Польска-беларускія стасункі: чарговы крызіс
Kamil Klysinski

Рэзюме

Нягледзячы на спробы паразумення, у 2010 годзе ў польска-беларускіх стасунках дамінавалі два канфлікты. Па-першае, галоўнай крыніцай непаразумення была даўняя спрэчка наконт польскіх арганізацый меншасцяў. Пакуль нішто не сведчыць пра магчымасць кампрамісу – бакі цвёрда стаяць на сваіх пазіцыях. Пераломам, нягледзячы на пэўныя прыкметы пацяплення, не стала красавіцкая катастрофа пад Смаленскам. Гэта вялікая трагедыя для Польшчы і палякаў выклікала спачуванне і ў Беларусі. Па-другое, пад канец года Польшча выступіла з жорсткай крытыкай беларускага рэжыму за вяртанне да палітыкі рэпрэсій ў дачыненні да апазіцыі. Так, польска-беларускія стасункі зноў апынуліся на парозе вострага крызісу.

Тэндэнцыі:

  • у польска-беларускіх стасунках у 2010 годзе дамінавалі два канфлікты: спрэчка наконт польскіх арганізацый меншасцяў i падзеi пасля прэзiдэнцкiх выбараў у Беларусi ў снежне 2010 г.;
  • красавіцкая катастрофа пад Смаленскам, нягледзячы на пэўныя прыкметы пацяплення, не стала пераломам у адносінах;
  • пад канец года Польшча выступіла з жорсткай крытыкай беларускага рэжыму за вяртанне да палітыкі рэпрэсій ў дачыненні да апазіцыі.

Узмацненне рэпрэсій супраць актывістаў СПБ Анджалікі Борыс

У 2005 годзе беларускія ўлады прызналі выбары старшыні Саюза палякаў Беларусі (СПБ) незаконнымі і запатрабавалі правесці іх паўторна. Гэта было рэакцыяй на перамогу некантраляванай рэжымам дзяячкі Анджалікі Борыс. У выніку яшчэ ў гэтым жа годзе ўжо пад кантролем уладаў было вылучана новае кіраўніцтва Саюза. Гэта прывяло да расколу ў польскім асяроддзі: некалькі гадоў дзейнічаюць два таварыствы пад назвай Саюз палякаў Беларусі. Першае – нелегальны паводле беларускага заканадаўства СПБ Анджалікі Борыс (з чэрвеня 2010 узначалены Анджалікай Арэхва), які падтрымлівае Польшча, другое – афіцыйна прызнаны беларускімі ўладамі СПБ. Некалькі гадоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае супраць дзеячаў нелегальнага СПБ розныя формы рэпрэсій: штрафы, арышты, ускладненне бягучай дзейнасці і інш. Часта адбываюцца правакацыі і акты вандалізму, а таксама нападкі ў дзяржаўных СМІ. Метадам рэпрэсій беларускія ўлады спрабуюць прымусіць кіраўніцтва Саюза адмовіцца ад незалежнасці, падпарадкавацца кіраўніцтву афіцыйнага СПБ і перавесці ўсіх сяброў незалежнага СПБ у прарэжымны.
Аднаўленне дыялогу Беларусі і ЕС, а таксама актыўны ўдзел Польшчы ў наладжванні кантактаў Захаду з беларускімі ўладамі паспрыялі выразнаму паслабленню рэпрэсіўных дзеянняў ў апошнія два гады, што стварыла перадумовы для паразумення ў гэтай балючай для абодвух бакоў справе.
Тым часам у пачатку 2010 года адбылася рэзкая эскалацыя канфлікту. Так, 21 студзеня беларуская міліцыя затрымала некалькі дзясяткаў дзеячоў СПБ Анджалікі Борыс, якія ехалі з Гродна ў Івянец, каб стрымаць захоп тамтэйшага Польскага дому афіцыйным СПБ. І хоць усе затрыманыя былі хутка вызвалены і ўлады не вырашыліся тады на інтэрвенцыю ў Івянцы, гэта быў толькі часовы мір. Ужо ў пачатку лютага ў фірму Палоніка, якая належыла Анджаліке Борыс і ў межах якой праводзілася культурна-асветніцкая дзейнасць незалежнага СПБ, былі накладзены два штрафы сумай каля USD 40 тыс., што фактычна ставіла пад пагрозу далейшае існаванне гэтага суб’екта. Пасля 8 лютага міліцыя жорстка выдварыла з Польскага дома ў Івянцы (Мінская вобласць) дзеячоў СПБ Анджалікі Борыс. Так улады захапілі адзін з трох дамоў, якія заставаліся па-за кантролем праўрадавага Саюза.

