Вышэйшае кіраўніцтва ідзе насустрач запытам часткі беларускай наменклатуры па ўзмацненне ролі праўладных партый у сістэме мясцовых саветаў, што замацоўвае распачатую на парламенцкіх выбарах 2016 года тэндэнцыю на актывацыю «спячага інстытута» палітычных партый. На ролю сістэмнай апазіцыі прэтэндуе ЛДП на чале з Гайдукевічам, якая спрабуе стаць выразнікам у прадстаўнічых органах улады інтарэсаў грамадзян, незадаволеных сацыяльна-эканамічнай палітыкай. Прадстаўніцтва апазіцыйных партый у мясцовых саветах дваццаць восьмага склікання амаль адсутнічае, што стала вынікам традыцыйных маніпуляцый з боку арганізатараў выбараў, адсутнасці істотнай увагі і ціску міжнароднай супольнасці, а таксама палітычнай апатыі ў грамадстве.

Партыйнае прадстаўніцтва павялічваецца амаль удвая да 457 мандатаў па выніках мясцовых выбараў 2018 г.[1] у параўнанні з 248 дэпутатамі ў саветах дваццаць сёмага склікання.[2] Пры гэтым, таксама павялічылася і лічба прадстаўленых у саветах розных узроўняў партый з 4 да 7. У Менгарсавеце сябры палітычных партый склалі амаль траціну (29,82%) ад колькаснага складу, што, хутчэй за ўсё, з’яўляецца спробай кампенсаваць запыт на партыі сярод сталічнага насельніцтва і прадухіліць рост падтрымкі апазіцыйных партый. Апазіцыя найбольшую актыўнасць праяўляе ў Менску, насельніцтва якога таксама адрозніваецца найменшай падтрымкай дзеючых уладаў і нізкім узроўнем галасавання. Лідарства па партыйнаму прадстаўніцтву ў саветах застаецца за левымі і левацэнтрысцкімі партыямі: КПБ з 309 дэпутатамі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці з 127 мандатамі і Сацыял-дэмакратычная партыя «Народнай згоды» з 11 прадстаўнікамі ў саветах. Фактычна гэтыя праўладныя партыі займаюць тую ж палітычную нішу, што і апазіцыйныя камуністы з «Справядлівага свету» і сацыял-дэмакраты. Хутчэй за ўсё, колькасць дэпутатаў — чальцоў ад «Белай Русі», актыўнасць якой на палітычным поле большая за іншыя праўладныя партыі, будзе не меншай за папярэдняе скліканне.

Роль канструктыўнай апазіцыі адведзена ЛДП, прадстаўнікі якой хоць і мінімальна, але ж прадстаўлены ў саветах дваццаць восьмага склікання чатырма дэпутатамі ў адрозненне ад папярэдняга склікання, дзе не было ліберал-дэмакратаў. ЛДП ужо заявіла аб гатоўнасці да супрацы з актывістамі іншых апазіцыйных партый[3]. Ліберал-дэмакраты пазіцыянуюць сябе ў якасці правацэнтрыстаў і, відавочна, спрабуюць перацягнуць частку апазіцыйнага актыва АГП, БХД і «За свабоду», асабліва тых, хто зацікаўлены ў легальных і электаральных формах дзейнасці, а не вулічных пратэстах. Пры гэтым, ЛДП арыентуецца таксама і на тую частку незадаволенага дзяржаўнай палітыкай электарата, з якой спрабуе працаваць «Гавары праўду» з ідэяй «мірных перамен».

Беларускае кіраўніцтва фактычна стымулявала чарговае расчараванне сярод удзельнікаў выбараў ад апазіцыйных партый, большасць з якіх у апошнія гады адыйшлі ад пазіцыі байкоту выбараў. Гэта таксама вярнула на парадак дня аргументы прыхільнікаў байкоту, узмацненне іх пазіцый і, магчыма, прывядзе да чарговага вітка спрэчак у экспертнай супольнасці, незалежных медыя, унутры і паміж партыямі наконт удзелу або байкоту выбараў.

