У ценю 19 снежня: развіццё адносінаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам

Дзяніс Мельянцоў

Рэзюмэ

У 2011 годзе беларуска-еўрапейскiя адносіны развіваліся ў логіцы рэакцыі на падзеі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Еўрапейскі саюз вярнуўся да папярэдняй палітыкі санкцыяў, аднак пакінуў прапанову аднавіць дыялог пры ўмове вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. Пасля правалу спробы нефармальных перамоваў з ЕС і расчаравальнага саміта Усходняга партнёрства, што адбываліся на фоне глыбокага эканамічнага крызісу ў Беларусі, афіцыйны Мінск аддаў перавагу паглыбленню эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і адначасова ўзмацніў рэпрэсіўныя практыкі ўнутры краіны. Такім чынам, адносіны з ЕС ізноў апынуліся ў ценю крамлёўскіх зорак.

Тэндэнцыі

Вяртанне да палітыкі санкцыяў

«Вялікі» 2011 палітычны год распачаўся не 1 студзеня, а 19 снежня 2010 года, калі дыялог Беларусі з Еўрапейскім саюзам быў у аднабаковым парадку прыпынены, і беларускія ўлады вярнуліся да звыклай рэпрэсіўнай практыкі ў адносінах да палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці. Рэакцыя ЕС не прымусіла сябе доўга чакаць і была, натуральна, негатыўная. Еўрапейскія лідары аднак абмежаваліся агульнымі словамі, паколькі заставалася пэўная нявызначанасць стасоўна таго, што адбылося падчас акцыі пратэсту і хто быў у гэтым вінаваты. Кіраўніцтва Беларусі паспрабавала як мага хутчэй уключыцца ў інфармацыйную вайну і згуляць на апярэджанне, распаўсюдзіўшы кадры штурму Дома ўраду і патлумачыўшы жорсткасць разгону неабходнасцю абароны важнага ўрадавага аб’екта.

На гэтым этапе развіцця падзей для еўрапейскіх палітыкаў было відавочным адно: Лукашэнка парушыў свае абяцанні, якія ён даваў перад выбарамі камісару Фюле, міністрам Сікорскаму і Вестэрвэле і іншым прадстаўнікам ЕС. Гэта азначала не толькі неэфектыўнасць еўрапейскай стратэгіі ўцягвання ў кароткатэрміновай перспектыве, але і крах персанальнай дыпламатыі Сікорскага, Вестэрвэле і іншых палітыкаў, якія ўклалі свой палітычны капітал і ахвяравалі сваім іміджам, дамаўляючыся з беларускім прэзідэнтам.

Інфармацыйную вайну на еўрапейскім тэатры беларускія ўлады адразу ж прайгралі, як толькі ў бітву ўступілі незалежныя журналісты, блогеры і лідары апазіцыі. У сярэдзіне студзеня адбыліся паездкі прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў і сваякоў затрыманых па еўрапейскіх сталіцах і сустрэчы на высокім узроўні з еўрапейскімі палітыкамі і чыноўнікамі ЕС. Гэтыя сустрэчы разам са слуханнямі па Беларусі, арганізаванымі ў партыйных групах, і пазачарговым пасяджэннем у Еўрапарлеменце 12 студзеня1 перадвызначылі беспрэцэдэнтна жорсткія прапановы па рэзалюцыі ад палітычных груп  Еўрапарламента.

Аднак пасля кансультацыяў з экспертамі і агульных дэбатаў дэпутаты Еўрапарламента скарэктавалі сваю пазіцыю і прынялі рэзалюцыю, якая істотна адрознівалася ад прапаноў парламенцкіх фракцый. Істотна змякчыліся фармулёўкі адносна прыпынення ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве, увядзення кропкавых эканамічных санкцый і прыпынення макрафінансавай дапамогі і байкоту спартовых мерапрыемстваў (прапаноўвалася толькі разглядзець гэтыя магчымасці). Акрамя таго, у канчатковую версію дакумента не ўвайшлі параграфы пра забарону на кантакты з вышэйшымі дзяржаўнымі службоўцамі, замарожванне Сумеснага часовага плана, санкцыі супраць «Белтэхэкспарта». Але засталося патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітычных вязняў, пасля чаго персанальныя санкцыі меліся быць знятыя.

