Кіруючы клас імкнецца выбудаваць новую легітымнасць Лукашэнкі, заснаванай на эклектычнай сумесі з рэлігіі і савецкай спадчыны. За болей чым 30 гадоў кіравання істотна садзьмулася харызма Лукашэнкі, які ў першыя тэрміны пазіцыянаваў сябе як «народны прэзідэнт». Дыктатар ужо асьцерагаецца ўдзельнічаць у канкурэнтых выбарах, нават з улікам поўнай манаполіі на дзяржаўныя рэсурсы, якія скіроўвае на сваю падтрымку. Рацыянальная легітымнасць, якая базуецца на праве, і так была дастаткова спрэчнай падчас усяго праўлення Лукашэнкі. У выніку жорсткай аўтарытарнай рэакцыі на мірнае народнае паўстанне дыктатар зруйнаваў яе рукамі сваіх жа сілавікоў. Прынцып «иногда не до законов» надоўга зафіксаваўся ў грамадскай памяці. Хаця ў апошнія гады дзяржава імкнецца ўнармаваць дыскрымінацыйныя падыходы і стварыць легітымную аснову для палітычнага пераследу іншадумцаў.
Траўму ад сутыкнення з рэальнасцю — маштабнымі пратэстамі 2020 і стратай народнай любові — Лукашэнка спрабуе загаіць жорсткімі рэпрэсіямі ў адносінах да іншадумцаў ужо пяты год запар. Нават удала праведзеная прэзідэнцкая кампанія на пачатку 2025 года не вярнула ўпэўненасць патрыярху беларускай палітыкі ў вяртанні народнай падтрымкі.
Усе выбарчыя кампаніі за часам кіравання Лукашэнкі былі несвабоднымі і несправядлівымі з шматлікімі маніпуляцыямі і фальсіфікацыяй выбарчага працэсу. Гэта ўключае не толькі выніковыя лічбы пратаколаў галасавання, а вялізарны адміністрацыйныя і прапагандысцкія рэсурс, які скіроўваліся на агітацыю за аднаго кандыдата. Прычым кіруючы клас удасканальваў і адаптоўваў механізмы маніпуляцыі з кожнымі новымі выбарамі. Аднак да дэмакратычнай рэвалюцыі 2020 года дыктатар часцей за ўсё дапускаў да ўдзелу пазасістэмных кандыдатаў, якія прадстаўлялі альтэрнатыву рэжыму.
У 2020 годзе аўтакрат дзейнічаў у надзвычайным рэжыме крызісу легітымнасці, крайне высокай асабістай непапулярнасці і пратэстнай мабілізацыі грамадства. Тым не менш, арганізатары выбараў прытрымліваліся старой парадыгмы правядзення электаральных кампаній. Хаця Лукашэнка не дапусціў да ўдзелу папулярных альтэрнатыўных кандыдатаў, канкурэнтнасць выбараў была захаваная.
Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў кандыдатамі лідара электаральных рэйтынгаў экс-банкіра Віктара Бабарыку, прадпрымальніка і папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага і стваральніка паспяховага праекта — Парк высокіх тэхналогій — Валера Цапкалу. Канкурэнтнасць выбараў забяспечвалі пазасістэмныя кандыдаты, якія скіроўвалі сваю крытыку на рэжым Лукашэнкі. Гэта тычыцца ў першую чаргу Святланы Ціханоўскай, вакол якой аб’ядналіся шматлікія актывісты і прадстаўнікі палітарганізацый, Андрэя Дзмітрыева ад «Гавары праўду» і Сяргея Чэрачня ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Канешне, жорсткасць крытыкі рэжыму, як і мэтавыя аўдыторыі, у іх былі розныя. Аднак гэтыя кандыдаты не былі звязаныя з кіруючым класам і пазіцыянавалі сябе як альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнка, як і яго курсу.
У 2025 годзе кіруючы клас не дапусціў да ўдзелу ў выбарах пазасістэмных кандыдатаў. Хаця выбары захавалі фармальна канкурэнтны фармат. Акрамя Лукашэнкі ўдзельнічалі яшчэ чатыры кандыдаты на пасаду прэзідэнта, якія выступалі ў падтрымку дыктатара і не дазвалялі нават легкай крытыкі дзяржаўнага курсу. Гэта выразна кантраставала з усімі папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
Масавая пратэсная мабілізацыя, падтрымка альтэрнатывы у выглядзе Святланы Ціханоўскай (на той час хатняй гаспадыні), адсутнасць лаялістаў на вуліцах гарадоў і вёсак нанеслі дыктатару глыбокую траўму. У 2020 годзе канчаткова абвалілася харызматычная легітымнасць дыктатара, які да гэтага часу дазваляў праводзіць канкурэнтыя выбары з удзелам пазасістэмных кандыдатаў.
