Палітычныя партыі: паміж байкотам і ўдзелам у парламенцкіх выбарах

Юрый Чавусаў

Рэзюмэ

Пад уздзеяннем фактара выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў страцілі значэнне старыя пляцоўкі, у межах якіх ажыццяўлялася каардынацыя дэмакратычнай апазіцыі. Цягам выбарчай кампаніі аформіліся новыя хаўрусы і структуры ўзаемадзеяння, якія пасля выбараў здабылі характар протакааліцыяў. Гэтыя хаўрусы будуць вызначаць падрыхтоўку да кампаніі мясцовых выбараў, што мае стартаваць напрыканцы 2013 года, і хаду перамоваў у межах апазіцыі ў 2014–2015, хоць да прэзідэнцкіх выбараў структураванне палітычнага поля можа і змяніцца.

Памкненнні кіраўніцтва грамадскага аб’яднання «Белая Русь» пераўтварыць гэтую арганізацыю ў моцную партыю ўлады не былі падтрыманыя палітычным кіраўніцтвам беларускага рэжыму і ў агляднай перспектыве не будуць рэалізаваныя. Па выніках парламенцкай кампаніі адбываецца традыцыйнае ўдасканаленне выбарчага заканадаўства, якое, аднак, не робіць выбарчы працэс больш свабодным.

Тэндэнцыі:

Палітычны парадак дня

У 2012 асноўнай тэмай для абмеркавання ў асяроддзі палітычных партый было пытанне парламенцкіх выбараў. Яно абмяркоўвалася ў кантэксце мэтазгоднасці ўдзелу ў выбарах кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі. Гэтае тактычнае пытанне падзяліла апазіцыю штучным чынам: ані байкот, ані ўдзел у выбарах не дазвалялі дэмакратычным партыям якасна змяніць умовы палітычнай барацьбы.

Зыходзячы з азначанай спрэчкі, удзельнікі палітычнага працэсу з боку дэмакратычнай апазіцыі падзяліліся на тры плыні тактычнага парадку. За безумоўны байкот выбараў з зарэгістраваных партый выступіла толькі Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП-БНФ). У кааліцыю «Байкот» увайшлі структуры яго прыхільнікаў: прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларускі рух», кампанія «Еўрапейская Беларусь», Малады Фронт. Зарэгістраваныя дэмакратычныя партыі ад гэтай кампаніі дыстанцыяваліся: КХП-БНФ у гэтую кааліцыю не ўваходзіла, а партыя «Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада» падтрымала кампанію адно што словамі свайго лідэра Станіслава Шушкевіча.

Іншым падыходам у дачыненні да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах сталася тактыка абмежаванага ўдзелу: шэраг апазіцыйных партый заявілі пра намер вылучаць сваіх кандыдатаў з агалошваннем умоваў, пры невыкананні якіх кандыдаты будуць знятыя з выбараў да дня галасавання (пералік умоваў быў розным, але заўжды ўключаў патрабаванне вызвалення палітычных вязняў, змену заканадаўчых і практычных варункаў выбарчага працэсу). Гэты падыход быў скарыстаны Партыяй БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыяй (АГП) і незарэгістраванай партыяй Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД).

Прыхільнікамі паўнавартаснага ўдзелу у выбарах, уключна з прысутнасцю сваіх кандыдатаў у выбарчых бюлетэнях, былі Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), да пазіцыі якіх таксама далучаліся палітычна актыўныя грамадскія структуры – Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Рух “За свабоду”» і кампанія «Гавары праўду». Пазіцыя гэтых арганізацыяў выклікала вострую крытыку з боку прыхільнікаў байкоту выбараў, паколькі ў часе перамоваў і на ўзроўні супольных заяваў у 2011 годзе гэтыя арганізацыі далучаліся да меркавання пра недапушчальнасць удзелу ў выбарах пры наяўнасці ў краіне палітзняволеных. На тле гэтай дыскусіі іншыя тэмы палітычнага жыцця адыходзілі на другі план, у тым ліку і тэмы стаўлення да замежнапалітычнай ізаляцыі беларускага рэжыму і санкцыяў супраць найвышэйшага кіраўніцтва краіны і звязаных з ім бізнэсоўцаў з боку Еўрасоюза і ЗША.