Каб прадухіліць або хаця б змякчыць патэнцыйныя санкцыі, міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў здзейсніў у студзені паездку па некалькіх еўрапейскіх сталіцах. Ён спрабаваў данесці да калег у ЕС урадавую версію таго, што адбылося ў Беларусі. Характэрна, што, як паведамілі некаторыя СМІ, С. Мартынаў актыўна выкарыстоўваў «геапалітычную карту»: казаў пра расійскі след у падзеях 19 снежня і пра нарастанне расійскага ціску. Аднак аргументы міністра не знайшлі разумення ў ЕС.

31 студзеня Рада міністраў ЕС прыняла заключэнне па Беларусі.2 Дакумент аказаўся яшчэ менш жорсткім, чым выніковая рэзалюцыя Еўрапарламента ад 20 студзеня.3 Рада зацвердзіла візавую забарону і «замарозку» актываў у адносінах да 158 асоб, адказных за палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Было вырашана павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, заяўлена пра важнасць спрашчэння візавага рэжыму для беларускіх грамадзян. Лагічным працягам рашэння Рады ЕС стала міжнародная канферэнцыя «Салідарнасць з Беларуссю», якая прайшла 2 лютага ў Варшаве пад патранатам польскага міністра замежных спраў Радослава Сікорскага. Вынікам канферэнцыі стала вылучэнне Беларусі EUR 87 млн на патрэбы грамадзянскай супольнасці, развіццё дэмакратыі і дапамогу рэпрэсаваным.

10 сакавіка Еўрапарламент прыняў яшчэ адну рэзалюцыю, якая заклікала да больш жорсткіх мераў у адносінах да асоб, што спрычыніліся да парушэння правоў чалавека ў Беларусі. А 21 сакавіка Рада ЕС пашырыла спіс грамадзян Беларусі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі. У гэты ж дзень беларускі МЗС заявіў аб увядзенні зваротных санкцый: быў складзены спіс (таемны) асоб, якім забаронены ўезд у Беларусь, а таксама ўзмоцнены кантроль за незаконным фінансаваннем з-за мяжы палітычнай дзейнасці ў Беларусі.

12 траўня Еўрапарламент прыняў чарговую рэзалюцыю па Беларусі, якая заклікала да ўвядзення кропкавых эканамічных санкцый.4 У гэты ж дзень была распаўсюджаная інфармацыя аб тым, што ў выпадку ўвядзення Еўрасаюзам эканамічных санкцый, Беларусь вышле з краіны шэраг амбасадараў ЕС, а таксама забароніць выезд за мяжу 200 апазіцыянерам. Пазней гэта інфармацыя была дэзавуяваная беларускім МЗС.

23 траўня Рада ЕС вярнулася да «беларускага пытання» і дадала 13 новых прозвішчаў да спіса неўязных у ЕС беларускіх афіцыйных асобаў. Чарговае пашырэнне санкцый адбылося 20 чэрвеня, калі ЕС дадаў 4 новыя прозвішчы і «чорны спіс» агулам склаў 179 асоб. Таксама быў зацверджаны пераклік тэхнікі, на пастаўкі якой у Беларусь ЕС увёў эмбарга, каб прадухіліць яе выкарыстанне для палітычных рэпрэсій. І, нарэшце, пасля шматлікіх месяцаў дыскусій ЕС увёў санкцыі супраць трох беларускіх прадпрыемстваў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і УП «БТ Тэлекамунікацыі».

