Лукашэнкаўская блогерка Вольга Бондарава і літоўскі блогер Жільвінас Світоюс па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы займаюцца адной справай — змагаюцца з беларушчынай. Розніца толькі ў ракурсах.

Літоўскі «інфаказак» супраць беларускасці

Лукашыстцы не падабаецца ўкараненне беларусацэнтрызму ў беларускім грамадстве, а літоўскаму байцу ютуб-фронту — тое, што беларусы спадчыну ВКЛ лічаць часткай сваёй гісторыі і спакойна пачуваюцца ў Вільні.

З апошніх «подзвігаў» Жільвінаса Світоюса — наезды на віленскія бары «Karčma 1863» і «Pahonia», дзе збіраюцца беларусы.

Але вішанькай на торце сталася цкаванне Уладзіміра Арлова. Напярэдадні Дня Волі’2024 праз пагрозы для выступу пісьменніка ў Вільні давялося шукаць іншае ад папярэдне запланаванага месца. Жільвінас Світоюс назваў Уладзіміра Арлова «галоўным ліцвіністам»!

Жільвінас Світоюс актывізаваўся з пачаткам масавага пераезду палітычна актыўных беларусаў у Вільню пасля 2020 году.

На колькі я разумею, пад «ліцвінізмам» наваспечаны «інфаказак» мае на ўвазе беларушчыну як комплекс уяўленняў пра гісторыю Беларусі ад ВКЛ і да нашых часоў. Маўляў, «ліцвіністы крадуць літоўскую гісторыю, а таму яны вораг»!

«Шах і мат, беглыя змагары!» — можа сказаць свайму калегу па метадалогіі Вольга Бондарава, і паціснуць Жільвінасу Світоюсу руку.

«З’еў кажана»

Згодна легенды, каронавірус пачаўся з таго, што нейкі кітаец з’еў кажана і перадаў ад яго пошасць далей па знаёмых. А пасля накрыла ўсю планету. З ліцвінізмам атрымалася падобна, толькі ў межах Беларусі з выхадам на тэрыторыю Летувы.

Адзін гісторык матар’яльнай культуры Беларусі, назавем яго гісторык Б, прыдумаў свой аўтарскі «ліцвінізм». Нічога грамадскага — выключна асабістае.

Канец 1990-х — пачатак «нулявых». Цалкам сабе беларускамоўны гісторык з абсалютна ўцямным разуменнем, што ВКЛ было мультыэтнічнай, мультырэлігійнай і мультыкультурнай у цэлым дзяржавай, пры гэтым з большасцю насельніцтва ў якасці продкаў сучасных беларусаў, заўважае важную тэндэнцыю. А менавіта тое, што наваспечаны лукашэнкаўскі рэжым відавочна перамагае БНФ і ягоную канцэпцыю беларушчыны.

Хочам мы таго ці не, але адраджэнцы канца 1980-х зрабілі важную стратэгічную памылку. Будучы носьбітамі, распрацоўшчыкамі і папулярызатарамі Беларускай Нацыянальнай Ідэі, калектыўныя адраджэнцы зрабілі беларушчыну партыйнай з’явай.

«БНФ» роўна «беларушчына». Бел-чырвона-белы сцяг і над Домам Ураду і ў сядзібе БНФ.

Змагаючыся з палітычнымі апанентамі, Лукашэнка аўтаматычна змагаецца з нацыянальным.

А яно трэба рэканструктару матар’яльнай спадчыны гісторыку Б? Гісторык Б інтэлектам і грашыма ўкладаецца ў перспектыўную для малога бізнесу галіну — мясцовы турызм. Гісторык Б рэстаўруе шляхецкую сядзібу, аднаўляе стравы па рэцэптах ХІХ ст, кансультуе ў Менску рэстаранны бізнес у справе «старадаўнасці» ежы.

Па логіцы, калі сёння прыйшлі па БНФ, то заўтра прыйдуць па бізнес гісторыка Б, бо той жа таксама на выгляд «нацыялістычны».

І гісторык Б «з’ядае кажана» — прыдумляе сваю, актуальную для палітычнай сітуацыі пачатку «нулявых», канцэпцыю «ліцвінізму».

«Ліцвінізм» як афёра ХХІ ст

З дахрысціянскіх часоў слова «Літва» атрымала шмат трансфармацыяў: ад назвы аднаго з балцкіх плямёнаў праз скарочаную назву вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага да вядомага радка Адама Міцкевіча «Літва, мая Айчына!», дзе пад «Літвой» мелася на ўвазе цяперашняя паўночна-заходняя Беларусь і Віленскі край сучаснай Летувы.

У ХІХ ст Літва ўяўляецца як «рэгіён» былой Рэчы Паспалітай, якой польскія нацыяналісты ад XVIII ст ціхенька замянілі паняцце Польшчы.

