Дэмсілы працягваюць развіваць міжнародную прысутнасць і інстытуцыйную супрацу з заходнімі партнёрамі. Аднак палітарганізацыі сутыкаюцца з паглыбленнем структурных праблем унутры прадэмакратычнага руху і звужэннем кантактаў з грамадствам унутры краіны. Кааліцыя Ціханоўскай працягвае засяроджвацца на кансалідацыі палітэміграцыі — палітарганізацыям атрымліваецца ўцягваць актывістаў дзякуючы прысутнасці вялікай дыяспары ў краінах ЕС. У сваю чаргу ўплыў палітарганізацый на ўнутрыбеларускі парадак дня застаецца нязначным.

Міжнародная інстытуцыяналізацыя як ключавая стратэгія

Адным з асноўных кірункаў знешняй палітычнай актыўнасці дэмакратычных сіл з’яўляецца пашырэнне інстытуцыйнага партнёрства з еўрапейскімі структурамі. У студзені 2025 года ўпершыню беларуская дэлегацыя дэмсіл прыняла ўдзел у зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЭ), а ў сакавіку прадстаўнікі Каардынацыйнай рады выступілі на сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў. Гэтыя ўдзелы маюць сімвалічнае і палітычнае значэнне, сведчаць пра захаванне суб’ектнасці беларускай дэмакратычнай супольнасці ў еўрапейскай прасторы.

Паралельна з гэтым дэмсілы спрабуюць пашырыць юрысдыкцыю спецыяльнага трыбунала Савета Еўропы па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, уключаючы ў яго рэжым Лукашэнкі. ПАРЭ прыняла жорсткую рэзалюцыю ў адносінах да афіцыйнага Мінску. Гэты крок не прынёс прававых вынікаў, аднак з’яўляецца спробай павялічыць адказнасць беларускага рэжыму на міжнародным узроўні.

Знешнепалітычную актыўнасць дэмакратычных сіл падтрымліваюць асобныя нацыянальныя парламенты краін-суседзяў. Так, Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, якая асуджае беларускія прэзідэнцкія выбары і пацвярджае падтрымку дэмсілаў. У адказ на гэты крок афіцыйны Мінск адрэагаваў у звыклай манеры –раздражненнем і эскалацыяй.

Унутраныя праблемы і рост напружанасці

Пры гэтым павелічэнне інстытуцыйнай прысутнасці на міжнароднай арэне не суправаджаецца кансалідацыяй унутры палітычнай эміграцыі. Наадварот, у дэмакратычным асяроддзі назіраецца рост канфліктаў і рэпутацыйных выклікаў. Скандалы, звязаныя з выкрыццём інфармацыйных уцечак, дзейнасцю агентуры ў эміграцыі, а таксама знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады, падрываюць давер як унутры супольнасці, так і сярод шырэйшага кола прыхільнікаў.

Акрамя таго, разыходжанні паміж палітычнымі і праваабарончымі ініцыятывамі набываюць больш выразны характар. Напрыклад, ініцыятыва па стварэнні інстытута ўпаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі выклікае заклапочанасць сярод праваабаронцаў, якія асцерагаюцца страты ўплыву і аўтарытэту ў гэтай сферы.

Дзейнасць дэмсіл слаба рэзануе з настроямі беларускага грамадства. Сістэмны выклік, з якім сутыкаюцца дэмсілы, — гэта паступовая страта кантакту з унутрыпалітычным парадкам дня. Паводле ацэнак незалежных сацыёлагаў, каля 14% беларускага грамадства можна аднесці да пра-дэмакратычнага сегмента. Аднак дадзены паказчык наўрад ці павялічваецца. Палітычныя арганізацыі не здольныя ўплываць на грамадскія настроі з-за ўсё больш жорсткіх рэпрэсій, татальнага кантролю над інфармацыйнай прасторай і эфектыўнай прапаганды, якая карыстаецца рэсурснай перавагай.

Рэжым мэтанакіравана інвестуе ўсё болей рэсурсаў у ідэалагізацыю грамадства. Кіруючы клас разглядае ідэалогічнае выхаванне грамадства як адзін з асноўных інструментаў утрымання ўлады ў краіне. Нягледзячы на эклектычнасць новая дырэктыва аб дзяржаўнай ідэалогіі замацоўвае рэсаветызацыю і ідэалагізацыя грамадства. На фоне дамінавання расейскіх інфармацыйных плыняў і русіфікацыі ў адукацыі, СМІ і публічнай сферы асобныя аналітыкі ўжо гавораць пра «нацыянальнае выраджэнне».

Беларускія незалежныя медыя ў выгнанні застаюцца адным з нешматлікіх каналаў камунікацыі з унутранай аўдыторыяй. Яны дэманструюць адаптыўнасць, асвойваюць новыя фарматы і платформы. Аднак з улікам татальнага блакавання, цэнзуры і рызык для чытачоў унутры краіны, іх уплыў застаецца абмежаваным. Дадатковым фактарам зніжэння аўдыторыі з’яўляецца страх, што паспяхова насаджваюць у грамадстве ахоўнікі рэжыма.

Грамадскі актывізм унутры Беларусі перажывае працяглую фазу заняпаду. Маштабныя і сістэмныя рэпрэсіі прыносяць плён па дэматывацыі грамадства. Пераслед пратэстоўцаў 2020, грамадскіх ініцыятыў і медыя, а таксама міграцыя тысяч актывістаў стварылі атмасферу безнадзейнасці ў краіне. Актыўнасць скарачаецца не толькі з прычыны рэпрэсій, але і таму, што рэжым сістэмна дэмантуе інфраструктуру грамадзянскай супольнасці. Працягваецца прэсінг на сваякоў тых, хто пакінуў краіну. Праект «Палітвязынка» заявіла пра спыненне сваёй дзейнасці — сімптом таго, што нават у ініцыятыў па падтрымцы палітзняволеных сканчаюцца рэсурсы.

Такім чынам, дэмакратычныя сілы працягваюць умацоўваць міжнароднае прадстаўніцтва і супрацоўніцтва з еўрапейскімі структурамі, што дазваляе ім захоўваць суб’ектнасць у міжнародных кантактах. Аднак унутраныя супярэчнасці і дыстанцыянаванне ад беларускага грамадства прыводзяць да паступовага скарачэння іх палітычнага ўплыву на ўнутрыпалітычныя працэсы. У выніку працяглай аўтарытарнай рэакцыі і сістэмных рэпрэсій рэсурсы дэмакратычнага руху для фармавання альтэрнатывы ўнутры краіны звужаюцца.