Кіруючаму класу атрымалася бліскуча правесці спецаперацыю па працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі. Сілавікі узмацнілі рэпрэсіі ў адносінах да іншадумцаў і актывістаў, але зрабілі іх меней заўважнымі, што дэматывавала апанентаў рэжыма. Урад сфармаваў пазітыўныя настроі праз рост ВУП і дабрабыту ў асяроддзі «электаральнага балота», якое ўжо паспела забыцца пра падзеі 2020 года. Прапагандысты і дзяржмедыя забяспечылі манаполію Лукашэнкі ў інфармацыйнай прасторы разам з раннім стартам яго агітацыйнай кампаніі.

Ці здольны Лукашэнка пратрымацца на пасадзе кіраўніка дзяржавы яшчэ 10-15 год? Менавіта ў гэты перыяд могуць быць створаны ўмовы для перадачы ўлады малодшаму сыну Мікалаю. Найбольшымі выклікамі для дынастычнага транзіту застаюцца здароўе дыктатара і адносіны з Крамлём. Аднак на працягу доўгага перыяду кіравання Лукашэнку атрымлівалася выходзіць пераможцам у розных крызісных сітуацыях.

Састарэлы дыктатар вымушаны быў не толькі кантраляваць сам выбарчы працэс, але і прымаць актыўны ўдзел у агітацыйнай кампаніі-2025. Пры гэтым аўтакрат перыядычна мусіў абвяргаць чуткі пра дрэнны стан свайго здароўя. Хутчэй за ўсё, праз пяць год паўтарыць падобны электаральны бенефіс Лукашэнку будзе яшчэ цяжэй.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму агучвае адзін з найбольш прымальных для кіруючага класа варыянт уладнага транзіту — адмяніць наўпроставыя выбары прэзідэнта краіны. Ідэйны камуніст Карпенка прапануе скапіяваць досвед СССР і камуністычнага Кітаю — абіраць Лукашэнку кіраўніком Беларусі праз УНС. Гэты сцэнар цалкам задавольвае дыктатара, які яшчэ ў 2022 годзе і сам разважаў пра сваё перапрызначэнне праз УНС. Аднак у той перыяд палітыку яшчэ не атрымалася паўнавартасна аднавіць свае пазіцыі пасля палітычнага крызісу 2020 — ён абяцаў наменклатуры і Крамлю ўладны транзіт.

Кіруючы клас плануе пазбавіць грамадзян нават фармальнага права абіраць кіраўніка дзяржавы. Гэтыя захады накіраваны на скасаванне стрэсавага для ўсёй сістэмы перыяду палітычнай мабілізацыі грамадства.

Варта зазначыць, што чыноўнікі ўжо прадпрынялі захады па расцягванні электаральна-мабілізацыйнага цыклу ў грамадстве. Выбары ў парламент і мясцовыя саветы аб’ядналі пасля рэферэндума 2022 года. Паводле абноўленай Канстытуцыі галасаванне ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў праводзяцца з 2024 года ў адзін дзень кожныя 5 год. Гэта значыць, што наступныя выбары ў прадстаўнічыя органы рэжыма адбудуцца толькі ў 2029 годзе. Раней на працягу пяці год адбывалася звычайна дзве электаральныя кампаніі, арганізоўваць якія для кіруючага класу стала невыносна цяжка.

Пасля вяртання ўсёй паўнаты асабістай улады Лукашэнкам стрымак для чарговай электаральнай рэформы амаль не засталося. Прынамсці ўнутрыпалітычнае поле краіны зачышчанае — пратэстны рух знішчаны і адсутнічаюць публічныя праявы незадаволенасці. Наменклатура не здолела прымусіць дыктатара выканаць абяцанні па ўладнаму транзіту ў бок калектыўнага кіравання. Наадварот, прапагандысты імкнуцца сфармаваць культ асобы дыктатара. З гаспадаром Крамля Лукашэнка падаецца знаходзіцца ў цудоўных адносінах пасля ўварвання ва Ўкраіну ў 2022 г.

У сваю чаргу падчас лютаўскай дамовы 2022 года з наменклатурай УНС надзялілі паўнамоцтвамі па зменах у Канстытуцыю. Гэта азначае, што кіруючы клас ужо не мусіць праводзіць агульнанацыянальны плебісцыт наконт кастытуцыйных зменаў па абранні кіраўніка дзяржавы. Лаялісты дыктатара папросту адменяць наўпроставыя выбары прэзідэнта на чарговым паседжанні УНС. Для Лукашэнкі, як і найбліжэйшага кола бенефіцыяраў яго палітыкі, гэта можа быць найбольш прымальны варыянт. Такі сцэнар стварае найбольшыя магчымасці для дынастычнага транзіту ўлады праз 10-15 год.

Падчас кампаніі Мікалай Лукашэнка актыўна ўдзельнічаў у агітацыйнай кампаніі свайго бацькі і пад яго асабістым наглядам. Сын дыктатара пачынае паступова выходзіць у публічную прастору праз дзяржмедыя. Адначасова ў адным з інтэрв’ю Мікалай засведчыў сваю поўную лаяльнасць бацьку і яго курсу. Паводле версіі Лукашэнкі старэйшага Мікалай ужо мае кантакты на сур’ёзным міжнародным узроўні і спрыяў міратворчым захадам свайго бацькі.

Такім чынам, падрыхтоўку да дынастычнага транзіту ўлады можна будзе заўважыць ужо ў бліжэйшыя гады праз прасоўванне Лукашэнкі малодшага па кар’ернай лесвіцы. За 5-10 год Мікалай можа зрабіць бліскучую кар’еру з прызначэннем на сур’ёзныя дзяржаўныя пасады. З такім досведам сын дыктатара ўжо зможа пераймаць стырно кіравання ў свайго бацькі, калі, безумоўна, рэжым не абрынецца раней.