«Галівуд з намі»
Наталля Каляда, мітынг перад Домамураду

«Смешались и сотрудники, и митингующие»
Аўдыёзапіс перамоваў па рацыі падчас акцыі 19 снежня

19 сьнежня ў інтэрвію радыё «Свабода» кандыдат у прэзыдэнты і адзін з ідэолягаў Плошчы-2010 Мікола Статкевіч у чарговы раз паўтарыў, што адмаўляецца браць удзел у фарсе, названым у Беларусі прэзыдэнцкімі выбарамі. І дадаў: «У нас няма іншага выйсьця прымусіць іх да дэмакратыі. Інструмэнт толькі адзін — Плошча».

Гэта толькі адзін, прыватны прыклад рыторыкі Плошчы, якая яшчэ да дня выбараў запоўніла амаль усю прастору альтэрнатыўных мэдыя-каналаў. Дайшло да таго, што нават вузкаспэцыялізаваныя сеткавыя рэсурсы напярэдадні выбараў разьмяшчалі загалоўкі кшталту: «Будучыня Байнэту вырашаецца на Плошчы».

Іншымі словамі, як яшчэ ў верасьні летась адзначыў Юры Чавусаў, выбарчая кампанія-2010 пераважнай большасьці апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты будавалася вакол аднае фразы: «…але ў выніку ўсё вырашыцца на Плошчы». Гэткім чынам, задоўга да драматычных падзеяў вечара 19 сьнежня лідары беларускай апазыцыі трапілі ў сэнсавую пастку і сталіся закладнікамі тойсама Плошчы, на якую яны гэтак актыўна заклікалі прыйсьці сваіх прыхільнікаў.

Практычна кожны апазыцыйны кандыдат у прэзыдэнты заяўляў, што раз выбараў у краіне няма, вуліца станецца тым месцам, дзе пройдзе сапраўднае народнае волевыяўленьне. Але чаго менавіта 9 альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты чакалі ад вуліцы? Які «сымбалічны абмен» паміж апазыцыйнымі палітыкамі і іх прыхільнікамі павінен быў адбыцца, калі яны ўсё-ткі выйшлі на вуліцы?

19 сакавіка 2006 году на аналягічную акцыю пратэсту выйшла частка людзей, якая была настроеная рабіць рэвалюцыю. Менавіта гэтыя людзі, прыхільнікі пераменаў, якія ня мелі наўпроставага дачыненьня да штабоў Мілінкевіча і Казуліна, ставілі намёты на Кастрычніцкай плошчы. Намётавае мястэчка ў 2006 годзе, калі заўгодна, было сымбалічным парадурнкам кандыдатам у прэзыдэнты. І адначасова — спробай стварыць сьвята. Сьвята аднаўленьня цыклю сымбалічнага абмену.

Абмяркоўваючы падзеі мінулага сьнежня, назіральнікі падкрэсьліваюць той факт, што акцыя павінна была мець выключна мірны характар. Аднак мала хто гаворыць пра тое, што 19 сьнежня 2010 году, большасьць людзей выйшлі хутчэй паглядзець на рэвалюцыю. Калі гэта так, робіцца зразумела, чаму спэцназу хапіла сем з паловай хвілін для таго, каб зачысьціць плошчу перад Домам ураду.

Валер Карбалевіч на згаданай вышэй «Свабодзе» сваім суразмоўцам задаў сымптаматычнае пытаньне: «Цяпер хіба што не галоўным пытаньнем грамадзкай дыскусіі стала тэма: хто ламаў дзьверы ў Доме ўраду? Гэта былі апазыцыянэры ці правакатары? Ці не падаецца вам, што сам гэты факт сьведчыць пра негатоўнасьць грамадзтва да глыбокіх пераменаў? Бо калі грамадзтва дасьпела да рэвалюцыі, то паламаныя дзьверы — гэта драбяза». Атрымліваецца, што на выбарах-2010 да сымбалічнага абмену як супрацьлегласьці ўладным забаронам апынуліся не гатовыя ня толькі альтэрнатыўныя палітыкі, але і іх выбарцы.

