Дзяржава і царква: дэкларацыйнае «блізкае супрацоўніцтва»
Наталля Васiлевiч
Рэзюмэ
У 2014 годзе ў Беларусі рэлігійная сфера па-ранейшаму знаходзілася пад жорсткім дзяржаўным кантролем. Апроч «дробных» зачыстак незарэгістраваных супольнасцей, не было гучных выпадкаў рэпрэсій у рэлігійным полі, а канфліктная сітуацыя, звязаная з арыштам рыма-каталіцкага ксяндза Лазара, была знятая ягоным вызваленнем. У публічнай дзейнасці цэрквы зноў прасоўвалі каштоўнасці pro-life.
Для Беларускай Праваслаўнай Царквы 2014 год стаў першым годам новай эпохі – з новым кіраўніком Мітрапалітам Паўлам (Панамаровым), прызначэнне якога ў пачатку года актуалізавала тэму неабходнасці большай незалежнасці БПЦ ад расейскага цэнтра, а напрыканцы года Мітрапаліт Павел нечакана стаў выразнікам памкненняў да большага самакіравання, аднак тэма была хутка «закрытая». У стасунках уладаў з Рыма-Каталіцкім Касцёлам значных зрухаў не адбываецца.
Тэндэнцыі:
- памяншэнне выпадкаў уціску рэлігійнага поля пры захаванні рэпрэсіўных «правілаў гульні»;
- публічная дзейнасць па-ранейшаму грунтуецца вакол тэматыкі pro-life, аднак, нягледзячы на наяўнасць кансалідацыйнага і пратэставага патэнцыялаў, ён застаецца нерэалізаваным;
- запушчана кадравае і структурнае перафарматаванне Беларускай Праваслаўнай Царквы;
- канфліктным пунктам у стасунках уладаў і Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі застаецца пытанне святароў-замежнікаў, пры гэтым улады імкнуцца падтрымліваць добрыя стасункі з Ватыканам.
Агульная характарыстыка
Беларускае грамадства па рэлігійнай прыналежнасці і практыцы мае наступныя характарыстыкі: 1) нізкая рэлігійнасць пры слабой сувязі рэлігійных перакананняў з паўсядзённым жыццём; 2) поліканфесійнасць з колькасным дамінаванне праваслаўя і значнай прысутнасцю каталіцтва і пратэстантызму евангелічнага тыпу; 3) неаднароднасць якасных паказчыкаў рэлігійнасці ў залежнасці ад канфесійных масіваў – з нізкай рэлігійнай актыўнасцю праваслаўных, сярэдняй – каталікоў і нізкай – пратэстантаў; 4) рэгіянальная неаднароднасць.1 Нягледзячы на стракатую канфесійную палітру і значную колькасць актыўных пратэстантаў, асноўную вагу ў публічнай сферы маюць Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы.
Заканадаўства і інстытуцыі: пераслед і лобі
Датычна ўціску свабоды рэлігіі і веравызнання беларускія праваабаронцы ў 2014 годзе падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад па працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ААН,2 у якім, у прыватнасці, адзначаюцца наступныя праблемы ў галіне свабоды рэлігіі і веравызнання:
- забарона рэлігійнай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі паводле арт. 16 Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» і прадугледжанае крымінальнае пакаранне паводле арт. 193-1 Крымінальнага кодэксу;
- неабходнасць спецыяльнага дазволу на правядзенне рэлігійных мерапрыемстаў па-за культавымі будынкамі, прадугледжанае Законам «Аб масавых мерапрыемствах»;
- абмежаванне права на свабоду рэлігіі і веравызнання для замежных грамадзян, а таксама немагчымасць для іх узначальваць рэлігійныя арганізацыі і складаная працэдура запрашэння замежнікаў для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці;
- абмежаванне рэлігійных арганізацый, якія не з’яўляюцца рэлігійнымі аб’яднаннямі, у праве заснавання СМІ. Прапануюцца наступныя рэкамендацыі:
- адмена абавязковай рэгістрацыі;
- адмена неабходнасці атрымання дазволаў на правядзенне рэлігійных мерапрыемстваў у памяшканнях, якія знаходзяцца ў законным валоданні рэлігійных арганізацый;
- адмена абмежаванняў на заснаванне СМІ;
- гарантаванне поўнага аб’ёму права на свабоду веравызнання замежным грамадзянам;
- адмена абмежаванняў дзейнасці рэлігійных арганізацыяў тэрыторыяй, пазначанай у статуце.
