Палітычныя партыі: ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах да байкоту выбараў у парламент

Юрый Чавусаў

Рэзюме

Значэнне 2011 года для палітычных партый было абумоўленае палітычным календаром: паколькі на гэты год не прыпадалі выбарчыя кампаніі, то партыйная дзейнасць у асноўным канцэнтравалася на аналізе і засваенні вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў, альбо на падрыхтоўцы да выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага схода пятага склікання, якія мусяць адбыцца не пазней за верасень 2012 г. Гэтыя фактары абумовілі характар парадку дня ўнутры апазіцыі, а таксама яе рэакцыі на аб’ектыўныя з’явы ўнутранай і знешняй палітыкі.

Да асноўных пунктаў гэтага парадку дня адносяцца: а) пытанні фармулявання параметраў ціску знешніх актараў на беларускі рэжым (візавыя абмежаванні ў дачыненні да канкрэтных функцыянераў дзяржапарату і звязаных з рэжымам бізнэсоўцаў, замарозка актываў, магчымыя эканамічныя санкцыі); б) ацэнка перспектываў звяржэння рэжыму праз вулічныя пратэсты (у тым ліку аналіз прычынаў фіяска на «Плошчы» у часе мінулых прэзідэнцкіх выбараў); в) барацьба за вызваленне палітвязняў; г) стаўленне да пытання дыялогу альбо перамоваў з рэжымам; д) выпрацоўка стратэгій выкарыстання будучых парламенцкіх выбараў.

Сістэмны фінансава-эканамічны крызіс, які ахапіў беларускую народную гаспадарку ў 2011 г., выкарыстоўваўся апазіцыйнымі палітыкамі як нагода для крытыкі рэжыму, але не стаўся новай магчымасцю для апазіцыі. Побач з гэтым у шэрагу партыяў адбываліся ўнутраныя перастаноўкі, звязаныя з засваеннем вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Тэндэнцыі

Канфігурацыя апазіцыйных партыяў будзе вызначацца апісанымі вышэй трэндамі да кампаніі парламенцкіх выбараў. З аднаго боку, кампанія байкоту выбараў фармуецца ў асноўным нелегальнымі палітычнымі структурамі (у тым ліку да яе схіляюцца аргкамітэты незарэгістраваных палітычных партыяў). З іншага боку, інтарэс захавання прасторы для легальнай палітычнай дзейнасці яднае зарэгістраваныя партыі на грунце выкарыстання будучых выбараў як нагоды для ўзмацнення сваіх структур і захавання сябе ў якасці легальнай апазіцыі ўнутры Беларусі.

Засваенне вынікаў прэзідэнцкай кампаніі

Апазіцыйныя палітычныя партыі цягам папярэдняй выбарчай кампаніі здолелі захаваць уласную суб’ектнасць, у тым ліку коштам тактычнага адзінства ў выбарчай кампаніі. Хваля рэпрэсіяў пасля выбараў шмат у чым перадвызначыла рэзкі спад ўсіх формаў палітычнай актыўнасці, у тым ліку і ў асяроддзі партый. Новым этапам развіцця палітычнага жыцця ў Беларусі стаў эканамічны крызіс, які грымнуў увесну 2011 г. Менавіта гэта падзея, а зусім не палітычныя судовыя працэсы, стала сімвалічным заканчэннем этапу «пасля выбараў» і пачаткам перыяду палітычнай дзейнасці эпохі эканамічнага крызісу і эскалацыі рэпрэсіяў. Але апазіцыя сустрэла гэты выклік у аслабленым стане.

У гэты перыяд развіццё апазіцыйных палітычных партыяў характарызуецца некаторай апатыяй і няўменнем падступіцца да таго рэсурсу электаральнага расчаравання ва ўладзе і яе персанальным лідары, якое відавочна авалодала розумамі ў Беларусі. Знясіленыя рэпрэсіямі і радасна раздзіманымі СМІ ўзаемнымі скандаламі і сваркамі, партыі засталіся існаваць у рэжыме «аднаўлення сіл пасля выбараў». Нягледзячы на тое, што масы былі гатовыя ўспрыняць палітычную альтэрнатыву, большасць палітычных партыяў сканцэнтравалася на падрыхтоўцы да будучых кампаніяў, стратэгічным планаванні і лабіяванні пэўных стратэгіяў знешняга ціску.

