А я вам раскажу, калі стане зразумела, што Заходняя Еўропа па-сапраўднаму ўсвядоміла, што расейская пагроза пішацца без двукоссяў. Што свядомасць жыхароў Еўропы трэба пераводзіць і на вайсковыя, і на ваенныя рэйкі. Вы заўважыце змены ў рыторыцы Офіса Ціханоўскай і Кабінета Латушкі.
У Еўропе не гаворым супраць ветру
Колькі б беларусы па абодва бакі мяжы ні выказвалі «фе» невыразнай палітыцы законна абранай прэзідэнткі Беларусі ды людзей, якія больш ці менш блізка згуртаваліся вакол яе, беларусы з палітычнымі амбіцыямі за мяжой мусяць рухацца не толькі з хуткасцю палітычнага патоку, але і ў агульным з ім кірунку.
А кірунак быў такі самазаспакаяльны, што да еўрапейскіх палітыкаў толькі пачынае даходзіць, што сваю бяспеку давядзецца браць у свае ж рукі. І ўжо не важна, што Трамп то пагражае ўсё зламаць, то вяртаецца на стартавую пазіцыю.
Балабол пра ўсё на свеце на ўсе бакі? Беларусы такое ўжо дзесьці бачылі. Але хто дасць гарантыю, што Трамп — гэта фінальны варыянт палітычных зменаў амерыканскай палітыкі, што ён ягадка, а не кветачка? Што Еўропа і праўда можа застацца без ЗША ў NATO.
Свет па-сапраўднаму стаіць на вушах упершыню ад Карыбскага крызісу 1962 году.
«Хістаемся разам з еўра-партыяй»
Беларускія дарадцы Святланы Ціханоўскай выгадаваныя ў еўрапейскім уяўленні пра міжнародную палітыку. Яны «хісталіся разам з партыяй», калі ўзгадаць стары савецкі жарт, зноў свежы, нібы з печы.
Тое, чаго многія беларусы чакалі ад Офіса ці Кабінета, было немагчымым да сёння.
Не, праўда, як бы гэта выглядала, калі б Святлана Ціханоўская паехала ў тур па краінах Еўразвязу заклікаючы: «Рыхтуйцеся, расейскае ўварванне ў Еўропу не за гарамі! Трэба беларусам унутры краіны арганізаваць супраціў!»?
Ці, напрыклад, выступ Паўла Латушкі ў Еўрапарламенце: «Стварайце Армію Андарса 2.0 для беларусаў!»?
Армія генерала Уладзіслава Андарса — корпус у складзе брытанскага войска часоў ІІ Сусветнай вайны, сабраны з грамадзян Другой Польскай рэспублікі, найперш з узятых у савецкі палон жаўнераў, у тым ліку значнай часткі этнічных беларусаў.
«Армія Андарса 2.0» для беларусаў
Чаму б сёння не стварыць вайсковы корпус з выхадцаў з Беларусі ўжо з рознымі пашпартамі для агульнаеўрапейскага інтарэсу — абароны ад расейскай пагрозы? Не ўкраінскі «полк Каліноўскага», дзе беларусы не маюць права быць афіцэрамі, а паўнавартасную вайсковую адзінку.
Яшчэ нядаўна падобныя развагі выклікалі саркастычную ўсмешку скептыкаў: маўляў, фантазіі, не больш за тое.
Сёння ўжо адкрыта вядуцца размовы пра стварэнне агульнаеўрапейскага войска.
Думаю, што пакуль у Еўропе трывае шок ад самой думкі пра магчымасць зноў ваяваць і паміраць за сваю свабоду.
Але ёсць і добрыя навіны. Нарэшце жыхары краін Еўразвязу і беларусы пачалі сінхранізацыю сваіх светаглядаў.
