Дыктатар згубіў упэўненасць у падтрымцы грамадства і імкнецца пратрымацца на штыках сілавікоў нягледзячы на рост дабрабыту насельніцтва. Прапаганда з дапамогай скажоных звестак і статыстыкі стварае дапоўненую рэальнасць стану рэчаў як у насельніцтва, так і ў дыктатара. У сваю чаргу рэпрэсіі застаюцца неад’емнай часткай існавання рэжыма позняга Лукашэнкі.
Дыктатар апынуўся ў інфармацыйным кокане, які ён сам з дапамогай свайго кола давераных асобаў стварыў. Лукашэнка атрымлівае ад сваіх спецслужбаў і чыноўнікаў адфільтраваную, скажоную інфармацыю пра рэальныя настроі ў грамадстве і стан спраў у эканоміцы. Дзяржаўныя органы ўсё часцей абмяжоўваюць доступ да фактаў і рэальнага стану ў эканоміцы, якія маюць адмоўны характар. Белстат яшчэ з 2023 года ўзаконіў прыктыку ўтойвання статыстычных звестак у тых выпадках, калі чыноўнікі палічаць, што іх распаўсюд можа «прынесці шкоду нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці або законным інтарэсам». Гэта замацоўвае тэндэнцыю, якая сфармавалася яшчэ з ковідных часоў 2020: у адкрытым доступе знікаюць цэлыя блокі афіцыйнай статыстыкі — ад дадзеных аб смяротнасці і міграцыі да паказчыкаў знешняга гандлю і стану дзяржаўнага доўгу.
У выніку нават самі чыноўнікі, пазбаўлены поўнага разумення сітуацыі, што робіць іх рашэнні непаўнавартаснымі і супярэчлівымі. У сваю чаргу аўтакрат атрымлівае інфармацыю са скажоных крыніц, у фармаванні якой пераважаюць інтарэсы сілавікоў, і не мае цэласнага ўяўлення пра рэальную сітуацыю. Гэта ўзмацняе яго ўласную няпэўнасць у адносінах да асабістых пазіцый у грамадстве і падазронасць да свайго атачэння.
Ідэалагічная статыстыка супраць якасці кіравання
Пасля падзей 2020 года ў Беларусі павялічваецца інфармацыйна-статыстычны вакуум, які кіруючы клас запаўняе прапагандай. Незалежныя сацыялагічныя апытанні і даследаванні фактычна забароненыя, а любыя афіцыйныя носяць ідэалагізаваны характар.
Факты падганяюцца пад палітычныя задачы, а нявыгадная статыстыка ўтойваецца. Такі падыход стварае ілюзію стабільнасці, але непазбежна адбіваецца на якасці кіравання.
Кіраўніцтву краіны цяжэй прымаць узважаныя рашэнні ва ўмовах дэфіцыту неідэалагізаванай аналітыкі. У выніку дзяржаўнае кіраванне дэградуе. Рашэнні прымаюцца на падставе сфальсіфікаваных звестак. Якасць кіравання, як і аналітычнага суправаджэння, істотна пагаршаецца разам з узмацненнем ідэалагічнай ангажаванасці даследаванняў.
Пераслед экспертаў і вынішчэнне незалежнай аналітыкі
У адказ на крытычнае асвятленне праблем кіруючы клас імкнецца знішчыць аналітычную супольнасць. Незалежныя аналітычныя цэнтры зачыненыя або вымушаны з’ехаць за мяжу. Узмацняецца пераслед сацыёлагаў і экспертаў: супраць іх узбуджаюцца крымінальныя справы, іх абвінавачваюць у «экстрэмізме» і працу на замежныя дзяржавы, як у горшых традыцыях савецкага таталітарызму. Паказальным выпадкам з’яўляюцца завочныя прысуды 20 беларускім палітолягам, журналістам і сацыёлагам, якія ў медыя атрымалі назву «аналітыкамі Ціханоўскай». Нядаўна следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы пра здраду дзяржаве ў дачыненні да трох сацыёлагаў з Мінску.
Такія крокі рэжыму дэманструюць страх перад любой альтэрнатыўнай думкай. Кіруючы клас знішчае экспертную дыскусію і фактычна адсякае сябе ад неангажаванай аналітыкі, а палітычныя рашэнні базуюцца на стварэнні прапагандысцкіх эфектаў.
Непапулярныя рашэнні і рост незадаволенасці
Дэградацыя сістэмы кіравання прыводзіць да таго, што ўлада ўсё часцей прымае непапулярныя рашэнні, адарваныя ад патрэб грамадства. Замест прызнання памылак і дыялогу з грамадскасцю, дыктатар пераводзіць стрэлкі на чыноўнікаў. Такі падыход сведчыць аб унутранай супярэчнасці рэжыму: імкнучыся падабацца народу, Лукашэнка адначасова сам правакуе незадаволенасць сваімі ж дзеяннямі ў розных сацыяльных груп. Непапулярныя рашэнні накопліваюцца і маюць адкладзены характар — барацьба з «дармаедамі» сярэдзіны 2010-х, ковіднае дысыдэнцтва 2020, рэзкае замарожванне цэнаў у 2022-м, новыя падаткі і абмежаванні, скарачэнне сацыяльных гарантый. Гэтыя захады падточваюць давер нават сярод лаяльных груп. У сітуацыі адсутнасці зваротнай сувязі яны могуць прыводзіць да нечаканых кіруючым класам выбухаў грамадскай незадаволенасці.
