Беларусь і развіваныя краіны: Калій, нафта і трактары

Сяргей Богдан

Рэзюме

Беларусь працягнула свае адносіны з краінамі развіванага свету, трымаючыся прагматычнай лініі. Афіцыйны Мінск пазбягаў ідэалагічных праектаў, дазваляючы сабе толькі вербальную падтрымку блізкіх яму лівійскага і сірыйскага рэжымаў, а таксама выконваючы нормы міжнароднага права ў сферах вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Асноўнай задачай беларускай палітыкі ў дачыненні да развіваных дзяржаў было пашырэнне кола партнёраў. Да гэтага падштурхоўвала і цяжкае эканамічнае становішча краіны, якая сутыкнулася з велізарным адмоўным сальда вонкавага гандлю, і міжнародная сітуацыя, што прымусіла Мінск адмовіцца ад кантактаў з шэрагам арабскіх краінаў.

Тэндэнцыі

– Шэраг даўніх партнёраў беларускага кіраўніцтва – Лівія, Сірыя, а таксама Егіпет – фактычна зніклі з пераліку кірункаў беларускай вонкавай палітыкі.

– Вонкавая палітыка беларускага ўрада арыентавалася перш за ўсё на КНР, арабскія краіны Персідскай затокі, Венесуэлу ды Іран.

– У эканамічным плане роля стасункаў з развіванымі краінамі істотна не змянілася (прыкладна 10% беларускага экспарту). Найважнейшае месца ў структуры беларускага экспарту займалі калійныя і азотныя ўгнаенні, і толькі за імі ішлі хімічныя прадукты, прадукцыя машынабудавання і іншыя тавары. Гэта – устойлівая сітуацыя, якая замінае пераадоленню адмоўнага гандлёвага сальда за кошт нарошчвання паставак у развіваныя краіны.

Агляд падзеяў

КНР.Беларусь наўрад ці займае ў кітайскай вонкавай палітыцы якое-кольвек істотнае месца, нягледзячы на ўсе інсінуацыі беларускага кіраўніцтва. Красамоўна, што падчас сваёй летняй паездкі ў Казахстан, Расею і Украіну старшыня КНР Ху Цзіньтао ўстрымаўся ад наведвання Беларусі. У беларускіх стасунках з КНР пераважаюць кантакты на ўзроўні прадстаўнікоў ведамстваў і арганізацыяў, непасрэдна зацікаўленых у супрацоўніцтве, але не вышэйшых палітычных прадстаўнікоў, што адрознівае іх ад дачыненняў Беларусі са шматлікімі іншымі развіванымі краінамі.

Так, у сакавіку Беларусь наведаў віцэ-прэзідэнт Кітайскай карпарацыі авіяпрамысловасці (AVIC International) Джан Хуэй. У чэрвені адбыўся візіт у Беларусь кіраўніцтва карпарацыі «Вялікая сцяна» (камерцыйныя запускі і пастаўкi спадарожнікаў), якое прымаў сам кіраўнік краіны.

Беларускае кіраўніцтва разглядае КНР як пэўную мадэль для будаўніцтва беларускай дзяржавы, альтэрнатыву заходнім нормам. Сутыкнуўшыся з фінансавым крызісам, Лукашэнка запрасіў у чэрвені экспертаў Народнага банка Кітая на чале з дырэктарам дэпартамента фінансавага рынку Се До, спадзеючыся пачуць ад іх зручнейшыя для сябе рэцэпты выхаду з крызісу, адрозныя ад прапановаў МВФ. Былы амбасадар Беларусі ў КНР, цяперашні віцэ-прэм'ер А.Тозік рэгулярна агучвае кітайскія рашэнні тых або іншых праблем у розных галінах (ад сярэдняй школы і да «кітайскіх нормаў» ў будаўніцтве).

