Слова «вайна» я пачуў як штосьці зусім блізкае 22 студзеня 2014. Дакладней, я прачытаў як камент у фэйсбуку да навіны да забітых Сергія Нігоняна і Міхаіла Жызнеўскага. Але слова голасна прагучала ў маёй галаве, бо я адчуў тое самае — набліжэнне маштабных па значнасці для ўсяго свету драматычных падзеяў.
Тады каментатару параілі не перабольшваць, але ўжо да канца наступнага месяца колькасць ахвяраў з абодвух бакоў перакрочыла лічбу «сто».
Зразумела, большасць загінулых былі цывільныя людзі. Памяць Нябеснай сотні адзначаюць 20 лютага — на дату самага масавага адначасовага забойства на Майдане.
Імёны тых, хто забіваў міліцыянтаў і цітушак, шырокаму грамадству не вядомыя. Яны не сталіся героямі.
Пытанне — што прымусіла людзей забіваць адзін аднаго?
Беларусы звычайна рэагуюць праз эмоцыю на словы «Украіна» ці «Майдан», але асабліва не разбіраюцца ў нюансах стану рэчаў у паўднёвых суседзяў. Кіеў, Львоў, для некаторых Чарнігаў, Адэса, мора, горы. Смачная ежа, адносна недарагая (перад 2020 годам) і з гледзішча турыста вясёлая краіна.
А тут забойствы, якія пачаліся да расстрэлу на Майдане, да ўцёкаў Януковіча, і да пералому ў парламенце, калі стаўленікі Януковіча сталіся меншасцю, што дало магчымасць афіцыйнай паперай ад Вярхоўнай Рады вывесці ўнутраныя войскі і міліцэйскі спецназ з цэнтру Кіева.
Рэвалюцыя перамагла. Так адразу пачалі пісаць і казаць ва ўкраінскіх медыях, падзеленых між некалькімі алігархічнымі групоўкамі плюс некалькі незалежных. Перамагла — але ў чым канкрэтна?
З кім беларусы мала знаёмыя, дык гэта з паліттэхнолагамі. Няма палітыкі — няма тэхнолагаў. А палітыкі ў энцыклапедычным сэнсе слова ў Беларусі няма ад 24 лістапада 1996 году, калі адбыўся канстытуцыйны пераварот. А вось ва Украіне праца паліттэхнолагам — ледзь не нацыянальны спорт.
Паліттэхнолагі прыдумалі для кволай, але новай, улады назву «Рэвалюцыя годнасці». Прыгожа. Але не інфарматыўна. Тым больш, усе рэвалюцыі пачынаюцца на эмоцыі абурэння патаптанай годнасці.
Калі ўлічыць, што неўзабаве пачалося расейскае ўварванне ва Украіну праз Крым, а пазней Данбас, для ўкраінцаў, здатных уплываць на ўладу, было важна аб’яднаць людзей. Таму ў медыі актыўна пайшоў наратыў пра паўстанне палітычнай нацыі.
Нядаўнія праціўнікі — абаронцы Майдану і салдаты ўнутраных войскаў — апынуліся ў адных казармах, а пазней у адных акопах.
Любы ўкраінскі журналіст ведае, што карцінка была не такая лагодная як у тэлевізары, што было шмат здраднікаў з боку ўнутраных войскаў і міліцыі, якія пачаліся звацца нацгвардыяй і паліцыяй, але сутнасна засталіся былымі.
А якімі?
Вось гэтае пытанне паліттэхнолагам было важна не тарпедаваць. Мне падаецца, што ў актыўнай часткі ўкраінскага грамадства ўтварылася штосьці кшталту негалоснай дамоўленасці — не казаць пра тую цывілізацыйную бездань, якая ўласна і прывяла і да Майдану, і да крывавых падзеяў на іх.
У 2014 годзе ва Украіне перамагла нацыянальная ўкраінская рэвалюцыя. Перамагла маларасейскую кантраляваную з Крамля крымінальную мегагрупоўку.
У назве «Еўрамайдан» дадатак «еўра» у маім разуменні ёсць заменай паняцця «Украінская нацыянальная ідэя».
Так, было прыгожа і ўрачыста калі мільён чалавек запальваў мабільнікі, і мы бачылі гэтую эпічную карціну, знятую з дрона. Але ўначы ў намётавым мястэчку заставалася дзве-тры-чатыры тысячы.
