Палітычныя партыі: канцэптуальны крызіс і пошук альтэрнатывы Плошчы

Змiцер Кухлей

Рэзюмэ

На працягу 2014 года апазіцыйныя партыі вялі перамовы наконт абрання адзінага кандыдата на пасаду прэзідэнта. Канчаткова вызначыцца з працэдурай абрання лідара апазіцыі ў мінулым годзе не атрымалася. Сярод вядучых палітычных структур замацавалася супрацоўніцтва ў межах двух апазіцыйных блокаў – «Народны рэферэндум» і «Талака», – якое аформілася яшчэ ў 2013 годзе.

Мясцовыя выбары 23 сакавіка 2014 года разглядаліся апазіцыйнымі партыямі як тэхнічная кампанія без шанцаў на электаральную перамогу. Партыі спрабавалі выкарыстаць выбарчую кампанію для ўзмацнення сваіх структур у межах доўгатэрміновых стратэгій i для падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў. Аднак магчымасці апазіцыі звузіліся з прычыны паглыблення расколу ў беларускім грамадстве, выкліканага кіеўскiм Майданам і асвятленнем расейскімі СМІ падзей ва Украіне. У выніку сур’ёзнага крызісу канцэпцыі Плошчы (на фоне расейскага ўварвання ва Украіну) у дэмакратычным партыйным асяроддзі значна ўзмацніліся пазіцыі прыхільнікаў паступовай трансфармацыі беларускага рэжыму.

Улады працягвалі ствараць неспрыяльныя ўмовы для партыйнага развіцця. У тым ліку не спраўдзілі надзеі наменклатурных эліт на трансфармацыю РГА «Белая Русь» у палітычную партыю. Пры гэтым «Белая Русь» паступова павялічвае свой палітычны патэнцыял.

Тэндэнцыі:

Кааліцыйнае будаўніцтва: правал перамоў наконт «адзінага кандыдата»

На працягу ўсяго года лідары вядучых апазіцыйных партый спрабавалі ўзгадніць працэдуру вылучэння адзінага кандыдата на пасаду прэзідэнта. Тэрміны правядзення Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім планавалася вызначыць агульнага лідара апазіцыі, увесь час пераносіліся. У выніку ў мінулым годзе спроба кааліцыйнага будаўніцтва вакол абрання «адзінага кандыдата» правалілася.

Сярод сямі вядучых апазіцыйных арганізацый, якія спрабавалі дамовіцца наконт правядзення Кангрэса, замацаваўся выразны падзел на два блокі. Найбольш моцнымі выглядалі пазіцыі ініцыятараў кампаніі «Народны рэферэндум» – Руху «За свабоду», грамадскай кампаніі «Гавары праўду», партый БНФ і БСДП «Грамада». Гэтым апазіцыйным структурам удалося напрацаваць давер у межах сумеснай доўгатэрміновай кампаніі ў падтрымку правядзення народнага плебісцыту. Паводле заяў лідараў «Народнага рэферэндуму», яны здолелі прыйсці да кансэнсусу, дамовіўшыся наконт супольнай пазіцыі па абранні на Кангрэсе «адзінага кандыдата».

Да ініцыятараў народнага плебісцыту пазней далучыўся аргкамітэт партыі БХД, лідары якой на працягу ўсяго года беспаспяхова спрабавалі прывесці да згоды пазіцыі прадстаўнікоў «Народнага рэферэндуму» і альтэрнатыўнай кааліцыі «Талака». У выніку пяць апазіцыйных партый падпісалі пагадненне аб працэдуры правядзення Кангрэса дэмакратычных сіл. Аднак паводле ранейшых дамоўленасцей сямі партый, якія праводзілі перамовы, гэтае рашэнне патрабуе згоды яшчэ аднаго ўдзельніка, без якога яно не можа быць рэалізавана.

Прадстаўнікі альянсу «Талака» ад партый АГП і «Справядлівага свету» адмовіліся далучыцца да супольнага пагаднення, незадаволеныя працэдурай вылучэння ўдзельнікаў Кангрэса і адсутнасцю іншых лідараў, якія б заяўлялі пра свой намер стаць «адзіным кандыдатам» ад апазіцыі. У адрозненне ад лідара АГП Анатоля Лябедзькі, які яшчэ ў траўні 2014 года абвесціў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, арганізатары кампаніі «Народны рэферэндум» так і не агучылі прозвішча свайго патэнцыйнага прэтэндэнта ў лідары апазіцыі.