У перыяд пасля выбараў верхні радок палітычнага парадку дня для партый заняла тэма падрыхтоўкі да наступных прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, у тым ліку і ў кантэксце той альбо іншай мадэлі вызначэння адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі (напрыклад, праз правядзенне Кангрэса дэмакратычных сілаў альбо праз працэдуру праймэрыз). Таксама істотнае месца ў партыйных дыскусіях і на ўзроўні фармулявання рэакцыі на палітыку дзейных уладаў займала стаўленне да эканамічнай палітыкі ўраду. У той жа час шэраг палітычных арганізацыяў спрабуе даць адказ на той выклік, якім з’явілася для апазіцыі адноснае падзенне рэйтынгу прэзідэнта Лукашэнкі, якое не суправаджаецца люстэркавым ростам рэйтынгу падтрымкі апазіцыі: пошук ключа да «новай большасці», якая не давярае ні рэжыму ні апазіцыі, дэкларуецца ў якасці прынцыпова важнай задачы для дэмакратычных сілаў.

Партыйнае вымярэнне парламенцкіх выбараў

Выбары 2012 сталі першым выпрабаваннем ва ўмовах парламенцкай кампаніі новай рэдакцыі Выбарчага кодэкса, якая ў 2010 была прынятая пад лозунгамі пашырэння магчымасцей палітычных партый. Паводле ацэнкі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеннні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК), у выніку дзеяння гэтых паправак колькасць кандыдатаў, вылучаных ад палітычных партый, у параўнанні з папярэднімі выбарамі ўПалатупрадстаўнікоў(2008)павялічылася большчым у4 разы.Колькасцьзарэгістраваныхкандыдатаў удэпутаты, вылучаныхпалітычныміпартыямі, перавысілааналагічныпаказчык 2008 года таксамаў 4разы.1

УВыбарчым кодэксебыў замацаваны інстытут членаЦэнтральнайкамісіі зправамдарадчагаголасу, які ў 2004 і 2008 уводзіўся адмысловымі дэкрэтамі прэзідэнта. У 2012 годзе гэтым правам скарысталіся7палітычныхпартый (4 апазіцыйныя: АГП, БНФ, БПЛСС, БСДП(Г) – і 3 лаяльныя ўладам: КПБ, ЛДП, РПТС). У 2008 годзе 8 партый скарысталіся гэтым правам.

На ўзроўні акруговых выбарчых камісіяў прадстаўніцтва партый значна павялічылася ў першую чаргу за кошт замацавання ў Выбарчым кодэксе нормы пра абавязковую квоту ў траціну сябраў камісіяў ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў (гэтая норма дзейнічае і для ўчастковых камісій). Аднак праз запаўненне гэтай квоты прадстаўнікамі лаяльных уладзе партый і грамадскіх аб’яднанняў павелічэнне прадстаўніцтва апазіцыі апынулася вельмі далёкім ад жаданага апазіцыяй узроўня ўключэння. Апазіцыйныя партыі прынялі актыўны ўдзел у гэтым працэсе, вылучыўшы агулам 199 прэтэндэнтаў, што складае 9.4% ад агульнай колькасці вылучаных у камісіі і 49.8% ад вылучаных палітычнымі партыямі. Але, нягледзячы на тое што колькасць членаў апазіцыйных партый у складзе акруговых камісій хоць і нязначна, але павялічылася ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008, колькасць адмоў з боку органаў, якія ўтвараюць камісіі, засталася вельмі вялікай.

