Ахова здароўя: паміж жабрацтвам і high tech

Андрэй Вiтушка

Рэзюмэ

У 2011 годзе ў развіцці медычнай дапамогі акцэнт быў традыцыйна зроблены на высокатэхналагічных відах; з iншага боку, эканамічная сітуацыя прымусіла інтэнсіфікаваць развіццё платных паслуг і імпартазамяшчэнне. Пад уздзеяннем фінансавага крызісу сістэма зазнала недахоп рэсурсаў, адміністрацыйны прэсінг, незадаволенасць насельніцтва; яна таксама перажыла абвастрэнне кадравай праблемы і збядненне медработнікаў.

Фінансавы крызіс прадэманстраваў адчувальнасць айчыннай сістэмы аховы здароўя да знешніх уздзеянняў. Пры захаванні цяперашніх спосабаў фінансавання і кіравання гэтая залежнасць будзе ўзмацняцца. Кіраўніцтва галіны пакуль не прапанавала праграму яе сістэмнага пераўтварэння, хоць пэўныя намеры ў гэтым кірунку і былi агучаныя.

Тэндэнцыі

Фінансаванне аховы здароўя

У канцы лютага Міністэрства аховы здароўя заявіла, што нягледзячы на ўсе праблемы ў эканоміцы, мерапрыемствы ўсіх дзяржаўных праграм у галіне былі прафінансаваныя ў поўным аб’ёме. На кожнага жыхара Беларусі ў 2010 г. было выдаткавана USD205 за год, а ў мінулым – USD225.1 Такім чынам, сцэнар крызісу 2009, калі падобныя выдаткі былі скарочаныя на 15%,2 не паўтарыўся.

Пададзеныя лічбы не могуць не выклікаць кагнітыўны дысананс у працаўнікоў сістэмы, бо 2011 год запомніўся праблемамі ў забеспячэнні лекамі і расходнымі матэрыяламі. Нават у «выпешчанай» уладамі кардыяхірургіі, па словах галоўнага кардыяхірурга краіны Ю. Астроўскага, ўзнікалі складанасці з закупкай штучных клапанаў для пратэзавання сэрца, прычым нават айчыннай вытворчасці.3 У рэспубліканскім цэнтры «Маці і дзіця» афіцыйна дазволілі бацькам купляць медыкаменты і малочныя сумесі для хворых дзяцей, чаго раней ўявіць было немагчыма. І такіх прыкладаў безліч.

Акрамя гэтага, так і засталіся нерэалізаванымі заяўленыя напачатку года планы па рэканструкцыі некалькіх рэспубліканскіх бальніц, у тым ліку і «шматпакутнага» РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, мадэрнізацыя якога пачалася ў 2007 г. і мелася завяршыцца ў 2010 годзе.

Па-ранейшаму дзейнічае прынцып жорсткай эканоміі, даведзены і прыняты да выканання кожным «шрубком» сістэмы. Праз яго ў 2011 г. так і не адбылося пашырэння Нацыянальнагао календара вакцынацыі. Галоўны эпідэміёлаг краіны І. Карабан так пракаментавала гэтую сітуацыю: «Усе новыя вакцыны вельмі дарагія, таму іх увядзенне ў каляндар прышчэпак эканамічна неэфектыўнае. Будзе зніжаная цана – будзе эканамічна эфектыўна».Па словах спецыяліста, для вакцынацыі ад раку шыйкі маціцы дзяўчынак толькі аднаго ўзросту спатрэбіцца USD 15 млн, прытым што эфект будзе бачны толькі праз 10 гадоў.4 Дзеля параўнання заўважым, што «набытак» мінулагодніх «Дажынак» – Лядовы палац у Маладзечне – каштаваў каля USD 30 млн. Неэканамічны эфект падлічылі расійскія калегі: паводле іх даных, пашырэнне календара вакцынацыі прывядзе да павелічэння працягласці жыцця ў краіне на 3–4 гады.5