Страта стратэгічных арыенціраў

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. вялікая частка грамадзянскай супольнасці (як няўрадавыя арганізацыі, так і палітычныя партыі) апынулася ў сітуацыі стратэгічнай нявызначанасці. Для палітычных партыяў ва ўмовах наяўнасці дзясяткаў палітвязняў (у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты) і эскалацыі ўсіх формаў палітычных рэпрэсіяў (арышты і ператрусы, ціск на актывістаў на месцах працы, пагрозы ліквідацыі газет і пераслед журналістаў, узмацненне кантролю за распаўсюдам інфармацыі праз Інтэрнэт) была пастаўленая пад пытанне сама магчымасць палітычнай дзейнасці як легальных апазіцыйных арганізацыяў. Для аб’яднанняў, якія за перыяд адноснай адлігі прызвычаiлiся да пэўнай свабоды дзейнасці, узнікла патрэба ў пераглядзе сваіх планаў і тактычных мэтаў: многія з іх ужо мелі гатовыя стратэгіі дзейнасці з улікам «ліберальнай» атмасферы беларуска-еўрапейскага дыялогу і былі вымушаныя карэнным чынам змяніць іх пасля наступу новай «палітычнай зімы».

Такім чынам, пачатак 2011 г. стаўся для апазіцыйных арганізацыяў часам страты арыенціраў і катастрафічнага звужэння гарызонту планавання (напрыклад, у часы штодзённых арыштаў у пачатку года большасць структур не былі ў стане планаваць нейкую сур’ёзную дзейнасць больш чым на месяц). І палітычныя, і грамадскія структуры сканцэнтраваліся на пытанні абароны палітвязняў – справе высакароднай і важнай, але відавочна недастатковай для палітычнай стратэгіі.1 У гэтым сэнсе ўся беларуская апазіцыя перакваліфікавалася ў 2011 г. у праваабаронцаў, а праваабаронцы сталі значна ўплываць на ацэнку падзеяў у Беларусі, нават больш за палітыкаў.

Аднак на фоне такой стратэгічнай нявызначанасці ўжо ў лютым-красавіку некалькі грамадска-палітычных суб’ектаў дэкларавалі наяўнасць стратэгіі для дзейнасці грамадзянскай супольнасці.

Адна група, звязаная з палітычнай кааліцыяй кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава «Еўрапейская Беларусь» і персаніфікаваная на волі Віктарам Івашкевічам і шэрагам дзеячаў новай эміграцыі, заявіла аб неабходнасці інтэнсіфікаваць ўнутраны і вонкавы ціск на рэжым, у тым ліку праз інспіраванне сацыяльна-эканамічных абурэнняў насельніцтва шляхам санкцыяў і знешнепалітычнай ізаляцыі краіны. І хоць публічна асноўнай мэтай такой жорсткай палітыкі ціску называлася вызваленне палітвязняў, прыхільнікі гэтага падыходу не хавалі імкнення задушыць рэжым санкцыямі.

Другая група, звязаная з нацыянальнай платформай Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і кансорцыумам «Еўрабеларусь», заявіла аб неабходнасці нармалізацыі становішча ў краіне праз дыялог паміж варагуючымі палітычнымі групоўкамі. Пры гэтым умовай дыялогу гэтая група называла вызваленне палітвязняў, а яго мэтай – дасягненне праз правядзенне парламенцкіх выбараў увосень 2012 г. прымірэння і ўзаемнага прызнання супрацьлеглых сіл унутры беларускага народа (а на знешнепалітычных рынках, па сутнасці – вяртанне ў сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў).

