Мы, беларусы, ведаем пра ковід па-за межамі Беларусі дзякуючы сторыз — нам у інтэрнэце паказвалі.
Мы глядзелі са сваёй паралельнай усяму і ўсім прасторы як людзі месяцамі сядзелі па хатах і як плацілі суседзям, каб выгуляць іхнага сабачку. Але самае галоўнае тое, што мы пасля дазналіся, што ковід максімальна раз’яднаў краіны Еўропы. Юнакі ўнутры Еўразвязу ўпершыню пабачылі што гэта такое — рэальная мяжа, якую можна перасекчы толькі са спецыяльным дазволам.
Яшчэ людзі навучыліся працаваць і вучыцца дыстанцыйна. Людзі ў Еўропе (і не толькі ў ёй) адчулі, што не патрэбнае ім гэтае адзінства, якім так ганарыліся стваральнікі еўраструктур. А папулісты не замарудзілі скарыстацца з новай псіхалагічнай рэальнасці, і пачалі набіраць балы ў аматараў ідэалогіі «мы самі, мы самі, мы самі па сабе».
Што праўда без уліку, што дзесьці недалёка не дрэмле Расея. Бо еўрапейскае народанасельніцтва прыручылі… прывучылі да думкі, што з Расеяй — усё. Яна больш не пагроза.
Трамп толькі падкінуў дроваў у агонь тэндэнцыі на раз’яднанасць. Філасофія Трампа вельмі простая і вядомая ад часоў першабытнага чалавека: хто больш моцны, той і кіруе працэсамі. А «хто не пахаваўся — я не вінаваты».
І тут самы час выхаду на арэну артыстаў-папулістаў, якія прапануюць не надта ахвочаму да рэфлексій электарату вялікіх і малых па насельніцтве краін варыянт новай самаізаляцыі. «Што нам той Брусель», — кажа папуліст у Венгрыі, — «Мы самі мусім выжываць». І… ідзе на здзелку з Масквой. А Брусель… Нічога не можа. Не выікдаць жа Венгрыю з Еўразвязу? Хоць, чаму б і не?.. Адныя трохкроп’і нявызначанасці.
«Бога нет!»
«Бога нет!» — мяркую, гэта галоўны лозунг, якім бальшавікі падкупілі паўпісменных рабочых і цёмных, сляпых нібы крот сялянаў колішняй Расейскай імперыі. Усё было складана, нейкі дзядзька з воблака пільнаваў, каб люццы не парушалі парадак. А тут прыйшлі нейкія адвязаныя з пісталетамі, і прапанавалі просты падыход да жыцця: у каго сіла — той і мае рацыю. «У чым праўда, брат?» У пісталеце ў тваёй руцэ. Так дзейнічае і нашчадак бальшавікоў Пуцін.
І Трапм. Толькі розніца ў тым, што ЗША пабудаваныя хрысціянамі на хрысціянскіх жа прынцыпах. Таму замена ідэі маралі на трампаўскую ідэю выгады, гэта тое самае «Бога нет!», толькі від збоку. Як адрэагуе на такі нечаканы паварот сюжэту амерыканскае грамадства, у тым ліку прыхільнікі Рэспубліканскай партыі, — вялікі пытальнік.
Трамп разбурае, спрабуе, прынамсі, знішчыць светабудову, дзе ЗША, створаныя выхадцамі з усёй Еўропы, увасаблялі сабою месца, якое кіруецца прынцыпамі справядлівасці для ўсіх, незалежна ад колькасці грошай на рахунку.
Свабоды без маралі не бывае. Трамп прапануе свайму электарату ізаляцыянізм, маўляў, у нас тут утульны дэмакратычны міжсабойчык, а астатні свет няхай тр@хаецца як хоча.
Але ёсць і надзея: магчыма Трамп — трыкстэр. Гэта калі праз непрымальныя і няправільныя з гледзішча большасці паводзіны, дасягаецца канкрэтны пазітыўны вынік. У нашым выпадку дасць па носе крамлёўскім.
Глядзіце як «саюзнікі» у Маскве і Менску асцярожна рэагуюць на бурлівую дзейнасць Трампа. Адчуваюць, што нешта рушыць не туды. Але што, як злавіць хаду думак Трампа, калі яны ёсць?
Святло далёкіх зорак
«Тая палітычная канфігурацыя карцінку якой вы трымаеце ў галаве, яна знікла», — кажа палітычны аналітык у ютубе. — «Вось тое, што было зусім нядаўна — гэта святло зорак, якія ўжо згаслі».
Таму Еўразвяз не ведае як рэагаваць, напрыклад, на палітычнае кіраўніцтва Венгрыі, якая жыве на столькі па свойму, што там нават грамадзянін Польшчы можа папрасіць і атрымаць палітычны прытулак. Унутры Еўразвязу. Анекдот з гледзішча беларуса. Дык і з гледзішча Бруселя анекдот. Але факт.