Адказ на пытанне пра прычыны фінансавай напружанасці ў сістэме пры захаванні ўзроўню выдаткаў на яе хаваецца ў механізме размеркавання рэсурсаў. Значнымі акцэптарамі сродкаў выступалі высокатэхналагічныя віды дапамогі, набыццё новага абсталявання, прыярытэтныя медычныя будоўлі (у першую чаргу «рэінкарнацыя» у новым будынку і вычарпальнае пераабсталяванне 2-й бальніцы Мінска, што ператварыла найстарэйшы гарадскі шпіталь у найсучаснейшы), а таксама некаторыя праекты Мінздароўя ў фармацэўтычнай сферы. Мімавольнымі донарамі сістэмы сталі яе работнікі, заробак якіх значна «ўсох» у валютным эквіваленце з-за рэкорднай дэвальвацыі беларускага рубля.

Разам з тым, мінулы год яшчэ раз даказаў, што немагчыма прэтэндаваць на дасягненне еўрапейскага ўзроўню медыцыны, выдаткоўваючы на яе ўдвая менш, чым прынята ў Еўропе (4.5% ад валавага ўнутранага прадукта супраць 7–9% у ЕС). Таксама стала зразумелым тое, пра што неаднаразова казалі міжнародныя эксперты: калі захоўваць існую мадэль размеркавання сродкаў у сістэме, яна застанецца надзвычай адчувальная да знешніх уздзеянняў.

Акцэнты развіцця медычнай дапамогі: прыярытэт высокатэхналагічнай медыцыне

У развіцці медычнай дапамогі ў 2011 г. перавага традыцыйна аддавалася стацыянарным відам, куды было скіравана каля 70% выдаткаў. Беларусь трывала займае першае месца ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе па колькасці бальнічных ложкаў на душу насельніцтва, і гэты масіў стацыянараў патрабуе сродкаў на ўтрыманне. Пры гэтым заўважаецца, што павелічэнне колькасці бальніц у «бясплатнай» медыцыне не здымае нагрузку на паліклінікі.

Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя даўно ўжо звярталі ўвагу на неабходнасць ліквідацыі дысбалансу паміж фінансаваннем бальніц і паліклінік (у краінах ЕС да 80% выдаткаў скіроўваецца ў амбулаторнае звяно), але пакуль дамагліся толькі абяцання зраўняць гэтыя выдаткі ў бліжэйшыя 5 год. У 2011 г. не назіралася значнага скарачэння фонду ложкаў, сама ідэя была названая недапушчальнай з-за развіцця высокіх тэхналогій у стацыянарах, нягледзячы на тое што ложак ў шпіталях краіны ў сярэднім заняты толькі 300 дзён на год. Медычныя чыноўнікі вырашылі чарговы раз падумаць пра гэта, а пакуль у якасці кадравай дапамогі паліклінікам прапанавалі пераразмеркаваць спецыялістаў са стацыянараў у амбулаторныя ўстановы,«у тым ліку і з ужываннем адміністрацыйных метадаў».6

Сярод стацыянарных відаў дапамогі традыцыйнымі лідарамі выступілі некаторыя віды высокатэхналагічнай медыцыны. Колькасць кардыяхірургічных аперацыяў за год вырасла на 16.3% (да 8795 аперацый), а колькасць трансплантацыяў да 300 (рост за 4 гады ў 7 разоў). Акрамя гэтага, перасадку органаў пачалі асвойваць у абласных цэнтрах (першым быў Брэст). Таксама ў абласцях адзначаецца рост кардыялагічных умяшальніцтваў (на 7.9%), у тым ліку і складаных, якія выконваюцца з выкарыстаннем штучнага кровазвароту (на 9.7%).7 Такія поспехі не могуць не радаваць, але варта зазначыць, што большасць грамадзян па-ранейшаму лечыцца ў перагружаных паліклініках: у сярэднім на кожнага жыхара краіны прыпадае 13 візітаў да лекара паліклінікі на год, што ў 2, а то і ў 2.5 разы больш за суседзяў.