Сёньня, больш як празь месяц пасьля падзеяў 19 сьнежня, для нас застаецца таямніцай, ці быў у экс-кандыдатаў у прэзыдэнты больш-менш уцямны плян дзеяньняў на Плошчы. Плян перамоваў зь сілавікамі, плян аксамітнай рэвалюцыі, плян прыходу да ўлады з дапамогай іншых сродкаў. Які-кольвек плян… Зрэшты, у прыватных размовах, а затым і публічна некаторыя чальцы штабоў экс-кандыдатаў у прэзыдэнты прызнаюцца, што аніякіх сцэнароў не было ўвогуле і яны на хаду выдумлялі, што рабіць далей.

Як бы тое ні было, сёньня можна толькі канстатаваць, наўздагон за Яраславам Раманчуком, што «плян калі і быў, то застаўся толькі ў Някляева. Ці быў нейкі іншы сцэнар, аб якім мне [і нікому з мітынгоўцаў перад Домам ураду] ніхто не сказаў…»

Адказ просты — пайсьці, каб перамагчы ўласны страх

Амаль два гады таму мы, параўноўваючы і аналізуючы няўдачы пратэстных акцыяў 2006 году ў Менску на Кастрычніцкай/Каліноўскага і ў Горадні на Савецкай плошчах, прыйшлі да суб\`ектыўнай высновы, што выйсьце бачыцца ў.. адмаўленьні Плошчы. У тэксьце «Зьмена оптыкі: Рэванш спальных раенаў» мы акрэсьлілі гэты канцэпт, якога трымаемся й сёньня. Падзеі ж 19 сьнежня падштурхнулі нас да больш дэталёвай расшыфроўцы дадзенага канцэпту.

Што азначае «адмовіцца ад Плошчы»? Самае галоўнае — гэта прызнаць, што з-за адсутнасьці эфэктыўнай дзейнасьці ў прамежкі паміж акцыямі альбо значнымі падзеямі (да прыкладу, выбары) стратэгія вулічнага пратэсту з 1996 году а) аніразу не даказала сваю эфэктыўнасьць у Беларусі; б) вулічныя акцыі a-la пачатку 1990-х гг. ня здольныя сабраць крытычную масу прыхільнікаў пераменаў («столь» гэтых акцыяў, нават паводле аптымістычных падлікаў — 30 тысяч чалавек у дні выбараў 2006 і 2010 гг.).

Калі мы гаворым пра адмаўленьне, гэта азначае, што мы адмаўляемся ад Плошчы ў першамайскім сэнсе гэтага слова, калі галоўнае — вывесьці калёны працоўных, і справа зробленая. Ды ня зробленая! Гэта нават не полова справы і не траціна. Гэта ўсяго толькі элемэнт пратэстнага дызайну. Гэты факт пацьвярджаецца тым, што практычна ўсе 16 гадоў, якія Лукашэнка знаходзіцца ўва ўладзе, несупынна вядзецца размова пра мітычныя «сто тысяч беларусаў»: маўляў, калі яны заўтра выйдуць на вуліцы, то пасьлязаўтра мы прачнемся ў іншай краіне. У тосама час, калі выходзіць хай не палова, але траціна ад гэтай мітычнай лічбы, нічога акрамя трэшу з боку спэцназу МУС і байцоў унутраных войскаў не адбываецца.

Інэт-юзэр Silver Wraith на своё уласнае пытаньне: «Навошта я хадзіў на Плошчу-2010?» — напісаў наступнае: «Адказ просты — пайсьці, каб перамагчы ўласны страх. Каб зрабіць хоць штосьці, калі здаецца, што зрабіць нешта немагчыма». Дадзены камэнтар каштоўны ня толькі сваёй шчырасьцю, але яшчэ і тым, што, як прызнаецца сам аўтар, гэта была яго першая апазыцыйная акцыя, у якой ён удзельнічаў.