У гэтай сітуацыі рэжым усё больш спадзяецца на сілавікоў і лаяльны бюракратычны апарат. Масавыя пратэсты 2020 года выклікалі аўтарытарную рэакцыю і прэвентыўныя чысткі: любыя праявы незадаволенасці душацца адміністратыўнымі і крымінальнымі мерамі. Дыктатар кансалідуе дзяржапарат і сілавы блок, які ў сваю чаргу патрабуе падтрымання градусу рэпрэсій. Такі курс, аднак, толькі павялічвае напружанне ў сістэме. Раздражненне не знікае, а замоўчванне праблем вядзе да іх назапашвання. Рэжым апынуўся ў каляіне ўласнай жорсткасці — захаванне ўлады «на штыках» сілавікоў выключае дыялог і гнуткасць у прыняцці рашэнняў.
Аперацыі супраць іншадумцаў унутры краіны і за мяжой
Для ўтрымання кантролю Лукашэнка разгарнуў беспрэцэдэнтны па маштабах пераслед дэмакратычных сіл. Унутры краіны спецслужбы ладзяць сапраўдныя карныя рэйды супраць іншадумцаў. Так, напярэдадні традыцыйнага для дэмакратычнага грамадства свята Дня Волі 25-га сакавіка КДБ зладзіў маштабную акцыю пераследу. Прапагандысты працягваюць запалохваць грамадства пераследам за падтрымку інфраструктуры грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.
Запалохванне стала сістэмай: людзям пагражаюць звальненнем, адлічэннем з ВНУ, канфіскацыяй маёмасці за найменшую нелаяльнасць.
Пераслед працягваецца і па-за межамі Беларусі. Улады імкнуцца нейтралізаваць актывістаў у выгнанні: абмяжоўваюць у канстытуцыйных правах і дзяржаўных паслугах, ствараюць агентурныя сеткі, каб сачыць і сеяць недавер у дыяспары. Ахоўнікі рэжыму пастаянна заводзяць завочныя крымінальныя справы супраць лідараў і актывістаў дэмсіл за мяжой, адбіраюць маёмасць апанентаў і пераследуюць іх сваякоў.
Фактычна рэжым абвясціў вайну ўсім нязгодным беларусам, дзе б яны ні знаходзіліся. Гэта стварае атмасферу татальнага страху, але адначасова і падрывае стабільнасць. Маштабныя рэпрэсіі супраць соцень тысяч уласных грамадзян могуць прывесці да непрадказальных наступстваў для самога рэжыму.
Кантроль актывістаў «русского мира»
Адначасова рэжым Лукашэнкі імкнецца абмежаваць празмерную актыўнасць актывістаў «русского мира», калі тыя пачынаюць пагражаць манаполіі ўлады. Нягледзячы на ўсебаковую рыторыку пра стратэгічнае саюзніцтва з Расіяй, Лукашэнка не церпіць ніякай непадкантрольнай актыўнасці, нават калі яна фармальна праўладная. Яскравы прыклад — ціск на шэраг вядомых прарасійскіх блогераў і актывістаў у 2024–2025 гадах. Самая вядомая з іх, прапагандыстка Вольга Бондарава, нядаўна апынулася за кратамі: яе арыштавалі і змясцілі ў мінскі ізалятар на Акрэсціна на 13 сутак. Яшчэ адзін яе паплечнік атрымаў 10 сутак арышту ў Віцебску. У сваю чаргу частка дзяржаўных ідэолагаў ужо даўно імкнуцца пазбавіць публічнага ўплыву прарасейскіх актывістаў, такіх як Бондарава.
Відавочна, улады імкнуцца не дапусціць фарміравання паралельных цэнтраў уплыву ў прарасійскім лагеры. Як толькі рыторыка актывістаў «русского мира» выходзіць з-пад кантролю і змяшчае крытыку бліжэйшага кола Лукашэнкі — іх таксама чакае пераслед.
Такім чынам, рэжым балансуе між неабходнасцю дэманстраваць абсалютную лаяльнасць Крамлю і імкненнем захаваць манаполію на ідэалогію ўнутры краіны. Гэты баланс дастаткова хісткі. Лукашэнка не можа занадта жорстка ціснуць на пракрамлёўскія асяроддзі, таму што рызыкуе выклікаць незадаволенасць Крамля і прарасейскі настроенай часткі эліт. Аднак дыктатар не можа дазволіць канкурэнцыю свайму ўплыву на гэтым полі. Крэмль разам з сілавікамі забяспечыў Лукашэнку захаванне прэзідэнцкага фатэлю, калі ў 2020 годзе ўжо здавалася, што рэжым пачынае абвальвацца пад ціскам маштабных грамадскіх пратэстаў.