Безумоўна, трэба развіваць медыцыну высокіх тэхналогій, і менавіта яна, паводле міжнародных крытэрыяў, выступае індыкатарам сучаснасці аховы здароў. Але ў Беларусі гэтае развіццё робіцца ўсё больш асіметрычным, калі адна сфера развіваецца коштам іншых. Рухаючыся цяперашнімі тэмпамі ў транспланталогіі па колькасці аперацый мы хутка наблізімся да Польшчы, але «флагман» надзвычай далёка адарваўся ад асноўнага «флоту». Калі ўзяць колькасць тых ж кардыяхірургічных умяшальніцтваў, то па большасці пазіцый яна на палову меншая за еўрапейскія паказчыкі. Проста кажучы, грамадзянам Літвы і Польшчы кардыяхірургія ўдвая даступней, чым беларусам ў Беларусі. Да таго ж аб’ём высокатэхналагічных аперацый у іншых галінах медыцыны (напр., артапедыі) прадказальна скараціўся. За першае паўгоддзе 2011 было выканана толькі 1080 з запланаваных 3800 эндапратэзаванняў тазасцёгнавага сустава.8

Платныя паслугі ў дзяржаўнай медыцыне

У 2011 канцэпт платных паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя канчаткова аформіўся ў адну з мэтаў існавання сістэмы. Можна сказаць, што Беларусь развіталася з бясплатнай медыцынай у традыцыйным разуменні гэтага тэрміна. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку абавязвае дасягнуць росту экспарту медычных паслуг ў 3.5 разы да канца 2015 года,9 і сярод задач для аховы здароўя на 2011 было пашырэнне спектра платных паслуг і нарошчванне экспарту паслуг.

Эканамічныя цяжкасці вясны не дазволілі кіраўніцтву галіны ўтрымацца ад спакусы інтэнсіўней «падаіць» падначаленыя арганізацыі – планы па экспарце паслуг былі скарэктаваныя ў бок павелічэння. Напрыклад, Рэспубліканскі цэнтр «Кардыялогія» атрымаў заданне замест USD 320 тыс. зарабіць амаль 400 тыс., а РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі абавязалі пралячыць замежнікаў на суму больш за USD 1 млн. Цікава, што пры гэтым нормы забяспечанасці гэтых устаноў расходнымі матэрыяламі засталіся ранейшымі, а то і зменшыліся. Такім чынам, прынцып «кожная платная паслуга – гэта не ажыццёўленая бясплатная», сфармуляваны беларускімі лекарамі-блогерамі, жыве і перамагае.

На чэрвеньскай калегіі Міністэрства аховы здароўя было заяўлена, што «патрабаванні міністэрства па развіцці пазабюджэтных паступленняў з’яўляюцца на сённяшні дзень першачарговымі». На тым жа сходзе быў прыняты парадак прапановы медычных паслуг, паводле якога пры аплаце пацыентам расходных матэрыялаў паслуга ажыццяўляецца ў першую чаргу, а пры аплаце ўсяго комплексу матэрыялаў і работ – па-за чаргой. Перашкодзіць рэалізацыі сцэнару «Беларусы могуць паміраць спакойна – беларуская медыцына працуе на расіян» («кашмар» аўтараў сайта «Беларускі Партызан»)10 дапамаглі некалькі фактараў. Экспарт паслуг у цяперашнім выглядзе заставаўся незыскоўным практычна нікому, акрамя чыноўнікаў, бо ў лячэбных установах застаецца толькі каля 20% прыбыткаў ад гэтага віду дзейнасці, што ледзь пакрывае амартызацыю абсталявання.11 Выключэннем можа быць хіба транспланталогія, дзе рэнтабельнасць аперацыі сягае 300%.12 Залішне казаць, што лячэнне «платных» пацыентаў істотна не адбіваецца на заробках персаналу, а гэта дэматывуе медыкаў выконваць дадатковую працу. Сродкам ад дэматывацыі выступаў адміністрацыйны рэсурс – напрыклад, у Мар’інай Горцы персанал бальніцы са сваёй кішэні вымушаны быў выконваць план па «пазабюджэце» пад страхам пазбаўлення прэміі.13