Варта адзначыць, што ні адзін з двух падыходаў не атрымаў перавагі ў афіцыйна зарэгістраваных партыях, хоць шэраг суб’ектаў даволі відавочна ідэнтыфікавалі сябе з пэўнымі пазіцыямі. Напрыклад, групоўка «Беларускі рух», што адкалолася ў лютым ад Партыі БНФ, заняла пазіцыю жорсткага ціску на рэжым як падставу для маніфестацыі ўласнай ідэнтычнасці ў адносінах да арганізацыі-метраполіі. Як уяўляецца, асноўнай прычынай таго, што ні адна стратэгія не перамагла, стала пазіцыя ключавых палітычных партыяў беларускай апазіцыі, якія вагаліся і аддалі перавагу эклектычнаму сумяшчэнню ў сваёй рыторыцы элементаў абодвух падыходаў (АГП, Партыя БНФ, Партыялевых«Справядлівы свет» (ПЛСС), «Рух «За свабоду» і інш.). Надалей менавіта гэты вузкакарпаратыўны інтарэс легальных апазіцыйных партыяў стаў дамінуючым чыннікам для выбару варыянтаў дзеянняў апазіцыі.

Прававыя ўмовы для дзейнасці

Напрацягу 2011 г. для палітычных партыяў істотнае значэнне меў фактар павелічэння рэпрэсіяў. Пры гэтым ціск ажыццяўляўся як на асобных сябраў партыяў, так і на арганізацыі ў цэлым.

Партыя БНФ цягам году была вымушаная двойчы мяняць месцазнаходжанне сваёй штаб-кватэры (а значыць, і юрыдычны адрас). Ад снежня 2010 г. ў дачыненні да Партыі БНФ улады ініцыявалі працэс яе высялення з памяшкання, якое гэтая партыя займала на працягу амаль 20 гадоў. Падставай для высялення стала арганізацыя ў гэтым памяшканні пункта збору дапамогі для асоб, якія пацярпелі падчас масавых рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў. 10 траўня 2011 г. Гаспадарчы суд г. Мінска прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ са сталічнага офіса па праспекце Машэрава, 8, а ў чэрвені, пасля спробы апеляцыйнага перагляду, рашэнне аб высяленні ўступіла ў законную сілу.

Як сцвярджаюць у Партыі БНФ, уладальнікі іншых памяшканняў, што жадалі здаць офіс апазіцыйнай партыі, сутыкнуліся з пагрозамі з боку выканаўчай улады і спецслужбаў. Пасля сямі месяцаў судовых цяжбаў, 25 ліпеня 2011 г., партыя была вымушаная пакінуць свой ранейшы офіс і пераехаць у менш зручнае прыватнае памяшканне. На працягу 2011 г. партыі давялося пераязджаць яшчэ раз, паколькі на ўласніка арэндаванага памяшкання націснулі і ён пажадаў скасаваць дамову арэнды.

Партыя БХД 17 снежня 2011 г. правяла свой чарговы ўстаноўчы з’езд. Гэта была ўжо чацвёртая спроба легалізацыі ў Беларусі гэтай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, аднак улады ёй зноўку адмовілі. Цягам году свае з’езды правялі Партыя левых «Справядлівы свет», Кансерватыўна-хрысціянская партыяБНФ, Партыя БНФ. Цікава, што на з’ездзе апошняй, дзе паўторна быў абраны старшынём Аляксей Янукевіч, было ўведзенае абмежаванне ў колькасці тэрмінаў, на якія можа абірацца кіраўнік партыі.

У кастрычніку Палата прадстаўнікоў прыняла змяненні ў законы аб палітычных партыях, аб грамадскіх аб’яднаннях, а таксама ў Крымінальны кодэкс (у далейшым законапраект быў зацверджаны і Саветам Рэспублікі). Гэтыя змены наклалі новыя абмежаванні на атрыманне фінансавання з-за мяжы ўсімі суб’ектамі (як партыямі або грамадскімі арганізацыямі, так і грамадзянамі).2 Але асабліва істотным ёсць тое, што змены прадугледжваюць крымінальную адказнасць за парушэнні ў гэтай сферы ­- пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.

Кааліцыйныя працэсы ў палітычнай апазіцыі

У часе міжвыбарнага перыяду апазіцыя засяродзілася на барацьбе за вызваленне палітвязняў, якую ў асноўным разумелі як прыцягненне ўвагі міжнароднай супольнасці і кансалтынг для замежных актараў. Гэта таксама быў час кааліцыйных перастановак у апазіцыі.