Справа Алеся Бяляцкага стала нагодай для далейшага пашырэння Еўрапейскім саюзам абмежавальных мер супраць кіраўніцтва Беларусі. Так, грунтуючыся на рэзалюцыі Еўрапарламента, 10 кастрычніка Рада ЕС дадала 16 новых прозвішчаў да спіса неўязных і запатрабавала неадкладнага вызвалення Бяляцкага і іншых палітычных вязняў. Гэта адбывалася на фоне мноства антыеўрапейскіх заяў і матэрыялаў у дзяржаўных СМІ Беларусі. Асаблівую ўвагу прыцягнуў чарговы медыйны мініканфлікт з Польшчай і абвінавачванні А. Лукашэнкі на адрас польскага кіраўніцтва, якія здзівілі нават людзей, звыклых да рытарычнай творчасці беларускага прэзідэнта(ці не трэба патлумачыць?).

24 лістапада кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Непасрэдным наступствам прысуду А. Бяляцкаму стала пашырэнне 16 снежня персанальных санкцый ЕС на дзвюх асоб, якія мелі дачыненне да вынясення прысуду. Такім чынам, «чорны спіс» налічвае ўжо 210 прозвішчаў.

Таемная дыпламатыя і яе вынікі

Нягледзячы на агульны трэнд пагаршэння адносінаў з ЕС, у 2011 г. мелі месца і падзеі, накіраваныя на пошук выйсця з гэтага недарэчнага знешнепалітычнага становішча. 17 чэрвеня адбылося прызначэнне кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ў рангу амбасадара. Ім стала Майра Мора, якая раней узначальвала дыпламатычную місію Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі. Важна адзначыць, што пытанне аб прызначэнні амбасадара ЕС у Беларусі доўгі час знаходзілася ў «падвешаным стане».Таму гэтая падзея стала своеасаблівым пасланнем афіцыйнага Мінска пра гатоўнасць да канструктыўнай размовы з Брусэлем.

Беларускія ўлады накіравалі яшчэ цэлы шэраг пасланняў ЕС з мэтай размарозіць стасункі. Так, былі спыненыя крымінальныя справы ў дачыненні да некаторых апазіцыйных палітыкаў, памілаваныя большасць асуджаных за Плошчу (акрамя ключавых фігур А. Саннікава і М. Статкевіча), спыненыя судовыя разбіральніцтвы супраць газет «Наша Ніва» і «Народная воля». Больш за тое, А. Лукашэнка заявіў пра магчымасць поўнага вырашэння праблемы палітвязняў, а таксама агучыў запрашэнне на адрас ЕС прыняць удзел у агульнанацыянальным круглым стале ў Беларусі. Як пазней стала вядома, гэтыя заявы былі зробленыя як выкананне сакрэтных дамоўленасцяў беларускага прэзідэнта з міністрам замежных спраў Балгарыі Мікалаем Младэнавым, які таемна наведаў Беларусь з мэтай папярэдніх неафіцыйных перамоваў з Мінскам.

Аднак вельмі хутка факт і змест візіту сталi вядомыя грамадскасці. Гэта выклікала хвалю абурэння і асуджэння такога падыходу да вырашэння «беларускага пытання» як унутры ЕС, так і ў асяроддзі беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Апублічванне таемных захадаў наладзіць дыялог і адсутнасць хуткай пазітыўнай рэакцыі ЕС на крокі Мінска прывялі да таго, што Лукашэнка дэзавуяваў дадзеныя Младэнаву абяцанні і прыпыніў працэс вызвалення палітычных вязняў.

Гэты досвед (як і досвед візіту Хаўера Саланы ў 2009 г.) паказаў, што працэс наўпроставага дыялогу і перамоваў з беларускім лідэрам можа стаць інструментам дасягнення такіх мэтаў ЕС, як вызваленне палітзняволеных і змякчэнне рэпрэсіяў у Беларусі. Аднак адной з галоўных умоваў эфектыўнага дыялогу з’яўляецца яго непублічнасць, што вельмі важна Лукашэнку для захавання рэнамэ, але непрымальнае ў вачах еўрапейскага грамадства і беларускай апазіцыі.

