Беларусь – Польшча. Халодная вайна ў палітыцы і бум у гандлі

Kamil Klysinski

Рэзюмэ

Абвастрэнне Аляксандрам Лукашэнкам унутранай палітыкі ў снежні 2010 г. спарадзіла глыбокі і цяжкапераадольны крызіс у стасунках Брусэль-Мінск. Сферай наймацнейшых напружанняў апынуліся стасункі Беларусі з Польшчай, якая для беларускага рэжыму сталася галоўным знешнім ворагам і аб’ектам несяброўных палітычных дзеянняў і прапагандысцкіх атак. Зыходзячы з непасрэднага суседства і старшынства ў ЕС у другой палове 2011 г., Варшава намагалася пераканаць Мінск змякчыць сваю палітыку і аднавіць дыялог з Брусэлем. Аднак улады Беларусі відавочна не прымаюць Польшчу ў ролі пасярэдніка і інцыятара ўсходняй палітыкі ЕС, у сувязі з чым яны матэнакіравана байкатавалі вераснёўскі саміт Усходняга партнёрства ў Варшаве і паслядоўна не дапускаюць зніжэння напругі ў двухбаковых стасунках. У той жа час жахлівы палітычны клімат не перашкодзіў гандлю паміж дзвюма краінамі, які ў 2011 г. дасягнуў рэкорднага ўзроўню USD 3.2 млрд. 

Галоўныя тэндэнцыі

Польшча як знешні вораг Беларусі №1

У пачатку лістапада 2010 г. у Мінску міністры замежных спраў Польшчы і Германіі Радослаў Сікорскі і Гіда Вестэрвэле спрабавалі пераканаць Аляксандра Лукашэнку правесці ў снежні дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары ў абмен на эканамічныя выгады ад пашырэння супрацоўніцтва з ЕС. Гэта была чарговая спроба так званай палітыкі абумоўленасці, што азначала, што Варшава і Берлін выявілі большае зацікаўленне ў дэмакратызацыі Беларусі, чым іншыя краіны ЕС. Менавіта пагэтаму, калі была разагнаная дэманстрацыя беларускай апазіцыі 19 снежня 2010 г., абедзве дзяржавы былі вымушаныя адрэагаваць шпарка і рашуча – адэкватна сваёй папярэдняй ангажаванасці ў палітычнай лібералізацыі. Рэзкая крытыка і пагрозы санкцый выклікалі агрэсіўную рэакцыю рэжыму.

У студзені 2011 г. друкаваны орган Адміністрацыі Прэзідэнта «СБ. Беларусь Сегодня» апублікаваў серыю вялікіх артыкулаў пад назвай «За кулісамі адной змовы»1 , у якіх былі нібыта выкарыстаныя аператыўныя матэрыялы беларускіх спецслужбаў, што ўказвалі на падрыхтоўку і фінансаванне Польшчай і Германіяй рэвалюцыі ў Беларусі, якая мела на мэце звяржэнне Аляксандра Лукашэнкі. Улады абедзвюх краін катэгарычна абверглі гэтыя інсінуацыі і адначасова актыўна заклікалі да аднаўлення візавых санкцый (адмененых увосень 2008 г.) у стасунках да прадстаўнікоў рэжыму на чале з Лукашэнкам. Трэба таксама адзначыць, што Польшча стварыла ўласны спіс асоб, якім быў забаронены ўезд на тэрыторыю краіны яшчэ да таго, як падобнае рашэнне было прынятае на форуме ЕС. Пазней беларускія ўлады прыглушылі абвінавачанні ў бок Германіі, захоўваючы вострую крытыку ў бок Польшчы. У лютым на беларускім тэлевізійным канале АНТ у праграме «Адкрыты фармат» запрошаныя госці ацанілі палітыку польскіх уладаў як неканструктыўную, варожую ў дачыненні да мірнай Беларусі і нават далёкую ад прапагандаваных Варшавай дэмакратычных стандартаў. Гэта быў толькі пачатак антыпольскіх прапагандысцкіх матэрыялаў, якія мелі на мэце дыскрэдытацыю польскіх уладаў і іх усходняй палітыкі. Тым самым Польшча рабілася ворагам рэжыму №1, што было зразумела, бо кожная аўтарытарная сістэма мае натуральую патрэбу ў стварэнні знешняга праціўніка, на якога можна перакласці адказнасць за палітычныя і эканамічныя праблемы, а таксама скарыстаць для кансалідацыі грамадства і лагера ўлады.

У 20-гадовай гісторыі польска-беларускіх стасункаў Варшава ўжо не раз выконвала ў палітыцы Мінска такую ролю і ў сувязі з гэтым была ідэальным аб’ектам для чарговай інтэнсіўнай прапагандысцкай кампаніі. У выніку стасункі паміж дзяржавамі зноў апынуліся ў глыбокім крызісе, які спаралюшаваў якое-кольвек больш шырокае палітычнае супрацоўніцтва.