Да таго ж дзяржаўныя медустановы камерцыялізуюцца і імкнуцца заваяваць новыя рынкі без маркетынгу. Здзіўляе і дэфектная арганізацыя платных паслуг у дзяржструктурах. Яны ажыццяўляюцца ў тых жа кабінетах і той жа час, што і бясплатныя, часта складана знайсці хоць нейкую інфармацыю пра паслугi на дошках аб’яў і на сайтах установаў.

Сектар прыватнай медыцыны

У 2011 г. дэвальвацыя і інфляцыя прывялі да 30%-гаросту коштаў на паслугі медцэнтраў.14 Лагічна было б меркаваць, што з паглыбленнем крызісу будзе ўзмацняцца адток пацыентаў з прыватнай медыцыны ў бясплатную дзяржаўную. На хвалі крызісу некаторыя медычныя цэнтры адзначалі зніжэнне колькасці зваротаў на 15–40%.15 Але разам з тым буйныя структуры, такія як «Лодэ» і «Экамедсервіс», заявiлі пра рост зваротаў на 20–25%,16 што сведчыць пра наяўнасць грамадзян, якія гатовыя iў цяжкія часы плаціць за сваё здароўе.

Адэкватным крокам дзяржавы магла бы стацца лібералізацыя правілаў вядзення бізнесу ў медыцыне, каб разгрузіць дзяржаўную сістэму аховы здароўя ад пацыентаў, здольных плаціць за лячэнне. Але крокаў насустрач так і не адбылося. Засталася практыка вызначэння Мінздароўя гранічных тарыфаў на розныя віды паслуг (у тым ліку і ў прыватных медцэнтрах), што не дазваляе аператыўна мяняць кошты ў адказ на гіперінфляцыю і прыводзіць да стратаў у прыватным сектары. Нават просты спосаб разгрузкі дзяржаўных паліклінік: дазвол лекарам прыватных структур выпісваць лісткі непрацаздольнасці – быў адкінуты кіраўніцтвам галіны.17

Пасярод году праз дзяржаўныя СМІ актыўна пачала прасоўвацца паслуга «Асабісты тэрапеўт», скапіяваная дзяржаўнымi паліклінікамі з практыкі камерцыйных медцэнтраў. Канкураваць збіраліся цаной – у дзяржаўнай паліклініцы гадавое абслугоўванне на старце праграмы каштавала Br 1.5–2 млн на год супраць Br2.5–2.9 млн у прыватным медцэнтры. Такая розніца ў коштах не можа не выклікаць пытанняў пра механізм цэнаўтварэння і рэнтабельнасць паслуг, прытым што амартызацыйныя выдаткі для ўсіх установаў сістэмы прыблізна аднолькавыя, а заробкі ў прыватнай медыцыне не настолькі большыя за дзяржаўныя. Прадстаўнікі прыватнай медыцыны неаднаразова заяўлялі пра няроўнасць умоваў для вядзення бізнесу, але пакуль пачутыя не былі.

Кадравая праблема: сістэма матывацыі персаналу

За апошнія гады ў забяспечанасці медычнымі кадрамі мала што памянялася. Так, у 2005 г. у Беларусі патрэбы ў лекарах і правізарах складалі 3700, а ў 2010 г. – 4500 чалавек. Па-ранейшаму высокім застаецца каэфіцыент сумяшчальніцтва – 1.4 у сярэднім па краіне, а на Магілёўшчыне і ўсе 1.5.18 Не менш складаная сітуацыя з мядсёстрамі. Толькі ў сістэме Мінздароўя не хапае больш за 4500 спецыялістаў, а з улікам іншых ведамстваў – усе 5400 чалавек. Акрамя таго, больш за 13 000 чал. (каля 12% агульнай колькасці) сярэдняга медперсаналу дасягнулі пенсійнага веку.

