Беларусь–ЕС: дыялог у чаканні выбараў
Дзяніс Мельянцоў
Рэзюмэ
У 2010 годзе ў беларуска-еўрапейскіх стасунках, у цэлым, захоўваліся тэндэнцыі, якія былі закладзеныя ў папярэднім годзе: развіваўся палітычны дыялог, працягвалася станаўленне структураў «Усходняга партнёрства», працавалі экспертныя рабочыя групы па розных накірунках, рыхтаваліся падмуркі для падпісання асноватворнага дакумента, які б рэгламентаваў двухбаковыя адносіны. Разам з тым, ніякіх прарыўных рашэнняў і падзеяў у адносінах не адбылося, паколькі Еўрапейскі Саюз разглядаў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў якасці праверкі намераў беларускага кіраўніцтва і абумоўліваў далейшае паглыбленне адносінаў прагрэсам у сферы дэмакратыі і правоў чалавека. Зацягванне разгортвання «Усходняга партнёрства» і рашэнняў па шматбаковых рэгіянальных праектах і выдзялення макрафінансавай дапамогі не спрыялі паляпшэнню адносінаў Мінска і Бруселя.
Хваля рэпрэсіяў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў выклікала рэзка негатыўную рэакцыю Еўрасаюза і спыніла працэс паляпшэння беларуска-еўрапейскіх адносінаў.
Тэндэнцыі:
- дасягнуўшы прарыву на заходнім накірунку ў 2009 годзе, афіцыйны Мінск засяродзіўся на вырашэнні тэхнічных пытанняў і падрыхтоўцы юрыдычных падмуркаў адносінаў з ЕС;
- замаруджванне развіцця праграмы «Усходняе партнёрства» і адсутнасць хуткіх фінансавых вынікаў супрацоўніцтва спрыялi зніжэнню цікавасці беларускіх уладаў да еўрапейскага вектара ўвогуле;
- прэзідэнцкія выбары 19 снежня перарвалі працэс нармалізацыі стасункаў з Еўрапейскім Саюзам.
Нармалізацыя без прарываў
Год 2010-й пачаўся з чарговага крызісу з Саюзам палякаў на Беларусі, што істотна не адбілася на адносінах з Бруселем, аднак было заўважана кіраўніцтвам Еўрапейскага Саюзу. Шэф еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан асудзіла дзеянні ўладаў супраць Саюзу палякаў і адзначыла, што гэтыя падзеі падрываюць высілкі ЕС, скіраваныя на ўмацаванне адносінаў з Беларуссю.1 Гэты канфлікт стаў фонам для працы місіі Еўрапарламента ў канцы лютага.
Супольнымі намаганнямі беларускай грамадзянскай супольнасці, экспертаў, лабісцкіх структураў атрымалася дамагчыся «адвязвання» пытання спрашчэння візавых працэдур для беларусаў ад палітычнага дыялогу, які ідзе паміж Мінскам і Бруселем. Радай ЕС быў зацверджаны мандат Еўрапейскай камісіі на перамовы пра падрыхтоўку Дамовы аб спрашчэнні візавых працэдураў і Дамовы пра рэадмісію з Беларуссю.
Новапрызначаны Камісар ЕС па справах пашырэння і палітыцы суседства Штэфан Фюле пад час свайго візіту ў Беларусь падкрэсліў, што візавае пытанне будзе разглядацца без палітычных умоваў.2 Гэтае рашэнне можна лічыць знакавым, паколькі танныя візы і простая працэдура іх атрымання – гэта, бадай, ці не адзіны інструмент хуткага фармавання праеўрапейскіх настрояў у беларускіх грамадзян. Раней пытанне зніжэння кошту за шэнгенскую візу ставілася Бруселем у залежнасць ад прагрэсу ў справе дэмакратызацыі і лібералізацыі ў Беларусі. Аднак, насамрэч, танныя ці ўвогуле бясплатныя візы мусіць быць адной з перадумоваў зменаў у Беларусі, а не ўзнагародай за пажаданыя паводзіны беларускага ўраду.