Увесь час кіравання Лукашэнка выдзяляў вялізарныя бюджэтныя рэсурсы для GoNGO, ідэолагаў і прапаганду, аднак у 2020 годзе гэтыя інвестыцыі ў выбудоўванні вобраза Лукашэнкі як нязменнага і адзінага палітыка не спрацавалі. Аўтакрата выратавалі выключна сілавікі і Крэмль. Безініцыятыўная прэзідэнцкая вертыкаль была спаралізавана і проста чакала вынікаў супрацьстаяння дыктатара з народам. Чыноўнікі былі гатовыя прыняць іншага лідара дзяржавы. Многія сярод іх сімпатызавалі пратэстнаму руху і спадзяваліся на падзенне Лукашэнкі. Хаця самі імкнуліся дыстанцыянавацца, ведаючы помстлівую натуру свайго начальніка, і маглі толькі сабатаваць асобныя рашэнні кіроўнай вярхушкі.
Цяпер прапагандысты спрабуюць абгрунтаваць легітымнасць свайго правадыра праз традыцыйную легітымнасць. Лукашэнка, які раней пазіцыянаваў сябе «праваслаўным атэістам», зараз звяртаецца да паствы з амвона праваслаўнага храма. Набліжаныя да дыктатара прапагандысты імкнуцца сфармаваць у яго паствы успрыманне богаабранасці першага прэзідэнта Беларусі.
У сваю чаргу Лукашэнка выкрышталізаваў асабістае бачанне і сваю місію на пасадзе кіраўніка Беларусі ў 2020 годзе ў інтэрв’ю Дзмітрыю Гардону: «Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца». Гэтая думка мае працяг, які дыктатар не выказаў у размове з журналістам, але робіць усё, каб гэта адбылося — «прэзідэнтамі паміраюць». А калі хтосці гэтага не разумее, таму патлумачаць людзі кшталту Мікалая Карпянкова.
У працяг гэтай думкі прапагандысты імкнуццца развіваць новую ідэалагему легітымнасці Лукашэнкі. Азаронак параўноўвае выступы Лукашэнкі з царкоўнага амвона з прамовамі да паствы візантыйскіх імператараў і расейскіх цароў. Манархам неабходна падпарадкоўвацца проста таму, што яны знаходзяцца на вяршыні піраміды паводле спадчыннага права.
Лукашэнка хоць і падкрэслівае, што прэзідэнтамі нараджаюцца, аднак дыктатар усё ж такі вымушаны дапускаць, што яго ўсё ж такі «абраў час». Спадчыннага права на прэзідэнцкі фатэль у Аляксандра Лукашэнкі няма — у адрозненне ад яго малодшага сына Мікалая. У гэтай новай парадыгме выбарнікі, электарат і насельніцтва ўжо не ўдзельнічаюць у працэсе вызначэння кіраўніцтва дзяржавы — яны паства, ад якой патрабуецца паслухмянства.
У выніку прапагандысты і Лукашэнка імкнуцца стварыць з царквы яшчэ адзін стоўп захавання асабістай ўлады — у дадатак да сілавікоў і Крамля. Кіруючы клас скіраваў значныя высілкі на фармаванне лаялісцкіх паводзінаў у рэлігійных канфесіях. Паводле маніторынгу праекта «Хрысціянская візія» з жніўня 2020 года 88 святароў розных канфесій патрапілі пад рэпрэсіі і палітычны пераслед працягваецца па сённяшні дзень.
Такім чынам, Лукашэнка працягне прымерваць парфіру патрыярха беларускай дзяржавы з апорай на царкоўныя асяроддзі. Наўрад ці ідэолагі і прапагандысты змогуць зноў надзьмуць харызмай састарэлага дыктатара, каб ён адчуў сябе дастаткова ўпэўненым для арганізацыі канкурэнтных выбараў з удзелам пазасістэмных кандыдатаў.