У Кітаі цягнік на сістэме магнітнай левітацыі (маглеў) дасягнуў тэставай хуткасці 623 км/г, што неўзабаве пагражае канкурэнцыяй самым хуткім авіялайнерам. OpenAI і іншыя кампаніі-распрацоўшчыкі сучасных алгарытмаў нейрасетак прэзентуюць новыя версіі праграм, накшталт Sora ці Emu, што дазваляюць ствараць цалкам рэалістычныя відэаролікі, якія не саступаюць па відовішчнасці галівудскім блокбастарам, на базе тэкставага чату з штучным інтэлектам. У гэты ж час на нашым баку зямной кулі лідар адной дзяржавы, апантанай нацызмам, спрабуе абгрунтаваць свае імперскія амбіцыі наратывамі старажытнай гісторыі і прыдуманай (нават не «вынайдзенай») традыцыі. У той час як ягоны галоўны апанент раптоўна памірае за кратамі, нібыта праз кепскі стан здароўя. Гэтаксама як праз нібыта кепскі стан здароўя паміраюць беларускія палітвязні Ашурак і Пушкін, а яшчэ адзін з сімвалаў барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі — арбаролог Сцяпан Латыпаў пакутуе на цынгу.
Цынга палітзняволенага — гэта не проста хвароба, якая была распаўсюджаная да ХХ ст. і якая амаль знікла пад уплывам сучаснай медыцыны і навуковых даследаванняў чалавечага здароўя. Гэта дыягназ нашага рэгіёна. Дыягназ тым больш несуцяшальны таму, што мы відавочна трапілі ў сітуацыю рэгіянальнай контррэвалюцыі (рэгрэсіўнага паўстання) мадэрну. Насуперак тэхналагічнаму росту і глабалізацыі, якая набірае абароты па ўсёй зямлі, сёння «крывавыя землі» Усходняй Еўропы — асяродак сацыяльнай рэгрэсіі.
Відавочна, розныя грамадствы на розных ступенях развіцця не аднолькава ўспрымаюць хуткасць тых сацыяльных змяненняў, якія прыходзяць у наш свет. Больш развітыя ў сацыяльным плане сістэмы аказваюцца больш адаптаванымі і талерантнымі да тых трансфармацый, што зазнае іх жыццёвы свет і звыклыя сацыяльныя практыкі. Ім прасцей даваць рады тэхналагічным інавацыям і іх дастасаванню да паўсядзённасці звычайнага чалавека.
У той жа час грамадствы, якія трапляюць на перыферыю ці паў-перыферыю экспаненты тэхналагічнага і культурнага развіцця, асабліва з ускладненнямі ў выглядзе хранічных аўтакратый, часта знаходзяцца ў стане перманентнага футурашока — страха перад будучыняй, у якой яны сябе не знаходзяць. Бо іх часткова архаічныя сацыяльныя сістэмы і спосабы арганізацыі сацыяльных практык відавочна не ўпісваюцца ў тую высокатэхналагічную і дэмакратычную будучыню, дзе нацыянальныя ўрады і дзяржавы больш не змогуць мець той ступені ўлады над сацыяльным, як за часамі мадэрну.
Мадэрн — можна лічыць узорным часам звышмабілізацыі сацыяльнага і яго падначалення грамадскай іерархіі, калі нацыянальная дзяржава-манапаліст мела ўсе магчымасці для сцвярджэння сваёй суверэннасці за кошт цалкам падпарадкаванага ёй грамадства. Грамадства, у якім сілы сацыяльнай дынамікі пільна кантраляваліся кіроўнымі сістэмамі і выкарыстоўваліся на карысць логікі міждзяржаўных і блокавых канфліктаў. Пры гэтым розніца паміж дэмакратычнымі дзяржавамі і аўтарытарнымі магла быць не настолькі прынцыповай, паколькі шматлікія рэжымы «надзвычайнага становішча» давалі дзейсны інструмент ураду якой-хаця краіны для рэальнага кантролю над паводзінамі мас і падаўлення ўласных дысідэнтаў («гома сацэраў»).
