У Беларусі працягваецца пераразмеркаванне эканамічных рэсурсаў з актыўным удзелам сілавога блоку. Кіруючы клас імкнецца захаваць высокую долю дзяржавы ў эканоміцы і інвестуе ў дзяржсектар. Дыктатар разлічвае вырашыць праблему кадравага дэфіцыту за кошт мігрантаў і ўнутраных рэсурсаў.

Пад ціск трапіла сфера нерухомасці — сілавікі з КГБ праводзяць масавыя ператрусы ў агенцтвах. Гэтыя ператрахванні могуць сведчыць пра падрыхтоўку да ўваходу ў гэты сектар новых гульцоў з «дахам» у найбліжэйшым асяроддзі Лукашэнкі.

Яшчэ раней кіруючы клас правёў зачыстку ў найбольш важных ідэалагічных сферах — медыйна-інфармацыйнай, культурніцка-забаўляльнай, медычнай. У выніку зараз у гэтых сферах узмацнілася дзяржаўная манаполія альбо пашырыліся ўплывы бізнэсу, які з’яўляецца блізкім да сям’і Лукашэнкі. Яскравым прыкладам з’яўляецца канцэртная дзейнасць нявесткі дыктатара.

Паралельна працягваецца ціск на прыватны сектар і сеткавы гандаль. У выніку дзяржаўнага рэгулявання і пераследу незалежнага бізнэсу, запазычанасць у гандлёвай сферы значна вырасла. Паводле афіцыйных звестак, пратэрмінаваныя крэдыты ў гандлі павялічыліся з BYN 8 да 12 млрд, а запазычанасць пастаўшчыкоў перад сеткамі вырасла ўдвая. У гэтых умовах расійскія кампаніі, што маюць большыя рэсурсы і палітычную падтрымку, працягваюць экспансію на беларускім рынку.

Кіруючы клас застаецца ўпэненым у правільнасці свайго курсу і захоўвае эканамічны аптымізм, у тым ліку дзякуючы росту ВУП. У студзені–сакавіку эканамічны рост перавысіў чаканні ўладаў. Гэта ўмацоўвае ўпэўненасць у эфектыўнасці дзеючай мадэлі — з перавагай дзяржаўнага сектара, падтрымкай дзяржаўных прадпрыемстваў і падаўленнем прыватнай ініцыятывы, не звязанай з кіруючым класам.

Чыноўнікі працягваюць выдаткоўваць датацыі цэментнай, дрэваапрацоўчай і шкляной галінам, нягледзячы на іх хранічную стратнасць. Гэтыя прадпрыемствы ўжо праходзілі праз «мадэрнізацыю», аднак застаюцца нерэнтабельнымі. Так, урад у чарговы раз прадаставіць бюджэтную падтрымку цэментавым, шкляным і дрэваапрацоўчым заводам.

Значныя надзеі ўлады ўскладаюць на развіццё ваенна-прамысловага комплексу праз расійскія замовы. У Оршы адбываецца пераарыентацыя заводаў на вытворчасць прадукцыі ВПК у адпаведнасці з запатрабаваннямі Крамля. Беларускі ўрад разлічвае на маштабныя інвестыцыі з боку Расіі, што падмацоўвае палітычную і эканамічную ўстойлівасць рэжыму на бліжэйшую перспектыву.

Адначасова можна заўважыць павелічэнне рызыкі фінансавай нестабільнасці. Адмоўнае знешнегандлёвае сальда і неабходнасць у валютнай ліквіднасці прымушаюць чыноўнікаў і дзяржаўныя медыя актыўна прасоўваць ідэю захавання зберажэнняў у беларускіх рублях. Кіраўнік Нацбанка праз дзяржаўныя медыя сбрабуе пераканаць беларусаў, што захоўваць зберажэнні ў рублях больш выгадна, чым у доларах. Верагоднасць поспеху застаецца нязначнай у сувязі з нізкім даверам, хаця гэтыя заявы могуць супакоіць лаялістаў рэжыму.

Унутраная палітычная сітуацыя не мяняецца: рэпрэсіі працягваюцца. Сілавікі ініцыявалі новы віток затрыманняў, у тым ліку па справах, звязаных з пратэстамі 2020 года — як, напрыклад, у Дзяржынску. Працэс вызвалення палітвязняў фактычна спынены. Галоўнымі бенефіцыярамі гэтага застаюцца самі сілавікі, якія падмацоўваюць уласную важнасць у сістэме і падтрымліваюць атмасферу пагрозы ў вачах беларускага кіраўніцтва.

Кіруючы клас апынуўся ў інфармацыйнай ізаляцыі і атрымлівае скажоныя звесткі аб сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі. У ім пераважаюць прапагандысцкія наратывы аб неабходнасці жорсткага кантролю і барацьбы з унутраным ворагам. Адной з формаў такой палітыкі з’яўляецца захаванне «пратэсных спісаў» — людзей, якіх пазбаўляюць магчымасці ўладкавацца на працу, асабліва ў дзяржаўныя структуры. Кадравікі і ідэолагі — найчасцей з ліку сілавікоў — праводзяць праверкі і не дапускаюць «ненадзейных» работнікаў, што ўскладняе функцыянаванне прадпрыемстваў і павялічвае дэфіцыт працоўнай сілы.

У адказ Лукашэнка прапаноўвае прыцягваць працоўных мігрантаў. На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістана дыктатар агучыў ідэю прыцягнення 100–150 тыс. пакістанцаў. Але такі сцэнар вырашэння кадравага дэфіцыту выклікае сумневы. Наўрад ці Беларусь з’яўляецца прывабнай для працоўных мігрантаў краінай. Прычым рэалізацыя беларуска-пакістанскіх дамоўленасцяў можа сур’ёзна ўскладніць як напружанасць унутры краіны, так і міграцыйны крызіс на межах Беларусі з краінамі ЕС. Паветраны мост паміж Ісламабадам і Мінскам можа ператварыцца ў новую напрамак трафіку мігрантаў — ужо з Пакістану.

Такім чынам, у Беларусі фарміруецца непатысцкая і замкнёная эканамічна-палітычная мадэль. У ёй найбольшыя перавагі атрымлівае найбліжэйшае асяроддзе дыктатара і сілавікі. Мадэль грунтуецца на жорсткім кантролі, скарачэнні прасторы для прыватнай ініцыятывы і залежнасці ад расійскай падтрымкі. Рост ВУП не вырашае сістэмных праблем дзяржавы — стратнасці многіх дзяржаўных прадпрыемстваў, адтоку кваліфікаванай рабочай сілы і нізкага даверу насельніцтва.