Сельская гаспадарка: малочная перамога і мясны калапс

Алесь Сержановіч

Рэзюмэ

Спрыяльная знешняя кан’юнктура дазволіла беларускай харчовай прамысловасці паказаць пазітыўныя вынікі, найперш у малочнай прамысловасці. У мясной прамысловасці ад пачатку году назіраліся негатыўныя з’явы, якія ў выніку прывялі да амаль месячнай забароны на экспарт свініны ў Расію. Фінансавы стан прадпрыемстваў харчовай прамысловасці быў вельмі розны: малочныя прадпрыемствы паказвалі вельмі добрыя вынікі, мясныя – найгоршыя сярод усіх прадпрыемстваў.

Для сельскай гаспадаркі 2013 год стаў не самым лепшым. Паказчыкі ўраджайнасці па цэлым шэрагу відаў прадукцыі істотна зменшыліся ў параўнанні з папярэднім годам. Афрыканская чума свіней істотна зменшыла іх пагалоўе, па шэрагу прычын адбывалася змяншэнне надояў малака. Фінансавая сітуацыя ў сельскай гаспадарцы працягвала пагаршацца, а дзяржава мусіла па-ранейшаму падтрымліваць гаспадаркі.

Тэндэнцыі:

Вынікі вытворчасці

2013 год стаў адным з самых непаспяховых за апошняе дзесяцігоддзе з пункту гледжання ўраджаю прадукцыі раслінаводства. Ні па адным з відаў сельскагаспадарчых культур, якія адсочвае Белстат, не было зафіксавана максімальнага аб’ёму вытворчасці. Наадварот, напрыклад па бульбе быў адзначаны найменшы ўраджай за апошнія 14 гадоў.1

У 2013 было сабрана зерневых і зернебабовых культураў 7.6 млн т, што на 17.6% менш за 2012 год, ільнавалакна – 45 тыс. т (на 13.5% менш), цукровых буракоў – 4.3 млн т (на 9.0% менш), рапсу – 676 тыс. т (на 4.0% менш), бульбы – 5.9 млн т (на 14.5% менш). Рост збору быў адзначаны толькі па гародніне, ураджай якой склаў 1.6 млн т, што на 2.8% больш за 2012 год.

Змяншэнне аб’ёмаў збору сельскагаспадарчых культур было абумоўленае не вельмі спрыяльнымі ўмовамі надвор’я, што паўплывала на ўраджайнасць. У 2013 годзе прырост ураджайнасці паказалі толькі рапс (на 0.1 ц з га) і гародніна (на 1 ц з га). Па ўсіх астатніх відах культур было адзначанае змяншэнне ўраджайнасці.

Змяншэнне збору асноўных культур пакуль істотна не паўплывала на харчовую бяспеку Беларусі. Разам з тым, напрыклад, недахоп якаснай бульбы прывёў да праблем у працы крухмальных заводаў. Змяншэнне збору збожжа можа прывесці да неабходнасці павелічэння яго імпарту ў 2014 годзе, бо штогод патрэбы ў збожжы часткова пакрываліся за кошт запасаў папярэдняга году, якія ў 2014 будуць меншыя за 2013 год.

Жывёлагадоўля, якая з’яўляецца апірышчам беларускай харчовай прамысловасці, у мiнулым годзе дэманстравала негатыўныя тэндэнцыі. Па ўсіх пазіцыях толькі птушка здолела паказаць рост пагалоўя – на 7.8%, або да 45.7 млн галоў. Часткова гэта можна патлумачыць паступовай мадэрнізацыяй магутнасцяў вытворчасці мяса птушкі (напр. на Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыцы, над якой у 2013 годзе ўсталяваў кантроль магілёўскі бізнесмен Яўген Баскін).

Адначасова адзначалася змяншэнне пагалоўя буйной рагатай скаціны (на 1.1% у параўнанні з 2012 годам, да 4 321 тыс. галоў), пры гэтым колькасць кароваў крыху павялічылася (на 0.3%, да 1 525 тыс. галоў). У 2013 пагалоўе свіней зменшылася да мінімальнага ўзроўню з 2003 года – 3 300 тыс. галоў. За год скарачэнне склала 22.3%, што найперш было абумоўлена афрыканскай чумой свіней (АЧС). АЧС была выяўленая спачатку ў Гродзенскай вобласці (напрыканцы чэрвеня), затым – у Віцебскай вобласці (у ліпені). Неафіцыйна паведамлялася яшчэ пра некалькі ўспышак чумы, аднак афіцыйна гэтая інфармацыя не была пацверджаная.