Прадстаўніцтва апазіцыйных партый у складзе ўтвораных акруговых камісій склала 48 чал. (3.3% ад агульнай колькасці сябраў камісій і 24% ад вылучаных апазіцыйнымі партыямі). Для параўнання: падчас парламенцкіх выбараў 2008 колькасць вылучаных апазіцыйнымі партыямі ў акруговыя камісіі складала 118 чалавек, у склад камісій тады ўвайшло 38 чал. (2.2% ад агульнай колькасці сябраў і 32% ад вылучаных апазіцыйнамі партыямі). Істотна, што персанальна склад камісій змяніўся нязначна: лаяльныя ўладам сябры камісіяў, якія працуюць у дзяржаўных органах, прадпрыемствах і установах і якія прадстаўлялі ў 2004 і 2008 свае працоўныя калектывы, у 2012 у масавым парадку былі вылучаныя ад лаяльных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

На ўзроўні ўчастковых камісіяў у параўнанні з 2010 годам актыўнасць апазіцыйных партый знізілася. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года 1073 прэтэндэнты ад апазіцыйных палітычных партый складалі 1.3% ад агульнай колькасці кандыдатаў у складзе ўчастковых камісіяў. Сёлета 664 кандыдатуры ад пяці апазіцыйных партый складалі толькі каля 0.8% ад агульнага ліку вылучэнцаў. Цікава, што ЛДП, якая заяўляе пра сабе як пра масавую партыю, праігнаравала вылучэнне сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. З іншага боку, істотна павялічылася колькасць вылучэнцаў у склад участковых камісіяў ад іншых лаяльных партый: напрыклад, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці вылучыла ў два разы больш прэтэндэнтаў, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.

Напярэдадні выбараў некаторыя апазіцыйныя структуры (мінская гарадская і абласныя арганізацыі Руху «За свабоду», гродзенская абласная арганізацыя Партыі БНФ) спрабавалі зарэгістраваць мясцовыя арганізацыйныя структуры, але атрымалі адмову. У выніку яны былі пазбаўленыя права вылучаць сваіх сябраў у склад участковых камісій на адпаведнай тэрыторыі.

Параўнанне «працэнту праходнасці» праўладных і апазіцыйных партый і ГА дае падставы сцвярджаць пра дыскрымінацыйны падыход пры фармаванні УВК (табл. 1).

Назва партыі ці грамадскага аб’яднання Вылучана ў склад камісій Уключана ў склад камісій Праходнасць, %
Лаяльныя ўладзе партыі і грамадскія аб’яднанні
1. Беларуская аграрная партыя 571 485 85
2. Камуністычная партыя Беларусі 845 635 75
3. Рэспубліканская партыя 262 235 90
4. Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці 832 704 85
5. Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя 609 551 90
6. Белая Русь 4799 4189 87
7. БРСМ 4345 3674 85
8. Беларускі саюз жанчын 4037 3791 94
9. Беларускае ГА ветэранаў 3138 2635 84
10. ФПБ 10400 9418 91
Апазіцыйныя партыі
11. Беларуская партыя «Зялёныя» 20 0 0
12. Беларуская партыя «Справядлівы свет» 216 39 18
13. БСДП (Грамада) 30 5 17
14. АГП 240 5 2
15. Партыя БНФ 158 12 8
Таблiца 1. Уключэнне ў склад участковых камісій прадстаўнікоў апазіцыйных і лаяльных аб’яднанняў2

У агульнай колькасці сябраў участковых камісіяў доля прадстаўнікоў чатырох апазіцыйных партый склала каля 0.1% (61 чал. з 68 945). На прэзідэнцкіх выбарах 2010 доля прадстаўнікоў пяці апазіцыйных партый складала 0.26% (183 чал. з 70 815). У Мінску, дзе самая вялікая палітычная актыўнасць, вылучалася 186 прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Ні адзін з іх не быў уключаны ў склад участковых камісій.

