2 красавіка Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін павіншавалі адзін аднаго з днём яднання Беларусі і Расіі. Наконт гэтага таксама актыўна выказаліся кіраўнікі МЗС, паслы, вядомыя парламентарыі і іншыя афіцыйныя асобы. Калі коратка ахарактарызаваць змястоўную частку выступленняў беларуска-расійскага начальства, то іх можна звесці да двух асноўных пасланняў: (а) саюз Беларусі і Расіі развіваецца і яго чакаюць бліскучыя перспектывы; (б) Захад з’яўляецца базавым сістэмаўтваральным фактарам яднання.
Тэме супрацьстаяння неакаланіяльнай палітыцы Захаду «і яго ўкраінскім марыянеткам» было нададзена ў цэлым больш увагі, чым пытанням «агульнай» культуры і гісторыі, а таксама ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі. Такім чынам свята атрымалася не зусім святочным. Тым не менш, лічыць віцэ-спікер Дзярждумы Пётр Талстой, «сёння яму (заходняму каланіялізму — рэд.) канчаткова прыйшоў канец. І, вядома, яны нас апасаюцца, таму што пасля таго, як гэтая эпоха скончыцца, пачнецца наша ўжо эпоха, эпоха рускай будучыні».
У «рускую будучыню» Беларусь заязджае ў якасці пасажыра-льготніка. Паводле слоў пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова страты беларускага боку ад санкцый, якія былі ўведзены Захадам у 2022 годзе, ужо кампенсаваны за кошт кантрактаў з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. У якасці доказу ён прывёў наступныя даныя: у 2022 годзе ў Беларусі пабывалі 22 дэлегацыі з рэгіёнаў Расіі, у 2023 — ужо 38, а ў няпоўным 2024 годзе — шэсць.
Насамрэч вельмі складана ацаніць выгады і страты ад безальтэрнатыўнай арыентацыі Беларусі на Расею, як і ўзважыць усе гэтыя «кампенсацыі» у параўнанні са шкодай ад санкцыяў. А. Лукашэнка папросту запатрабаваў ад чыноўнікаў зрабіць так, каб беларусы ўвогуле не думалі пра санкцыі.
***
Рашэнне аб заснаванні дня яднання народаў Беларусі і Расіі было прынята 2 красавіка 1996 года. Тады прэзідэнты Беларусі і Расіі А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі дагавор аб утварэнні супольнасці дзвюх краін, праз год — Дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі. У снежні 1999-га быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні СД. З 26 студзеня 2000 года аб’яднанне стала афіцыйна звацца Саюзнай дзяржавай.
Праз 20 гадоў пасля гэтага ў практычным плане ў сферы саюзнага будаўніцтва зроблена было не вельмі шмат — нягледзячы на вялікую колькасць «выстаўленых на абмеркаванне» праектаў (пачынаючы з Канстытуцыйнага акта і адзінай валюты СД і заканчваючы стварэннем адзінага энергетычнага рынку). Частка экспертаў сыходзілася на думцы, што за фасадам бурнага саюзнага будаўніцтва адбываліся тыпавыя для постсавецкай прасторы працэсы — адасабленне гаспадарчых комплексаў і размежаванне палітычных сістэм. Новы імпульс фарсіраванаму інтэграцыйнаму будаўніцтву надаў палітычны крызіс у Беларусі і заходнія санкцыі, якія рушылі за ім.
Па дадзеных дзяржсакратара СД Дзмітрыя Мезенцава, за ўсе гэтыя гады (канкрэтны тэрмін не паказваецца) рэалізаваны 82 праграмы на агульную суму каля RUB 65 млрд. У гэтым годзе рэалізаваны чатыры новыя праграмы, на выхадзе яшчэ тры — у сферы космасу, мікраэлектронікі, электронікі, аўтамабілебудавання, прамысловасці, ліцейнай справы, аховы здароўя і сацыяльнай сферы. Мезенцаў не без задавальнення расказаў, што ў гэтым годзе СД павялічыла бюджэт на 38 працэнтаў. Гэтыя грошы пераважна накіраваны на павелічэнне ваенных расходаў.