Украінскія сацыёлагі могуць мяне ўдакладніць, але аснова байцоў была са Львову і Галычыны ў цэлым.
Яшчэ цікавей будзе зірнуць па абласцях працэнт тых, хто актыўна, праз дзеянне, падтрымаў Майдан.
Трэба разумець, што пры дваццаці агульных па Украіне працэнтах у Львове падтрымаць Майдан можна было з заходам на каву разам з дзецьмі, а ў Данецку людзей за ўкраінскую рыторыку калечылі і нават забівалі.
У Львове помнік Леніну знеслі так даўно, што без гугля не кожны галычанін узгадае калі. А на больш як палове Украіны «ленінапад» стаўся магчымым толькі падчас Еўрамайдану.
Цывілізацыйная экспансія шла не проста з Заходняй Украіны, а найперш з Галычыны. Чаму крамлёўскія ідэолагі і аддавалі Галычыну Еўропе, маўляў, тых не перавыхаваеш. А на астатнюю тэрыторыю Украіны мелі віды, і, як бачым, не беспадстаўна.
Цяпер усе лічбы не афішуюцца, бо вайна, але мы ведаем, што пасобнікаў акупантаў на захопленых тэрыторыях больш чым хапае.
У Крамлі цудоўна ведалі пра цывілізацыйны падзел унутры Украіны, які супадаў з палітычным.
У Беларусі заходняя частка краіны складае ледзь не палову, але палітычнае адрозненне між заходнікамі і ўсходнікамі даўно знівеляванае.
А 2020 год паказаў нам абсалютна ўсю мапу Беларусі як пратэсную.
У нас няма сваёй Галычыны, таму цывілізацыйныя змены адбываліся знутры. Грамадзянская супольнасць як тое кураня развівалася знутры яйка, і ўрэшце прабілася на паверхню. Штосьці падобнае было і ў палітычнай усходняй Украіне. З тым адрозненнем, што там былі і застаюцца цэлыя субэтнасы савецкага выхавання, а ў Беларусі «глыбінны народ» з кожным годам колькасна менее.
Канец лютага — пачатак сакавіка дае шэраг круглых датаў, звязаных з акупацыяй Крыму, а пасля Данбасу.
Яшчэ адна рэч, на якую не акцэнтуюць увагу ў публічнай украінскай прасторы — гэта парадокс, пры якім анексія тэрыторый, заселеных прарасейскі, альбо нават адкрыта антыўкраінскі, настроеных людзей, дазволіла нарэшце абраць прэзідэнта-дзяржаўніка — Пятра Парашэнку.
У прынцыпе прыблізна так апісваў блазен Крамля Жырыноўскі новую геапалітычную раскладку. Цалкам прарасейскія тэрыторыі далучым, умераным пакінем маленькую падкантрольную Украіну, а Галычына — рабі што хочаш.
Што было б, калі б не Майдан? Большая частка Украіны лукашызіравалася б палітычна. Толькі не з дапамогай бальшавіцкага тэрору, а ў бандыцкім варыянце. Бо данецкая крымінальная групоўка ўжо на момант 2013 году зайшла на не ўласцівыя для сябе заходнія тэрыторыі Украіны.
Што далей і з проста вайной і з вайной цывілізацый? Возьмем версію, што адносна неўзабаве ВСУ адаб’юць акупаваныя тэрыторыі. Колькі там калабарантаў, і як жыць далей з людзьмі, якія дапамагалі, хто ідэйна, хто за грошы, ворагу?
Пасля Другой сусветнай вайны немцаў зганялі з земляў, дзе яны жылі не адно стагоддзе. Перасялялі палякаў з «крэсув», лічы таксама зганялі, але цяпер у ХХІ стагодзі дзе тая этычная мяжа, якая дазволіла б дэкрэмлезаваць Крым ды іншыя тэрыторыі простымі спосабамі?
Апошнія гадоў пяцьдзясят як аксіёма выглядаў расклад, пры якім вызваленыя ад ярма Крамля краіны падцягваюцца пад стандарты старога Захаду.
Але пад пагрозай ядзернай вайны сам Захад пераглядае свае ж стандарты, што заўважна нават на пастаўках-не пастаўкай зброі Украіне.
Згадваючы Майдан, я найперш шлю салют тым некалькім тысячам смелых людзей, якія заставаліся начаваць на цэнтральнай плошчы Кіева. Гэта яны першымі далі адлуп той сіле, якая цяпер пагражае ўсяму свету.