Увядзенне Польшчай і краінамі Балтыі сінхроннай забароны на пастаўкі ў Беларусь аўтамабіляў на транзітных нумарах з аб’ёмам рухавіка больш за 1.9 літра сведчыць аб іх гатоўнасці ўзяць ініцыятыву па сінхранізацыі санкцый супраць Масквы і Мінска ў свае рукі.

29 сакавіка Літва спыніла выпускаць у Беларусь аўтамабілі на транзітных нумарах з аб’ёмам рухавіка больш за 1.9 літра. У канцы мінулага тыдня такія машыны перасталі выпускаць з Польшчы, а пазней стала вядома, што гэта датычыцца і мяжы Латвіі.

Раней Еўразвяз у рамках санкцыяў забараніў пастаўкі ў Расею шэрагу аўтамабіляў. Аднак яны працягнуліся з абыходам санкцыяў праз Беларусь і іншыя краіны, у тым ліку з выкарыстаннем схемы фальшывага транзіту. Пры гэтым усе тры краіны не паведамлялі афіцыйна аб прычыне, з якой забаронена прапускаць аўто ў Беларусь.

Па дадзеных расследавальнікаў праекта «Бюро», Польшча ўваходзіць у топ-3 краін ЕС, з якіх у Беларусь трапляе больш за ўсё аўто. Так, на фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы — амаль да EUR 1,5 млрд, а летась перавысілі EUR 1,7 млрд, паводле звестак Еўрастата. Больш за ўсё аўтамабіляў у Беларусь прадаюць Нямеччына, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага гады з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тыс. машын. На фоне вайны Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых аўтамабіляў на дзясяткі мільёнаў долараў у Расію, нягледзячы на байкот і санкцыі.

Прадстаўнікі кампаній-імпарцёраў заяўляюць, што сітуацыя на мяжы з іншымі таварамі такая ж, як з увозам аўтамабіляў. Мытныя службы Польшчы і краін Балтыі спасылаюцца на еўрапейскае заканадаўства, у якое ўнесены папраўкі Рэгламентам Савета ЕС № 2024/745 ад 23 лютага ў рамках 13-га пакета санкцый. У выніку з 23 сакавіка праблемы ўзніклі з грузамі, якія перасякалі еўрапейскую мяжу і накіроўваліся ў Беларусь, Казахстан, Узбекістан, Грузію, Турцыю, ААЭ. Па сутнасці, размова ідзе аб прымяненні другасных санкцый.

Такім чынам, пакуль ЕС толькі разважае аб сінхранізацыі санкцый супраць Расіі і Беларусі, краіны Балтыі і Польшча зацягваюць санкцыйную пятлю вакол Беларусі, блакуючы спробы Крамля абыходзіць санкцыі з дапамогай беларускай юрысдыкцыі. Верагодна, у выпадку адмовы ЕС прыняць рашэнне аб сінхранізацыі санкцый на агульнаеўрапейскім узроўні, гэтыя краіны ўвядуць сінхронныя абмежаванні на нацыянальным узроўні. З улікам таго, што транзітныя і лагістычныя сувязі Беларусі з Еўропай праходзяць праз іх, дэ-факта супраць Беларусі пачнуць дзейнічаць абмежаванні з расейскіх санкцыйных пакетаў.