Чарговы эпізод у спрэчцы вакол меншасці

Удар па СПБ паставіў Варшаву ў цяжкае становішча. З аднаго боку, польская дыпламатыя мусіла заняць рашучую пазіцыю адносна гэтых падзей, а з другога – як адзін з галоўных прамоўтараў дыялогу стрымацца ад занадта паспешлівых і радыкальных дзеянняў, маючы на ўвазе стратэгічную мэту ўцягвання Беларусі ва ўсё бліжэйшае супрацоўніцтва з ЕС. Захаванне гэтай спецыфічнай раўнавагі было тым больш істотным, што 12 лютага меў адбыцца візіт беларускага міністра замежных спраў Сяргея Мартынава.
Дзеянні Варшавы ў адказ на хвалю рэпрэсій супраць актывістаў СПБ Анджалікі Борыс былі выразнай спробай пагадзіць неабходнасць адэкватна рэзкай рэакцыі ў важным пытанні меншасці з імкненнем патрымаць дыялог з Мінскам у межах ЕС і двухбаковага супрацоўніцтва. Таму МЗС РП заявіла беларускаму боку жорсткі ультыматум, дзе ў 14 пунктах пералічваліся важныя для Беларусі пытанні, у якіх польскія ўлады маглі б дапамагчы ўзамен на павагу правоў польскай нацыянальнай меншасці. Сярод іх згадваліся між іншым апошні транш крэдыту МВФ, падтрымка членства Беларусі ў Радзе дзяржаў Балтыйскага мора, рэалізацыя праектаў «Усходняга партнёрства» і г. д.
Аднак у той жа час дзеля развіцця суседскага супрацоўніцтва польскі бок не адмяніў візіт беларускага міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, які 12 лютага ў Варшаве падпісаў з міністрам Радаславам Сікорскім доўгачаканую дамову аб малым памежным руху. Гэта выклікала рэзкую крытыку з боку апазіцыі і некаторых СМІ, якія абвінавачвалі ўлады ў недаравальнай паблажлівасці дзеянням Мінска.
Незалежна ад гэтых прэтэнзій варта падкрэсліць, што Польшча першай з суседніх краін падпісала важную для функцыянавання прымежных тэрыторый дамову, што можна прызнаць канкрэтным поспехам у польска-беларускіх стасунках. Польскія ўлады ўсведамлялі, што найлепшым вырашэннем гэтага шматгадовага канфлікту будуць не санкцыі ці пагрозы, але непасрэдныя перамовы абодвух бакоў.
У сувязі з гэтым падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Кіеве міністр Сікорскі прапанаваў утварыць спецыяльную польска-беларускую экспертную групу, якая занялася б распрацоўкай пагаднення ў пытанні польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Прапанова была прынятая, і хутка пасля гэтай размовы ўзнікла змяшаная камісія, на чале якой стаў польскі віцэ-міністр замежных спраў Анджэй Крэмер і беларускі ўпаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Аднак арганізаваныя да гэтага часу дзве сустрэчы не прынеслі ніякіх канкрэтных вынікаў. Дайшло толькі да абмену поглядамі, што зазвычай на мове дыпламатыi азначае поўны тупік у перамовах.
Здаецца, беларускі бок, згаджаючыся на ўтварэнне гэтай групы, не быў зацікаўлены ў дасягненні кампрамісу. Адзінай мэтай было знізіць напружанне на польскім баку, выказаўшы гатоўнасць да перамоў. Ужо з першых дзён «лютаўскага» крызісу беларускія ўлады адмаўлялі факт якіх-небудзь рэпрэсій і абмежаванняў адносна польскай меншасці ў Беларусі. Усялякія дзеянні ў гэтым кірунку тлумачыліся патрэбай аднаўлення законапарадку і абаронай інтарэсаў адзінага легальнага СПБ пад кіраўніцтвам Станіслава Сямашкі. Больш за тое, у адказ на прэтэнзіі Варшавы Мінск вельмі хутка перайшоў у прапагандысцкае контрнаступленне з мэтай выставіць паплечнікаў Анджалікі Борыс як нешматлікую групку выключаных з-пад закону палітычных авантурыстаў, якія не маюць нічога агульнага з сапраўдным рухам меншасцяў.
Адначасова беларускія ўлады абвінавачвалі польскі бок у дыскрымінацыі дзеячоў афіцыйнага Саюза палякаў праз забарону прыязджаць у Польшчу і адсутнасць ўсялякіх кантактаў з прадстаўнікамі польскіх дыпламатычных пляцовак і цэнтральных уладаў у Польшчы. У гэтай сітуацыі чарговы год праходзіў пад знакам невырашальнай спрэчкі, якая стала ўжо класічным прыкладам палітычнага пату ў міждзяржаўных адносінах. Таму ў лістападзе ў сувязі з адсутнасцю нейкіх шанцаў адмяніць штраф USD 40 тыс., накладзены яшчэ ў лютым на фірму Палоніка, СПБ Анджалікі Арэхва падаў дакументы на рэгістрацыю новай фірмы пад назвай «Крэсовія», якая магла б пераняць абавязкі папярэдніцы ўжо без ніякага фінансавага цяжару.
Адначасова вялікае замяшанне ў чэрвені выклікала нечаканае рашэнне шматгадовай кіраўніцы СПБ Анджалікі Борыс адмовіцца ад займанай пасады. І хоць яна тлумачыла сваё рашэнне асабістымі прычынамі, у той час было шмат спекуляцый наконт націску з боку польскіх уладаў, якія быццам бы хацелі такім чынам схіліць беларускія ўлады да рэгістрацыі нелегальнага Саюза. Аднак няма ніякіх довадаў праўдзівасці гэтых інсінуацый. Пасля адмовы Борыс Кіраўніцтва СПБ прыняла (як выканаўца абавязкаў) Анджаліка Арэхва.

