Затрыманне групы з двух украінцаў і аднаго беларуса ў выніку правядзення контртэрарыстычнай аперацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы было прадстаўлена рэжымам як інфільтрацыя разведвальна-дыверсійнай групы. У яе задачы нібыта ўваходзіла падрыхтоўка тэрарыстычных акцый на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Незалежна ад таго, ці з’яўляецца дадзены эпізод пастановачным ці не, рэжым пакуль што выкарыстоўвае яго для падтрымання напружанасці ўнутры беларускага грамадства, але не ў якасці нагоды для ўступлення ў вайну з Украінай.
15 лютага газета са спасылкай на ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці аб’явіла аб правядзенні контртэрарыстычнай аперацыі (КТА) у Лельчыцкім раёне. Мясцовыя ўлады назвалі яе вучэннямі. Пазней беларускія ўлады гэтую версію падкарэктавалі. Аказалася, што ў ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне органамі памежнай службы быў зафіксаваны заход на тэрыторыю Беларусі з украінскага боку групы асоб. Пранікненне нібы адбывалася адначасова з розных месцаў, на складаным ландшафце ўчастка мяжы: лясістая мясцовасць з вадой, дзе ў некаторых месцах глыбіня дасягае 3-х метраў. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб правядзенні 15 лютага антытэрарыстычнай аперацыі, у выніку якой былі затрыманы «ўдзельнікі дыверсійна-разведвальнай групы, якая складаецца з грамадзян Украіны, Беларусі і іх памагатых». Раён правядзення КТА быў заблакаваны.
У затрыманні ўдзельнічала падраздзяленне спецназа КДБ «Альфа», якое прыбыла ў раён КТА на трох верталётах. На форме сілавікоў можна было заўважыць нашыўкі «КДБ», на шлеме аднаго з іх — сімвал «Z», які сімвалізуе агрэсію Расіі супраць Украіны і неафашысцкую ідэалогію сучаснага кіраўніцтва РФ.
У наступстве КДБ назваў імёны затрыманых — гэта грамадзяне Украіны, бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчук і беларус Віталь Уласюк. Пры іх былі знойдзены выбуховыя прыстасаванні і іншыя сродкі паражэння, якія ім нібыта перадала Служба бяспекі Украіны (СБУ) перад пераходам мяжы.
Як сцвярджае КДБ, выбуховыя прыстасаванні, якія пераносіліся членамі дыверсійна-разведвальнай групы (ДРГ), прызначаліся для ўчынення тэрактаў перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Закід ДРГ у Беларусь праз мяжу нібыта быў арганізаваны Службай бяспекі Украіны, супрацоўнікі якой сумесна з Дзяржаўнай пагранічнай службай Украіны папярэдне правялі даразведку мясцовасці. Пры правядзенні КТО адзначалася актыўнасць вядзення паветранай і іншых відаў разведкі ў раёне правядзення КТА з боку Украіны.
У наступстве высветлілася, што затрыманыя бацька і сын Кабарчукі знаходзіліся ва Украіне пад следствам за кантрабанду наркотыкаў. У дзень пераходу мяжы заканчваўся тэрмін іх знаходжання на волі па закладзе. На відэа, якое з’явілася на беларускіх дзяржканалах 16 лютага, затрыманы Сяргей Кабарчук з падбітым вокам распавёў аб крымінальным пераследзе ва Украіне. Ён сцвярджаў, што іх падставіла СБУ, якая абяцала спыніць крымінальную справу ўзамен на перавозку «груза» ў Беларусь, дзе ён павінен быў быць закапаны. Пра затрыманага беларускага Віталя Ўласюка вядома, што яму 53 гады і што ён пражывае ў Берасці, а таксама з’яўляецца прыхільнікам «рускага свету».
Усе названыя вышэй абставіны ўказваюць на тое, што правядзенне КТА мела пастановачны характар, і гаворка ідзе пра кантрабандыстаў, якія спрабавалі схавацца ад адказнасці ва Украіне на беларускай тэрыторыі. Гэтыя падзеі ўкладаюцца ў агульную канву падтрымання рэжымам напружанасці ўнутры беларускага грамадства, а таксама заяў сілавых міністраў, у прыватнасці камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Мікалая Карпенкава, аб спробах дэстабілізацыі сітуацыі напярэдадні так званага адзінага дня галасавання. Не выключана, што ў хуткім часе ў рамках апаратнай канкурэнцыі аб падобных «поспехах» будуць рапартаваць і іншыя сілавыя структуры.
Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў інфармацыю аб нейтралізацыі ДРГ на сходзе Белкаапсаюза і заявіў, што ў Беларусі затрыманы дыверсанты. Яны нібыта прабіраліся з тэрыторыі Украіны па балотах, каб перакінуць узрыўчатку для здзяйснення дыверсій, перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Ён выкарыстаў гэты прыклад, каб пераканаць чыноўнікаў і прадстаўнікоў спажыўкааперацыі быць адзінымі і захоўваць маналітнасць. З яго слоў падобныя спробы пранікнення ДРГ адбываюцца з украінскага боку адбываюцца нібыта два-тры разы на тыдзень.
Ён таксама скарыстаўся дадзеным выпадкам, каб ізноў пацвердзіць сваю лаяльнасць Крамлю. Лукашэнка сцвярджае, што ён не можа дапусціць стратэгічнага паражэння Расіі, бо яно прывядзе да падзелу беларускай тэрыторыі пры ўдзеле Польшчы.