Нягледзячы на станоўчыя крокі з боку дзяржаўных уладаў, у тым ліку праведзеныя з праваабаронцамі кансультацыі, у Нацыянальным дакладзе да УПА3 праблемы са свабодай рэлігіі і перакананняў ігнаруюцца, а таксама адсутнічае нават мінімальны зрух – пацверджанне запрашэння спецдакладчыка па свабодзе рэлігіі і перакананняў у Беларусь.
Нягледзячы на адсутнасць выпадкаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці за рэлігійную дзейнасць, па арт. 193-1 выносіліся папярэджанні пракуратуры і ўзбуджаліся крымінальныя справы, а ў 2014-м зафіксаваныя новыя выпадкі пераследу незарэгістраваных арганізацый у адміністрацыйным парадку. Паколькі склад правапарушэння за дзейнасць рэлігійнай арганізацыі без дзяржаўнай рэгістрацыі быў выключаны з першай часткі арт. 9.9 КаАП яшчэ ў 2011 годзе, пераслед ажыццяўляўся на падставе іншых артыкулаў: ч. 1 і 2 арт. 23.34 – парушэнне вызначанага парадку сходаў і іх арганізацыі і правядзення; арт. 21.16 – парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі.4
Абмежаванні для рэлігійнай дзейнасці замежных грамадзян, прадугледжаныя спецыяльнай працэдурай узгаднення з Упаўнаважаным, замацаванай у Палажэнні аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь з мэтай рэлігійнай дзейнасці, найбольш вострай праблемай з’яўляюцца для Рыма-Каталіцкага Касцёлу. Скарачэнне колькасці замежных (асабліва польскіх) рыма-каталіцкіх святароў у Беларусі – гэта мэтанакіраваная палітыка беларускіх уладаў, якія ў шэрагу выпадкаў адмаўляюць святарам у атрыманні ці працягванні дазволу. Пры гэтым у выпадку з кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапалітам Паўлам (Панамаровым) на нормы, датычныя замежных грамадзянаў, якія забараняюць ім узначальваць рэлігійную арганізацыю (арт. 13 Закона «Аб свабодзе сумлення»), беларускія ўлады ніякіх захадаў не прымаюць, ігнаруючы іх і ствараючы неадназначныя прававыя наступствы.5
Такім чынам, можна канстатаваць, што рэпрэсіўныя заканадаўчыя нормы датычна рэлігійнай дзейнасці, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам у гэтай сферы, спалучаюцца з ужываннем дадатковых механізмаў уціску, а таксама з выбіральным характарам выкарыстання нормаў заканадаўства. Гэта дазваляе зрабіць рэпрэсіі кропкавымі.
Калі закрануць лабіраванне цэрквамі і рэлігійнымі арганізацыямі каштоўнасцей, то, найбольшая ўвага ўжо не першы год тут надаецца pro-life. Менавіта ў гэтай сферы дзяржаўнай палітыкі ўдалося дасягнуць найбольш значных вынікаў. У прыватнасці, у арт. 27 Закона «Аб ахове здароўя» было ўведзена палажэнне, якое дазваляе лекару-спецыялісту адмовіцца ад правядзення штучнага перарывання цяжарнасці пры выкананні шэрагу ўмоваў; перадабортнага кансультавання, а таксама Мінздравам быў звужаны пералік медыцынскіх паказанняў да аборту.6
У межах супрацьабортных кампаній прайшоў шэраг мерапрыемстваў – ад вулічных акцый да дзяржаўных праграм. Унутры пралайф-арганізацый у сувязі з правядзеннем розных кампаній назіраюцца супярэчнасці, звязаныя не толькі з палітызацыяй парадку дня (як петыцыя БХД), але і з розным бачаннем актыўнасці і канкурэнцыі. Гэтак была прапанаваная альтэрнатыўная БХД петыцыя,7 якая заклікала да поўнай забароны абортаў, кіраўніца руху «Пралайф Беларусь» Тарасевіч крытыкавала акцыі «Тыдзень без абортаў» і даабортнае кансультаванне, якое ажыццяўляюць многія пралайф-арганізацыі. Супярэчанні абмяжоўваюць кансалідацыйны патэнцыял для супрацоўніцтва паміж цэрквамі і пралайф-аб’яднаннямі.