Пасля смаленскай катастрофы: салідарнасць насуперак усяму?

Дзясятага красавіка, калі адбылася авіякатастрофа пад Смаленскам, у якой загінуў польскі прэзідэнт Лех Качынскі разам з жонкай, улады Беларусі ад самага пачатку аказвалі ўсю неабходную дапамогу польскаму боку, спрашчаючы доступ польскім самалётам да беларускай паветранай прасторы і дазваляючы польскім дэлегацыям прызямляцца ў Віцебску, каб па зямлі дабрацца да Смаленска. Аднак за бездакорнай практычнай дапамогай не пайшлі стандартныя ў такіх надзвычайных абставінах сімвалічныя жэсты, якія ў міжнароднай палітыцы часта маюць большае значэнне, чым менш эфектыўныя практычныя дзеянні. Дванаццатага красавіка (г. зн. праз два дні пасля катастрофы) у Расіі, Літве, Латвіі і ва Украіне была абвешчана нацыянальная жалоба. Затое Беларусь як адзіная дзяржава ў рэгіёне не вырашылася на гэты крок і, як паказалі чарговыя дні, паслядоўна стаяла на сваёй пазіцыі. Гэта выклікала хвалю крытыкі з боку беларускіх незалежных СМІ і апазіцыі, а карыстальнікі інтэрнэту зусім не перабіралі ў словах, ацэньваючы паводзіны беларускага прэзідэнта на інтэрнэт-форумах.
Аднак найгоршае ўражанне выклікала выказванне Аляксандра Лукашэнкі 15 красавіка, калі ён задоўга да абнародавання вынікаў следства акдрыта назваў Леха Качынскага адказным за катастрофу. У той жа час варта падкрэсліць пазіцыю беларускага грамадства, якое масава выказвала спачуванне сваім суседзям, робячы запісы ў кнігах спачування, выстаўленых у польскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах, запальваючы знічы ў вызначаных месцах, а таксама ў спантанных рэакцыях пры выпадковых сустрэчах з палякамі (у чым асабіста пераканаўся аўтар гэтага тэксту, які быў тады ў Беларусі).
Практычная падтрымка з боку адпаведных беларускіх службаў у першыя дні пасля катастрофы заслугоўвае сапраўднага прызнання, аднак неставала стандартных у такіх акалічнасцях сімвалічных жэстаў. Гэта змарнавала шанец на рэальнае пацяпленне ў багатых на канфлікты стасунках на лініі Мінск–Варшава. Аляксандр Лукашэнка не змог або не захацеў падняцца па-над сваімі не да канца зразумелымі разлікамі і не выкарыстаў пазітыўнага патэнцыялу, які парадаксальным чынам змяшчаўся ў гэтай вялізнай трагедыі. Больш за тое, вядомы сваёй палітычнай інтуіцыяй беларускі лідар не заўважыў магчымасці паправіць свой імідж у Польшчы і – шырэй – у ЕС праз асабісты ўдзел ва ўрачыстым пахаванні Марыі і Леха Качынскіх 18 красавіка ў Кракаве. Цяжка дапусціць, што ў гэтай сітуацыі нехта адмовіў бы яму ў перасячэнні мяжы.
Адзіным палітычным вынікам смаленскай катастрофы ў дачыненні да польска-беларускіх стасункаў было адкліканне ў Варшаву пасла РП Генрыка Літвіна. Ён замяніў на пасадзе віцэ-міністра замежных спраў Анджэя Крэмера, які загінуў разам з іншымі членамі дэлегацыі на ўрачыстасці ў Катыні.