Як сведчыць галіновая праграма «Кадры на 2011–2015 гады», толькі па натуральных прычынах (на пенсію ці ў лепшы свет) штогод з сістэмы сыходзяць каля 800 чалавек, а агульная колькасць тых, хто «зняў белы халат» сягае больш за 3.5 тысячы. Апроч таго, 20–32% маладых спецыялістаў звальняюцца з месца размеркавання пасля адпрацоўкі, пераязджаючы ў абласныя гарады, сталіцу ці сыходзячы з медыцыны.

Эканамічныя катастрофы 2011 г. абвастрылі праблему эміграцыі лекараў – тэма ад’езду (часовага ці на ПМЖ) трывала ўвайшла ў прафесійны дыскурс. Карыстаюцца папулярнасцю Ангола, а таксама Германія, Чэхія, Польшча і, вядома ж, Расія, дзе сярэдні заробак ўтрая вышэйшы за наш і дзе актыўна будуюцца і мадэрнізуюцца клінічныя цэнтры. Між тым для вышэйшага кіраўніцтва галіны не існуе праблемы ад’езду лекараў за мяжу – летась міністр В. Жарко казаў пра 60–70 спецыялістаў, якія штогод пакідаюць Беларусь. Па выніках года такіх «уцекачоў» будзе нашмат болей, але ўздым эміграцыі прадказальна не будзе зафіксаваны – пры звальненні вельмі мала хто афішуе свае планы на ад’езд за мяжу. А з усходу мяжы ўвогуле няма.

Што датычыць сістэмы матэрыяльнай матывацыі, то работнікі дзяржаўнай медыцыны спазналі значнае падзенне заробкаў з USD 359 у 2010 да USD 256 у снежні 2011 года. Пры гэтым заробак у галіне па-ранейшаму на 25–30% меншы за сярэдні па краіне і на 30–35% меншы за заробак ў прамысловасці.19 Кіраўніцтва краіны анансавала павышэнне заробку на 25% да канца года, але яго так і не адбылося. Да захадаў аптымізацыі матэрыяльнага становішча кадраў можна аднесці рашэнне скараціць на год працягласць стажу, неабходнага для таго, каб пачаць атрымліваць кваліфікацыйныя катэгорыі і, значыць, пэўныя даплаты да заробку.

Мінулы год яшчэ раз прадэманстраваў, што кіраўніцтва аховы здароўя не надае належнай увагі матывацыі і павышэнню кваліфікацыі персаналу як неабходным умовам устойлівага развіцця сістэмы. Асноўнымі метадамі ліквідацыі кадравага дэфіцыту застаюцца павялічаны выпуск лекараў (набор у медвну павышаецца з 2006) і іх размеркаванне. Работнікі аховы здароўя па-ранейшаму вельмі абмежаваныя ў кантактах з замежнымі калегамі, працягваюць існаваць адміністрацыйныя бар’еры, якія ўскладняюць выезд спецыялістаў на навучанне за мяжу. Інфармацыя пра такія магчымасці часта застаецца закрытай. Імкненне работніка да самаадукацыі і набыцця дадатковых кваліфікацый не ўплывае на ягоны заробак і статус у сістэме.