Выяўленне АЧС прывяло да абмежавання экспарту свініны і прадуктаў са свініны з Гродзенскай і Віцебскай абласцей, а з канца жніўня2 да сярэдзіны кастрычніка – з усёй тэрыторыі Беларусі. Зрэшты, забарона на экспарт беларускай свініны і прадукцыі са свініны з усіх рэгіёнаў Беларусі мела пад сабой палітычныя падставы (прычынай паслужыў канфлікт паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем») і пазней была знятая. Неабходна адзначыць, што зніжэнне пагалоўя свіней працягваецца і ў 2014 годзе, што ўжо ў сярэдзіне гэтага года можа прывесці да недахопу сыравіны для беларускіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

У 2013 назіралася змяншэнне вытворчасці сыравіннага малака. Паводле Белстату, аб’ём вытворчасці малака склаў 6 651 тыс. т, што на 1.7% менш за 2012 год. Недахоп малака негатыўна паўплываў на забеспячэнне сыравінай перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія ў 2013 годзе маглі павялічыць аб’ём экпартных паставак малочных прадуктаў па спрыяльных коштах, але былі абмежаваныя наяўнасцю сыравіны. Праз гэта некаторыя буйныя прадпрыемствы былі вымушаныя прастойваць.

Экспарт – у напрамку Расіі

У 2013 годзе перапрацоўчая галіна традыцыйна часткова залежала ад стану сельскай гаспадаркі, часткова – ад кан’юнктуры знешняга рынку. Рост цэнаў на расійскім рынку, выкліканы сістэмным крызісам, стварыў спрыяльныя ўмовы для экспарту беларускай малочнай прадукцыі ў Расію. Паводле Нацыяльнага саюза вытворцаў малака Расіі, у 2013 вытворчасць малака ў Расіі склала 10% ад рэальных аб’ёмаў малака, якое накіроўваецца ў пераапрацоўку.3 Адпаведна, расійскі рынак сутыкнуўся з вострай патрэбай у малочнай прадукцыі.

Паводле Белстату, у 2013 экспарт малака і вяршкоў нязгушчаных склаў 292 тыс. т, або на USD 237.6 млн. У натуральным аб’ёме экспарт скараціўся на 3.0%, у вартасным – павялічыўся на 17.4%. На Расію прыйшлося 96.7% вартаснага аб’ёму экспарту назгушчаных малака і вяршкоў.

Экспарт малака і вяршкоў згушчаных і сухіх стаў лідарам паводле росту. У натуральным выражэнні ён склаў 238.2 тыс. т, што на 13.0% больш за 2012 год. У вартасным аб’ёме экспарт малака і вяршкоў згушчаных і сухіх вырас на 50.4%, да USD 859.3 млн. На Расію прыйшлося 90.7% вартаснага аб’ёму экспарту сухога і згушчанага малака і вяршкоў.

У 2013 годзе пастаўкі пахты, ёгурту і кефіру ў натуральным выражэнні выраслі на 46.1%, або да 72.8 тыс. т, у вартасным аб’ёме – на 65.1%, да USD 103.0 млн, прычым у Расію было пастаўлена 86.8% ад агульнага аб’ёму экспарту. Экспарт сметанковага масла ў натуральным выражэнні у мiнулым годзе зменшыўся на 19.0%, або да 69.3 тыс. т. Пры гэтым вартасны аб’ём экспарту павялічыўся на 18.4%, да USD 373.9 млн. На Расію прыйшлося 92.5% вартаснага аб’ёму экспарту сметанковага масла з Беларусі.

У 2013 экспарт сыроў і тварагу склаў 141.0 тыс. т, што на 2.3% менш за 2012 год. Аднак у пераліку на даляры экспарт сыроў і тварагу вырас на 5.6%, да USD 650.8 млн. Расія спажыла 96.7% вартасных аб’ёмаў экспарту сыроў і тварагу.