Інтэнсіўная глабалізацыя найноўшага часу запусціла незваротныя працэсы і адчыніла «скрыню Пандоры», як на думку аўтакратаў перыферыйнага мадэрну, паколькі ўпершыню паставіла значнасць гарызантальных працэсаў арганізацыі сацыяльнага на вышэйшы ўзровень за працэсы вертыкальныя. Менавіта гэта, а не ўяўная пагроза ад прапаганды ЛГБТК+ культуры ці розначытанні ў трактоўцы падставовых правоў чалавека, стала асноўным трыгерам для рэваншысцкай спробы ўсходнееўрапейскай «Вандэі» стаць асяродкам паўстання супраць глабальных трэндаў за новы стары свет. Рэгрэсіўная сацыяльнасць позняга мадэрну, увасобленая для нашага рэгіёна настальгічнай міфалагізацыяй познесавецкай сістэмы, вядзе да спробы аднаўлення тых складнікаў мадэрнага грамадства, якія могуць, як падаецца, адрадзіць страчаны мадэрны парадак.
Адсюль растуць карані сінкрэтычнага змяшання ў расійскай і беларускай аўтакратыях элементаў традыцыйнага (неапаганскага і візантыйскага) дыскурса, нерэфлексіўнага паяднання манархічных імперскіх і інтэрнацыяналістычных камуністычных ідэалогій, адраджэння скрайніх нацысцкіх і фашысцкіх дзяржаўных сістэм. Тое, што тлумачыць гэты постмадэрнісцкі мікс маласпалучальных наратываў і практык, гэты постідэалагічны вінегрэт адрозных прасторавых і часавых вымярэнняў сацыяльнага — іх агулам мадэрны змест. Паўстанне перыферыі супраць глабальнага свету — гэта перадусім паўстанне мадэрну, спроба вярнуць яго з дапамогай сучаснай магіі вуду. Крывавая вайна і сотні тысяч яе ахвяр, замардаваныя грамадствы і дэградаваўшыя эканомікі — у сімвалічным плане з’яўляюцца спробай правесці рытуал выклікання духаў мадэрнасці і вяртання да жыцця той формы сацыяльнага, якая перажывае свой канчатковы заняпад і прадчувае блізкі канец.
Гэта будучыня, наступленне якой так спрабуюць спыніць хаця б у сваім рэгіёне (калі не глабальна) усходнееўрапейскія (цяпер ужо) таталітарныя рэжымы, — гэта будучыня грамадства інавацыі і глабальнага тэхналагічнага і гуманітарнага развіцця, дзе роля і месца дзяржавы і іншых іерархічна-выбудаваных вертыкальных грамадскіх сістэм будзе чым далей, тым больш няўхільна змяншацца, а новае разуменне чалавечай прыроды і развіццё тэхналогій (асабліва дыгітальных) будзе весці да кардынальнай змены звыклых для нас сацыяльных практык і норм.
Рэванш познесавецкага мадэрну — гэта імаверна адна з апошніх найбольш драматычных падзей на шляху замацавання новай глабальнай палітыкі: ён не мае шанцаў на перамогу нават у выпадку глабальнай ядзернай вайны (дакладней сказаць, што пры такім раскладзе ў чалавецтва наогул не будзе пераможцаў). Але нарастанне лакальнага рэваншу мадэрнай (або магчыма квазі-мадэрнай?) сацыяльнасці і недастатковы характар імуннага адказу з боку глабальнага свету можа прывесці да рэгіянальнай анкалогіі і запаволення тэмпу руху прынамсі еўрапейскага «першага свету» да новай глабальнай перспектывы.
Якое месца тут можа быць для Беларусі і беларусаў? Звычайна альбо ў якасці сакральнай ахвяры познемадэрнай гібрыднай сацыяльнасці, з замарожаным на доўгі час перыферыйным статусам рэгіёна — донара сусветнай нестабільнасці, альбо выйграным новым статусам часткі еўрапейскай супольнасці. Пры гэтым трэба разумець, што для беларусаў — гэта цяпер страшна рызыкоўная гульня, дзе шанцы патрапіць у першы ці другі расклад залежаць як ад уласных высілкаў людзей, так і дзейнасці знешніх актараў, на волю якіх беларусам цяжка паўплываць.
Але нягледзячы на ўсе расклады, дзейнасць саміх людзей і іх свядомы выбар пазіцыі мае не меншае значэнне, чым дзеянні трэціх сіл. Таму ў цэнтры катаклізму варта цвяроза ўсведамляць магчымыя кірунку далейшага руху і вектары для прыкладання высілкаў.