ЕС распрацоўвае новы пакет санкцый супраць Расіі і Беларусі. 14-ты пакет будзе ўключаць меры, накіраваныя супраць абыходу абмежаванняў. У гэтым кантэксце зноў актуалізуецца дыскусія аб выключэннях для беларускіх калійных угнаенняў на падставе глабальнай харчовай бяспекі. Аднак праз крыжаваны санкцыйны рэжым амерыканскіх і еўрапейскіх абмежаванняў гэтую ініцыятыву, як і раней, з высокай верагоднасцю чакае правал.
Еўрасаюз распрацоўвае 14-ы пакет антырасійскіх санкцый, які будзе накіраваны супраць тых, хто абыходзіць дзейныя абмежавальныя меры ў дачыненні да РФ. На гэтым фоне ў ЭЗ зноў ідзе дыскусія вакол паставак беларускага калію. У прыватнасці, абмяркоўваецца ідэя дадаць дадатак і спіс краін Паўднёвай Амерыкі, якія маглі б імпартаваць беларускі калій, на просьбу краін Глабальнага Поўдня, спасылаючыся на харчовую бяспеку.
Гэта ўжо не першая спроба вывесці беларускія ўгнаенні з-пад санкцыяў ЕС. У мінулым годзе пры падрыхтоўцы новага пакета абмежавальных мер у дачыненні да беларускага рэжыму абмяркоўвалася аналагічная ініцыятыва. Аднак у выніку санкцыі былі пашыраныя, але зменаў для калійных угнаенняў у іх не было. Вядома, што актыўна лабіруе змякчэнне абмежаванняў калію Бразілія праз Партугалію, Іспанію і шэраг іншых еўрапейскіх краін. Мінск спрабаваў лабіраваць дадзеную тэму, у тым ліку, праз ААН і краіны Глабальнага Поўдня.
Санкцыі ў дачыненні да беларускага калію былі ўведзены ў 2021 годзе Еўразвязам і ЗША. У лютым 2022 года Літва забараніла транзіт калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю і марскія парты. У сакавіку 2022 года ЕС пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ўвёў поўную забарону на імпарт калійных угнаенняў з Беларусі. У чэрвені таго ж года былі замарожаны актывы ААТ «Беларуськалій» і яго экспартнай кампаніі — «Беларускай калійнай кампаніі».
На дадзены момант асноўныя прапановы па санкцыях уключаюць:
абмежаванне імпарту звадкаванага прыроднага газу з Расійскай Федэрацыі. Але не да канца, нягледзячы на заклікі да гэтага краін Балтыі і Польшчы;
забарона на перавозку звадкаванага прыроднага газу праз бельгійскі порт Зебруге, які зараз лідзіруе ў аб’ёмах па перавалцы расійскага ЗПГ у Кітай;
увядзенне санкцый у дачыненні да танкераў, якія, насуперак санкцыям ЕС, перавозяць расійскую нафту — так званы «ценявы флот Расіі»;
увядзенне санкцый у дачыненні да кампаній, якія пастаўляюць, у абыход забарон, заходнія камплектуючыя ў Расію;
увядзенне санкцый у дачыненні да нееўрапейскіх кампаній, якія супрацоўнічаюць з РФ па напрамках, якія падпадаюць пад санкцыі Еўрасаюза (у асноўным гэта кампаніі з мацерыковага Кітая, Ганконга, Турцыі і Кыргызстана, а ўвесь спіс уяўляе з сябе 70-старонкавы дадатак да дакумента);
увядзенне забароны на расійскае фінансаванне няўрадавых арганізацый у краінах Еўрасаюза;
забарона на продаж на еўрапейскім рынку твораў мастацтва, выкрадзеных расейцамі ў Украіне.
Яшчэ адна дыскусія пры падрыхтоўцы пакета ідзе вакол расійскага алюмінію. Пакуль мяркуецца, што 14-ы пакет санкцый не будзе складацца з эмбарга на імпарт алюмінія з Расеі, як таго патрабуюць краіны Балтыі і Польшча. Для некаторых краін санкцыі на алюміній і, як следства, рост коштаў на яго з’яўляюцца сур’ёзнай праблемай.