тэрмін у сане — 15.5 гадоў), а без уліку самага сталага і па ўзросце, і па святарскім досведзе прот. Г. Латушкі — 34.5 гадоў (10 гадоў у сане). Тое самае датычыць і суда Мінскай епархіі, дзе сярэдні ўзрост — 39.4 года. Апроч прот. Г. Латушкі, М. Коржыча і А. Лемяшонка, у складзе рады фактычна не засталося і ўплывовых настаяцеляў буйных мінскіх храмаў, якія раней складалі асноўны касцяк органа епархіяльнага кіравання.

Фактычна рэфармаванне епархіяльнай адміністрацыйнай сістэмы было і скіравана акурат супраць сярэдняга ўзроўню аўтаномных утварэнняў. У якасці адміністрацыйнага апірышча новай сістэмы выступаюць маладыя святары, якія не маюць самастойных дасягненняў, кар’ерны рост якіх не звязаны з асабістым сацыяльным і царкоўным капіталам, што зніжае фактар персанальнай ініцыятывы і аўтаноміі.

Любое перафарматаванне, якое змяняе баланс улады, з’яўляецца патэнцыйна канфліктагенным, спараджае хвалю незадаволенасці, якая ва ўмовах жорсткага кантролю і пазбаўлення рычагоў уплыву знаходзіць абмежаваныя рычагі рэалізацыі. Па-першае, гэта стратэгія задзейнічання рэсурсаў дзяржаўных уладаў (варыянт вымагае непасрэднага асабістага доступу да ўладаў); па-другое, стварэнне кааліцыі, якая дазваляе акумуляваць рэсурсы супольна; па-трэцяе, гэта апеляцыя да больш высокага ўзроўню царкоўнага кіравання — да Маскоўскай Патрыярхіі.

Чарговы візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь у чэрвенi разглядаўся менавіта ў якасці рэвізійнага ў дачыненні да дзейнасці Мітрапаліта Паўла. Нягледзячы на тое, што Мінскі Мітрапаліт застаецца ў абойме набліжаных да Патрыярха, яго заява аб неабходнасці большай аўтаноміі БПЦ у канцы 2014 года, якая выявіла схільнасць да спантанных і непрадказальных дзеянняў, у пэўнай ступені зменшыла давер да яго як да цалкам лаяльнай і кантраляванай фігуры з боку кіраўніцтва ў Маскве. У сваю чаргу дэзавуяванне гэтай заявай падарвала кароткачасовы давер, выказаны яму духавенствам Мінскай Мітраполіі ў сувязі з рухам у бок большай самастойнасці БПЦ. Для павелічэння кантраляванасці працэсаў у Беларускім Экзархаце з боку Маскоўскага Патрыярхата пасля візіту Патрыярха ў Беларусь была створана новая адміністрацыйна-кантралявальная адзінка — прадстаўніцтва Патрыярха Маскоўскага пры Беларускім Экзархаце, якое ўзначаліў ігумен Васіян (Змееў).

Апроч таго, у БПЦ на ўзроўні дзейнасці па працы з моладдзю нарастаюць мілітарысцкія, прарасейскія, прасавецкія тэндэнцыі. Гэта тычыцца функцыянавання па ўсёй Беларусі цэлага шэрагу вайскова-патрыятычных клубаў, дзе патрыятызм мае выразны ўсходні вектар (агульнаславянскі, прарасейскі, прасавецкі), вядзецца ідэалагічная і вайсковая падрыхтоўка ў асяродку цяжкіх і схільных да гвалту падлеткаў. Хаця такая дзейнасць вузкаскіраваная і закранае пэўны сацыяльны сегмент, павялічваецца яе публічная прысутнасць.

Такая тэндэнцыя становіцца акрэсленай і ў шэрагу агульнаправаслаўных мерапрыемстваў: 2015 год адзначыўся правядзеннем маладзёвага праваслаўнага фестывалю на «Лініі Сталіна» — у месцы, якое мае выразную ідэалагічную нагрузку і звязана з рамантызацыяй вайны. Падчас мерапрыемства многія маладыя ўдзельнікі былі апранутыя ў вайсковую форму, забаўляльная праграма ўлучала шмат нумароў з вайсковымі і расейска-патрыятычнымі элементамі. Нават у такім нейтральным масавым мерапрыемстве, як бал праваслаўнай моладзі, адзначаецца ўдзел людзей, звязаных з вайсковай службай ці службай у органах унутраных спраў, кадэтаў. Тым не менш на ўзроўні прыходскага жыцця прарасейскія сантыменты і ідэі «рускага свету» маюць больш латэнтны, неарганізаваны характар.