Забеспячэнне лекамі і імпартазамяшчэнне

Па выніках 2011 г. ёмістасць раздробнага рынку фармпрэпаратаў ў Беларусі склала USD772 млн, што на 3% менш за 2010 г. Назіраўся інфляцыйна абумоўлены рост рублёвых продажаў, а колькасць прададзеных упаковак вырасла на прадказальна малыя 3%.20 Адпаведна росту курса валюты медыкаменты падаражэлі ў 2–3 разы, рост дэманстравалі як імпартныя медыкаменты, так і айчынныя (доля «прывазных» складнікаў у іх сягае 65%). Тым не менш, значнага абвалу рынку не адбылося з прычыны інфляцыйных чаканняў насельніцтва, калі людзі імкнуліся набыць лекі ў запас, а таксама дзякуючы некаторым абмежавальным адміністрацыйным мерам. Сярод апошніх можна адзначыць падпісанне Міністэрствам аховы здароўя і імпарцёрамі Мемарандумапа стрымліванні коштаў на лекі, а таксама пагаднення паміж міністэрствам і аптэчнымі сеткамі пра абмежаванне гандлёвых нацэнак на фармпрадукцыю. Існыя кошты не пераацэньваліся, нацэнкі абмяжоўваліся, пастаўшчыкі лекаў і аптэчныя сеткі неслі страты, але гэта дазволіла забяспечыць пэўную «плыннасць» павышэння коштаў. Некаторай кампенсацыяй імпарцёрам было прыняцце рашэння пра першачарговы продаж Нацбанкам валюты па «ільготным» курсе на набыццё медыкаментаў.

Міністэрства спрабавала таксама абмежаваць набыццё насельніцтвам лекаў шляхам узмацнення кантролю за наяўнасцю рэцэпта. У аптэках і паліклініках пачаліся скандалы – і чыноўнікі мусілі адкласці забарону на год.

Метадам змагання за «продаж беларускага» была настойлівая рэкамендацыя Мінздрава ўсім уладальнікам ліцэнзій на фармацэўтычную дзейнасць (чытай – прыватным аптэкам) у першую чаргу прапаноўваць наведвальнікам лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці.21 Адваротным бокам фінансавай нестабільнасці для фармацэўтычнага рынку сталася скарачэнне асартыменту ў аптэках з тэндэнцыяй да знікнення дарагіх арыгінальных прэпаратаў. Праўда, па выніках года не было зафіксавана колькаснага зніжэння асартыменту, але гэта было дасягнута за кошт павелічэння асартыменту больш танных аналагаў – джэнерыкаў.

У 2011 быў скасаваны канцэрн «Белбіяфарм», і заводы па вытворчасці лекаў перадалі Міністэрству аховы здароўя пад кіраванне новастворанага Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці, які адразу ўзяў на сябе «павышаныя абавязацельствы». Так, да 2015 года 50% лекаў маюць быць прадстаўленымі айчыннымі аналагамі, што выглядае залішне амбіцыйна. Для рэалізацыі гэтых планаў патрэбныя значныя замежныя інвестыцыі не толькі ў выглядзе фінансаў, але і новых тэхналогій, з прыцягненнем якіх у Беларусiтрадыцыйна не ладзіцца – за мінулыя 2 гады ў вытворчасць лекаў прыйшоў толькі неадназначны расеец Брынцалаў, хоць спрабаваў шмат хто іншы.

Для распрацоўкі імпартазамяшчальных медыкаментаў было створана некалькі вытворчых структур пры Нацыянальнай акадэміі навук – прадпрыемства «Акадэмфарм» і аб’яднанне «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» з уласнай вытворчасцю «ХімФармСінтэз» (2011). На апошняе ўсклалі задачу па выпуску лекавых субстанцый – асновы для вытворчасці медпрэпаратаў. Варта адзначыць, што з 5300 зарэгістраваных у Беларусi лекавых форм і прэпаратаў 80% – замежныя і толькі 20% – айчынныя, прычым айчынных фармсубстанцый, з якіх выпускаюць далей лекі, толькі 59. Да 2015 г. урад плануе сінтэз яшчэ 35 субстанцый пераважна з ліку дарагіх і запатрабаваных лекаў для шпітальнага сектара – супрацьпухлінавых, супрацьвірусных ды інш.