Да нядаўняга часу было як? Краіны Заходняй Еўропы, а таксама Польшча, актыўна ўкладваліся ў развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Спектр узаемадзеяння быў вельмі шырокі: адукацыя, навука, культура, спорт, недзяржаўныя арганізацыі шматлікіх кірункаў, нават тэма самакіравання для людзей з дзяржаўных структур. Можа, хто забыўся, але беларускія чыноўнікі таксама ездзілі па разнастайных асветніцкіх праграмах краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.
Відаць, агульны разлік быў такі, што беларусы зменяцца знутры краіны, і Беларусь аўтаматычна далучыцца да квітнеючай супольнасці еўрапейскіх дэмакратый.
«Варшаўскае паўстанне 2020»
І вось у 2020 годзе беларусы не проста змяніліся знутры краіны, а грамадзянская супольнасць не проста паўстала, а выступіла шырока, глыбока і вельмі гучна.
«Варшаўскае паўстанне», — круціў я ў галаве фразу, калі назіраў, як у жніўні 2020 году суайчыннікі ствараюць і разгортваюць сеткі гарызантальных сувязяў.
А Варшаўскае паўстанне, пачатае ў жніўні 1944 году, у тым сэнсе, што на дапамогу ніхто не прыйдзе.
Так і сталася. Беларусы засталіся сам на сам з узброеным да зубоў ворагам, якога падтрымаў Крэмль, яшчэ больш узброены і больш адмарожаны за лукашыстаў.
Сёння адно Польшча цягне на сабе асноўную дапамогу беларусам, даючы магчымасць вымушаным перасяленцам асесці ў сваёй краіне. Дапамагаюць і ў некаторых іншых краінах, але неахвоча. Нібы «вырасцілі сабе на галаву праблему» ў выглядзе беларусаў з незалежным мысленнем і прагай дэмакратыі.
Праз прыцэл медыяў
Паміж разважаннямі пра тое, што ж будзе з Еўропай і ці ачуняе яна ад геданісцкага, інфантыльнага, паўлетаргічнага сну самазаспакоенасці, сустрэў абвестку пра магчымасць паслухаць вебінар «Фінансаванне расследавальніцкай журналістыкі: выклікі і стратэгіі».
Трэнінгі падвышэння кваліфікацыі, як агулам, так і вузкатэматычныя, для беларускіх журналістаў у краінах ЕЗ ладзяцца рэгулярна. Толькі пытанне — з якой канчатковай мэтай? Што, напрыклад, могуць расследаваць беларускія журналісты ў краінах ЕЗ? Праблему польскай бюракратыі ў медыцыне альбо вывазу смецця на Сіцыліі? Дык у ЕЗ і сваіх спецоў хапае, ды яшчэ ад нараджэння ў тэме.
Выбар просты: павялічыць колькасць беспрацоўных журналістаў на тэрыторыі краін ЕЗ (сарказм) альбо падрыхтаваць прафесіяналаў для беларускіх тэм ва ўмовах вайны. У нашых умовах расследаванне — гэта выведка.
Выведка з адкрытых крыніц плюс праз сваіх людзей знутры.
А пакуль інфармацыйная павестка ў свеце — амерыканскія горкі, беларусы застаюцца ў пазіцыі назірання.
Падтрымаем еўрапейцаў у бядзе
Пасля месяцу палітычных кульбітаў Дональда Трампа ўкраінская палітолаг з Варшавы Ольга Бабакова напісала паўжартам, маўляў, ці не пара ствараць англамоўны медыі, якія будуць спрыяць дэмакратызацыі ЗША?
Расшыфроўваю: стварыць як бы «Радыё Свабода/Свабодная Еўропа», толькі з тэрыторыі Еўразвязу, і назваць «Свабодная Амерыка». Бо па Штатах пачаў блукаць прывід аўтарытарызму.
А калі без жартаў, каб перамагчы дзярмо, давядзецца заляпацца. Дзе б яно ні было.
Інтарэсы еўрапейцаў і беларусаў могуць сысціся: калі прафесійны расследавальнік стане прафесійным выведнікам. Мы ж ведаем патэнцыйнага праціўніка.
І можам ладзіць трэнінгі — для еўрапейцаў.