Палітыка «абумоўленасці» і яе правал

Пад беспрэцэдэнтным ціскам з боку Расеі, якая імкнецца абмежаваць самастойнасць Мінска, Аляксандр Лукашэнка вырашыўся на абмежаваную палітычную лібералізацыю перад прэзідэнцкімі выбарамі, прызначанымі на 19 снежня 2010 года. Такім чынам, беларускі прэзідэнт, не змяняючы сутнасці аўтарытарнага рэжыму, паслаў увосень 2010 года выразны сігнал Захаду, што ён зацікаўлены ў супрацоўніцтве і паразуменні.
Змены ва ўнутранай палітыцы Мінска былі заўважаны ў сталіцах дзяржаў ЕС, у тым ліку і ў Варшаве. Польская дыпламатыя ў чарговы раз пастаралася адыграць ролю галоўнага арганізатара дыялогу паміж Беларуссю і ЕС. Другога лістапада 2010 года ўпершыню за шмат гадоў Мінск наведаў міністр замежных спраў РП Радаслаў Сікорскі, якому спадарожнічаў кіраўнік нямецкай дыпламатыі Гіда Вэстэрвэле. Міністр Сікорскі на сустрэчы з прэзідэнтам Лукашэнкам прадставіў прапанову, заснаваную на так званым прынцыпе абумоўленасці, г. зн. пашырэння кантактаў і аб’ёма супрацоўніцтва па меры прагрэсу дэмакратызацыі. Для падмацавання сігналу кіраўнік польскай дыпламатыі адкрыта сказаў, што дэмакратычнае правядзенне выбараў можа забяспечыць Беларусі на працягу наступных трох гадоў каля USD 3 млрд фінансавай падтрымкі ў межах «Усходняга партнёрства» і тэхнічнай дапамогі ЕС. У адказ А. Лукашэнка запэўніў сваіх замежных гасцей, што снежаньскія выбары будуць «яшчэ больш дэмакратычнымі, чым папярэднія».
Візіту спадарожнічала сустрэча беларускага прэзідэнта з групай польскіх журналістаў, якія ўзялі вялiкае інтэрв’ю наконт ключавых пытанняў польска-беларускіх стасункаў. Нягледзячы на многія агаворкі з абодвух бакоў, стварылася агульнае ўражанне, што спакойныя і свабодныя ад рэзкіх маніпуляцый прэзідэнцкія выбары ў Беларусі дазволяць нанова адкрыцца стасункам на лініі Мінск–Варшава. Аднак нечаканая пацыфікацыя дэманстрацыі напрыканцы выбараў у цэнтры Мінска ўвечары 19 снежня перакрэсліла гэтыя аптымістычныя спадзяванні. Чарговыя дні прынеслі навіны аб рэпрэсіях супраць апазіцыі, грамадскіх дзеячоў і незалежных СМІ. У сувязі з вяртаннем беларускага рэжыму да рэпрэсій Польшча як галоўны прапагандыст працягу дэмакратызацыі мусіла выступіць з рэзкай крытыкай і заклікам да сур’ёзных санкцый з боку ЕС. У гэтай сітуацыi адказ Мінска быў ужо толькі пытаннем часу. Так, пад канец снежня польска-беларускія стасункі ў чарговы раз увайшлі ў фазу крызіса.

Высновы

У 2010 годзе, як і ў ранейшыя гады, бакам не ўдалося уладкаваць спрэчкі наконт СПБ. Як Варшава, так і Мінск не хочуць, каб іх магчымыя ўступкі прымаліся за праяву слабасці або нават капітуляцыі. Да таго ж не трэба забываць пра стэрэатыпы і перасуды. Хоць ў Беларусі сапраўды не даходзіць да дыскрымінацыі на глебе нацыянальнай прыналежнасці, аднак заўважаецца недавер да актыўнасці польскіх арганізацый (асабліва, калі яны фінансуюцца з Варшавы, як СПБ Анджалікі Арэхвы). Таму цяжка чакаць хуткага вырашэння гэтага пытання, і надалей гэта будзе негатыўна ўплываць на клімат польска-беларускіх стасункаў.
Аднак, калі напружанне вакол СПБ было толькі чарговай фазай шматгадовай спрэчкі, вяртанне ў снежні 2010 года да палітыкі рэпрэсій і звязаная з гэтым жорсткая крытыка з боку Варшавы – гэта пачатак новага вострага крызісу ў польска-беларускіх стасунках. У гэтай сітуацыі адзіным станоўчым і, як здаецца, трывалым дасягненнем 2010 года з’яўляецца падпісанне дамовы пра малы памежны рух, што (зразумела, пасля ўступлення палажэнняў дакумента ў сілу) можа значна ажывіць сацыяльнае і гаспадарчае жыццё прымежных рэгіёнаў Польшчы і Беларусі.