Беларускія ўлады ўскладаюць вялікія надзеі на КНР як крыніцу інвестыцый. Асаблівае значэнне Кітай – а ў пэўнай ступені і астатнія развіваныя краіны – у гэтым звязку набывае  на тле пагаршэння ўзаемінаў з Захадам і ўмацавання расійскага кантролю над беларускай эканомікай. Аднак, як зазначаюць эксперты, «Кітай актыўна крэдытуе Беларусь, але вось інвестыцыі ўкладаць не спяшаецца».1

У верасні КНР вылучыла Беларусі крэдыт на USD 1 млрд пад закупку кітайскіх тавараў, але яго ўмовы сапраўды зыскоўныя для Беларусі, якая адчувае праблемы з прыцягненнем фінансавых сродкаў. Падчас візіту У Банго была таксама падпісаная дамова аб удзеле Кітая ў беларускай прыватызацыі і аб стварэнні кітайска-беларускага прамысловага парка. На яго тэрыторыі плануецца стварыць буйныя вытворчасці побытавай тэхнікі і электронікі, а таксама машынабудавання і біямедыцыны.

У 2011 г. аб'ём таваразвароту з Кітаем павялічыўся на 31% і склаў больш за USD 3 млрд. Працягвала расці адмоўнае сальда, якое павялічылася на 27% і склала USD 1 617 млн. Ключавымі экспартнымі таварамі сталі калійныя ўгнаенні (44% усяго аб'ёму экспарту) і капралактам (25%).

Індыя. З прычыны шэрагу аб'ектыўных абставінаў – замежнапалітычнай і ідэалагічнай арыентацыі Мінска і Дэлі, а таксама структуры іх эканомік – беларуска-індыйскія стасункі далёка саступаюць сувязям з Кітаем. Тым не менш, Індыя з'яўляецца істотным кірункам беларускай вонкавай палітыкі. 

На пачатку жніўня Індыя афіцыйна выказала сваю зацікаўленасць у набыцці акцыяў «Беларуськалія».2 26-27 жніўня адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь індыйскай дэлегацыі на чале з сакратаром міністэрства замежных спраў Санджаем Сінгхам пры ўдзеле былога сакратара па ўгнаеннях міністэрства сельскай гаспадаркі Сутану Бехурыі, у звязку з чым індыйскія СМІ напісалі аб магчымасці набыцця 20% «Беларуськалія». Рашэнне пачаць перамовы з Беларуссю было прынятае па выніках нарады ўрада Індыі 10 жніўня пад старшынствам прэм'ер-міністра. Ананімныя крыніцы ў індыйскім кіраўніцтве кажуць, што «завышаная» ацэнка беларускім бокам кошту кампаніі (USD 30 млрд) з’яўляецца асноўнай праблемай. У той самы час, «хоць жнівеньскі візіт не прывёў да пэўных крокаў па набыцці долі ў «Беларуськаліі», індыйскія афіцыйныя асобы паведамляюць, што Беларусь у рамках неапублікаванай дамовы пагадзілася даць Індыі першае «права на адмову» (right of refusal), калі яна наважыцца прадаць долю ў кампаніі».3

Блізкі Усход

Іран. У лютым пасол Ірана заявіў, што яго краіна рэалізуе ў Беларусі інвестыцыйныя праекты на суму каля USD 1,5 млрд, а ў стадыі перамоваў знаходзяцца новыя праекты на суму яшчэ больш за USD 1 млрд. У якасці прыкладаў ён назваў будаўніцтва комплексу «Магніт-Мінск» на суму каля EUR 250 млн, а таксама будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра ў СЭЗ «Мінск». Іранскія праекты шырока рэкламуюцца на стадыі намераў, але шмат якія з іх не пераходзяць нават у стадыю практычнай распрацоўкі, таму да такіх заяваў варта ставіцца з асцярогай. Значная частка іранскіх інвестыцыйных праектаў Ірана (а таксама Кітая і некаторых іншых краін) звязаныя з нізкатэхналагічнай або «бруднай» вытворчасцю. Прыкладамі з’яўляюцца намеры іранскіх прадпрымальнікаў наладзіць вытворчасць дроту ў Рэчыцы, збудаваць цэментавы завод і арганізаваць здабычу друзу.

Хоць пасол узгадаў і зборачную вытворчасць легкавікоў, аднак 15 лютага першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што ўрад хоча адмовіцца ад зборкі іранскіх аўтамабіляў: «Мы вельмі незадаволеныя дзейнасцю гэтага прадпрыемства. За пяць гадоў працы прадалі ўсяго тысячу аўтамабіляў».