Трамп кажа еўрапейскім палітыкам: «Займайцеся самі сваёй бяспекай». У перакладзе гэта прыблізна так — стварайце сваё еўрапейскае войска. У мяне пытанне з залі: «З кім? З Венгрыяй, Славакіяй, з прарасейскімі, дакладней, купленымі Крамлём, партыямі ў іншых краінах Еўразвязу»? Можа тады ўжо заадно і ўнутраныя войскі ЕЗ ствараць?
Вядома, можна ў якасці войска ЕЗ узяць украінскае, выдзеліць грошы на ўжо гатовую, абкатаную ў баях, структуру. Але хто першы з топ-палітыкаў прамовіць падобную ідэю? З гледзішча любога бюргера Украіна — гэта ускраек далёкай галактыкі, а не штосьці, што пад бокам.
«Новыя выклікі»
Усё што робіць Трамп, беларусы ўжо бачылі, толькі ў адным асобна ўзятым сінявокім крыштальным сасудзе. Цяпер аматары Лукашэнкі, былыя ды існыя, могуць насалоджвацца ўсясветнай праекцыяй сваіх мараў — жыць пад кіраўніцтвам рашуага начальніка, які не сюсюкаецца з праівламі, і парушае іх пры патрэбе.
Нядаўна вядомы шмат каму з беларусаў чалавек напісаў у сваім блогу, маўляў, а што гэта кіношнікі на міжнародных сустрэчах усё са сваім «2020 годам» таўкуцца? Маўляў, на Захадзе ўжо даўно забыліся пра Беларусь больш як чатырохгадовай даўніны. Трэба ствараць мастацкі прадукт з улікам новых выклікаў.
Пост быў зроблены за пару дзён да гістарычнага ср@чу… гістарычнай сустрэчы Трампа і Зяленскага.
Тут самы час зноў вярнуцца до ковіду. Пакуль у 2020 годзе ва ўсім свеце аматары футболу заўзелі за беларускую футбольную каманду «Slutsk», у Беларусі адбывалася самая маштабная ў гісторыі палітычная мабілізацыя ва ўмовах аўтарытарызму. Ствараліся невераемныя па хуткасці і аб’ёмах гарызантальныя сувязі, і, вядома, адбывалася калектыўная рэвалюцыя свядомасці і супольны подзвіг духу.
А цяпер увага — а якія ёсць сучасныя выклікі, якія не адпавядаюць набытаму беларусамі калектыўнаму досведу?
Хто каго мусіць вучыць, у тым ліку з дапамогай фільмаў, выжываць у новым дзіўным свеце?
Што могуць беларусы даць свету
Сёння беларусы фактычна запертыя праз візавыя абмежаванні. А за мяжой у эміграцыі не маюць палітычнай суб’ектнасці. Таму мы проста назіраем за стрэмным варушняком, які адбываецца наўкола краіны і ў свеце.
Хтосьці глядзіць адасоблена, і нарэшце псіхалагічна адпачыве, бо дакладна не бліжэйшым часам трэба будзе тлумачыць што Лукашэнка не ёсць роўна Беларусь, бо на Лукашэнку ў святле (альбо ценю) Трампа ўсім начхаць.
Хтосьці наадварот, актыўна ўдзельнічае ў іншаземным эмацыйным жыцці, бо сваё схаванае глыбока, прыблізна як бел-чырвона-белы сцяг ад варожых вачэй.
Лукашысты не ведаюць, што рабіць з паняццем «калектыўны Захад», бо гэты ідэалагічны фантом рассыпаўся проста на вачох парай выказванняў Трампа. А ці ўзнікне «калектыўная Еўропа» — вялікае пытанне.
Але ў кожным разе беларусы ў 2020 годзе апярэдзілі час, скокнуўшы вышэй за дзяржаўную сістэму.
Украінскі філосаф Сергій Дацюк у каментары да сустрэчы Трампа і Зяленскага высунуў сваю версію непаразумення амерыканскага і ўкраінскага прэзідэнтаў. Калі скарочана, сітуацыя выглядае так.
Трампу важна не дапусціць Трэцюю Сусветную вайну. Зяленскаму важна захаваць незалежнай Украіну. Трам можа бачыць свет без сусветнай вайны, у якім няма незалежнай Украіны. Зяленскаму ўсё роўна якім будзе свет, калі ў ім няма Украіны.
Адпаведна Трампу не так важнае існаванне і незалежнай Украіны і краін Балтыі як самастойных дзяржаваў, дый часткова іншых краін Еўропы. Што ўжо казаць пра «беларускае пытанне» хоць унутры РБ, хоць звонку.
Хутчэй за ўсё у Крамлі разлічваюць, што калі Расея, напрыклад, захопіць эстонскую Нарву, літоўскую Ігналіну ці польскія Сувалкі, еўрапейскія ўрады будуць адно што стэлефаноўвацца і выказваць узаемную «сур’ёзную заклапочанасць».
Вось тут і прыдасцца самаарганізацыйны досвед беларусаў, якім мы зможам падзяліцца ў краінах прыбывання. У краінах, якім давядзецца аб’ядноўвацца на ўзроўні грамадзянскіх супольнасцяў.
І тады апошнія стануцца першымі.