Дэмакратычны рух атрымлівае істотныя рэпутацыйныя страты ў выніку правалаў некалькіх мэйнстрымавых праектаў кааліцыі Ціханоўскай. Адна з найбольш папулярных ініцыятыў дэмсіл «Пашпарт новай Беларусі» сутыкаецца з чарговымі цяжкасцямі з-за рэакцыі літоўскага грамадства. Сілавікі рэжыма разбураюць адзін з важных элементаў архітэктуры дэмсіл — антываенны праект «Беларускі гаюн». У сваю чаргу падтрымка грамадзянскай супольнасці зазнае істотныя скарачэнні ў выніку перагляду падыходаў міжнароднай падтрымкі з боку адміністрацыі новага прэзідэнта ЗША. Адначасова ў бліжэйшы час адсутнічаюць перадумовы для мабілізацыі беларускага грамадства, якая бы надала новы імпульс у развіцці прадэмакратычнага руху.
Незалежны маніторынгавы праект «Беларускі гаюн» спыніў працу. Праект толькі ў Тэлеграме меў аўдыторыю каля 345 тыс. падпісантаў. Гэтая ініцыятыва адсочвала вайсковую актыўнасць у Беларусі ад самага поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. «Беларускі гаюн» меў шырокую сетку інфарматараў у краіне — болей за 30 тыс. Спыненне праекта адбылася ў выніку ўзлому бота беларускімі сілавікамі. Ахоўнікі рэжыма атрымалі доступ да базы кантактаў актывістаў антываеннага руху, у тым ліку інфарматараў унутры краіны. Гэта прывядзе да чарговай хвалі зачыстак і істотнага аслаблення антываеннага руху ўнутры краіны, у тым ліку чарговай хвалі эміграцыі актыву. У сваю чаргу дэмсілы страцяць істотныя аргументы ў падтрымку сваёй суб’ектнасці у камунікацыі з партнёрамі ў ЕС, ЗША і Украіне.
Варта зазначыць, што кіруючы клас разлічвае цалкам разбурыць сеткавую інфраструктуру грамадзянскай супольнасці, якая гуртуецца вакол дэмакратычнай лідаркі Ціханоўскай. У рэжыма гэта атрымліваецца дзякуючы несувымерна большых рэсурсаў у параўнанні з іх апанентамі.
Варта зазначыць, што ў 2024 годзе актывістам грамадзянскай супольнасці не атрымалася дамовіцца пра супольнае правядзенне акцыі ў падтрымку палітвязняў. Гэта было звязана як з ростам ціску сілавікоў, так і ўнутранымі супярэчнасцямі ў асяроддзі дэмакратычнага руху. Пры гэтым у выніку марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно», які ініцыявала прадстаўніца АПК Вольга Гарбунова, атрымалася ў 2023 годзе акумуляваць каля EUR 575 тыс. Ініцыятары Эстафеты Салідарнасці «Галасы праз межы» сабралі ў 2024 годзе ўжо толькі крыху болей за EUR 7 тыс.
Пасля крытыкі з боку літоўскіх палітыкаў і папярэджання праваахоўных органаў Літвы кампанія «Garsų pasaulis» прыпыніла выпуск пашпартоў новай Беларусі. Пашпарт быў адной з найбольш папулярных ініцыятыў дэмакратычнага руху. Гэты праект меў значную зацікаўленасць з боку апанентаў рэжыма, што дазваляла кансалідаваць актывістаў вакол кааліцыі Ціханоўскай. Аднак з моманту паўстання ініцыятыва перажыла крызіс і змену канцэпцыі. Праект набыў сімвалічны характар, які зараз увогуле апынуўся пад пагрозай поўнага закрыцця. Пры гэтым сілавікі і прапагандысты рэжыма ўжо арганізавалі некалькі кампаній для дэматывацыі актывістаў далучацца да гэтага праекта.
Прыхільнікі дээскалацыі рыторыкі ў адносінах да рэжыма Лукашэнкі працягваюць спробы ўмацаваць свае пазіцыі ў медыйным парадку дня. Ветэран апазіцыйнай палітыкі Зянон Пазняк тлумачыць вызваленне палітзняволеных як сігналы афіцыйнага Мінска Захаду для зняцця санкцый. Гэтыя інтэрпрэтацыі наўрад ці ўплываюць на палітыку заходніх сталіц у адносінах да афіцыйнага Мінску. Захад ўвёў большасць абмежаванняў з-за саўдзелу рэжыма ў крамлёўскай агрэсіі і акты паветранага пірацтва. Аднак такія дзеянні ўносяць дадатковы раскол у адзіны парадак дня дэмакратычнага руху, які і так аслаблены спецаперацыямі рэжыма і скарачэннем падтрымкі.
Адначасова кааліцыя Ціханоўскай імкнецца захаваць узровень супрацоўніцтва з польскім істэблішментам, а таксама спрабуе захаваць узровень кантактаў з еўрапейскімі сталіцамі. У Форуме Касцюшкі прынялі ўдзел міністр замежных справаў Польшчы, дыпламаты з Літвы, Швецыі, Украіны і іншых краінаў. Дэмсілы разлічваюць на ўзаемадзеянне з еўрапейскімі партнёрамі, каб кампенсаваць страты амерыканскай падтрымкі пасля змены кіраўніцтва ЗША.
Дэмсілам атрымалася падвысіць узровень адносін з Вашынгтонам падчас кіравання адміністрацыі Байдэна да статусу «стратэгічны дыялог» напрыканцы 2023 г. Аднак зараз стратэгічны дыялог дэмсілаў з ЗША пад пытаннем, як і падтрымка грамадзянскай супольнасці. ЗША ужо параглядаюць свае падыходы — Вашынгтон не далучыўся да заявы групы АБСЕ па «выбарах» у Беларусі. Шэраг праграм па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці прыпынены ў выніку агульных захадаў новай адміністрацыі прэзідэнта ЗША па пераглядзе міжнароднай дапамогі.
Такім чынам, лідарства Ціханоўскай сутыкаецца з істотнымі выклікамі з боку іншых апазіцыйных цэнтраў, якія будуць імкнуцца ўзмацніць свой уплыў у дэмакратычным руху. Унутры краіны кіруючы клас захоўвае бачнасць альтэрнатывы, хаця і ў істотна звужаных рамках. У выпадку пачатку палітычнай адлігі палітыкі ўнутры краіны маюць шансы заняць нішу «канструктыўнай апазіцыі» з спробай перацягнуць на свой бок прыхільнікаў перамен.