Такім чынам, у 2013 годзе Расія стала асноўным спажыўцом беларускіх малочных прадуктаў. Гэта не дзіўна, бо цэны на расійскім рынку істотна перавышалі сусветныя. Гэтым перакосам і скарысталіся беларускія пастаўшчыкі. Тым не менш канцэнтрацыя толькі на расійскім рынку ўтрымлівае пагрозу ў выпадку раптоўнай забароны імпарту беларускай малочнай прадукцыі з боку расійскіх санітарных уладаў. Такая спроба адбылася ў жніўні 2013, калі Рассельгаснагляд знайшоў патагенныя арганізмы ў прадукцыі некалькіх беларускіх вытворцаў.4 Разам з тым у Расіі пакуль няма неабходнасці ў абмежаванні беларускіх прадуктаў, таму актыўных дзеянняў супраць яна прадпрымаць не будзе.

У 2013 экспарт мясной прадукцыі быў падпарадкаваны шэрагу рознанакіраваных тэндэнцый. У пачатку года адзначалася тэндэнцыя нізкіх коштаў на ўсе віды мяса, прычым цэны на мяса птушкі заставаліся на крытычна нізкім узроўні на працягу ўсяго 2013 года, што рабіла немэтазгодным яго экспарт пры высокіх цэнах на ўнутраным рынку.

Цэны на свініну ў пачатку 2013 былі нізкімі, аднак з распаўсюджаннем афрыканскай чумы свіней па тэрыторыі Расіі яны павялічваліся. Пік цэнаў прыйшоўся на пачатак восені, калі беларуская прадукцыя апынулася пад забаронай. Пазней у беларускіх прадпрыемстваў так i не з’явілася магчымасці экспартаваць свініну ў значных аб’ёмах. У 2013 экспарт свініны ў натуральных аб’ёмах зменшыўся на 29.4%, або да 42.6 тыс. т, у вартасным выражэнні – на 40.3%, да USD 130.4 млн. Доля Расіі ў агульным аб’ёме экспарту склала 97.5%.

Цэны на ялавічыну на працягу 2013 года ў сярэднім былі ніжэйшымі за ўзровень 2012 года. Разам з тым праблемы з рэалізацыяй свініны на знешніх рынках абумовілі неабходнасць павелічэння адгрузак ялавічыны. Экспарт свежай або ахалоджанай ялавічыны ў натуральным выражэнні склаў 99.0 тыс. т, што на 32.5% больш за 2012 год. Аднак у вартасным выражэнні экспарт гэтага віду ялавічыны вырас толькі на 14.5%, да USD 432.9 млн. На Расію прыйшлося 99,8% аб’ёмаў экспарту свежай або ахалоджанай ялавічыны.

Экспарт замарожанай ялавічыны вырас у натуральным выражэнні на 63.4%, або да 52.6 тыс. т, у вартасным – на 33.6%, да USD 196.2 млн. На Расію прыйшлося 83.4% экспартаванай ялавічыны. Меншая доля Расіі ў экспарце замарожанага мяса ў параўнанні з ахалоджаным тлумачыцца большым плячом яго дастаўкі.

У 2013 годзе экспарт каўбасных вырабаў склаў у натуральным выражэнні 69.7 тыс. т, што на 1.1% менш за 2012 год. У вартасным выражэнні экспарт знізіўся на 2.7%, да USD 261.8 млн. На Расію прыйшлося 97.5% экспарту каўбасных вырабаў.

У 2013 годзе пастаўкі гатовых або кансерваваных прадуктаў з мяса ў натуральным выражэнні склалі 25.7 тыс. т, што на 16.0% менш за 2012 год. У вартасным выражэнні экспарт знізіўся на 12.9%, да USD 130.1 млн. Доля Расіі ў экспарце гатовых або кансерваваных вырабаў з мяса склала 98.0%. Змяншэнне аб’ёмаў экспартных паставак гатовых мясных вырабаў тлумачыцца і часовым абмежаваннем іх экспарту разам са свінінай, і нізкімі коштамі на само мяса, што рабіла немэтазгодным для спажыўцоў набыццё каўбасаў ды кансерваў.

Сярод іншых відаў прадукцыі неабходна вылучыць цукар, па якім быў паказаны значны прырост паставак у Расію. У натуральным выражэнні аб’ём паставак у Расію склаў 373.6 тыс. т, што амаль у 2 разы перавышае ўзгоднены з расійскім бокам баланс на 2013 год і на 53.3% – узровень паставак 2012 года. Зрэшты, Расія ніяк не адрэагавала на перавышэнне аб’ёмаў. Аднак значны аб’ём паставак цукру ў Расію ў 2013 годзе ўтрымлівае істотныя пагрозы для экспарту гэтай прадукцыі ў далейшым.