Падчас мясцовых выбараў у сакавіку ўдзельнікі кааліцыі «Талака» па ініцыятыве АГП спрабавалі ў чарговы раз рэалізаваць ідэю папярэдняга абрання «адзінага кандыдата». Аднак, паводле заяў партыйных лідараў, улады здолелі сарваць «праймерыз», які альянс планаваў правесці ў Бабруйску. Відавочна, што самастойна ўдзельнікі «Талакі» не маюць рэсурсаў і надзейных механізмаў для паўнавартаснай арганізацыі такой ініцыятывы.

Апазіцыя не здолела аб’яднацца для правядзення супольнай выбарчай кампаніі па адзінай акрузе ў Гомелі, дзе разам з мясцовымі праводзіліся давыбары дэпутата ў парламент. Арганізацыі, якія падтрымліваюць ініцыятыву «Народны рэферэндум», дамовіліся наконт агульнага кандыдата ў дэпутаты парламента. Аднак ад кааліцыі «Талака» вылучаліся прадстаўнікі і АГП, і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Нягледзячы на заявы апазіцыйных структур наконт правядзення агульнай узорна-паказальнай выбарчай кампаніі, вылучэнне некалькіх апазіцыйных кандыдатаў у Гомелі прадэманстравала ўзровень даверу паміж імі.

Крывавыя падзеі ў Кіеве падчас адхілення прэзідэнта В. Януковіча, расейская анексія Крыма і ваенны канфлікт на ўсходзе Украіны выклікалі ў апазіцыйным асяроддзі дыскусію пра шляхі трансфармацыі беларускага рэжыму. Пры гэтым значна ўзмацніліся пазіцыі тых, хто крытыкуе канцэпцыю змены ўлады ў выніку вываду людзей на Плошчу – на акцыі пратэсту ў дзень выбараў. А шэраг арганізацый распачаў пошук альтэрнатыўнага Плошчы сцэнарыя трансфармацыі беларускага рэжыму ўжо пасля жорсткіх паслявыбарчых рэпрэсій у 2010–2011 гадах.

Так, ініцыятары «Народнага рэферэндуму» ў 2014 годзе працягвалі рэалізоўваць мерапрыемствы ў межах сваёй доўгатэрміновай стратэгіі паступовага змянення беларускага рэжыму. Яны імкнуцца з выкарыстаннем грамадскага ціску ініцыяваць змены ў не крытычных для ўладнай вертыкалі сферах, вызначыўшы сярод іх найбольш важныя для беларускага грамадства. Дзеля гэтага яшчэ ў 2013 годзе з дапамогай кансультацый імі былі абраны шэсць прыярытэтных пытанняў для правядзення супольнай кампаніі па ініцыяванні народнага плебісцыту.

З іншага боку, удзельнікі кааліцыі «Талака» лічаць магчымай трансфармацыю беларускага рэжыму ў выніку правядзення справядлівых і сумленных выбараў. Аднак, як засведчылі мясцовыя выбары 2014, улады пагаршаюць умовы правядзення выбарчых кампаній для сваіх апанентаў, а большасць насельніцтва не хвалюе праблема сумленнасці і справядлівасці выбараў. Апазіцыйныя партыі і праваабаронцы на працягу шэрагу палітычных кампаній арганізоўваюць назіранне і паслявыбарчую агітацыйную працу, якія, аднак, пакуль так і не прывялі да росту грамадскай актыўнасці ў абароне свайго выбару.

Падчас мясцовых выбараў 2014 удзельнікі «Народнага рэферэндуму» і «Талакі» не прыйшлі да згоды наконт аб’яднання высілкаў па агульным партыйным назіранні. Разам з тым ініцыятарам «Народнага рэферэндуму» і партыі БХД удалося дамовіцца пра арганізацыю супольнай грамадскай кампаніі «Права выбару», якая набыла характар пастаяннай партыйнай ініцыятывы па назіранні за выбарамі.