У акругах, дзе балатаваліся лідэры апазіцыйных арганізацый, напрыклад лідэр Руха «За свабоду» А. Мілінкевіч, лідэр Партыі БНФ А. Янукевіч, лідэр аргкамітэта па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу У. Навасяд, а таксама некаторыя іншыя апазіцыйныя палітыкі, не было ўключана ў склад участковых камісій ніводнага прадстаўніка апазіцыі, нягледзячы на актыўнае вылучэнне. Абскарджванне ў судзе адмоваў ва ўключэнні ў склад акруговых і участковых камісіяў не прынесла плёну – ніводная такая скарга не была задаволеная.

На этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты было пададзена 440 заяў аб рэгістрацыі. Зарэгістравалі 352 ініцыятыўныя групы, якія планавалі вылучыць 330 асоб (некаторыя прэтэндэнты рэгістравалі некалькі ініцыятыўных груп у розных акругах) (табл. 2). Апазіцыйныя партыі зарэгістравалі ўсяго 58 ініцыятыўных груп: БПЛСС – 26, ПБНФ – 18, АГП – 4 , БСДП(Г) – 9, Беларуская партыя «Зялёныя» – 1. Неапазіцыйныя партыі зарэгістравалі 7 ініцыятыўных груп: КПБ – 5, Беларуская аграрная партыя – 1, РППС – 1. Адмоўлена 85 групам, што ў працэнтных адносінах амаль у 4 разы перавышае колькасць адмоў на мінулых парламенцкіх выбарах.

Год правядзення выбараў Пададзена заявак Адмоўлена ў рэгістрацыі Зарэгістравана % адмовы
2004 635 71 564 11
2008 455 23 423 5
2012 440 85 354 19
Таблiца 2. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп3

Нягледзячы на гэта, няма падстаў канстатаваць, што практыка адмоў асобам, якія мелі намер быць вылучанымі, стала больш жорсткай. У гэты раз адмовілі толькі 15 прэтэндэнтам. Вялікая колькасць ініцыятыўных груп, якія не атрымалі рэгістрацыю, тлумачыцца яшчэ і тым, што групы Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча спрабавалі зарэгістравацца адразу ў некалькіх АВК. Падчас ранейшых выбарчых кампаній назіральнікамі не фіксавалася тактыка рэгістрацыі некалькіх груп адной асобай.

Агулам па краіне рознымі шляхамі былі вылучаныя 494 асобы, з іх 122 (24.6%) атрымалі адмову ў рэгістрацыі. У чатырох акругах выбары былі безальтэрнатыўнымі (дзве акругі ў Мінскай, адна – у Брэсцкай і адна – у Гродзенскай вобласці). Прадстаўнікі палітычных партый вылучылі 204 кандыдаты, што склала 41% ад агульнай колькасці вылучаных.

Большасць грамадзян, якія атрымалі адмовы, вылучаліся шляхам збору подпісаў (56%). Асноўныя падставы адмоваў, указаныя ЦВК, – гэта недакладнасць подпісаў (больш за 15% ад правераных) і памылкі ў дэкларацыях аб даходах. Грамадская кампанія «Гавары праўду» вылучыла шляхам збору подпісаў 25 сваіх актывістаў, з якіх толькі 13 (48%) былі зарэгістраваныя. Не былі зарэгістраваныя лідар Руху «За свабоду» А. Мілінкевіч, сябра АГП, былы міністр абароны генерал П. Казлоўскі і інш. Адмоўлена ў рэгістрацыі 23% вылучэнцаў ад палітычных партый, з іх 19.5% – гэта адмовы вылучэнцам ад апазіцыйных партый.

Найменшая колькасць адмоў традыцыйна ў тых асоб, якія ішлі ад працоўных калектываў: з 19 вылучаных не працягнулі ўдзел у выбарчай кампаніі толькі 3 (15%). Вылучаных ад двух суб’ектаў (ад грамадзян шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў) зарэгістравалі 100% (89 з 89). Варта адзначыць, што менавіта такім шляхам вылучаюцца кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада. Улічваючы кантроль выканаўчай улады над прадпрыемствамі, робіцца зразумелым, што апазіцыйныя кандыдаты не могуць вылучацца ад працоўных калектываў.