У лютым з’явілася інфармацыя пра падрыхтоўку Еўрапейскай камісіяй дакумента пад назвай Супольны прамежкавы план (Joint Interim Plan), які павінен быў паслужыць у якасці дарожнай мапы развіцця двухбаковых адносінаў Беларусі і ЕС, а таксама часовага замяняльніка Дамовы пра супрацоўніцтва і партнёрства (ДСП), што была падпісаная ў 1995 годзе, але так і не ўступіла ў сілу. План ахоплівае супрацоўніцтва ў тых сферах, пра якія вядзецца гаворка ў ДСП, і збольшага скіраваны на гандлёва-эканамічны сектар і паглыбленне галіновага супрацоўніцтва паміж двума бакамі.
Паводле гэтага дакумента ЕС меўся дапамагаць Беларусі ў правядзенні рэформаў. Як і ў справе з «Усходнім партнёрствам» беларускі бок быў далучаны да распрацоўкі праекта Плана, што забяспечыла зацікаўленне Мінска ў гэтым праекце. Тым больш, што План не з’яўляецца юрыдычна абавязковым дакументам і таму не прадугледжвае санкцыяў за невыкананне яго палажэнняў. І ў тым выглядзе, у якім ён быў прадстаўлены Аляксандру Лукашэнку ў лістападзе, дакумент меў самыя агульныя рысы і насіў рамачны характар. У выпадку пазітыўнай ацэнкі выбарчага працэсу ў Беларусі Еўрасаюз меўся ў 2011 годзе распачаць перамовы з афіцыйным Мінскам пра напаўненні гэтай дарожнай мапы канкрэтным зместам.
Год 2010-й быў даволі багаты на візіты еўрапейскіх афіцыйных асобаў у Беларусь і наадварот. Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў па два разы наведаў Нямеччыну і Польшчу, а таксама Славенію, Вугоршчыну, Латвію, Бельгію і Італію. Прычым у Італію С. Мартынаў паляцеў ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і на пачатку хвалі рэпрэсіяў.
З еўрапейскіх візіцёраў трэба адзначыць некалькі найбольш важных: гэта, перш за ўсё, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, якая наведала беларускую сталіцу ў кастрычніку, Камісар ЕС па пашырэнні і палітыцы суседства Штэфан Фюле, які прыязджаў у Мінск двойчы – ў ліпені і лістападзе, – і таксама супольны візіт міністраў замежных спраў Нямеччыны і Польшчы Гіда Вестэрвэле і Радослава Сікорскага ў лістападзе.
Большасць беларускіх палітычных аналітыкаў схільныя звязваць гэтыя візіты высокіх еўрапейскіх гасцей з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Сапраўды, змест усіх сустрэчаў на вышэйшым узроўні так ці інакш тычыўся выбарчага працэсу. І літоўская прэзідэнтка, і Фюле, і польскі і нямецкі міністры пад час сустрэчаў у Мінску прамаўлялі пра неабходнасць правядзення сумленных і празрыстых выбараў. Толькі ў такім разе беларускі ўрад можа спадзявацца на паглыбленне стасункаў з Еўрапейскім Саюзам і на фінансавую і тэхнічную дапамогу ў правядзенні рэформаў.
Так, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, Даля Грыбаўскайтэ сустрэлася таксама і з апазіцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты і заклікала іх да аб’яднання, а таксама перадала абяцанне Лукашэнкі зарэгістраваць усіх прэтэндэнтаў, якія набяруць патрэбную колькасць подпісаў грамадзян.3 Візіт Г. Вестэрвэле і Р. Сікорскага паводле сваёй мэты быў яшчэ больш празрысты – угаварыць беларускага прэзідэнта правесці празрыстыя выбары ў абмен на дапамогу ў рэфармаванні эканомікі.
