Урад рыхтуе грамадскую думку да эканамічнага спаду і патэнцыйнага крызісу. Кіруючы клас працягвае дэмантаж сацыяльнай дзяржавы і рэсаветызацыю працоўнага рынку. Улады ажыццяўляюць захады па стрымліванні развіцця прыватнага бізнэсу і прытрымліваюцца пераразмеркаванняў на карысць дзяржаўнага сектара. Лукашэнка працягвае ўводзіць малодшага сына ў высокія колы расейскага істэблішмента, што мае значна большае значэнне для ўладнага транзіту, чым ратацыя старшынь Саўміна.

Пасля ўступлення на пасаду прэм’ер Турчын зрабіў шэраг заяў наконт дысбалансаў у эканоміцы і іх магчымых наступстваў. З аднаго боку, старшыня Саўміна імкнецца перастрахавацца перад Лукашэнкам. Так, тэмпы росту беларускай эканомікі пачалі запавольвацца, а ў лютым яшчэ больш паскорылася інфляцыя. Чыноўнікі Мінфіна імкнуцца схаваць статыстычныя звесткі аб фінансах дзяржавы і адначасова супакоіць насельніцтва.

З іншага боку, накіраванне экс-прэм’ера Галоўчанку кіраваць Нацбанкам узмацняе пазіцыі прыхільнікаў разагрэву эканомікі праз грашовыя ўліванні. Так, гаспадарнік Галоўчанка замяніў тэхнакрата Калаўра на пасадзе кіраўніка Нацбанка, што можа быць сведчаннем змякчэння манетарнай палітыкі. Верагоднасць вяртання да стымулявання эканомікі таннымі крэдытамі для дзяржпрадпрыемстваў значна павялічваецца.

Адначасова чыноўнікі плануюць у чарговы раз перагледзець цэнавае рэгуляванне, якое вычарпала свой палітычны эфект. Так, стрымліванне росту цэн ужо наўрад ці прыносіць дадатковыя бонусы для рэйтынгу Лукашэнкі, аднак стварае істотныя праблемы для чыноўнікаў і бізнэсу. Хутчэй за ўсё, урад паступова будзе аслабляць рэгуляванне, што ў выніку паўплывае на паскарэнне інфляцыі.

Кіруючы клас працягвае прымаць захады для ўзмацнення кантроля над прыватным бізнэсам і яго палітычнай лаяльнасцю. Беларускае кіраўніцтва паслядоўна прымае абмежавальныя захады, каб скараціць занятасць у сферы малога прадпрымальніцтва. Улады пачалі караць штрафамі ІП за адмову ў перавод дзейнасці у статусе юрыдычнай асобы. Адначасова ў розных сектарах эканомікі перыядычна адбываюцца пераразмеркаванні на карысць набліжаных да сям’і Лукашэнкі бізнэсоўцаў, як, напрыклад, у медыцынскай сферы.

Кадравыя праблемы назапашваюцца, хаця чыноўнікі імкнуцца іх вырашыць у рамках зададзенай аўтакратам каляіны. Гэта значыць з перавагай дырэктыўных і абмежавальных метадаў з працягам палітычных чыстак. Варта зазначыць, што сярод адной з асноўных прычын дэфіцыту працаўнікоў з’яўляецца палітычны пераслед і эміграцыя работнікаў (у дадатак да дэмаграфічных праблем краіны). Тым не менш, рэжым захоўвае маштабы рэпрэсій у адносінах да іншадумцаў. Асабіста Лукашэнка застаецца прыхільнікам палітычных рэпрэсій, у тым ліку чыстак у дзяржапараце. Так, дыктатар яшчэ раз паўтарыў указанне сваім падначаленым захоўваць палітычныя чысткі ў дзяржсектары.

Чыноўнікі разлічваюць скараціць плынь моладзі за мяжу, дзеля чаго яшчэ ў 2023 годзе распрацавалі дарожную карту па ўтрыманні маладых людзей у краіне. Нагледзячы на частковыя поспехі, дзяржідэолагі вымушаны прызнаваць свае абмежаванні ў выкараненні праеўрапейскіх настрояў. У сваю чаргу офіс Ціханоўскай ацэньвае колькасць патэнцыйных эмігрантаў з моладзевага асяроддзя ў памеры каля 40%.