У ЦВК паступіла 56 скаргаў на рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў і адна скарга на рашэнне аб скасаванні раней прынятага рашэння аб рэгістрацыі кандыдата. У кампаніі 2012 падобных скаргаў было менш, чым у часе парламенцкіх выбараў 2004 года (тады правам абскарджання скарысталіся 164 прэтэндэнты), і прыкладна роўна 2008 году (52 скаргі). У выніку з 56 скаргаў былі задаволеныя 11.

Сярод 11 прэтэндэнтаў, зарэгістраваных у якасці кандыдатаў, – тры беспартыйныя, па тры прадстаўнікі АГП і БПЛСС, па адным прадстаўніку ЛДП і ПБНФ. Задаволіўшы прыкладна 20% пададзеных скаргаў, Цэнтральная камісія перавысіла паказчык 2008 (8 з 52 ці 15%) і не дасягнула паказчыка 2004 года (44 з 164 ці 26%). У ЦВК паступіла 19 скаргаў на адмовы ЦВК задаволіць скаргі на вынесеныя раней неабгрунтаваныя адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў акруговымі камісіямі. Толькі адна з іх – скарга Віктара Цярэшчанкі - была задаволеная, і заяўнік быў зарэгістраваны кандыдатам.

Як адзначалася, у межах абранай партыямі АГП і ПБНФ тактыкі абумоўленага ўдзелу напярэдадні галасавання адбылося зняцце кандыдатаў ад гэтых структур. Пры гэтым толькі адзін кандыдат ад Партыі БНФ парушыў партыйную дысцыпліну і працягнуў удзел у выбарах да канца. У шэрагу выпадкаў сябры апазіцыйных партый, якія не жадалі падпарадкоўвацца абранай партыямі тактыцы зняцця кандыдатаў, вялі кампанію без афішавання сваёй партыйнай прыналежнасці. Аднак сітуацыю гэта не змяніла: ніводзін прадстаўнік апазіцыі ў склад Палаты прадстаўнікоў не патрапіў.

Правядзенне выбараў у цалкам кантраляваным выканаўчай уладай рэжыме абумовіла захаванне і ўзмацненне ранейшай традыцыі амаль беспартыйнага дэпутацкага корпусу. У Палату прадстаўнікоў пятага склікання патрапілі пяць прадстаўнікоў лаяльных рэжыму палітычных партый – тры сябры Камуністычнай партыі Беларусі, адзін сябра Аграрнай партыі і адзін Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (у мінулым складзе парламента партыйных дэпутатаў было 7 чалавек – 6 ад КПБ і 1 ад Аграрнай партыі). У той жа час варта адзначыць, што, згодна з заявай лаяльнага рэжыму грамадскага аб’яднання «Белая Русь», больш за шэсцьдзесят дэпутатаў з’яўляюцца сябрамі гэтай арганізацыі, што магло б стварыць падмурак для пераўтварэння гэтага грамадскага аб’яднання ў палітычную партыю.

Прававыя ўмовы і перспектывы зменаў заканадаўства аб партыях

У Беларусі па-ранейшаму налічваецца 15 палітычных партый. Дзьве спробы рэгістрацыі палітычных партый цягам 2012 года скончыліся безвынікова: у рэгістрацыі адмовілі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (чацвёртая спроба рэгістрацыі ў форме партыі) і Камуністычнай партыі працоўных (другая спроба рэгістрацыі). Увогуле, апошняя рэгістрацыя новай партыі была зафіксаваная ў 2000 годзе, калі рэгістрацыю атрымала КХП-БНФ. Пры такіх умовах кіраўніцтва БХД напрыканцы 2012 года здзейсніла чарговую спробу легалізацыі сваёй дзейнасці шляхам рэгістрацыі абласных, мінскага гарадскога і моладзевага грамадскіх аб’яднанняў, аднак таксама атрымала адмову.