Iдэя выпускаць беларускія аналагі існых фармсубстанцый не можа не выклікаць сумневаў у іх канкурэнтаздольнасці з буйнатанажнай, рэсурса-, энэрга- і фінансаваёмістай вытворчасцю нешматлікіх сусветных гігантаў. Нават калi навукоўцы і здолеюць  сінтэзаваць і ачысцiць субстанцыi, то ці будзе рэнтабельным прамысловы выпуск заяўленых невялікіх партыяў? Варта зазначыць, што фармвытворчасць у РБ эканамічна апраўданая толькі тады, калі яна арыентуецца на экспарт. Гэтыя i iншыя пытаннi патрабуюць укладанняў у разы большых за ўжо зробленыя. З улiкам патрабавання прэзiдэнта Лукашэнкі скараціць фінансаванне НАН на 30% невядома, ці будуць на гэта сродкi, а інвестары не надта спяшаюцца на беларускi рынак.

Рэфармаванне і мадэрнізацыя сістэмы: грамадскія дыскусіі

2011 год безумоўна запомніцца актывізацыяй грамадскай дыскусіі па пытаннях далейшага развіцця і рэфармавання сістэмы аховы здароў’я. Выказваліся на гэтую тэму прадстаўнікі як ўлады на розных узроўнях, так і грамадзянскай супольнасцi. Начальнік Галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў М. Ермаловіч яшчэ раз канстатаваў неабходнасць пошуку рэзерваў ў самой сiстэме аховы здароўя, а таксама прыцягнення знешніх рэсурсаў. Яму ж належыць выказванне аб хуткім і магчымым увядзенні страхавой медыцыны і намерах аб наданні большай фінансавай свабоды менеджарам аховы здароўя ўсіх калібраў.

Профільныя чыноўнікі таксама выказваліся аб неабходнасці далейшага ўдасканалення фінансавання. Начальнік упраўлення планавання і эканомікі Мінздароўя А. Ткачова адзначыла непазбежнасць пераходу ад прынцыпаў утрымання дзяржаўных арганізацый аховы здароўя да прынцыпаў аплаты па ўстаноўленых тарыфах канкрэтных, замоўленых аб’ёмаў стацыянарнай і хуткай медыцынскай дапамогі. Акрамя гэтага анансавалiся патрэба павялічыць фінансаванне амбулаторна-паліклінічнай дапамогі з 30 да 40% ад агульных укладанняў ў сістэму і неабходнасць правядзення сур’ёзнага аналізу, які б увязваў выдаткі галіны аховы здароўя з атрыманымі вынікамі.22

Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі было наладжанае грамадскае абмеркаванне будучыні сістэмы праз Інтэрнэт-праект «Народная праграма», дзе было апублікавана мноства рацыянальных думак па рэфармаванні аховы здароўя як у найбліжэйшай, так і доўгатэрміновай перспектыве. Немагчыма таксама не адзначыць актывізацыю ўвагі журналістаў да розных аспектаў комплексу медычнай дапамогі.

Заключэнне

На выніковай калегіі Мінздароўя ў канцы лютага 2012 г. віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік раскрытыкаваў работу ведамства за закрытасць, адсутнасць крытычнай ацэнкі вынікаў і нерацыянальны фінансавы менеджмент. Прагучалі заклікі да большай адкрытасці сістэмы, прыцягнення грамадскасці і практычных спецыялістаў да абмеркавання праблем, а таксама змены падыходаў да матывацыі работнікаў з адменай «ураўнілаўкі» у аплаце працы.23 Прыемна, што ў вышэйшага кіраўніцтва ёсць глыбокае разуменне праблемаў галіны. Але разам з тым выступ віцэ-прэм’ера запомніўся прапановай увесці плату за наведванне паліклінік – Br5 тыс. за візіт. Ідэя, вядома, карысная для папаўнення бюджэту і скарачэння нагрузкі на лекара, але дысанансная з дзейнай Канстытуцыяй, што, вядома, не робіць гонару чыноўніку такога рангу. Інтэрпрэтаваць гэты пасыл можна па-рознаму. Магчыма, гэта старт сур’ёзных пераўтварэнняў. Час пакажа.