«Я ліцвін польскай культуры» — гэтыя словы прыпісваюць Адаму Міцкевічу. Так ці не, але паўстанцы Кастуся Каліноўскага ўсведамлялі адрозненне між палякамі і ліцвінам, бо ведалі свае радаводы.

Каліноўцаў-шляхцічаў, лічы — ліцвінаў узору ХІХ ст, знішчылі. Пазасталая ў жывых і на свабодзе дробная шляхта цалкам прыпісалася да польскасці, надышло гісторычнае бясчассе да моманту, пакуль шляхціч і ліцвін Францішак Багушэвіч не пачаў праект «Беларусь».

Вось з «Беларуссю» ў сваю чаргу пачаў сваю барацьбу наш гісторык Б. Ён цалкам падпісаўся пад савецка-лукашэнкаўскімі наратывамі пра тое, што Беларусь — толькі савецкая, усё антысавецкае — антыбеларускае, а на сумленні сучасных БНФаўцаў яшчэ і грэх папярэдніх праектантаў несавецкай Беларусі ў супрацы з гітлераўцамі.

Гісторык Б — гэта такі Бэндэр, Балаганаў, Панікоўскі і Казлевіч у адной асобе. Ён паварочваецца да суразмоўцы патрэбным у дадзеную хвіліну тварам.

Гісторыку Б трэба было адвесці ад сябе пагрозу. Таму ён прыдумаў свой «ліцвінізм» не як альтэрнатыву, а як антаганізм беларушчыне!

Калі каротка, «самі мы ліцвіны, людзі мультыкультурныя, да БНФаўцаў дачынення не маем, прымус пачыняем, на гісторыі зарабляем, если что, говорим по-русски, нас от этого не ломает, как этих нацуг».

Нечаканы паварот сюжэту

Гісторык Б не быў самотным у сваім хітрым плане адасобіцца ад «БНФаўцаў», пры гэтым не прымыкаючы да прарасейскіх лукашыстаў. Вакол утварылася невялікая, але досыць актыўная на тэматычных форумах, суполка. Але.

Але «ліцвіністы» не былі здатныя зацікавіць хоць каго ў шырокім грамадскім полі, бо ніхто не планаваў масава адмаўляцца ад сваёй беларускасці — не ідэйныя беларусы, ні савецкія.

Больш за тое, у грамадстве развівалася жаданне самапазнання. На пачатку ХХІ ст. стаўся папулярным унутраны турызм. Гісторык Б ледзь паспяваў працаваць у сваёй шляхецкай сядзібе. Якія ўжо там канцэпты, толькі паднасі ды налівай! Бо наступная група чакае.

У працэсе самапазнання грамадства адкрыла для сябе простую рэч — нашы продкі зваліся ліцвінамі!

Гэта прыблізна як у «Сто гадоў адзіноты» з Аўрэліяна Буэндыя, які набыў астралябію, закрыўся на тыдзень у сваім пакоі, а пасля шакаваў сваю сям’ю адкрыццём — Зямля круглая!

Адкрыццю моцна паспрыяў Анатоль Тарас, які прыйшоў на выдавецкі рынак Беларусі з папулярнай кнігай, у якой на пальцах патлумачыў, што «Белоруссия» як і «Малороссия» — прыдумка царскіх паліттэхнолагаў канца XVIII ст. Што продкі нашы зваліся ліцвінамі. Кніга зрабілася бестсэлерам.

Не думаў гісторык Б пра такі паварот сюжэту, бо задача была адысці ад беларушчыны, а з падачы Анатоля Тараса «ліцвінства» сталася працягам Беларускай Нацыянальнай Ідэі. Але не для ўсіх.

Бо ў інтэрнэце актывізаваліся карысныя ідыёты, якія пачалі супрацьпастаўляць ліцвінаў і беларусаў — сеяць раздрай, там дзе яго і ўявіць было не магчыма.

Карысныя для каго? Для калектыўнага таварыша маёра.

Далей болей. Калі ў Летуву ад канца 2020 году масава паехалі беларусы з актыўнай грамадскай пазіцыяй, таварышу маёру заставалася толькі знайсці карыснага ідыёта ўжо ў Летуве, і падсунуць яму ідэю, што «ліцвіны» прыбылі, каб захапіць Вільню.

Бліжэйшая перспектыва

Дзясяткі тысяч новапрыбылых пасля 2020 году у Летуву беларусаў у адзін час не з’едуць, нават калі іх будуць актыўна цкаваць паводле пашпарту. Для гэтых беларусаў Летува — проста еўрапейская дэмакратычная краіна, такая ж як Нідэрланды ці Люксембург.

«Інфаказакаў» лепш нейтралізоўваць на старце. Бо большасць новапрыбылых у Летуву беларусаў — саюзнікі літоўцаў перад крамлёўскай пагрозай.