2-4 сакавіка адбыўся візіт міністра юстыцыі В. Галаванава ў Іран. Ён правёў перамовы з міністрам юстыцыі Муртазом Бахціяры і быў прыняты кіраўніком судовай улады Садэкам Ларыджані і старшынём парламента Алі Ларыджані. Падчас візіту была падпісаная дамова аб выдачы, але як сведчыць практыка ратыфікацыі беларуска-іранскіх дамоваў, падпісанне дакумента не азначае яго хуткага ўступлення ў сілу.

Адгукаючыся на амерыканскія санкцыі ў дачыненні да беларускіх кампаніяў, якія працуюць з Іранам, на пачатку чэрвеня прэзідэнт Ірана выступіў з заявай, у якой папярэдзіў аб «змовах заходніх дзяржаў, накіраваных на то, каб паставіць на калені вольныя краіны»4 і ўказаў на важнасць устойлівых палітычных і эканамічных стасункаў паміж Іранам і «незалежнымі ды антыгегеманісцкімі краінамі» – Венесуэлай, Эквадорам і Беларуссю.5

У жніўні стала вядома аб выхадзе «Беларусьнафты» з праекту па здабычы нафты на радовішчы Джафейр і спыненні працы ў нафтавай галіне Ірана. Іранскі бок абвесціў пра невыкананне кампаніяй дамоўленасцяў па аб’ёме здабычы як аб прычыне скасавання кантракта.6 На думку некаторых беларускіх СМІ, спыненне праекту звязанае з санкцыямі, уведзенымі ЗША у сакавіку 2011 г. супраць «Беларуснафты» за супрацоўніцтва з Іранам.

Гэтая падзея хавае ў сабе нямала загадак. Паводле афіцыйных паведамленняў, фактычны суткавы аб'ём здабычы не перавышаў 2.8 тыс. барэляў пры дамоўленых 3.5 тыс.7 Пры гэтым у лютым іранскі амбасадар абвесціў, што суткавая вытворчасць нафты на Джафейры дасягнула 15 тыс. барэляў і зусім неўзабаве падвоіцца. Больш за тое, у момант закрыцця праекту Нацыянальная нафтавая кампанія Ірана, пазбягаючы лішняй агалоскі, завяршала падрыхтоўку да адкрыцця ўласнага прадстаўніцтва ў Мінску. Афіцыйныя беларускія СМІ практычна не асвятлялі згортвання праекту.

На пачатку кастрычніка старшыня Нацбанка Н. Ермакова заявіла аб намеры Беларусі прыцягнуць крэдыты з Ірана на суму USD 400 млн. Аднак, улічваючы агучаныя падрабязнасці і практыку беларуска-іранскіх адносін, атрыманне такога крэдыту падаецца малаверагодным.

Катар. 17-19 траўня 2011 г. адбыўся працоўны візіт намесніка міністра замежных спраў С. Алейніка ў Катар, а 15-16 жніўня ў Катары пабываў з афіцыйным візітам А. Лукашэнка. Трывалыя сувязі паміж краінамі былі наладжаныя з 2007 г. і характэрна, што, у адрозненне ад першага візіту беларускага прэзідэнта ў 2001 г., другі візіт не спалучаўся з наведваннем якіх-кольвек іншых краінаў рэгіёна, як гэта зазвычай робіцца падчас такіх паездак. Актывізацыя стасункаў з Катарам, які адкрыта падтрымліваў паўстанне ў Лівіі, дэманструе прагматычнасць беларускай палітыкі, а таксама другаснасць рыторыкі беларускіх уладаў, якія на словах дэманстравалі падтрымку Кадафі.

Падчас візіту быў падпісаны вялікі пакет дакументаў. Катару прапанавалі некалькі праектаў, у тым ліку па стварэнні вытворчасці комплексных угнаенняў, будаўніцтве шматфункцыянальнага спартова-гасцінічнага комплексу, стварэнні супольнага прадпрыемства па здабычы калійнай руды (па іншых звестках, продаж часткі акцыяў «Беларуськалія»), праект па стварэнні гандлёва-лагістычных цэнтраў у Беларусі з удзелам катарскіх кампаніяў i г.д.

Кантакты працягнуліся і ў кастрычніку адбыўся працоўны візіт у Беларусь дэлегацыі на чале з міністрам унутраных спраў Катара шэйхам Абдалом бэн Насэрам бэн Халіфам аль-Тані. У стасунках Беларусі з арабскімі краінамі значная частка кантактаў закранае сілавыя ведамствы – сферы абароны і бяспекі. Прыкметная роля ў іх належыць сыну прэзідэнта Віктару Лукашэнку.