Паралельна з кампаніяй ў СМІ ўлады Беларусі распачалі юрыдычныя дзеянні, скіраваныя супраць карты паляка – дакумента, які выдаецца, апроч іншых, грамадзянам Беларусі польскага паходжання, і дае права на шэраг ільготаў у Польшчы, у тым ліку на атрыманне бясплатнай візы. На прапанову Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента Канстытуцыйны суд разгледзеў законнасць польскага закона «Аб карце паляка» і ў пастанове ад 7 красавіка 2011 г. вызначыў, што консульствы выдюць гэты дакумент незаконна, парушаючы ў тым ліку пастановы ААН, двухбаковыя польска-беларускія пагадненні і Венскую канвенцыю аб консульскіх зносінах. Нягледзячы на спасылкі на такія грунтоўныя юрыдычныя акты, рашэнне суда мела кур'ёзны характар, бо ацэнка юрыдычнага акта адной суверэннай дзяржавы судовым органам іншай не з’яўляецца агульнапрынятай ў міжнароднай практыцы. Акрамя таго, змест дакумента сведчыў пра паспешнасць у яго падрыхтоўцы – у ім апынулася сцвярджэнне, якое ўскосна сведчыла пра прызнанне нелегальнага Саюза палякаў у Беларусі паўнапраўнай грамадскай арганізацыяй, што канечне ж не магло быць задачай Канстытуцыйнага суда. А таму рашэнне суддзяў было перш за ўсё падставай да дзеянняў, каб абмежаваць даступнасць карты паляка для грамадзян Беларусі.

Падаецца, што незалежна ад добра вядомай прапандысцкай рыторыкі, карта паляка насамрэч выклікала ва ўладаў Беларусі неспакой, бо успрымаецца імі як небяспечны і эфектыўны элемент ўздзеянна на значную частку грамадства (паводле перапісу 2009 г. у Беларусі пражываюць амаль 300 тыс. асоб польскага паходжання). Таму ўжо напрыканцы 2011 г. беларускі парламент унёс папраўкі ў статут аб дзяржаўнай службе, якія забаранілі дзяржаўным службоўцам валодаць альбо атрымліваць карту паляка пад пагрозай звальнення.

Адначасова не пацвердзіліся і меркаванні пра верагоднае аднаўленне рэпрэсій супраць незалежнага Саюза палякаў у Беларусі пад кіраўніцтвам Анджалікі Арэхва – у той форме, як гэта было ўзімку 2010 г. у Івянцы. У той жа час вырак у ліпені 2011 г. старшыню Галоўнай рады СП Андрэю Пачобуту на 3 гады з адтэрміноўкай выканання на 2 гады быў не столькі вынікам ягонай працы ў межах саюзу, а перш за ўсё ягоных крытычных публікацый на адрас рэжыму ў польскім штодзённіку Gazeta Wyborcza (Газэта Выборча),у якой ёе працуе на пасаде пастаяннага карэспандэнта ў Беларусі.

Фіяска ініцыятыў польскага старшынства ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі

Адной з найцяжэйшых задач польскага старшынства ў Еўрапейскім Саюзе ў другой палове 2011 г. былі дачыненні паміж Саюзам і Беларуссю. З часу снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў як стасункі Мінск-Варшава, так і Мінск-Брусэль былі прыспыненыя і нічога не паказвала на мажлівасць узаемапаразумення. Жорсткая пазіцыя рэжыму схіляла палітыкаў ЕС да пашырэння спіса асоб, якім забараняўся ўезд на тэрыторыю Саюза, і да ўвядзення першых эканамічных санкцый, якія спачатку абмежаваліся трыма фірмамі блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмена Уладзіміра Пефціева.

Ад самага пачатку крызісу Польшча была ў групе краін, якія выступалі за цвёрды курс у стасунках з рэжымам, што з гледзішча Мінска зніжала прывабнасць Варшавы як мажлівага пасярэдніка ў спробах аднаўлення дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Той факт, што напрыканцы верасня ў Беларусь быў запрошаны міністр замежных спраў Балгарыі Нікалай Младэнаў для закулісных размоваў на гэту тэму, яскрава сведчыць пра тое, што беларускія улады любым коштам хочуць абмінуць Польшчу ў сваіх кантактах з ЕС. Нягледзячы на фіяска місіі Младэнава, Мінск не змяніў свайго адмоўнага стаўлення да ролі Польшчы як краіны-старшыні ЕС. Аляксандр Лукашэнка адмыслова вырашыў не адпраўляць міністра замежных спраў Сяргея Мартынава на саміт Усходняга партнёрства, арганізаванага напрыканцы верасня ў Варшаве, што прывяло да выключэння дэлегацыі РБ з паседжанняў.