У 2013 годзе на долю Расіі прыйшлося 73.0% экспарту цукру, у той час як у 2012 – 54.0%. Імклівы рост вагі Расіі ў экспарце цукру пагражае зваротам да сітуацыі 2006–2007 гадоў, калі суседняя дзяржава прад’яўляла прэтэнзіі да беларускага цукру праз яго паходжанне. Сёння беларускаму боку будзе цяжка даказваць паходжанне цукру, які пастаўляецца ў Расію.

Фінансавы стан АПК

На канец 2013 года фінансавы стан беларускай сельскай гаспадаркі выклікаў трывогу. Паводле Белстату, на 1 студзеня 2014 колькасць стратных арганізацый склала 101 адзінку, што ў 5.1 раза больш за паказчык на 1 студзеня 2013 года. Доля стратных арганізацый у агульнай іх колькасці склала 6.8% супраць 1.3% напачатку 2013 года. За год сума чыстых стратаў стратных арганізацыяў павялічылася ў 9.7 раза, да Br 1.2 трлн.

Па выніках 2013 года, за выняткам дзяржпадтрымкі колькасць стратных арганізацыяў у сельскай гаспадарцы склала 921 адзінку, што ў 1.9 раза больш за вынікі 2012 года. Удзельная вага стратных арганізацый у агульным аб’ёме гаспадарак склала 61.8% супраць 32.7% па выніках 2012 года. Сумма чыстых стратаў стратных арганізацый вырасла ў 3.9 раза, да Br 3.8 трлн.

На 52.9% вырасла крэдыторская запазычанасць сельскай гаспадаркі – да Br 39.6 трлн. Прычым пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць павялічылася на 76.3%, да Br 7.7 трлн. Рост пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці ў сельскай гаспадарцы прывёў да таго, што ў пачатку 2014 пастаўшчыкі ўгнаенняў і сродкаў аховы раслінаў прыпынілі адгрузкі, пакуль урад не прадаставіў гаспадаркам дадатковыя рэсурсы.

Трэба адзначыць, што Мінсельгасхарч Беларусi абавязвае перапрацоўшчыкаў авансаваць гаспадаркі, каб тыя маглі хаця б плаціць заробкі. Разам з тым у 2013 годзе вырасла і працягвае расці колькасць арганізацый сельскай гаспадаркі, якія маюць запазычанасць па заработнай плаце. А авансаванне ставіць пад пагрозу эканоміку пераапрацоўчых прадпрыемстваў, што вымушаныя браць крэдыты на абаротныя сродкі пад падвышаныя працэнтныя стаўкі, якія ўсталяваліся на рынку.

У 2013 годзе фінансавы стан малакаперапрацоўчых заводаў, згодна з іх бухгалтарскімі балансамі, быў добры. У мясапераапрацоўцы наадварот – толькі лічаныя прадпрыемствы з Заходняй Беларусі змаглі паказаць чысты прыбытак. У бягучым годзе сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць будуць развівацца згодна з тэндэнцыямі пачатку 2014 года.

Высновы

2013 год быў вельмі спрыяльным для малочнай галіны, якая змагла выціснуць максімум з сітуацыі высокіх цэнаў у Расіі. Мясная галіна наадварот пакутавала спачатку ад нізкіх цэнаў на ўсе віды мяса, а пасля і ад афрыканскай чумы свіней, якая фактычна прыпыніла экспарт свініны ў другiм паўгоддзі.

Фінансавы стан сельскай гаспадаркі імкліва пагаршаўся. Кепскія ўмовы надвор’я, а таксама развіты сістэмны крызіс у сельскай гаспадарцы прывялі да змяншэння аб’ёмаў вытворчасці большасці відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

У 2014 годзе можна чакаць пагаршэння сітуацыі ў жывёлагадоўлі, што абумоўлена як афрыканскай чумой свіней, так і дрэнна пастаўленай працай па гадаванні скаціны. Фінансавы стан сельскай гаспадаркі будзе непасрэдна ўплываць на прадуктыўнасць харчовай галіны, што ўрэшце можа адмоўна адбіцца на эканоміцы перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Магчымасці для экспарту ў 2014 будуць цалкам залежаць ад сітуацыі ў Расіі. Можна чакаць захавання пазітыўнай рэнтабельнасці паставак малочнай прадукцыі, у той час калi перспектывы паставак мясапрадукцыі ў гэту краiну знаходзяцца пад пытаннем.