Сам факт сустрэчаў такога высокага ўзроўню напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў з’явіўся сігналам таго, што Еўрасаюз вельмі зацікаўлены ў далейшым развіцці стасункаў з Беларуссю. І гэтая зацікаўленасць нават мацнейшая за боязь быць абвінавачанымі ў падтрымцы «апошняга дыктатара Еўропы» напярэдадні выбараў. Інтарэс з боку ЕС зразумелы: карыстаючыся пагаршэннем беларуска-расійскіх адносінаў, паспрабаваць вырашыць «беларускае пытанне» і пашырыць свой уплыў на Мінск. І цалкам лагічна, што місія данесці еўрапейскае пасланне была ўскладзена на палітыка з Нямеччыны, краiны, якая не толькі з’яўляецца рухавіком ЕС, але і заўжды адрознівалася прагматызмам у дачыненнях да Беларусі. Прыезд Радаслава Сікорскага можна патлумачыць тым, што Польшча ў наступным годзе старшынюе ў Еўрасаюзе і ёй прыйдзецца актыўна прасоўваць сваю ініцыятыву «Усходняе партнёрства», у якой Беларусь з’яўляецца адным з ключавых звёнаў.
Пад час візіту быў названы галоўны «пернік», які Мінск атрымае за правядзенне дэмакратычных выбараў – 3 мільярды Еўра на працягу трох гадоў праз розныя праграмы і інструменты ЕС. З аднаго боку, гэта немалая сума, сувымерная той, якую Беларусь штогадова атрымлівала ад саюзніцкіх адносінаў з Расіяй. Але з іншага боку, да канца не зразумела, якім чынам будуць прадстаўляцца гэтыя грошы: у выглядзе бязвыплатнай дапамогі або пазык.
Міністрамі было недвухсэнсоўна заяўлена, што Аляксандр Лукашэнка можа быць прызнаны Еўрасаюзам у тым выпадку, калі правядзе сумленныя і дэмакратычныя выбары: «Для нас вельмі важны не сам вынік выбараў, але іх якасць», – сказаў Р. Сікорскі. Пры гэтым акцэнты былі расстаўленыя такім чынам, што ЕС можа задаволіцца і проста больш дэмакратычнымі выбарамі, чым папярэднія (парламенцкія выбары 2008 года). У дадатак да вышэйадзначанага «перніка» Р. Сікорскі паведаміў пра тое, што ён зняў сваё veto на ўдзел Беларусі ў Паўночным вымярэнні ЕС, што таксама з’яўляецца добрым бонусам як ў іміджавым, гэтак і ў фінансавым плане.
Другі візіт Штэфана Фюле, які прайшоў 15 лістапада, таксама быў прымеркаваны да выбараў. Еўракамісар назваў тыя сферы, дзе ЕС жадаў бы бачыць прагрэс: гэта рэгістрацыя кандыдатаў, фармаванне тэрытарыяльных камісіяў, датэрміновае галасаванне, падлік галасоў, вольны доступ да СМІ і забеспячэнне свабоды сходаў.4 Ш. Фюле таксама прывёз у Мінск праект Сумеснага прамежкавага плана, падрыхтаванага Еўракамісіяй, і публічна агучыў, што План не толькі з’яўляецца спробай пераадолець адсутнасць афіцыйных двухбаковых адносінаў паміж ЕС і Беларуссю, але і ставіць на мэце спрыянне Беларусі ў рэформах і мадэрнізацыі. Аднак канкрэтных лічбаў дапамогі, як Р. Сікорскі, Ш. Фюле не назваў.
Нягледзячы на досыць актыўны абмен візітамі на міністэрскім узроўні, А. Лукашэнка ў 2010 годзе не наведваў ЕС увогуле. Па-першае, гэта можна патлумачыць адсутнасцю такой патрэбы, бо падпісання важных міжнародных дамоваў, якія б патрабавалі прысутнасці першай асобы дзяржавы, не планавалася, а па-другое, бачнасць знешнепалітычнага прарыву на Захад ужо была яскрава прадэманстраваная беларускаму электарату ў папярэднім, 2009-м, годзе. Таму зараз для агітацыйных патрэбаў было цалкам дастаткова візітаў у Беларусь літоўскай прэзідэнткі і кіраўнікоў нямецкага і польскага МЗС. Беларуская ж дыпламатыя засяродзілася на практычных пытаннях, такіх як падрыхтоўка грунтоўных падмуркаў для беларуска-еўрапейскіх стасункаў у выглядзе асноватворнай двухбаковай дамовы, выхад на еўрапейскі рынак, пошук дадатковых фінансавых сродкаў.