Апроч гэтага, беспрэцэдэнтную ўвагу да пазіцыі Беларускай Праваслаўнай Царквы выявілі парламентарыі пры абмеркаванні Закона «Аб пахаванні і пахавальнай справе», а таксама БПЦ удзельнічала ў канферэнцыях, прысвечаных адмене смяротнага пакарання. У абодвух выпадках, аднак, у БПЦ, па-першае, няма дакладна сфармуляванай пазіцыі, па-другое, гэтыя пытанні не з’яўляюцца найважнейшымі на парадку дня, і іх абмеркаванне ініцыюецца іншымі суб’ектамі. Без лабіравання з боку цэркваў адбылося прыняцце ў першым чытанні Закона «Аб альтэрнатыўнай службе», які прадугледзеў магчымасць замены вайсковай службы на альтэрнатыўную на падставе рэлігійных перакананняў.
Беларуская Праваслаўная Царква
Найбольш значнай падзеяй у Беларускай Праваслаўнай Царкве стала змена яе кіраўніцтва: новым Патрыяршым Экзархам стаў не звязаны з беларускімі царкоўнымі элітамі, знешні для беларускага кантэксту Мітрапаліт Павел (Панамароў). Пасля свайго прызначэння новы іерарх пачаў структурнае рэфармаванне БПЦ, якое ў цэлым адпавядае агульнай стратэгіі РПЦ на раздрабненне епархій і нарошчванне бюракратычнага апарату.
Па-першае, трэба адзначыць стварэнне новых епархій – асноўных адміністрацыйных адзінак Праваслаўнай Царквы, колькасць якіх павялічылася з 11 да 15 (на трэць). Мінская епархія была раздзеленая на чатыры: Мінскую, Слуцкую, Маладзечанскую і Барысаўскую,8 а Навагрудская – на дзве: Навагрудскую і Лідскую.9 Для кіраўніцтва новымі епархіямі былі абраныя новыя мясцовыя епіскапы – Антоній (Даронін), Павел (Цімафеенкаў), Парфірый (Прэднюк), кіраўнічым епіскапам стаў былы вікарый Веніямін (Тупека). Змена кіраўніцтва на ўзроўні епіскапа прадугледжвае і новыя спосабы кіравання на мясцовым узроўні, а таксама на ўзроўні Сінода БПЦ, структура якога таксама мяняе фармат.
Па-другое, раздрабненне епархій уплывае на дэцэнтралізацыю ўлады ў Экзархаце толькі па пытаннях прыходскага жыцця, пры гэтым жа адбываецца адваротны працэс – цэнтралізацыя ўлады на вышэйшым узроўні. З аднаго боку, гэта звязана з тым, што меншыя па сваіх памерах адміністрацыйныя адзінкі прадугледжваюць меншую вагу іх кіраўнікоў; з іншага боку, праводзіцца мэтанакіраваны працэс цэнтралізацыі, звязаны са стварэннем Мінскай Экзархіі па кіраванні БПЦ.10 Кіраўніком справамі апошняй быў прызначаны Антоній (Даронін), які з 2014 года становіцца адной з ключавых асобаў Беларускага Экзархата.
Па-трэцяе, адбылася спроба змены статусу БПЦ унутры РПЦ, якая выявілася ў ініцыяванай Мітрапалітам Паўлам (ці яго атачэннем) 16 снежня на агульным сходзе Мінскай Мітраполіі заяве наконт самакіравання. З аднаго боку, такі крок цалкам укладаецца ў агульны працэс адміністрацыйнага пераўладкавання і цэнтралізацыі ўлады ўнутры БПЦ, з іншага боку – агучванне такой ідэі выявіла эмацыйную падтрымку імкнення да большай незалежнасці ад РПЦ у шырокіх колах духавенства. Аднак пасля сустрэчы Мітрапаліта Паўла з кіраўніцтвам у Маскве заява была дэзавуяваная, што засведчыла пазіцыю маскоўскага цэнтра і магчымасці БПЦ.11
Па-чацвёртае, новы Мітрапаліт адпачатку намагаўся акрэсліць шэраг маштабных прапановаў-патрабаванняў да дзяржаўных уладаў: правядзенне абортаў толькі паводле медыцынскіх паказанняў, забарона сурагатнага мацярынства і абмежаванне выкарыстання дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій; дазвол на спрошчаны парадак узгаднення размяшчэння і будаўніцтва храмаў для БПЦ, памяншэнне падаткаў на прыбытак для падаткаплацельшчыкаў, якія ажыццяўляюць дапамогу БПЦ, вызваленне ад падаткаабкладання прыбытку заснаваных БПЦ арганізацый дзеля ажыццяўлення статутнай дзейнасці; прызнанне тэалогіі на ўзроўні ВАК (у тым ліку ў дачыненні да духоўных навучальных устаноў); увядзенне курса па праваслаўнай культуры ў тыпавы навучальны план сярэдніх школ; адкрыццё праваслаўных школ і дзіцячых садкоў з дзяржаўным фінансаваннем; выдзяленне зямлі дзеля будаўніцтва і аднаўлення храмаў у г. Мінску і інш.