Калі рабіць параўнанні з перыядам дэзынтэграцыі часоў прэзідэнцкіх выбараў, абазначылася эвалюцыя апазіцыі. Адразу пасля калапсу 19 снежня 2010 г. была створаная Нацыянальная каардынацыйная рада дэмакратычнай апазіцыі.3 У яе дэкларацыі ад 9 студзеня 2011 г. было заяўлена, што новае ўтварэнне будзе дамагацца «вызвалення арыштаваных па палітычных матывах людзей, інфармавання грамадзянаў Беларусі і міжнароднай супольнасці, вяртання Беларусі на шлях законнасці і дэмакратыі». Таксама была пастаўленая задача стварэння ўмоваў для правядзення ў краіне свабодных і дэмакратычных выбараў. У структуру ўвайшлі амаль усе апазіцыйныя арганізацыі, аўтарытэтныя палітыкі.

Па сутнасці гэта кааліцыя павінна была стаць адзіным суб’ектам, гатовым выступаць як аб’яднаная апазіцыя. Аднак у хуткім часе, у сувязі з названымі вышэй стратэгічнымі супярэчнасцямі, унутры хаўрусу наспела палярызацыя. Паўплывала і тое, што палітычныя партыі і структураваныя грамадскія арганізацыі некамфортна сабе адчувалі ў адным полі з сеткавымі арганізацыямі і палітыкамі-адзіночкамі. Таму рада хутка прыпыніла рэальнае існаванне і перастала збірацца, хоць фармальнага роспуску структуры не адбылося і час ад часу гучалі заявы аб неабходнасці яе рэанімацыі.

Спачатку паралельна, а затым і незалежна пачала працаваць так званая «шасцёрка» – аб’яднанне чатырох партыяў (Партыя БНФ, АГП, БХД, ПЛСС) і двух грамадскіх аб’яднанняў («Гавары праўду!» і Руху «За свабоду»). У рамках гэтага ўтварэння было заяўлена аб намеры стварыць адзіную стратэгіі на працяглы перыяд, а па ключавых задачах тактычнага парадку бокі дасягнулі кансэнсусу. Як уяўляецца, на глебе стварэння ўстойлівага механізму прыняцця рашэнняў гэта кааліцыя будзе здольная выступіць адзіным суб’ектам на будучых парламенцкіх выбарах і стаць гравітацыйным цэнтрам для кансалідацыі значнай часткі апазіцыі. У пэўнай ступені ідэйным антаганістам гэтай групы выступае кампанія байкоту парламенцкіх выбараў, але яна вельмі неструктураваная і не можа быць названая кааліцыйнай пабудовай.

Тыя палітычныя суб’екты, якія ў кааліцыйныя працэсы не ўваходзяць, ужо вызначылі сваю пазыцыю ў дачыненні да будучых парламенцкіх выбараў. КХП БНФ звыкла заявіла аб намеры байкатаваць выбары, у той час як лiберальныя дэмакраты (ЛДПБ) абвесцілі пра намер вылучыць максімальную колькасць кандыдатаў у дэпутаты. Дыскутаваны цягам апошніх год праект пераўтварэння грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у прапрэзідэнцкую «канструктыўную» партыю не быў рэалізаваны і ў 2011 г.: хоць справа дайшла нават да вылучэння першаснымі суполкамі дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд, ён так і не адбыўся.

Усе іншыя кааліцыйныя ўтварэнні («Беларускі незалежніцкі блок», АДС, «Еўрапейская кааліцыя», а таксама «Беларускі выбар») практычна спынілі сваё існаванне як публічныя суб’екты.

Акрамя пытанняў адносна выбараў і падзелу на структураваныя арганізацыі («шасцёрка») і незарэгістраваныя, пераважна сеткавыя групы («Еўрапейская Беларусь», некаторыя эмігранцкія колы), вызначальным для апазіцыі застаецца стаўленне да спосабаў ціску на рэжым, у прыватнасці – да спалучэння заклікаў да эканамічных санкцыяў і вулічных акцыяў пратэсту. Калі пытанне санкцыяў з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі пачало сыходзіць у сферу непублічнай палітыкі («толькі самазабойца ва ўмовах эканамічнага крызісу будзе прасіць ўвесці эмбарга супраць уласнай краіны»), то пытанне вулічных акцыяў абмяркоўваецца як прынцыповае і вызначае ўзаемадачыненні ўнутры апазіцыі.

