Беларускае кіраўніцтва рыхтуе дзяржаўны апарат да працы ва ўмовах ваеннага часу, які надыходзіць пасля абвяшчэння перыяду нарастання ваеннай пагрозы і/ці ўвядзення ваеннага становішча. Такія меры абумоўлены эскалацыяй ваенна-палітычнай абстаноўкі з-за расійска-ўкраінскага канфлікту і падрыхтоўкай да магчымага ўступлення Беларусі ў вайну на баку Расіі.

4 сакавіка А.Лукашэнка падпісаў указ «Аб пераводзе дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на працу ва ўмовах ваеннага часу», які да гэтага часу не апублікаваны. Паводле афіцыйных звестак дакумент удасканальвае парадак пераводу дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з працы ва ўмовах мірнага часу на ваеннае, «забеспячэнне іх узгодненага і эфектыўнага ўзаемадзеяння пры ўзнікненні пагроз нацыянальнай бяспецы з улікам змены ваенна-палітычных умоў».

Указам вызначана кола дзяржаўных органаў, на якія распаўсюджваецца яго дзеянне, у тым ліку яно дапоўнена Усебеларускім народным сходам (УНС), палатамі Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйным і Вярхоўным судамі. Прадугледжана таксама магчымасць прысваення пры ўвядзенні ваеннага становішча кіраўнікам асобных дзяржаўных органаў і шэрагу арганізацый вайсковых званняў. Фармальна выданне ўказу дасць магчымасць забяспечыць сістэмнае і бесперабойнае функцыянаванне дзяржаўнага апарату ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы і ў ваенны час.

Пераход з мірнага на ваенны час адбываецца з аб’яўленнем перыяду нарастання ваеннай пагрозы і/або ваеннага становішча. У апошнія гады Лукашэнка некалькі разоў наўпрост ці апасродкавана (гэта значыць праз іншыя акты) змяняў закон Аб ваенным становішчы:

З 7 па 9 лютага 2023 года на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь прайшла маштабная трэніроўка з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання па пытаннях гарантавання нацыянальнай бяспекі. Тады ў мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва і службовыя асобы Адміністрацыі прэзідэнта, Савета міністраў, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, розных міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі Нацыянальнага сходу і Нацыянальнага банка. Падчас мерапрыемстваў адпрацоўваліся алгарытмы дзеянняў дзяржорганаў у розных умовах — ад надзвычайнай сітуацыі да контртэрарыстычнай аперацыі.

Мэтай трэніроўкі была заяўлена выпрацоўка дзяржорганамі зладжаных дзеянняў, аператыўных рашэнняў ва ўмовах абмежаванняў па часе і рэсурсах. Таксама мерапрыемства было накіравана на адладку сістэмы аператыўнага абмену інфармацыяй, удакладненне парадку міжведамаснага ўзаемадзеяння. Гэта трэніроўка праводзілася ва ўмовах напружанай міжнароднай і рэгіянальнай абстаноўкі, а таксама абвастрэння сітуацыі каля граніц Беларусі.

Такім чынам, асноўнай прычынай унясення зменаў у парадак пераводу дзяржаўных органаў і арганізацый ва ўмовы ваеннага часу звязаны з падрыхтоўкай да магчымага ўвядзення ваеннага становішча ў выпадку ўступлення Беларусі ў вайну на баку Расіі. Аб непазбежнасці гэтага сцэнару Лукашэнка казаў на нарадзе з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі 20 лютага.