Практычныя задачы, аднак, так і не атрымалася рэалізаваць у поўнай меры, як таго жадаў беларускі бок. Застопарылася пытанне з выдзяленнем Беларусі макрафінансавай дапамогі ў памеры Еўра 200 млн, якое абмяркоўвалася з восені 2009 года. Камісар Ш. Фюле пад час сваіх візітаў у Мінск пацвердзіў магчымасць выдзялення гэтых сродкаў. Аднак, мяркуючы па ўсім, гэтую дапамогу Еўрасаюз прывязаў да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і іхняй празрыстасці і дэмакратычнасці. Гэтаксама як і афіцыйную прэзентацыю Сумеснага прамежкавага плана, які так і не быў канчаткова ўзгоднены ў раней вызначаны тэрмін. Увогуле, можна канстатаваць, што Еўрапейскі саюз на працягу ўсяго года ўхіляўся ад прыняцця канкрэтных рашэнняў наконт Беларусі, чакаючы вынікаў прэзідэнцкай кампаніі і іх ацэнкі місіяй АБСЕ.
Ва «Усходнім партнёрстве» – без зменаў
Расчараванне беларускіх уладаў ад праграмы «Усходняе партнёрства» ў 2010 годзе паступова трансфармавалася ў адпаведнае стаўленне да гэтай ініцыятывы як да нечага перыферыйнага ў адносінах Мінска і Бруселя. Уступаючы ў праграму «Усходняе партнёрства» афіцыйны Мінск быў зацікаўлены перадусім у атрыманні фінансавай дапамогі, інвестыцыяў, рэалізацыі сумесных інфраструктурных праектаў. Палітычны складнік праграмы разглядаўся як раздражняльны дадатак да дыялогу з Бруселем, ад якога нельга было цалкам адмовіцца.
Разварот у бок Захаду беларускія ўлады ўспрымалі выключна як абмен геапалітычнай лаяльнасці на фінансавую дапамогу, што не дапускала магчымасці для ЕС уплываць на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне. Аднак па стане на канец 2010 года беларускія ўлады так і не здолелі ў жаданай меры «капіталізаваць» сваю нармалізацыю адносінаў з ЕС і канфрантацыю з расійскім кіраўніцтвам.
Падрыхтаваныя яшчэ ў канцы 2009 года праекты ў межах шматбаковага вымярэння «Усходняга партнёрства» так і не былі разгледжаныя і афіцыйны Мінск дагэтуль не атрымаў адказу наконт іхняга лёсу. На нефармальным саміце «Усходняга партнёрства» ў Сопаце (Польшча) 25 траўня 2010 года міністр замежных справаў С. Мартынаў у чарговы раз заклікаў Еўракамісію да хутчэйшага прыняцця «выразных і празрыстых правілаў» разгляду і далейшага фінансавання пададзеных праектаў і напаўнення ўсёй праграмы практычным зместам.5 Ён таксама прапанаваў у межах «Усходняга партнёрства» стварыць Форум усходняга развіцця, які б забяспечыў наўпроставы дыялог бізнэс-структураў з краінамі-партнёрамі.
Распрацоўка праектаў у межах Усходняга партнёрства і іх далейшае лабіраванне ў пэўнай ступені каталізавала супрацоўніцтва Беларусі з Літвой і Украінай. У 2009–2010 гадах адбыліся тры трохбаковыя працоўныя сустрэчы міністраў замежных справаў азначаных краінаў. Апошняя з іх мела месца 8 верасня 2010 года ў Беларусі, дзе было вырашана засяродзіцца на 5–7 асноўных праектах, якія будуць прасоўвацца ў межах праграмы «Усходняе партнёрства».6
У Бруселі 13 снежня адбылося штогадовае пасяджэнне міністраў замежных спраў краін-удзельніц «Усходняга партнёрства». Сяргей Мартынаў у сваім выступе на гэтай сустрэчы ў чарговы раз звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння практычнага супрацоўніцтва ў межах УП і ўзмацнення праектнага складніка праграмы. У межах падрыхтоўкі да саміту УП у 2011 годзе беларускім бокам былі ўнесеныя прапановы пра падрыхтоўку пераліку стратэгічных праектаў УП, запуск Форума ўсходняга развіцця, а таксама распрацоўку дарожнай мапы дзейнасці УП на бліжэйшыя 2 гады.7 Аднак паколькі галоўнай мэтай міністэрскай сустрэчы быў агляд бягучай дзейнасці і ацэнка дасягнутага прагрэсу ў рэалізацыі «Усходняга партнёрства», то заўважных рашэнняў на ёй зноў прынята не было.