На гэтым фоне кантрастна вылучаецца і пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў богаслужэннях у г. Мінску: штомесяц яны праходзяць на прыходзе ў Сухарава і ў Духоўнай Акадэміі, пэўны час з ініцыятывы Мітрапаліта Паўла ў кафедральным саборы хор выконваў спеў «Магутны Божа». Калі разглядаць гэты працэс у дынаміцы, то пры ўсёй сціпласці маштабаў ён з’яўляецца сапраўдным прарывам у беларусізацыі БПЦ.

Рымска-Каталiцкi Касцёл: фаза эскалацыi

У РКЦ працягнулася тэндэнцыя пашырэння ўплыву беларускага і прабеларускага епіскапату: 3 чэрвеня ў выніку выбараў на пасяджэнні Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі Старшынёю быў абраны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які замясціў шматгадовага кіраўніка галоўнага органа кіравання Рымска-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі епіскапа Аляксандра Кашкевіча, а 9 чэрвеня быў прызначаны новы каталіцкі епіскап-беларус Аляксандар Яшэўскі.

У стасунках з беларускай дзяржавай абвастрыўся канфлікт, звязаны з тым, што ўлады незадаволены дзейнасцю ў Беларусі святароў-палякаў: спачатку Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей рэзка раскрытыкаваў як кадравую палітыку РКЦ у Беларусі ў цэлым, так і саміх замежных святароў, абвінаваціўшы іх у палітызаванасці і нават у «п’янстве за рулём», потым да крытыкі далучыўся і прэзідэнт. Каталікі адрэагавалі пратэстам як з боку грамадскасці (збор подпісаў супраць упаўнаважанага Гулякі), так і з боку Канферэнцыі біскупаў (заявы пазачарговага пленарнага пасяджэння).8

На ўзроўні дыпламатычных зносінаў з Ватыканам кантакты мелі сярэднюю інтэнсіўнасць, аднак упершыню адкрыта з боку Апостальскай Сталіцы было заяўлена пра яе ўдзел — разам з краінамі Еўрасаюза і Злучанымі Штатамі — у дыпламатычным ціску на беларускія ўлады ў пытанні вызвалення палітычных вязняў.9 Ключавую ролю ў пасярэдніцтве паміж беларускімі ўладамі і Ватыканам у працэсе палітычнага пахаладання пасля 19 снежня 2010 года выконваў нунцый Клаўдзіа Гуджэроці. У 2015 годзе яго місія ў Беларусі была завершаная, а прызначэнне новага амбасадара Ватыкана ў Беларусь зацягнулася. Гэта можа сведчыць як пра змяншэнне інтэнсіўнасці кантактаў па лініі Ватыкан — Мінск, так і пра перафармуляванне палітыкі ў дачыненні да Беларусі з боку Святога Прастола — і стратэгічна, і тактычна.

Заключэнне

У новым кантэксце пацяплення паміж Захадам і беларускімі ўладамі неабходнасць мабілізацыі рэлігійных арганізацый як гульцоў у дыпламатычным працэсе ў якасці пасярэднікаў будзе страчваць сваю вастрыню. Палітыка слабога, але пастаяннага напружання будзе працягвацца, бо паказала сваю эфектыўнасць у падтрыманні кантраляванасці рэлігійнай сферы: улады самастойна ствараюць кропкі напружанасці, потым самі «разрульваюць» канфліктныя моманты.

У БПЦ будзе працягвацца фармаванне новых «слабых» эліт з ліку стаўленікаў Мітрапаліта Паўла, пры гэтым кадравая палітыка будзе скіраваная на максімальнае паслабленне «моцных» эліт, якія склаліся ў папярэдні перыяд. З боку ўладаў у дачыненні да БПЦ палітыка шмат у чым будзе залежаць ад яе пазіцыі ў стасунках Масква — Мінск.