Нягледзячы на прынцыповую невыканальнасць большасці дадзеных пунктаў, на ўзроўні дэкларацый царкоўна-дзяржаўныя стасункі застаюцца ў парадыгме «блізкага супрацоўніцтва»: выступы датычна палітыкі Лукашэнкі і і яго асобы з боку Мітрапаліта Паўла носяць кампліментарны характар. Прычым блізкасць выяўляецца нават на асабістым узроўні: Мітрапаліт Павел пасяліўся ў Драздах.
Рыма-Каталіцкі Касцёл
У 2014 годзе была закрытая рэзанансная «шпіёнская справа» супраць ксяндза Лазара, якога без залішняй увагі проста выпусцілі са зняволення. Гэта паменшыла інтэнсіўнасць напружання ў стаўленні дзяржавы да Рыма-Каталіцкай Касцёлу, таксама як і працяг дазволу на служэнне адному з ксяндзоў, якому ў такім дазволе было адмоўлена, – святару Раману Шульцу. Было знятае напружанне, звязанае з доўгімі спробамі зарэгістраваць новую Каталіцкую акадэмію, тым, што ў студзені 2015 года такая акадэмія была, хоць і з трэцяй спробы, але зарэгістраваная.
Улады ў дачыненні да Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі ў межах палітыкі дзяржаўнага кіравання спрабуюць не перакрочыць мяжу ўціску, каб, з аднаго боку, не даць каталікам «расслабляцца», але, з іншага боку, не спарадзіць рэзкага канфлікту і супрацьстаяння. У дачыненнях жа з Ватыканам, якія праводзяцца ў межах дыпламатычнай палітыкі, беларускія ўлады стараюцца паводзіць сябе падкрэслена прыязна, хаця б і на ўзроўні дэкларацыяў, ставячы знешнепалітычныя мэты, пакідаючы магчымасць «ватыканскага сцэнарыя» вырашэння дыпламатычных задач беларускага рэжыму. Такім чынам, палітыка носіць дваісты характар па лініі «дзяржаўнае кіраванне і дыпламатычныя стасункі».12
Заключэнне
У сувязі са структурным і кадравым перафарматаваннем БПЦ унутры дадзенай арганізацыі будзе працягвацца стварэнне новых эліт і іх блокаў, назірацца інтэнсіўнае супрацьстаянне і барацьба за ўплыў у новым кантэксце, што можа спараджаць нестабільнасць. Магчымыя далейшыя гучныя кадравыя перастаноўкі і прызначэнні, структурныя рэформы, скіраваныя на ўсталяванне большай кантраляванасці з боку Мінскага цэнтра. Пасля дэзавуявання заявы пра неабходнасць павышэння статусу БПЦ да самакіраванай царквы верагоднасць новай спробы ў гэтым кірунку невысокая.
Ва ўзаемадачыненнях з Рыма-Каталіцкай Царквой будуць працягвацца спробы выкарыстання яе знешнепалітычнага патэнцыялу, асабліва ў кантэксце «мінскага мірнага працэсу». Інтэнсіфікацыя стасункаў з Ватыканам можа прывесці да сітуатыўных і стратэгічных выгодаў РКЦ у Беларусі, аднак, з улікам досведу развіцця двухбаковых стасункаў пасля 2008 года, верагоднасць значных, а не дэкларатыўных крокаў малая. Тым не менш ва ўмовах перыяду перад прэзідэнцкімі выбарамі магчымыя папулісцкія крокі з боку дзяржаўных уладаў.