Падчас гэтай кампаніі ўлады адмыслова падтрымлівалі нізкі інтарэс грамадзян да мясцовых выбараў, што не дазволіла апазіцыі палітызаваць грамадства. Нізкі інтарэс насельніцтва да выбараў прывёў для забеспячэння высокіх паказнікаў яўкі без відавочнага абурэння з боку грамадства і пратэстнага галасавання.

Пры гэтым нізкая зацікаўленасць у выбарах, ігнор альбо байкот не стымулюе незадаволеных сацыяльна-эканамічнай палітыкай грамадзян да легальных формаў барацьбы за свае інтарэсы і падтрымлівае палітычную апатыю ў грамадстве. Беларускае кіраўніцтва ўжо даўно імкнецца панізіць палітычную мабілізацыю грамадзян асабліва пасля таго, як стаў відавочным крызіс існуючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і рэйтынгі дзяржаўных інстытутаў таксама пачалі падаць. Фактычна выбарцы перасталі быць падтрэбнымі беларускаму кіраўніцтву, у той час як арганізатары выбараў на месцах гарантуюць неабходны ўзровень афіцыйных лічбаў яўкі і падтрымкі. Кіраўнік дзяржавы і нават ЦВК могуць не цікавіцца, якім чынам гэтыя лічбы дасягаюцца арганізатарамі на месцах. Галоўнае забяспечыць, каб выбарчая машына заставалася ў адмабілізаваным стане з перыядычным яе тэставаннем на мясцовых выбарах перад галоўнай кампаніяй — прэзідэнцкімі выбарамі.

Верагодна, нізкі інтарэс міжнародных структур з’яўляецца таксама адной з прычын, чаму ўлады не пайшлі на павелічэнне прысутнасці апазіцыі ў саветах. Правацэнтрысты скарысталі свае сувязі з еўрапейскімі партнёрамі для прыцягнення крытычнай увагі Еўрапейскай народнай партыі да выбарчай кампаніі і вынікаў выбараў[4]. Аднак гэтага ціску на беларускае кіраўніцтва, відавочна, недастаткова, каб улады пагадзіліся на ўключэнне ў саветы нават асобных прадстаўнікоў апазіцыйных партый.

Такім чынам, тэндэнцыі ўзмацнення інстытута палітычных партый у беларускай уладнай сістэме працягваюцца. Аднак беларускае кіраўніцтва згаджаецца на паступовае фармаванне новай партыйнай сістэмы з цалкам лаяльных партый і далейшай маргіналізацыяй несістэмнай апазіцыі. Нізкі электаральны патэнцыял апазіцыйных партый і рухаў з вылучэннем невялікай колькасці кандыдатаў спрыяе аргументацыі ўладаў у дыялогу з заходнімі назіральнікамі і насельніцтвам аб нязначным уплыве несістэмнай апазіцыі ў грамадстве, што адпаведна выліваецца ў адмове прызнаць за апазіцыяй права прысутнічаць у саветах. Відавочна, што ўлады не збіраюцца змяняць умовы правядзення выбарчых кампаній, а будуць кіравацца палітычнай мэтазгоднасцю пры вызначэнні складу выбарных органаў.



[1]Сведения о составе избранных депутатов местных Советов депутатов двадцать восьмого созыва http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-MS28-elect_59-60.pdf

[2]Сведения о составе избранных депутатов местных Советов депутатов двадцать седьмого созыва http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-MS27-sved21.pdf

[3]Мы смогли пробиться в областные Советы и Минский городской Совет депутатов Республики Беларусь 28 созыва: http://ldp.by/ru/informatsiya/my-smogli-liberalno-demokraticheskaya-partiya-sumela-projti-v-mestnye-sovety-deputatov/

[4] Президент Европейской народной партии: народ Беларуси был в очередной раз лишен свободы выражения мнений: http://naviny.by/new/20180221/1519212359-prezident-evropeyskoy-narodnoy-partii-narod-belarusi-byl-v-ocherednoy-raz