Пасля падзеяў 19 снежня 2010 г. улады вельмі цвёрда спынялі апазіцыйныя масавыя акцыі. На гэтым фоне сталі нечаканасцю масавыя акцыі маўклівых пратэстаў, арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі, і акцыі з шэрагу «Стоп-бензін» супраць падвышэння коштаў на паліва. Яны былі сапраўды масавыя і геаграфічна шырока раскіданыя па краіне, іх пазітыўна ўспрыняла прэса, акцыі выклікалі сапраўдны выбух грамадскай цікавасці ў сталіцы па-за межамі традыцыйнага апазіцыйнага кам’юніці. У такой сітуацыі неструктураваная група апазіцыі («Еўрапейская Беларусь» і некаторыя іншыя незарэгістраваныя арганізацыі) ініцыявала кампанію «Народны сход». Апошняя не стала шматлюднай і запомнілася хутчэй ўзаемнымі пікіроўкамі палітыкаў.

Канцэнтрацыя ў будзённым жыцці

Трэба адзначыць, што апазіцыйныя сходы звычайна праходзяць у фармаце традыцыйных апаратных гульняў і канкурэнцыі за рэсурсы напярэдадні будучай кампаніі выбараў альбо байкота. Кожная партыя займаецца вырашэннем ўласных праблем і вызначае пазіцыю адносна будучых парламенцкіх выбараў як пункту, адносна якога скіроўваецца дзейнасць партыйных арганізацыяў.

Пры гэтым, зразумела, партыі вельмі шмат увагі надаюць рашэнню бягучых задачаў і пытанню выжывання ў складаных умовах. Напрыклад, для БСДП(Г) пытаннем жыцця і смерці стаў канфлікт з былым старшынём партыі Ляўковічам, які быў адхілены ад партыйнага кіраўніцтва ў 2010 годзе.4 Экс-лідэр не прызнаў сваёй паразы і па-ранейшаму карыстаецца пэўнай падтрымкай з боку Міністэрства юстыцыі, якое прызнала нелегітымнымі ўжо два новыя з’езды гэтай партыі, лічыць партыю «ня маючай легітымнага кіраўніцтва» і, падобна, будзе вызначаць яе далейшы лёс.

Партыя БНФ зазнала адыход часткі аўтарытэтных партыйцаў у лютым 2011 г. АГП вельмі шмат намаганняў прыклала, каб пазбавіцца ад негатыўнага ценю, што быў кінуты на арганізацыю ў выніку заяваў кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука, які абвінаваціў іншых дзеячаў апазіцыі ў паразе 19 снежня. У рэшце рэшт гэтая партыя зноў прадэманстравала прыклад цывілізаванага вырашэння спрэчак, і намеснік кіраўніка АГП Яраслаў Раманчук сышоў з гэтай партыі з ўласнага жадання (міжнародны сакратар партыі Андрэй Дзмiтрыеў быў выключаны за супрацу з кампаніяй «Гавары праўду!» праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў).

Высновы і прагнозы

Міжвыбарны перыяд – час для ўнутрыпартыйнага будаўніцтва, назапашвання рэсурсаў і стварэння новых кааліцыйных утварэнняў. Таму вызначальным для сённяшняга стану палітычных партыяў з’яўляюцца ўнутрыпартыйныя і кааліцыйныя працэсы, а зусім не барацьба за ўладу: шэраг партыяў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. не далі пазапартыйным рухам Саннікава і Някляева адціснуць сябе за рамкі апазіцыйнага поля, і гэтым вынікам выбараў яны задаволіліся. У той жа час рэзкае пагаршэнне эканамічнага стану і павелічэнне пратэстных настрояў у грамадстве сталі нечаканым выклікам для ўсіх апазіцыйных партыяў, якія пакуль спрабуюць абмежавацца рытарычнымі і сімвалічнымі адказамі на гэты выклік.

Пакуль што апазіцыйныя партыі ўпісаныя ў дзеючую палітычную сістэму ў якасці «пазапарламенцкай апазіцыі» і выконваюць функцыю сімвалічнага ўнутранага ворага. Падобна на тое, што ў сённяшняй сістэме палітычныя партыі могуць толькі артыкуляваць альтэрнатыву – але не агрэгаваць палітычныя інтарэсы.