Аман. 4-7 траўня Беларусь наведала аманская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных спраў шэйхам Ахмедам бэн Юсіфам бэн Абейдам аль-Харсі для правядзення кансультацыяў. 24-25 траўня ў Беларусь завітаў міністр абароны Амана Сайід Бадр бін Саўд аль-Бусаіды. Па інфармацыі аманскага друку, ён быў прыняты «віцэ-прэзідэнтам Беларусі па пытаннях нацыянальнай бяспекі і паліцыі» Віктарам Лукашэнкам. Падчас сустрэчаў абмяркоўваліся пытанні двухбаковых стасункаў.8 Няясна, як візіт міністра быў звязаны з выставай абароннай прадукцыі, што працавала ў той час у Мінску. Параўнальна развіты ў эканамічным дачыненні Аман утрымлівае дыспрапарцыйна вялікае войска, таму беларускі бок можа арыентавацца на супрацоўніцтва ў сферы абароны і ўнутраных справаў.

Турцыя. 17 траўня 2011 г. у Мінску адбыўся чарговы раўнд палітычных кансультацыяў паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Турцыі на ўзроўні намеснікаў міністраў. Такога кшталту кантакты з’яўляюцца асновай беларуска-турэцкіх стасункаў, дагэтуль у адносінах з Турцыяй нават візіты міністраў былі нячастай з’явай. Да пераарыентацыі вонкавай палітыкі Турцыі пасля прыходу да ўлады ісламістаў, Анкара практычна трымалася лініі ЕС, мінімізуючы кантакты з Беларуссю.

2-3 лістапада адбыўся візіт у Беларусь міністра культуры і турызму Турцыі Эртугрула Гюная. Былі падпісаныя дакументы аб стварэнні да 2015 г. супольнай вытворчасці беларускіх трактароў у Турцыі магутнасцю ў 5 тыс. адзінак.

Улетку турэцкая кампанія «Дэ Тэкстыль» выйграла буйны тэндар на праект стварэння вытворчасці камвольных тканін на аснове мінскага ААТ «Камволь», кошт праекту можа дасягнуць USD 200 млн.

У 2011 г. таваразварот паміж Беларуссю і Турцыяй склаў USD 447.7 млн (122.9% у параўнанні з 2010 г.), з узрослым негатыўным сальда ў памеры USD 318.7 млн.9 У апошнія пяць гадоў таваразварот паміж краінамі павялічыўся больш як у пяць разоў. На пачатку снежня турэцкі пасол аптымістычна адгукнуўся пра магчымасці для працы турэцкіх бізнесоўцаў у Беларусі: «Найпершай прычынай, чаму турэцкія прадпрымальнікі вагаюцца наконт інвеставання або вядзення бізнэсу ў Беларусі, з’яўляецца тое, што яны мяркуюць, што не змогуць даць рады расейцам на гэтым рынку, але яны памыляюцца».10

Лацінская Амерыка

Куба. 21-23 лютага 2011 г. Беларусь наведала кубінская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Бруна Радрыгесам Парыльям. З міністрам сустрэўся А. Лукашэнка, які абвесціў, што Куба «з'яўляецца адным з нашых асноўных партнёраў у Цэнтральнай і Лацінскай Амерыцы».

Куба супрацоўнічае з Беларуссю яшчэ з савецкіх часоў. Аб’ём таваразвароту ў 2011 г. дасягнуў рэкордных USD 50.2 млн, з іх беларускі экспарт склаў USD 34.1 млн. Гэта прыкметнае дасягненне, бо ў 2010 г. таваразварот склаў толькі USD 7.4 млн.

Венесуэла. Пры канцы сакавіка агенцтва УНІАН паведаміла аб адмове Беларусі ад венесуэльскай нафты ў звязку з больш зыскоўнымі расейскімі пастаўкамі. Беларускія афіцыйныя асобы абверглі гэтую інфармацыю, пастаўкі, у прыватнасці ў рамках схемы абмену на азербайджанскую нафту, сапраўды працягнуліся. У адрозненне ад Ірана, у Венесуэле беларускі бок пры садзейнічанні кіраўніцтва краіны ўдала рэалізуе шэраг праектаў па здабычы нафты і мадэрнізацыі краіны.