Усходняе партнёрства: эпілог?

На другім годзе развіцця Усходняга партнёрства стала відавочнай стагнацыя гэтай ініцыятывы і неабходнасць надаць ёй новыя імпульсы для развіцця. Перамовы па заключэнні дамоваў аб асацыяцыі з краінамі-партнёрамі вельмі зацягнуліся, даты падпісання з Украінай  Дамовы аб паглыбленых зонах вольнага гандлю (DCFTA) шматразова адкладаліся (а з іншымі краінамі рэгіёну такія перамовы яшчэ і не пачыналіся), працэс візавай лібералізацыі апынуўся нашмат больш складаным, чым чакалася. Доўга і пакутліва нараджалася міжпарламенцкае вымярэнне Усходняга партнёрства – Еўранэст.5 Іншымі словамі, выглядае, што да рэалізацыі задач Усходняга партнёрства яшчэ вельмі далёка.

На фоне рэпрэсіўных дзеянняў беларускіх уладаў 10 лютага 2011 г. кіраўнікі палітычных фракцыяў Еўрапарламента прынялі рашэнне «размарозіць» пытанне Еўранэста і склікаць яго першую сесію без дэлегатаў ад Беларусі. Устаноўчае пасяджэнне міжпарламенцкага кампанента Усходняга партнёрства Еўранэстадбылося 3 траўня. Такім чынам, пасля двух гадоў перамоваў з Мінскам аб фармаце ўдзелу беларускага боку, міжпарламенцкая платформа пачала работу без «праблемнай дэлегацыі». Гэта падзея не стала чымсьці экстраардынарным на фоне агульнага пагаршэння стасункаў, аднак выклікала зразумелае раздражненне беларускіх уладаў, якія фактычна засталіся за бортам яшчэ аднаго камунікацыйнага канала з ЕС.

Адной з істотных падзеяў года, безумоўна, стаў саміт Усходняга партнёрства, які прайшоў 29-30 верасня ў Варшаве. Для Беларусі ён адзначыўся шэрагам дыпламатычных скандалаў. Пачатак паклалі арганізатары саміту, якія ў якасці кіраўніка афіцыйнай беларускай дэлегацыі запрасілі міністра замежных спраў С. Мартынава, а не прэзідэнта Лукашэнку (паколькі апошні знаходзіцца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС). Рэакцыяй афіцыйнага Мінска на такія «дыскрымінацыйныя меры» стала паніжэнне ўзроўню ўдзелу ў саміце: кіраўніком дэлегацыі быў прызначаны Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Польшчы В. Гайсёнак. Арганізатары ў сваю чаргу палічылі такі ўзровень недастатковым і абмежавалі ўдзел беларускай дэлегацыі ў мерапрыемствах саміту. У выніку прадстаўнікі афіцыйнага Мінска пакінулі саміт да яго фармальнага завяршэння і ўстрымаліся ад падпісання выніковых дакументаў.

Але гэта нагода. Прычыны такіх паводзінаў Мінска хаваюцца ў глыбокім расчараванні ва Усходнім партнёрстве і разуменні таго, што Беларусь не зможа атрымаць хуткіх зыскаў ад удзелу ў ім. Варта таксама адзначыць выключна высокі ўзровень прыёму беларускай апазіцыі падчас саміту. Дэлегацыя беларускай апазыцыі сустрэлася ў Варшаве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, міністрам Вялікай Брытаніі па справах Еўрасаюза Дэвідам Лідынгтонам, прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім, камісарам па правах чалавека Рады Еўропы Томасам Хамарбергам. Часам еўрапейскія лідары надавалі апазіцыянерам з Беларусі больш увагі, чым нават кіраўнікам краін-партнёраў. Так, Ангела Меркель размаўляла з лідарамі апазіцыі паўтары гадзіны, а прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч меў толькі 10 хвілін. Такі падыход таксама не мог не бянтэжыць афіцыйную беларускую дэлегацыю і кіраўніцтва Беларусі ў цэлым.