Апазіцыя vs улада на мясцовых выбарах: застацца пры сваім

Перад арганізатарамі выбараў стаяла задача забяспечыць высокую яўку выбарцаў ва ўмовах падтрымання нізкага ўзроўню палітызацыі грамадства. У сваю чаргу, апазіцыйныя партыі разглядалі ўдзел у выбарчай кампаніі як магчымасць арганізацыйнага развіцця структур, папулярызацыі сваіх праграм у межах падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Сярэдні конкурс на дэпутацкае месца складаў 1.2 чалавека і не адрозніваўся ад папярэдняй кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы 2010 года. Традыцыйна найбольшая актыўнасць апазіцыйных кандыдатаў назіралася ў сталіцы і буйных гарадах.

Нягледзячы на тое што ЦВК зафіксавала высокую яўку на выбарах – 77.4%, паводле звестак НІСЭПД, удзел у галасаванні прынялі значна менш выбарцаў – каля 57% апытаных. Пры гэтым партыйныя назіральнікі ў межах ініцыятывы «Права выбару» заявілі, што на некаторых выбарчых участках у сталіцы і буйных гарадах яўка была меншай за 50%.

Улады ў чарговы раз напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі паспяхова тэставалі змены ў выбарчае заканадаўства. Новаўвядзенні яшчэ болей абмежавалі выкарыстанне апазіцыяй выбарчых кампаній для данясення сваіх ідэй і навязвання ўладам сваіх сцэнарыяў правядзення выбараў. Напрыклад, шэраг апазіцыйных актывістаў зазналі пераслед за заклікі да байкоту выбараў, што было забаронена пасля парламенцкай кампаніі 2012 года. Акрамя таго, паводле заканадаўчых новаўвядзенняў усе выдаткі на выраб агітацыйных матэрыялаў павінны пакрывацца выключна са створаных кандыдатамі выбарчых фондаў. Магчымасцю сфармаваць свае фонды скарысталіся толькі 816 з 22 тыс. кандыдатаў. У выніку для грамадства выбарчая кампанія 2014 стала яшчэ меней заўважнай, чым папярэднія.

У параўнанні з мінулымі выбарамі ўлады пагоршылі для апазіцыі ўмовы правядзення мясцовай кампаніі 2014 ужо з першых яе этапаў. Падчас фармавання выбарчых камісій значная колькасць апазіцыйных прэтэндэнтаў была адсеяная: з вылучаных кандыдатаў толькі 11.4% былі ўключаны ў тэрытарыяльныя (ТВК), 5.95% – у акруговыя (АВК) і 5.6% – ва ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК).1 У той жа час пераважная большасць заяўленых прадстаўнікоў праўладных партый атрымала месцы ў выбарчых камісіях: 80% – у ТВК, 69.6% – у АВК і 86% – ва УВК.

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у мясцовыя саветы толькі 2.6% прадстаўлялі зарэгістраваныя палітычныя партыі, у той час як 62.5% вылучаліся шляхам збору подпісаў, а 30.5% – працоўнымі калектывамі.2 З 15 афіцыйна зарэгістраваных толькі 10 палітычных партый скарысталіся магчымасцю вылучыць сваіх прадстаўнікоў у мясцовыя саветы. Прычым некаторыя праўладныя партыі, такія як Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя «Народнай згоды», здолелі зарэгістраваць толькі па 3 кандыдаты на 18816 месцаў у саветах.

Улады працягваюць змяншаць колькасны склад дэпутацкага корпуса, асабліва ў сельскай мясцовасці. Гэта звязана не толькі са скарачэннем самой колькасці сельскіх адміністрацыйных адзінак па краіне, але і з нежаданнем насельніцтва прымаць удзел у выбарах. Яшчэ раней кіраўнік беларускай ЦВК Л. Ярмошына скардзілася на пашырэнне абсентэізму ў беларускім грамадстве, што стварае цяжкасці для мясцовых адміністрацый нават у пошуку лаяльных кандыдатаў у дэпутаты: «Дастаткова востра стаіць пытанне, а ці трэба захоўваць сельскія і пасялковыя саветы, з той прычыны, што там надзвычай цяжка знайсці кандыдатаў у дэпутаты і потым забяспечваць працу гэтых прадстаўнічых органаў, якія валодаюць вельмі невялікімі паўнамоцтвамі».3

Варта адзначыць, што ў беларускім грамадстве захоўваецца высокая папулярнасць левых/камуністычных ідэй. Праўладная Камуністычная партыя Беларусі здолела вылучыць у саветы абласнога, гарадскога і раённага ўзроўняў найбольшую сярод іншых партый колькасць кандыдатаў – 253 чалавекі. Хаця ў саветах папярэдняга 26-га склікання прадстаўнікоў КПБ было яшчэ больш – 360 чал. Пры тым што іх апазіцыйныя калегі з Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»4 таксама традыцыйна вызначаюцца высокім узроўнем удзелу ў выбарах.