Да чаго мы ўсё гэта гаворым: уласна Выйсьце на Вуліцу або на Плошчу мае значэнне выключна як пераадоленьне ўласнага страху перад дыктатурай. Адчуць у паветры свабоду. Адчуць сябе вольным чалавекам у нявольнай краіне. На ўзроўні асабістых стратэгіяў гэта сапраўды мае сэнс. Аднак само па сабе Выйсьце на Вуліцу як стратэгія супраціву, як стратэгія зьмены ўлады, у сёньняшніх беларускіх варунках — гэта пустэча, якая, на жаль, нікуды акрамя «амэрыканкі», у прынцыпе, не вядзе.

Пацьвярджаюць гэта і словы Валянціна Акудовіча, на якія практычна ніхто не зьвярнуў увагі: «Сёлета ніякай Плошчы не было. Начныя падзеі 19 сьнежня хутчэй нагадвалі колішнія „Маршы Свабоды“. […] Дарэчы, і вынікі тыя самыя — масавыя арышты ды крымінальная адказнасьць арганізатараў усёй гэтай дзеі…».

Карнавалу ня будзе

Гаварыць, як магло бы быць, з аднаго боку, безумоўна, лягчэй, чым арганізоўваць тую ці іншую акцыю самому. Гэта праўда. Зь іншага боку, за колькі месяцаў да дня «Ч» гаварыць, што «ў мяне атрымаецца лепш, чым у Мілінкевіча з Казуліным» — гэта таксама, ня шмат чаго варта. Суб\`ектыўна, ідэальны пратэст-2010, павінен быў зарыфмавацца з віцебскай навагодняй ялінай Сяргея Каваленкі. Чаму мы зноўку згадалі пра акцыю Каваленкі, якая адбылася ажно напачатку 2010 году? Па-першае, тая акцыя са сьцягам на галоўнай яліне Віцебску адначасова выклікала адчуваньне маральнай перамогі і сьвята. Тэарэтычна гэткісама настрой павінен быў быць ува ўсіх удзельнікаў пратэстнай акцыі ня толькі, а 20:00 19 сьнежня. Але і праз суткі, праз тыдзень, празь месяц. Павінна было быць адчуваньне перамогі, на сьвяткаваньне якой гэтак актыўна заклікалі прыйсьці сваіх прыхільнікаў экс-кандыдаты ў жывым этэры Першага нацыянальнага ў час ужо гістарычных тэледэбатаў. Але самае галоўнае — тая віцебская акцыя была ўнікальная, бо, у вадрозьненьне ад усіх традыцыйных акцыяў беларускай апазыцыі мела вялікую колькасьць сэнсавых плянаў. Калі заўгодна, гэта была спроба стварэньня новай, іншай іканаграфіі беларускага супраціву, калі традыцыйныя вобразы супраціву (бела-чырвона-белыя сьцяг, «Пагоня») міксуюцца зь іншымі, абсалютна зразумелымі кожнаму жыхару краіны вобразамі (навагодняй ялінай). Можна сьцьвердзіць, што гэта была першая спроба карнавалізацыі беларускай палітычнай прасторы. На жаль, навагодні карнавал зь Віцебску гэтак і не прыехаў у беларускую сталіцу.

Фактычна, пра тоесама сказаў Уладзімір Падгол, аналізуючы падзеі 19 сьнежня пасьля закрыцьця выбарчых участкаў: «Самай эфэктыўнай зброяй увечары 19-га і ўвесь папярэдні час мусілі стаць сьмехавая іронія і сьмехавая агрэсія, складнікі сьмехавой культуры беларусаў. На жаль, ня сталі. І гэта пры тым, што ў камандах дыплямата і паэта — увесь кветнік дасьціпных асобаў. Фінальны карнавал на цэнтральных плошчах сталіцы мусіў прымусіць засьмяяцца ўсіх, нават Ярмошыну і Лазавіка, сыноў Лукашэнкі, а самога дыктатара — плакаць. Палітык, якога супернікі ператварылі ў пудзіла, хутка памірае».