26-30 красавіка адбыўся працоўны візіт вялікай дэлегацыі на чале з першым намеснікам прэм’ер-міністра Сямашкам у Венесуэлу. 27 верасня - 3 кастрычніка ў гэтай краіне знаходзілася дэлегацыя на чале з памочнікам прэзідэнта па спецыяльных даручэннях Віктарам Шэйманам і адбылося пасяджэнне Беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню. Па выніках візіту было абвешчана аб новых сумесных праектах, звязаных з БМЗ, а таксама будаўніцтвам газаправода на тэрыторыі Венесуэлы. Шэйман адзначыў: «Таваразварот паміж нашымі краінамі ў 2006 г. складаў усяго каля USD 5 млн. Сёлета ён павінен дасягнуць USD 2 млрд».11

На пачатку кастрычніка «Беларуснафта»абвесціла, што ў 2012 г. венесуэльска-беларускае супольнае прадпрыемства (СП) плануе павялічыць здабычу нафты да 1.5 млн т. за кошт павелічэння колькасці пляцовак для здабычы – СП будзе весці распрацоўку ўжо 9 радовішчаў.12 «Петралерабелавенесалана» здабыла ў 2010 г. 741 тыс. т. нафты, у 2011 г. гэты аб’ём, як мяркуецца, дасягнуў 1.1 млн т. Беларускі бок мае намер распрацоўваць нафтавыя радовішчы ў Венесуэле сумесна з самой Венесуэлай і Кітаем.13 Хутчэй за ўсё гэта звязана з адсутнасцю ў Беларусі неабходных інвестыцыйных сродкаў. Раней такая праблема адсутнасці ў беларускага боку грошай узнікала пры разгортванні праекту нафтаздабычы ў Іране ў 2006-2007 гг.

8-13 траўня 2011 г. адбыўся працоўны візіт афіцыйнай дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных спраў С. Алейнікам у Калумбію і Эквадор. У студзені-жніўні таваразварот з Калумбіяй склаў USD 78.6 млн, беларускі экспарт – USD 73 млн.14 Наладзіць стасункі з Эквадорам атрымалася, верагодна, дзякуючы дапамозе Чавеса, які мае нядрэнныя стасункі з левым урадам гэтай краіны. У студзені-жніўні таваразварот з Эквадорам склаў USD 31.3 млн, з іх экспарт – USD 11.7 млн.15 Перспектывы супрацоўніцтва выглядаюць неадназначна, бо Эквадор з'яўляецца адной з самых аддаленых ад Беларусі краінаў свету.

Узаемадзеянне працягнулася. 9-11 кастрычніка адбыўся візіт калумбійскай дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Паці Ландонья Харамільё, а 16-18 кастрычніка з афіцыйным візітам Беларусь наведаў міністр замежных спраў, гандлю і інтэграцыі Эквадора Рыкарда Паціньё Арока.

Бразілія адкрыла з чэрвеня сваё пасольства ў Мінску. Гэта краіна з'яўляецца адным з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Аб’ём таваразвароту дасягнуў піка ў 2008 г., склаўшы USD 1.229 млрд (з іх беларускі экспарт USD 1.074 млн). Праўда, у наступныя гады гандаль скараціўся, склаўшы па выніках 2010 г. USD 862.6 млн. Асноўным артыкулам экспарту з’яўляюцца калійныя ўгнаенні.

Іншыя краіны

Бірма. Кантакты з Бірмай актывізаваліся за апошнія пару гадоў – Беларусь зацікаўленая ў новых партнёрах. Зрэшты, у адносінах з Бірмай беларускі бок мае складанасці з прапановай тавараў і паслугаў, цікавых бірманскаму боку, а таксама з забеспячэннем выканання пагадненняў і іх аплаты.1-3 снежня адбыўся першы афіцыйны візіт урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам М. Мясніковічам у Бірму. Па выніках перамоваў быў падпісаны шэраг дамоваў аб супрацоўніцтве.