Істотная колькасць апазіцыйных структур, асабліва тых, што не маюць афіцыйнай рэгістрацыі, вылучала сваіх кандыдатаў шляхам збору подпісаў. Аднак – у параўнанні з праўладнымі прэтэндэнтамі – прадстаўнікі апазіцыйных арганізацый значна часцей атрымлівалі адмову ў рэгістрацыі (табл. 1).

Палітычная партыя/рух Зарэгістраваныя кандыдаты, чал. Пададзена на рэгістрацыю, чал. Зарэгістраваныя кандыдаты, %
Беларуская хрысціянская дэмакратыя 42 131 32
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Грамада») 52 99 52
Рух «За свабоду» 38 85 44
«Справядлівы свет» 89 120 74
«Гавары праўду» 103 487 21
Аб’яднаная грамадзянская партыя 91 126 72
Табліца 1. Рэгістрацыя прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый5

Ва ўмовах скарачэння сацыяльных гарантый насельніцтву ўлады імкнуліся прадухіліць рост пратэставых настрояў у грамадстве і вызначылі больш жорсткія рамкі для дзейнасці сваіх апанентаў. У сваю чаргу, апазіцыі не ўдалося палітызаваць беларускае грамадства, нягледзячы на некаторыя спробы скарыстацца незадаволенасцю насельніцтва сацыяльна-эканамічнай палітыкай дзяржавы.

Сілавыя структуры імкнуліся абмежаваць актыўнасць тых кандыдатаў і палітычных сіл, якія выходзілі за вызначаныя ўладамі рамкі. Напрыклад, улады пераследавалі актывістаў, якія на масавых перадвыбарчых мерапрыемствах уздымалі пытанні байкоту выбараў або праблему існавання ў краіне палітзняволеных. Мясцовыя адміністрацыі зрывалі правядзенне агітацыі, ізалявалі арыштам на суткі найбольш актыўных апазіцыйных лідараў або прысуджалі ім вялікія штрафы.

Падзеі ва Украіне таксама значна звузілі поле для дзейнасці апазіцыі. Праўкраінская рыторыка пераважнай большасці апазіцыйных лідараў, якія з сімпатыяй паставіліся да пратэстаў у Кіеве і адхілення ад улады прэзідэнта В. Януковіча, супярэчыла меркаванню пераважнай большасці насельніцтва краіны. Пад уплывам афіцыйных беларускіх і перадусім расейскіх СМІ павялічыўся раскол у беларускім грамадстве. Большасць насельніцтва падтрымала крамлёўскі погляд на ўкраінскія падзеі. Паводле назірання сацыёлагаў з НІСЭПД, у 2014 годзе быў зафіксаваны мінімальны ўзровень гатоўнасці беларусаў да ўдзелу ў публічных акцыях пратэсту, а таксама павялічыліся рэйтынгі ўладаў на фоне адсутнасці росту даходаў.6

Варта адзначыць, што беларускае кіраўніцтва стрымлівае развіццё не толькі апазіцыйных, але і праўладных партый. У выніку мясцовых выбараў толькі 33% вылучаных апазіцыйнымі і праўладнымі партыямі кандыдатаў патрапілі ў саветы – 248 з 748. Пры гэтым у цэлым у дэпутацкім корпусе прадстаўнікі палітычных партый склалі толькі 1.3%.