Пры гэтым кіруючаму класу атрымліваецца паспяхова інтэграваць у дзяржаўны парадак дня моладзевых інфлюэнсераў. Хаця іх высілкі часам блакуюцца асобнымі прыхільнікамі «русского мира», звязанымі з ахоўнікамі рэжыма. Тым не менш, чыноўнікі разлічваюць убудаваць блогераў у прапагандысцкі механізм і выкарыстоўваць для пашырэння прапагандысцкіх наратываў.

Сілавікі паступова вяртаюць рэпрэсіўны практыкі барацьбы з «дармаедамі» на фоне тэндэнцый па рэсаветызацыі грамадства. Міліцыя пачынае пагражаць «утрыманцам» штрафамі і арыштамі. Яшчэ раней прадстаўнікі МУС пачалі праводзіць рэйды па адрасах людзей, якія лічацца не занятымі ў эканоміцы.

Чыноўнікі папулярызуюць праграму «Адкладзеная пенсія», якая мае на мэце змякчыць дэфіцыт у пенсійным фондзе і часткова вырашыць кадравы дэфіцыт. Аднак гэтыя захады больш за ўсё ўкладваюцца ў логіку паступовага дэмантажу сацыяльнай дзяржавы. Рэжым Лукашэнкі ўжо не ў стане забяспечыць ранейшы набор сацыяльнага пакета шырокім групам насельніцтва. Акрамя таго пасля 2020 года ўсё болей дзяржаўных рэсурсаў накіроўваецца на падтрыманне лаяльнасці сілавых органаў рэжыма і наменклатуры.

У бліжэйшы час сілавікі захаваюць сваю апаратную вагу, асабліва ў сітуацыі ўзмацнення ў кіраўнічым класе трывожных чаканняў і эканамічнага спаду. Ахоўнікі рэжыма працягваюць удасканальваць механізмы барацьбы з пратэсным рухам. «Кіберпартызаны» выявілі, што сілавікі сочаць за беларусамі з дапамогай базы «Маяк».

У сваю чаргу новые прызначэнні і ператасоўкі ва ўрадзе наўрад ці сведчаць пра ўладны транзіт (у разуменні перадачы Лукашэнкам улады пераемніку), як і перыядычныя заявы дыктатара наконт прэзідэнцкіх амбіцый сваіх падначаленых. Аўтакрат у чарговы раз ссоўвае акцэнты ў павесцы ўладнага транзіта з асабістага адыходу з пасады прэзідэнта на пашырэнне ўладных паўнамоцтваў іншых дзяржінстытутаў. Прычым гэтыя трансфармацыі адбываюцца пераважна не за кошт звужэння асабістых паўнамоцтваў Лукашэнкі, а пашырэнне ўмяшальніцтва наменклатуры ў прыватны сектар. Так адбылося ў выпадку прадастаўлення старшыня гар- і райвыканкамаў прызначаць кіраўніцтва прыватных прадпрыемстваў і прыцягнення насельніцтва да добраўпарадкавання. Лукашэнка імкнецца захаваць сваю ролю і ўплыў у пераразмеркаваннях дзяржаўных рэсурсаў, а абмежавацца перадачай неістотных функцый.

Пакуль аналітыкі абмяркоўваюць ператасоўкі кадравай калоды рэжыма, Лукашэнка са сваім дофінам наведаў з афіцыйным візітам Маскву. У сітуацыі крытычнай залежнасці беларускага рэжыма ад Крамля сустрэчы малодшага Лукашэнкі з расейскай элітай маюць значна большае значэнне ў пытаннях транзіту ўлады, чым перыядычная ратацыя старшыняў Саўміна.

Такім чынам, кіруючы клас захоўвае стаўку на сілавікоў у чаканні эканамічнага спаду. Адпаведна дзяржаўныя рэсурсы працягнуць пераразмяркоўвацца на падтрыманне лаяльнасці ахоўнікаў рэжыма і кансалідацыю дзяржапарата. Магчымае запавольванне эканомікі адмоўна паўплывае на рэйтынгі дзяржінстытутаў і рост незадаволенасці насельніцтва.