Цягам 2012 года было зарэгістравана альбо пастаўлена на ўлік 22 новыя арганізацыйныя структуры палітычных партый, што прыкладна адпавядае паказчыкам 2008, 2009, 2011 і істотна меней за паказчык 2010 года, калі адбыўся выбух рэгістрацыі мясцовых структураў лаяльных партый. Адмовы ў рэгістрацыі арганізацыйных структур апазіцыйных партый застаюцца распаўсюджанай з’явай. Цягам дзесяці год Партыя БНФ безпаспяхова спрабуе зарэгістраваць Гродзенскую абласную арганізацыю, перманентна сутыкаючыся з адмовамі: у 2012 адмова ў рэгістрацыі была патлумачаная непрадстаўленнем ў абласное ўпраўленне юстыцыі інфармацыі пра месцы працы сябраў арганізацыі (хоць гэта не прадугледжвае заканадаўства).

Шмат дыскусіяў і абмеркаванняў выклікала агучаная па выніках парламенцкіх выбараў з боку ЦВК прапанова надаць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты не толькі партыям, але і грамадскім аб’яднанням з колькасцю сябраў больш за тысячу чалавек. Аднак кіраўніцтвам краіны гэтая прапанова не была падтрыманая і, гледзячы па ўсім, не войдзе ў законапраект аб змяненні Выбарчага кодэкса, які плануецца распрацаваць у 2013 годзе. Цэнтральная камісія, спрабуючы стварыць перашкоды для рэалізацыі кампаніяў байкоту выбараў з боку апазіцыі, паспрабавала замацаваць істотнае пашырэнне кола палітычных суб’ектаў. Але такое тэхнічнае новаўвядзенне азначала б на палітычным узроўні значнае павелічэнне плюралізму ў беларускай палітычнай сістэме, хаця бы і на інфармацыйным узроўні, што патэнцыйна пагражае разбалансіроўкай існай мадэлі кіравання выбарчым працэсам.

На 2013 год запланаванае прыняцце паправак да закона «Аб палітычных партыях». Найбольш істотная з прапанаваных зменаў прадугледжвае нарматыўнае афармленне парадку пераўтварэння звычайных грамадскіх аб’яднанняў у палітычныя партыі. Нягледзячы на тое што такая рэарганізацыя грамадскіх аб’яднанняў магчымая і паводле дзейнага заканадаўства, эксперты адназначна ацанілі гэтую заканадаўчую прапанову як распрацаваную адмыслова для мэтаў эмансіпацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у палітычную партыю. Астатнія прапанаваныя змены носяць тэхнічны характар, альбо звязаныя з замацаванем агульных палажэннняў, якія не мяняюць прававога статусу партый.

Канфігурацыя палітычнага поля і (прота)кааліцыйнае будаўніцтва

У 2012 год апазіцыйныя палітычныя партыі ўвайшлі ў складзе гэтак званай «шасцёркі» – гнуткага аб’яднання чатырох партый (АГП, Партыя БНФ, БПЛСС і незарэгістраваная БХД) і двух грамадскіх аб’яднанняў – Руха «За Свабоду» і незарэгістраванай кампаніi«Гавары праўду». Аднак у хуткім часе спрэчкі наконт фармату ўдзелу альбо байкатавання парламенцкіх выбараў прывялі да распаду гэтай пляцоўкі. Іншыя магчымыя варыянты аб’яднання ў 2012 не атрымалі значнага развіцця, каардынацыя дзеянняў апазіцыі не ішла далей ўзгаднення мэсіджаў па канкрэтных пытаннях ці арганізацыі асобных акцыяў (накшталт Дня волі). Узровень канфліктнасці ў камунікацыях паміж апазіцыйнымі лідэрамі нарастаў да часу выбараў, а відавочны крызіс даверу паміж партыямі, абумоўлены непрагаворанасцю адказнасці за падзеі прэзідэнцкіх выбараў, не спрыяў эфектыўнай супольнай працы.