Акрамя таго, можна доўга разважаць пра тое, што пратэст проста павінен быў стаць модны. Трансфармавацца ў арт-вайну супраць дыктатуры. Тое, на што кожны без вынятку, паглядзеўшы або паслухаўшы, мог бы сказаць: рэспэкт, гэта вашчэ крутяк! Нічога падобнага мы гэтак і не пабачылі. Хоць за прыкладам далёка хадзіць і ня трэба было. Менавіта паводле аналягічнай схемы будаваўся грамадзянскі пратэст ува Ўкраіне ў 2004 годзе. Так, мы не ўва Ўкраіне, сцэну ў цэнтры Менску ніхто не дазволіў бы паставіць. Але хто зможа назваць хоць адну актуальную пратэстную песьню, створаную ў пэрыяд выбараў, якая сапраўды бы чапляла? Культавыя калісьці N.R.M. зь іх «Мана! Татальная вайна! А ты кажы праўду, гавары праўду!»? Дакладна не.

Насамрэч, як заўважыў Арцемій Троіцкі, «песень пратэсту, п\`ес пратэсту, апавяданьняў пратэсту, фільмаў пратэсту, відэакліпаў пратэсту павінна быць не адзін-два як у нашай краіне маўклівых ягнятаў, а дзясяткі й сотні. І гэта будуць не выняткі, а нормы жыцьця, нормы жыцця кожнага сумленнага артыста і грамадзяніна». Гэтыя словы прагучалі не з нагоды беларускіх выбараў, аднак актуальныя для нашай сытуацыі як ніколі.

Згаданы вышэй карнавальны варыянт — гэта толькі адзін пазытыўны прыклад, як магло бы быць. Палітыкі абралі іншы сцэнар (калі выказаць здагадку, што яны наагул штосьці ўсё-ткі выбіралі).

Сёньня вельмі цяжка сьцьвярджаць, колькі насамрэч рыхтавалася правакацыяў на вечар 19 сьнежня. СМІ ўжо напісалі пра правакацыі беларускіх і расейскіх спэцслужбаў. Адзінае, што можна адзначыць з упэўненасьцю: калі лідары перасталі кантраляваць натоўп — акцыя з пратэстнай перайшла ў прынцыпова іншую плашчыню ды сталася ўжо акцыяй масавага палітычнага суіцыду кандыдатаў у прэзыдэнты ад беларускай апазыцыі. Калі ўжыць матрыцу ўсіх папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніяў да апошніх выбараў, то на палітычнай кар’еры кожнага з альтэрнатыўных кандыдатаў можна ставіць крыж. Безумоўна, хацелася бы памыліцца…

Leaderless рух

Сёньня, пасьля падзеяў 19 сьнежня адмовіцца ад плошчы — азначае перастаць спадзявацца на словы боса пра тое, што «ўсё ідзе па пляну». Адмовіцца ад плошчы — гэта першы крок у бок «бязлідарскага» (leaderless) руху.

Падобныя рухі апісаныя дастаткова шырока, у прыватнасьці Сымсанам Гарфінкелем, і карыстаюцца пэўным посьпехам на Захадзе ў праціўнікаў абортаў, актывістаў-эколягаў, змагароў за правы жывёлаў і г. д. Менавіта Гарфінкель гаворыць пра тое, што шматлікія праблемы й цяжкасьці супраціву бяз лідара пераадольныя з дапамогай сучасных камунікацыйных тэхналёгіяў і сродкаў сувязі.

Калі сьцісла, сэнс палягае на тым, каб сумленна прызнаць крытычны стан справаў, адмовіцца ад мадэлі традыцыйнай пірамідальнай структуры (лідар, некалькі намесьнікаў, асноўная маса выканаўцаў) і перайсьці да іншай формы арганізацыі. Гэта не азначае, што leaderless рух — самы эфэктыўны кшталт арганізацыі. Хутчэй, гэта адна са скрайніх формаў супраціву, зварот да якой можна ўважаць за імкненьне да эфэктыўнай дзейнасьці ўва ўмовах абсалютнай перавагі варожага боку.