На фоне агульнага расчаравання вынікамі саміту прапанаваны Дональдам Тускам пакет фінансавай дапамогі Беларусі выглядаў тым больш амбітна і сенсацыйна. Польскі прэм’ер прапанаваў беларускаму ўраду EUR 9 млрд пасля выканання трох умоваў: вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных, арганізацыі дыялогу з апазіцыяй і правядзення парламенцкіх выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Паводле Туска гэтыя грошы павінны ісці на рэформы ў Беларусі, а паступаць яны будуць з розных крыніцаў, у тым ліку з МВФ, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і іншых фінансавых інструментаў. Умова адстаўкі А. Лукашэнкі пры гэтым не ставілася. «План Туска» вельмі нагадвае леташнюю прапанову Сікорскага-Вестэрвэле, якая таксама не адрознівалася канкрэтыкай.

На Варшаўскім саміце арганізатарам не ўдалося ўключыць пункт па Беларусі ў выніковую дэкларацыю. Супраць гэтага выступілі ўсходнееўрапейскія краіны-партнёры. У выніку дэлегатам ад Еўрасаюза давялося прыняць асобную заяву з асуджэннем сітуацыі ў Беларусі. Гэта акалічнасць сведчыць як пра прафесіяналізм беларускіх дыпламатаў, так (у першую чаргу) і пра боязь іншых краін-партнёраў ЕС у будучыні апынуцца «у скуры Беларусі». Такога кшталту кансалідацыя ўсходнееўрапейскай «шасцёркі» становіцца важным структурным фактарам, які абмяжоўвае магчымасці ЕС ва Усходнiм партнёрстве.

І саміт Усходняга партнёрства, і кантэкст, у якім ён праходзіў, падкрэсліваюць супярэчлівасць і непаслядоўнасць палітыкі Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі. З аднога боку, стаўленне да эканамічнага крызісу ў краіне як акна магчымасцяў для змены рэжыму праз рэвалюцыю, а з іншага – амбітная прапанова фінансавай дапамогі ўраду; з аднога боку, стаўка на апазіцыю і падкрэслена высокі ўзровень яе прыёму ў ЕС, а з іншага – таемныя перамовы з А. Лукашэнкам; з аднога боку, кропкавыя эканамічныя санкцыі, а з іншага – сумесныя праекты з дзяржаўнымі інстытуцыямі (напрыклад, супольная ахова межаў, барацьба з нелегальнай міграцыяй і інш.).

Высновы

Усё адзначанае ўказвае на тое, што Еўрапейскі саюз да гэтае пары не можа вызначыцца са сваімі мэтамі і задачамі адносна Беларусі: змена рэжыму або яго паступовая трансфармацыя праз уцягванне ў інтэграцыйныя праекты і працу з грамадствам. Гэтыя мэты прадугледжваюць розны інструментар ўздзеяння. Адпаведна, каб вызначыцца са стратэгіяй і тактыкай, неабходна найперш вызначыцца з мэтамі.

Пакуль Еўрасоюз устрымліваецца ад фармулявання стратэгічнага падыходу да вырашэння «беларускага пытання» з-за розных прычынаў: несупадзенне падыходаў краінаў-сябраў, слабы інтарэс да рэгіёну ў цэлым, адсутнасць досведу трансфармацыі аўтарытарных рэжымаў і інш. Гэта азначае, што Брусэль і ў далейшым будзе трымацца апрабаваных механізмаў узаемадзеяння з афіцыйным Мінскам, такіх як сімвалічныя санкцыі ў спалучэнні з праграмамі тэхнічнай дапамогі і падтрымкі грамадзянскай супольнасці.