Спробы кіраўніцтва БПЛСС прадставіць кампанію партыйнага назірання за парламенцкімі выбарамі ў якасці галоўнай аб’яднаўчай дзейнасці апазіцыі былі яўным перабольшваннем. Шэраг суб’ектаў выказваў незадаволенасць цэнтральнай роляй БПЛСС у сістэме назірання, а Рух «За свабоду», Партыя БНФ і Партыя «Зялёныя» нават спрабавалі ініцыяваць стварэнне асобнай сістэмы назірання (хоць пазней яны былі вымушаныя ад гэтай ідэі адмовіцца і ладзіць маніторынг выбараў у кампаніі з БПЛСС). Варты ўвагі досвед татальнага назірання з тэкставай анлайн трансляцыяй паказчыкаў яўкі (важнай для прыхільнікаў тактыкі байкоту) быў зладжаны Рухам «За свабоду», кампаніяй «Гавары праўду» і Партыяй БНФ ва Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 у Мінску.

У часе выбараў наладзілася шчыльная супраца БХД і АГП, якая вылілася нават у вылучэнне сябраў незарэгістраванай БХД у якасці кандыдатаў ад АГП. Пасля выбараў гэтая протакааліцыя ўмацавалася, прасоўваючы сваю мадэль вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на наступныя прэзідэнцкія выбары праз механізм праймэрыз (які АГП безпаспяхова спрабавала рэалізаваць яшчэ ў 2010 годзе). З іншага боку, гэтай протакааліцыі апаніруе нефармальнае аб’яднанне Руха «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду» і Партыі БНФ, якія, заяўляючы пра супольны працэс перамоваў па вызначэнні кандыдата на прэзідэнцкія выбары, да канца 2012 года не прасунуліся істотна наперад.

Асобна на палітычнай сцэне трымаецца БПЛСС, амбіцыі якой сягаюць далей за звычайны кантроль над каардынацыяй сістэмы партыйнага назірання за выбарамі. Патэнцыйна вакол гэтай партыі можа сфармавацца больш моцнае аб’яднанне ідэалагічна блізкіх структураў левага спектру, хоць пакуль Партыя «Зялёныя» і БСДП(Г) відавочна больш схіляюцца да блока РЗС–ГП–ПБНФ.

Пры такой расцярушанасці дэмакратычнага поля, абумоўленай адсутнасцю супольнага бачання таго, якой мусіць быць стратэгія апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах, павялічылася роля ЛДП у якасці канструктыўнай апазіцыі рэжыму. Гэтая структура актыўна правяла парламенцкую кампанію, і хоць не здабыла мандатаў, але здолела рэарганізаваць свае структуры і прадэманстраваць здольнасць да правядзення агульнанацыянальных выбарчых кампаній ў абліччы «трэцяй сілы». У той жа час гэтую партыю абвінавачваюць у тым, што яна з’яўляецца кантраляванай уладай. Спробы заняцця нішы «канструктыўнай апазіцыі» пры дапамозе стварэння віртуальнай Цэнтрысцкай партыі ладзіў А. Ляўковіч, былы стрышня БСДП(Г), што сведчыць пра запатрабаванасць гэтай пазіцыі на палітычнай сцэне.

Высновы

Па выніках парламенцкай кампаніі адбылося традыцыйнае ўдасканаленне выбарчага заканадаўства, якое, аднак, не зрабіла выбарчы працэс больш свабодным.

У ходзе парламенцкіх выбараў ніводная з партый не ўмацавала сваіх пазіцый у палітычным полі.

Неператварэнне «Белай Русі» ў палітычную партыю, як чакалася ў кастрычніку-лістападзе 2012 года, сталася знакам адсутнасці планаў па карэнным рэфармаванні дызайну рэжыму. Палітычнае кіраўніцтва краіны не бачыць неабходнасці падзелу палітычнай улады і фармалізацыі канкурэнцыі групаў вакол прэзідэнта Лукашэнкі праз стварэнне «партыі ўлады». Беларускі рэжым застаецца персаналісцкім, а гульня кланаў і груповак, лабісцкіх і карупцыйных групаў інтарэсаў не знаходзіць выяўлення ў фармальным палітычным працэсе.