Эканамічны курс Беларусі апошніх гадоў характарызуецца ваганнямі паміж ручным кіраваннем і рынкавай логікай. З аднаго боку, захоўваецца ідэалагічная падазронасць кіруючага класа да прыватнага бізнесу, імкненне захаваць дзяржсектар любым коштам. Асабіста Лукашэнка дэманструе глыбокі недавер да прадпрымальнікаў, калі яны не ўваходзяць у яго найбліжэйшае кола.
Адміністрацыйныя ўмяшальніцтвы сталі нормай: так, у кастрычніку 2022-га Лукашэнка раптоўна забараніў любое павышэнне цэн, фактычна ўводзячы маштабны цэнавы кантроль. Асабіста дыктатар атрымаў палітычныя дывідэнта ў выглядзе росту рэйтынгаў. Аднак гэта выклікала шок і дысбалансы на спажывецкім рынку. Урэшце ўраду давялося карэктаваць свой падыход, што стварыла напружанасць унутры дзяржапарата: цэнавае рэгуляванне пастаянна карэктуецца пасля першапачатковага жорсткага ўмяшальніцтва.
З другога боку, існуюць спробы рынкавай лібералізацыі, часцей вымушаныя. Пад ціскам санкцый і эканамічнага спаду ўрад часам вымушаны паслабляць жорсткасць: шукаць інвестыцыі, стымуляваць экспарт, вяртаць больш свабоды прыватнікам. Напрыклад, пасля доўгай паўзы (з жніўня 2021 года) у Мінску з кастрычніка 2024 года аднавілася рэгістрацыя індывідуальных прадпрымальнікаў. Але гэтыя крокі несістэмныя і суправаджаюцца хуткім адкатам, калі Лукашэнка адчувае рызыку страты кантролю.
Дыктатар звычайна спрабуе дыстанцыявацца ад спрэчных эканамічных рашэнняў і перакладае адказнасць на ўрад. Ён часта крытыкуе сваіх міністраў за правалы (як у выпадку з цэнтралізаваным экзаменам або ростам коштаў). У той жа час многія жорсткія захады прымаюцца менавіта па ініцыятыве Лукашэнкі.
Дэфіцыт працоўнай сілы і рост заробкаў
Масавая эміграцыя (па асобных ацэнках пасля 2020 года краіну пакінулі да 500 — 600 тыс. чалавек) і старэнне насельніцтва прывялі да скарачэння працоўных рэсурсаў. У 2021–2024 гг. колькасць занятых у эканоміцы істотна зменшылася.
У такой сітуацыі працадаўцы, каб утрымаць работнікаў, вымушаны павышаць заробкі. Галоўным драйверам з’яўляецца канкурэнцыя за кадры: прадпрыемствы змагаюцца за рэшткі працоўнай сілы, якая скарачаецца, што штурхае ўзровень аплаты ўверх.
Аднак гэты рост заробкаў мае нестабільны характар. Павелічэнне выдаткаў на працоўную сілу пры стагнацыі эканомікі і санкцыях стварае рызыку для бізнесу і бюджэту. Сённяшняе павелічэнне заробкаў — гэта хутчэй сігнал праблем у дэмаграфіі і рынку працы, а не сведчанне эканамічнага развіцця.
Тэндэнцыя да пашырэння функцый дзяржавы
Разгляданыя вышэй аспекты дэманструюць агульную тэндэнцыю да татальнага пашырэння ролі дзяржавы ў жыцці краіны. Беларускі рэжым спрабуе кантраляваць практычна ўсе сферы — ад эканомікі да грамадскай думкі. Дзяржава падмяняе сабой незалежныя інстытуты: інфармацыйная прастора напоўнена прапагандай, грамадзянская супольнасць знішчаецца, прафсаюзы пад поўным кантролем, як і моладзевыя арганізацыі і рэлігійныя грамады.
Крок за крокам функцыі дзяржавы распаўсюджваюцца там, дзе раней дзейнічалі грамадскія або прыватныя ініцыятывы. У адукацыі павялічваецца ідэалагічны складнік. У эканоміцы дзяржава кіруе цэнаўтварэннем і пераразмеркаваннем рэсурсаў на карысць дзяржсектара. У культуры і медыя — вяртаецца поўная дзяржаўная манаполія, а альтэрнатыва амаль знішчаная. Дзяржава Лукашэнкі пашыраецца, але не ўзмацняе эфектыўнасць беларускага грамадства. Празмерная централізацыя вядзе да бюракратызацыі і падаўлення ініцыятывы.
Усё гэта стварае унутраныя супярэчнасці і напружанне ў сістэме. Рэжым Лукашэнкі імкнецца кантраляваць усё, таму што баіцца страціць кантроль хоць у адной галіне — але менавіта праз такі татальны кантроль дыктатура губляе гнуткасць і адаптыўнасць. Пагрозы для стабільнасці кіравання становяцца больш відавочнымі: латэнтная незадаволенасць грамадства, стомленасць наменклатуры, эканамічныя дысбалансы, татальная залежнасць ад Крамля — усё гэта падточвае падмуркі рэжыму, які зрабіў выключную стаўку на сілавікоў і рэпрэсіі.
Рэжым позняга Лукашэнкі імкнецца сфармаваць новую рэальнасць для беларускага грамадства і навязаць новую дамову, заснаваную на рэпрэсіях і адмовы ад іншадумства. Інфармацыйная ізаляцыя Лукашэнкі і яго атачэння прывяла да скажэнняў у кіраванні, калі рэальнасць падмяняецца прапагандай. Гэта спараджае ланцуг памылковых рашэнняў, рэпрэсіі супраць любых носьбітаў праўдзівай інфармацыі і ў выніку — зніжэнне якасці дзяржаўнага кіравання.
Напружанне ў грамадстве робіць рэжым нестабільным у доўгатэрміновай перспектыве. Дзякуючы сілавікам Лукашэнка здолеў ўтрымаць уладу, але яны не ў стане вырашыць сістэмных праблем, якія толькі паглыбляюцца: кадравы голад, тэхналагічнае адставанне, дысбалансы ў эканоміцы і эміграцыя актыўнага насельніцтва. Кожны новы віток рэпрэсій і ізаляцыі толькі аддаляе краіну ад развіцця і набліжае да небяспечнай рысы, за якой можа адбыцца сістэмны крызіс.
Позні Лукашэнка ўжо не хоча перагортваць старонку 2020 года, таму што ён сам не ў стане змяняцца і адаптавацца да зменаў у грамадстве. Наадварот, дыктатар спрабуе змяніць грамадства ў адпаведнасці са сваімі поглядамі. Аднак унутраныя супярэчнасці і недавер, які назапашваецца паступова, як і стратэгічныя пралікі і памылковыя рашэнні кіруючага класа ў пэўны момант выведуць сітуацыю з-пад кантролю нават пры татальным ціску.