У даследаванні сацыялагічнай лабараторыі CBOS 47% палякаў ставяцца да беларусаў з непрыяззю. Што праўда не ўдакладняецца якія беларусы маюцца на ўвазе. Ці то прыехалыя ў Польшчу нядаўнім часам, ці то беларусы ў прынцыпе, ці то беларусы, якія падтрымліваюць Лукашэнку.
Упершыню ў Польшчы з намёкам на ксенафобію я сустрэўся як ні дзіўна ў Беластоку. Дзіўна, бо ў памежным рэгіёне грамадзяне Беларусі ўжо трыццаць гадоў ёсць часткай устойлівага краявіду. Так шмат сувязяў між людзьмі на ўзроўні малога бізнесу, а таксама сваяцкіх адносінаў.
Я на пару дзён трапіў у шпіталь, і выклікаў актыўны інтарэс у персаналу — пісьменнік і журналіст з Беларусі там быў упершыню. Гэта быў адзінаццаты месяц поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну і больш за два гады масавых рэпрэсій у Беларусі.
«І што пан далей плануе — у Нямеччыну можа паедзе?» Я спачатку падумаў, што мяне прынялі за эканамічнага мігранта. Пасля зразумеў, што мясцовых людзей турбуе наплыў бежанцаў рознага кшталту. Украінцаў ад ракетаў і беларусаў ад… З размоваў сталася зразумелым, што ў шпіталі мала хто разумее што адбываецца ўсяго ў сарака кіламетрах на ўсход.
Польскія медыі актыўна асвятляюць жыццё Беларусі апошніх трыццаці гадоў. І, канешне ж, словам «Лукашэнка» інфармацыя пачынаецца, ім жа і сканчаецца. Але ў адрозненне ад іншых суседзяў Беларусі, у Польшчы досыць актыўна разглядаецца і беларускае грамадства.
Таму словы «дыктатура» і «рэпрэсіі» у звязку з Беларуссю вядомыя польскім чытачам рубрыкі «у свеце». Калі пачынаеш распавядаць пра беларускія рэаліі, звычайна сустракаеш спачувальны погляд і штосьці кшталту «так-так, ведаем». Але справа ў тым, што тое, што было да 2020 году, і тое, што адбываецца цяпер — гэта розныя эпохі.
Беларусы змяніліся настолькі, што з пост савецкага насельніцтва ператварыліся ў сучасную грамадзянскую супольнасць. Магчыма таму ў сарака кіламетрах на ўсход ад Беластоку ўсё яшчэ няма расейскіх танкаў.
Увосень 2020 году ў польскім урадзе агучылі лічбу ў паўмільёна беларусаў, якіх Польшча рыхтавалася прыняць як бежанцаў. Сёння ведаем, што гаворка прыблізна пра 350 000 усіх, хто выехаў з Беларусі за апошнія тры гады.
Незалежна ад таго, якая партыя пры ўладзе, у Польшчы да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху заўжды было пазітыўнае стаўленне на ўзроўні дзяржавы. Мяркую таму, што беларускае дэмакратычнае ёсць аўтаматычна антыімперскім, саюзным Польшчы.
Дапусцім, што з 350 000 выехалых беларусаў 200 000 аселі ў Польшчы. З улікам існавання ўкраінскіх бежанцаў — шмат. Але значна менш, чым меркавалася, у тым ліку, чым спадзяваліся лукашысты.
«Беларусы» і «лукашысты», так цяпер у размовах беларусы дзеляцца між сабою.
Расейскіх танкаў на мяжы з Польшчай усё яшчэ няма, таму, што лукашысты не здолелі змяніць структуру грамадства на сваю карысць.
Што там — за сцяной? Той самай, якую пабудавалі ад штучна арганізаваных мігрантаў з Азіі.
Там за сцяной — штодзённыя затрыманні. Людзей забіраюць дзясяткамі за адзін раз. Ёсць справы архітэктараў, медыкаў, адвакатаў, работнікаў таго ці іншага прадпрыемства. Забіраюць шматдзетных бацькоў, забіраюць старых людзей, забіраюць непаўнагадовых.
Гаворка пра каля пяцідзесяці тысяч усіх, хто прайшоў праз адміністратыўны арышт і каля пяці тысяч тых, хто сядзіць па крымінальных артыкулах. Пра лідараў руху 2020 года мала што вядома, пра некаторых няма звестак ці яны жывыя.
Так, у Беларусі няма расстрэлаў на вуліцах як за часамі нацыстаў, але катаванні ў турмах для палітычных набліжаюцца да ўзроўню сталінскіх лагераў.
У жніўні 2020 году на поўдзень ад Менску каля гораду Слуцку ужо быў абсталяваны канцлагер, які праіснаваў тры дні. Пратэст быў такі масавы, што лукашысты не ведалі як утрымліваць вялікую колькасць затрыманых. Але з канцлагерам тармазнулі. Пакуль што.
На шэсць мільёнаў дарослых грамадзянаў у рэвалюцыйных падзеях 2020 году цягам першых чатырох месяцаў, самых актыўных, узялі ўдзел больш за мільён беларусаў. Дадайце сюды тых, хто падтрымліваў данатамі сем’і арыштаваных, альбо лагістычна, калі хавалі людзей па кватэрах. А колькі спачувалі, хоць не маглі ўдзельнічаць!
Ні ў палітолагаў, ні ў сацыёлагаў няма сумневу, што там — на ўсход ад Беластоку, абсалютная большасць людзей не падтрымлівае Лукашэнку. І гэта не абыякавасць, а актыўная пазіцыя.
А значыць не прымае вайну Расеі супраць Украіны.
На момант уварвання Расеі ва Украіну 24 лютага 2022 каток рэпрэсій у Беларусі ўжо набыў татальны характар. Паехаць за краты можна было за чырвоны пас на белых шкарпэтках, за каробку ад тэлевізара на балконе ў бела-чырвоных колерах, за сняжынкі на вакне ў бела-чырвона-белым спалучэнні. Нацыянальны БЧБ-сцяг стаўся яшчэ і сімвалам змагання за свабоду.
І вось з пачаткам поўнамаштабнай вайны людзі ў Беларусі выйшлі на вуліцы з падтрымкай Украіны, хоць ведалі, што іх затрымаюць і будуць катаваць (збіццё, голад, холад, хлорка на падлозе ў камеры).
У вымушанай эміграцыі мне даводзілася размаўляць з украінцамі, якія выбіраліся з-пад бамбаванняў. І калі мы беларусы распавядалі што лукашысты вырабляюць нават з адміністратыўна затрыманымі, у людзей, над якімі ляталі аскепкі снарадаў, валасы ўздымаліся дыбарам.
Сёння заставацца ў Беларусі з актыўнай пазіцыяй — гэта таксама чын супраціву.
Сярод беларусаў мала хто сумняецца, што падзеі 2020 году адцягнулі пачатак уварвання ва Украіну, бо Пуціну быў патрэбны ціхі тыл.
Але і сёння ў 2024 годзе Беларусь не назавеш надзейнай тэрыторыяй для імаверных інтэрвентаў у краіны Балтыі і Польшчу.
У беластоцкім шпіталі на пытанне ці не збіраюся я міграваць далей на Захад, я адказаў, што Беларусь зусім блізка, і мне трэба туды.
Цяпер трэба зразумець якім чынам. Але гэта ўжо не толькі беларускае, але калектыўнае пытанне ўсіх, хто разумее, што Расею, а разам з ёю і Лукашэнку, трэба спыняць.