Яшчэ ў 1983 годзе амэрыканскі белы сэпаратыст Л. Бім, першы папулярызатар leaderless руху, апублікаваў эсэ з апісаньнем тэхналёгіі барацьбы антыўрадавых суполак паводле прынцыпу самаарганізацыі. Бім пісаў: «Зноўку і зноўку пацьвярджаецца на досьведзе, што антыдзяржаўныя палітычныя арганізацыі, якія выкарыстоўваюць метад камандаваньня і кантролю, лёгка інфільтрыруюцца ўрадавымі агентамі. У ЗША групоўкі патрыётаў пастаянна развальваюцца і зьнішчаюцца знутры дзеяньнямі правакатараў». Паводле мэтаду Біма, дзеля дасягненьня хоць нейкага эфэкту людзям з падобнымі поглядамі на жыцьцё варта задзіночваца ў асобныя, незалежныя, «фантомныя суполкі», якія не каардынуюцца «згары». Падобныя «фантомныя суполкі» практычна немагчыма кантраляваць спэцслужбам. Практычна немагчыма ўкараніць у іх правакатараў. Іх можна толькі а) капіяваць; б) рэпрэсаваць толькі пасьля дзеяньня (галоўнае слова ў дадзеным выпадку — «пасьля»).

Падобная лёгіка арганізацыі прысутнічае і ў сеткавых праектах, калі аўтаномныя суполкі безь непасрэднага кантакту міжсобку робяць адзіную справу. Бадай, найбольш актуальны прыклад — WikiLeaks. Ніколі раней сеткавыя публікацыі не рабіліся раней гэткай моцнай зброяй. Дарэчы, рэакцыя ўраду ЗША на дзейнасьць Wikileaks надта ж нагадвае рэакцыю беларускіх уладаў на падзеі 19 сьнежня. Крымінальная справа, арышт, абвінавачваньне «ворага народу», блякаваньне працы сайту, замарожваньне ахвяраваньняў для падтрымкі сэрвэраў Wikileaks. Ці ж патрабаваньне ўраду ЗША да адміністрацыі сеткі мікраблёгаў «Twitter» рассакрэціць акаўнты заснавальніка сайту Джуліяна Асанджа і яго паплечнікаў (урад ЗША цікавяць паролі, асабістыя дадзеныя, кантактная інфармацыя і падрабязнасьці ліставаньня Асанджа зь іншымі карыстальнікамі) адрозьніваеца ад дэманстрацыі па цэнтральных тэлеканалах краіны прыватных тэлефоных размоваў Статкевіча або Фядуты? Маем на ўвазе, прынцыповыя адрозьненьні, а не эстэтычныя разыходжаньні, калі першыя разьвязваюць праблемы доступу да прыватнага ліставаньня ў судовым парадку, а другія абмяжоўваюцца інструкцыямі для службовага карыстаньня. Адказ відавочны.

А таму ня варта шукаць моцных адрозьненьняў і ў геаграфіі выкарыстаньня гэткай формы супраціву, як «фантомная суполка». А таксама і ў зьмесьце супраціву, калі ўва ўмовах дзейнасьці leaderless на пярэднія пазыцыі выходзяць ня толькі партызанскія мэтады сабатажу, але і карнавалізацыя.

***

і апошняе. Які будзе фінал палітычнай кар\`еры Лукашэнкі? У гэтай гісторыі сёньня недапісаны фінал. Або эпоха Лукашэнкі скончыцца ўсеагульным карнавалам ды вызваленьнем усіх закладнікаў, у тым ліку й закладнікаў Плошчы, і краіна ўвойдзе ў новы час, не азіраючыся на сваё шкляное мінулае. Або гэта будзе ланцуг крывавых падзеяў, якія ня будуць мець анічога агульнага ані зь негвалтоўным супрацівам, ані з каляровымі рэвалюцыямі. Трэцяга, як той казаў, ня дадзена.