Такім чынам, у польскіх дыпламатаў не атрымалася выкарыстаць саміт, каб у чарговы раз паспрабаваць аднавіць дыялог. Адначасова беларускі прэзідэнт ў чарговы раз абвінаваціў польскую уладу ў намеры далучэння Заходняй Беларусі і адкрыта адкінуў агучаную падчас саміта прэм’ерам Дональдам Тускам папярэднюю прапанову мадэрнізацыйнага пакета для Беларусі агульнай вартасцю каля USD 9 млрд. Мінск выразна адкінуў спробы Польшчы браць удзел у фарміраванні стасункаў паміж Беларуссю і ЕС. У сувязі з гэтым амбасадар РП у Беларусі Лешэк Шарэпка падчас прэс-канферэнцыі ў снежні 2011 г. мусіў прызнаць, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС у напрамку стасункаў з Беларуссю не было дасягнута ніякіх істотных поспехаў. Адначасова, апроч зневажання і ігнаравання ролі Польшчы ў ЕС, беларускія улады ажыццяўлялі шэраг несяброўных дзеянняў, якія ускладнялі працэс змяншэння напружання ў двухбаковых стасунках. Адно з такіх дзеянняў - блакаванне беларускіх бокам уступлення ў сілу дамовы аб малым памежным руху, якую падпісалі яшчэ напачатку 2010 г.

У выніку адзінай сферай палітычнага супрацоўніцтва і кантактаў была польская дапамога беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці як з фонду дапамогі МЗС Польшчы, так і з іншых, няўрадавых крыніцаў. Аднак добры клімат гэтых стасункаў моцна пашкодзіўся арыштам і наступным абвінавачаннем праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якое грунтавалася на звестках, перададзеных польскай пракуратурай і літоўскім міністэрствам юстыцыі. Як вынік недагляду з трагічнымі наступствамі, гэтае здарэнне было вельмі адмоўна ўспрынятае беларускімі коламі незалежных грамадскіх актывістаў і стварыла цяжкапераадольны недавер да польскіх уладаў.

Найлепшы год для гандлю

Характэрнай рысаў польска-беларускіх стасункаў ад самага іх пачатку быў добры ўзровень гандлю, незалежна ад ступені напружання ў палітычнай сферы. Апісаны вышэй крызіс па лініі Мінска-Варшава ў 2011 г. не толькі не паўплываў негатыўна на гандаль паміж дзвюма краінамі, але і не перашкодзіў яму дасягнуць рэкорднага ўзроўню USD 3.2 млрд сукупнага звароту (беларускай статыстыка падала толькі USD 2.4 млрд, што ёсць вынікам іншай методыкі падліку таваразвароту).

Калі параўнаць з 2010 г., то рост склаў 20%. Ужо па традыцыі пераважную большасць беларускага экспарту ў Польшчу склалі нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні і драўніна. У сваю чаргу Беларусь імпартавала шырокую гаму тавараў ад гародніны і свініны да мэблі і вырабаў з металу. Трэба адзначыць, што такі значны рост польска-беларускага звароту адбыўся ў больш шырокім кантэксце станоўчай кан’юнктуры гандлю паміж Беларуссю і ЕС.

Адначасова, як і ў выпадку з іншымі заходнімі дзяржавамі, непасрэдныя інвестыцыі польскага капіталу апынуліся мінімальнымі – на ўзроўні ўсяго толькі USD 15.8 млн.

Высновы

Пад канец 2010 г. пасля шматгадовай фазы дылогу польска-беларускія стасункі апынуліся ў сур’ёзным і глыбокім палітычным крызісе. З прычыны абсалютна процілеглых інтарэсаў і супярэчлівых каштоўнасцей абодва бакі не ў стане знайсці агульную мову і дасягнуць хаця б часовага паразумення. Польшча рашуча адкідала пастулат Мінска «прымайце нас такімі, якія мы ёсць», што, апроч іншага, азначала б прыняцце рэпрэсій супраць апазіцыі. З іншага боку Беларусь свядома адмаўлялася ўспрымаць Польшчу як краіну-пасярэдніка ў стасунках з ЕС і галоўнага ініцыятара і непасрэднага выканаўцу ўсходняй палітыкі. У гэтай сітуацыі палітычныя кантакты па лініі Мінск-Варшава ў 2011 г. не маглі перакрочыць той мінімум, які вынікае з непасрэднага суседства. Адначасова рэкордны ўзровень гандлю паказвае, наколькі магутным і пакуль не выкарыстаным з’яўляецца патэнцыял стасункаў паміж дзвюма краінамі.