Казус Еўранэста
Дадатковым раздражняльным фактарам у праграме «Усходняга партнёрства» для Беларусі застаўся Еўранэст – міжпарламенцкае вымярэнне, якое павінна было складацца з дэпутатаў парламентаў шасці ўсходніх суседзяў ЕС і прадстаўнікоў Еўрапарламента. Нагадаем, што ад самага пачатку стварэння гэтага органа ўзнікла праблема нелегітымнасці беларускага Нацыянальнага Сходу ў вачах еўрадэпутатаў, якія адмовіліся прызнаць за беларускімі дэпутатамі права прадстаўляць беларусаў.
У якасці альтэрнатывы Еўрапейскім парламентам было прапанавана запрасіць у Еўранэст прадстаўнікоў ад беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, з чым катэгарычна не пагадзіўся афіцыйны Мінск, спасылаючыся на Пражскую дэкларацыю, паводле якой Еўранэст павінен складацца з прадстаўнікоў заканадаўчых органаў краін-партнёраў. Дадатковыя сумневы ўзнікаюць адносна прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасці, якая ўжо мае прадстаўлена ў асобнай інстытуцыі – Форуме грамадзянскай супольнасці.
На працягу года перыядычна з’яўлялася інфармацыя пра магчымасць пачатку працы Еўранэсту без удзелу беларускіх прадстаўнікоў, што выклікала негатыўную рэакцыю Мінска і не дадавала ўзаемнага даверу ў двухбаковых адносінах. У спіс перамогаў беларускай дыпламатыі без сумненняў варта аднесці арганізаваны Мінскам дэмарш спікераў парламентаў шасці краін-сябраў УП, якія накіравалі сумесны ліст Еўрапарламенту з просьбай пра ўдзел беларускага парламента ў Еўранэсце на роўных з астатнімі. Аднак гэтае дзеянне не пераканала еўрапарламентароў, і казус з Еўранэстам так і застаўся нявырашаным. Але міжпарламенцкая асамблея УП не стала збірацца ўвосень без беларускіх прадстаўнікоў, як тое меркавалася раней. Як і ў выпадку з іншымі ініцыятывамі ЕС вырашыў дачакацца вынікаў выбараў у Беларусі.
19.12 як канец перыяду нармалізацыі
Безумоўна, прэзідэнцкія выбары 19 снежня абазначылі канец палітычнага года ў Беларусі, перарваўшы тыя ўнутрыпалітычныя і знешнепалітычныя трэнды, якія фармаваліся, пачынаючы з 2008 года. Еўрапейскі Саюз, гэтаксама як і іншыя міжнародныя гульцы, разглядаў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў якасці тэста намераў афіцыйнага Мінску ў адносінах з ЕС і лібералізацыі ў краіне ўвогуле. Еўрапейскія палітыкі неаднаразова падкрэслівалі, што менавіта выбарчая кампанія і паводзіны беларускіх уладаў пад час яе будуць галоўнай падзеяй, ад якой будзе адлічвацца наступны этап беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Менавіта ад добрых паводзінаў А. Лукашэнкі падчас кампаніі і ў дзень выбараў залежала выдзяленне абяцаных Радаславам Сікорскім трох мільярдаў Еўра, пачатак перамоваў па Сумесным прамежкавым плане і аднаўленне паўнавартасных адносінаў з Еўрасаюзам увогуле. Выбары павінныя былі стаць канцом выпрабавальнага перыяду, які цягнуўся з восені 2008 года.
Гэта выдатна разумеў беларускі бок. Таму і рабіў ўсё магчымае (у кантэксце існуючай сістэмы), каб атрымаць прызнанне з боку ЕС і міжнароднай супольнасці: дапусціў самую свабодную выбарчую кампанію за апошнія 16 год, ішоў на кантакт з замежнымі журналістамі, забяспечыў беспрэцэдэнтныя меры бяспекі для назіральнікаў ад АБСЕ, устрымліваўся ад крытыкі апазіцыі і ЕС. Мала ў каго з назіральнікаў і аналітыкаў заставаліся сумненні адносна пазітыўнай рэакцыі Бруселя на беларускія выбары з далейшым паляпшэннем двухбаковых адносінаў. Менавіта гэтыя чаканні і ўяўная прадказальнасць вынікаў кампаніі выклікалі рэзкую негатыўную рэакцыю Еўрасаюза на падзеі 19 снежня ў Мінску.