В’етнам. У лютым адбыўся візіт у В’етнам дэлегацыі Міністэрства абароны на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы А. Гурам. 28 лістапада - 1 снежня ў гэтай краіне з афіцыйным візітам знаходзілася ўрадавая дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам Мясніковічам. В’етнам з'яўляецца традыцыйным партнёрам Беларусі з савецкіх часоў і супрацоўніцтва з ім характарызуецца стабільнасцю. За пяць гадоў краіны павялічылі таваразварот больш чым утрая і да канца 2011 г. ён, паводле прагнозаў, мусіў дасягнуць USD 300 млн, пры гэтым у беларуска-в’етнамскім гандлі мае месца ўстойлівае дадатнае сальда на карысць Беларусі.

Інданезія. 15 верасня ў Мінску адбылося 3-е пасяджэнне Міжурадавай беларуска-інданезійскай камісіі па гандлёвым, эканамічным, навуковым і тэхнічным супрацоўніцтве пад сустаршынствам намесніцы міністра замежных справаў Інданезіі Рэтно Марсуды. Візіт інданезійскай дэлегацыі быў чарговым крокам у наладжванні супрацоўніцтва, побач з адкрыццём у жніўні беларускага пасольства ў Інданезіі. Адносіны з Джакартай набылі сур’ёзны характар толькі з 2009 г. Таваразварот з гэтай краінай у 2010 г. склаў USD 170 млн, а па выніках першых сямі месяцаў 2011 г. – USD 130 млн.

Зімбабвэ. 7-9 красавіка адбыўся візіт у Беларусь віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ Джона Нкома.16 Зважаючы на складаную эканамічную сітуацыю і рызыку, звязаную з вядзеннем бізнэсу ў Зімбабвэ, наўрад ці можна казаць аб якіх-кольвек перспектывах супрацоўніцтва з ёй у найбліжэйшай будучыні. Гэты візіт хутчэй кладзецца ў рэчышча дэманстратыўна антызаходніх крокаў беларускага кіраўніцтва пасля выбараў, балазе Дж.Нкома вядомы як важная постаць зімбабвійскага рэжыму і яму забаронены ўезд у ЗША.

Новым партнёрам Беларусі ў Афрыцы можа стаць Гана. 8-13 лістапада адбыўся візіт памочніка прэзідэнта па спецыяльных даручэннях В. Шэймана ў гэтую краіну ў складзе дэлегацыі «спонсараў» з Беларусі, Расеі ды Польшчы. Менавіта Шэйман ачоліў дэлегацыю,17 што сведчыць аб спробах беларускага боку шырэй выкарыстаць фармат шматбаковага супрацоўніцтва ў адносінах з афрыканскімі краінамі.

Афіцыйна мэтай Беларусі з’яўляецца стварэнне супольных прадпрыемстваў, а таксама пастаўкі ў Гану ўгнаенняў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Беларусь таксама прапаноўвае збудаваць сэрвісны цэнтр для рамонту верталётаў MІ-17 для ўсёй Афрыкі. Шэйман ужо ў трэці раз наведвае Гану ў складзе такіх дэлегацыяў.

Падсумаванне

Па выніках года можна казаць аб рацыяналізацыі і аптымізацыі дачыненняў з краінамі Трэцяга свету. Ідэалогія ў іх прысутнічае ў мінімальнай ступені – менавіта таму Беларусь лёгка пераходзіць ад кантактаў з Чавесам да наладжвання стасункаў з яго калумбійскімі непрыяцелямі, ад сяброўства з Кадафі да супрацоўніцтва з ягоным зацятым ворагам – катарскім эмірам. Дыверсіфікаванне сувязяў ідзе ў лагічным напрамку – адкрыццё прадстаўніцтваў у Інданезіі і Нігерыі, візіт беларускай дэлегацыі ў Марока, спроба ўзнаўлення сувязяў з Іракам і паўторнае адкрыццё пасольства гэтай краіны з’яўляюцца лепшым таму пацвярджэннем. Цалкам верагодна, што, зразумеўшы магчымыя наступствы амерыканскіх санкцыяў, Мінск сапраўды прагматычна адмовіўся і ад нафтавага праекту ў Іране.

Беларусь не можа ігнараваць развіваныя краіны, але яна не можа і замяніць за іх кошт іншыя кірункі супрацоўніцтва. Як прызналі беларускія афіцыйныя асобы, за кошт венесуэльскай нафты Мінск здолеў выгандляваць лепшыя ўмовы паставак расейскай нафты. Аднак несумнеўна, Расея і іншыя суседнія краіны заўсёды будуць мець для Беларусі большае значэнне, чым краіны Трэцяга свету.