Колькасць апазіцыйных прадстаўнікоў у мясцовых саветах, якая і без таго была мізэрнай, у выніку мясцовых выбараў 2014 працягвае скарачацца да адзінак, якія патрапілі ў асноўным у перыферыйныя сельскія саветы. Пры гэтым, паводле звестак НІСЭПД, каля 9% выбарцаў галасавалі за кандыдатаў ад апазіцыйных партый і арганізацый. Аднак падтрымка палітычных партый крыху зменшылася на фоне падзей ва Украіне, у выніку якіх павялічылася колькасць прыхільнікаў ідэі «моцнай дзяржавы». Паводле сакавіцкага апытання, толькі 14.9% рэспандэнтаў выказвалі давер апазіцыйным партыям, а 66.3% зазначылі, што ім не давяраюць.

Праўладныя партыі выкарыстоўваюцца беларускім кіраўніцтвам пераважна для дэманстрацыі палітычнага плюралізму падчас выбарчых кампаній, а таксама дзеля тэхнічнага забеспячэння патрабаванняў заканадаўства аб прысутнасці прадстаўнікоў партый і НДА ў выбарчых камісіях. Ва ўмовах нязначнай партыйнай прысутнасці ў мясцовых органах улады Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», кіраўніцтва якога неаднаразова рабіла спробы ператварыць сваю арганізацыю ў «партыю ўлады», працягвае замацоўваць пазіцыі ў саветах. У параўнанні з папярэднім скліканнем аб’яднанне павялічыла сваё прадстаўніцтва ў мясцовых саветах амаль у два разы. Дэпутатамі ўсіх узроўняў у 2014 годзе абраны 5 114 чальцоў РГА «Белая Русь», у той час як у 2010-м – 2 885 чалавек.

Такім чынам, з 18 816 дэпутатаў мясцовых саветаў кожны чацвёрты з’яўляецца прадстаўніком палітызаванага аб’яднання «Белая Русь». Прычым у складзе Мінскага гарадскога савета чальцы арганізацыі складаюць 77% дэпутацкага корпуса, а ў Брэсцкім, Гродзенскім і Магілёўскім аблсаветах – болей за 55%. Дэпутатамі раённых саветаў абраныя 1 579 сябраў РГА «Белая Русь», або 35% ад агульнай колькасці дэпутатаў першаснага ўзроўню.7 З усіх вылучаных ад гэтай арганізацыі кандыдатаў 93.7% патрапілі ў мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады. Гэтыя лічбы выразна кантрастуюць з паказнікамі апазіцыйных партый, што здолелі правесці ў саветы толькі адзінкі сваіх прадстаўнікоў, і нават з іншымі праўладнымі партыямі, якія прадэманстравалі больш сціплыя вынікі.

РГА «Белая Русь» паступова павялічвае свой уплыў на палітычныя працэсы, з’яўляючыся грамадскай арганізацыяй. Варта адзначыць, што напярэдадні мясцовых выбараў былі ўнесены адмысловыя змены ў заканадаўства. Паводле гэтых новаўвядзенняў грамадскае аб’яднанне можа быць пераўтворанае ў палітычную партыю. Аднак у 2014 годзе «Белая Русь» так і не дачакалася павышэння свайго статусу ў палітычнай сістэме краіны.

Беларускае кіраўніцтва распачынае дыскусію наконт утварэння «партыі ўлады» на аснове гэтага палітызаванага грамадскага аб’яднання напярэдадні выбарчых кампаній. Такім чынам кожны раз наменклатуры даецца надзея на павелічэнне яе ролі ў палітычным працэсе, што дазваляе захаваць лаяльнасць чыноўніцкага апарату і мабілізаваць яго для забеспячэння патрэбнай яўкі і вынікаў галасавання.

Высновы

Удзельнікі перамоў наконт правядзення Кангрэса дэмакратычных сіл фактычна адмовіліся ад ідэі вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі. Адсутнасць згоды сярод лідараў па гэтым пытанні павялічвае верагоднасць вылучэння некалькіх апазіцыйных прэтэндэнтаў.

Аднак недахоп рэсурсаў і створаныя ўладамі больш жорсткія ўмовы правядзення выбараў прымусяць партыі да супрацоўніцтва ў межах апазіцыйных блокаў«Народны рэферэндум» і «Талака», якія напрацавалі давер паміж сабою на працягу некалькіх апошніх выбарчых кампаній.

Улады таксама зацікаўлены ў абмежаванай канкурэнцыі з боку сваіх апанентаў і ў вылучэнні 2–3 апазіцыйных кандыдатаў, якія будуць расцягваць паміж сабой пратэставы электарат.