Высокі прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Кэтрын Эштан выступіла 20 снежня з заявай, у якой яна «асуджае прымяненне гвалту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, у прыватнасці збіццё і затрыманне некалькіх лідараў апазіцыі, ў тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты»8 . З такімі ж заявамі выступілі Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк, замежнапалітычныя ведамствы Польшчы, Нямеччыны, Вялікабрытаніі і іншых краінаў-сябраў ЕС. А пасля таго, як міністры замежных справаў Нямеччыны, Польшчы, Швецыі і Чэхіі напісалі жорсткі артыкул пра беларускія выбары ў Нью-Ёрк Таймс пад назвай Лукашэнка – лузер9 , стала канчаткова зразумела, што кароткі перыяд паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і ЕС можна лічыць скончаным.
Высновы
Год 2010-й у адносінах паміж Беларуссю і ЕС можна назваць годам чакання прэзідэнцкіх выбараў. Не спадзеючыся на кардынальныя палітычныя змены ў краіне, Еўрасаюз, тым не менш, разглядаў выбарчую кампанію як праверку сур’ёзнасці намераў Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да супрацоўніцтва з Бруселем. Таму найважнейшых для Беларусі рашэнняў у межах беларуска-еўрапейскіх адносінаў за год так і не было прынята. Гэта, у сваю чаргу, паспрыяла таму, што беларускія ўлады пачалі шукаць збліжэння з Расіяй і, урэшце, дасягнулі яго перад самімі выбарамі.
Еўрапейскі Саюз вярнуўся да ідэі распрацоўкі дарожнай мапы паглыблення адносінаў з Мінскам, што адлюстравалася ў чарнавым варыянце Сумеснага прамежкавага плана, які аднак не быў прадстаўлены шырокай публіцы і не быў зацверджаны двума бакамі.
Прэзідэнцкія выбары, хваля гвалту і рэпрэсіяў выклікалі негатыўную рэакцыю еўрапейскіх структураў і прыпынілі нармалізацыю адносінаў. Беларуска-еўрапейскія стасункі былі адкінутыя на ўзровень 2006–2007 гадоў. Аднак, мяркуючы па тым, што пасля выбараў Беларусь апынулася ў вельмі нязручнай знешнепалітычнай сітуацыі, а таксама па тым, што ЕС не мае іншай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі апрача палітыкі ўцягвання, можна прагназаваць паступовае вяртанне да нармалізацыі стасункаў на працягу 2011 года.
1 Кэтрин Эштон осудила действия полиции против Союза поляков в Беларуси // Точка доступа: http://www.enpi-info.eu/maineast.php?id=20801&id_type=1&lang_id=471.
2 Штефан Фюле: Евросоюз упростит визовый режим без политических условий // Точка доступа: http://www.n-europe.eu/article/2010/11/22/shtefan_fyule_evrosoyuz_uprostit_vizovyi_rezhim_bez_politicheskikh_uslovii.
3 Грибаускайте встретилась в Минске и с оппозицией // [Электронный ресурс]. Точка доступа: http://news.tut.by/politics/art201042.html.
4 БЕЛАПАН; см.: http://belapan.com/archive/2010/11/15/media_eu_fule_europe/
5 Беларусь призвала Еврокомиссию к скорейшему принятию «чётких и прозрачных правил» рассмотрения и финансирования проектов Восточного партнёрства // Точка доступа: http://belapan.com/archive/2010/05/25/eu_387543/
6 Раней на разгляд ЕС было пададзена каля 20 сумесных рэгіянальных праектаў.
7 Об участии министра иностранных дел Беларуси C.Н. Мартынова в министерской встрече Восточного партнерства см.: http://www.mfa.gov.by/press/news_mfa/cea91084e85468e1.html.
|