Ішоў па цэнтры Прагі, і згадваў, што калісьці параўноўваў распаўсюд беларуса цэнтрычнасці як россып пацерак на мапе Беларусі. Некаторыя людзі гэтыя невялікія асяродкі называлі словам «гета», а я ўжываў паняцце «крэпасці».
У 2020 годзе россып пацерак злілася ў адно вялікае цэлае, якое на мапе заняло далёка больш за 50%.
Але вось я іду па цэнтры чэшскай Прагі, прыехаўшы туды з польскай Варшавы з прэзентацыяй літаратурнага праекту пра грузінскі Батумі.
Зноў на мапе беларусы як на архіпелагу Беларусь, гаворачы назвай адной з кніг філосафа Валянціна Акудовіча.
Толькі архіпелаг гэты будучы за мяжой, і па дакументах эмігранцкім, прэтэндуе на суб’ектнасць. Эмігранцтва, уцякацтва і дыяспарнасці шмат каму з беларусаў не дастаткова.
Беларускую супольнасць за мяжой можна параўнаць, напрыклад, з Тайванем. Толькі без сваёй зямлі пад нагамі. Але з усімі шанцамі, як і не прызнаны большасцю свету востраў, атрымаць свой дыпламатычны статус.
Пакуль не надышоў 2025 год, год пяцігоддзя пасля выбараў 2020, адзіны чалавек, які легітымна рэпрэзентуе беларусаў, гэта Святлана Ціханоўская. У яе ёсць час, каб уплываць на тыя ці іншыя падзеі менавіта як у асобы, законна абранай прэзідэнткай, хай сабе якая не прайшла праз інаўгурацыйную працэдуру.
Важна як мы сябе рэпрэзентуем для саміх сябе. У Польшчы я прыдумаў сабе такі вобраз як беларус — гэта шляхціч, які прыбыў з-за ўсходняй мяжы Польшчы. Такі аўтатрэнінг важны, бо я, напрыклад, рэгулярна сутыкаюся са стэрэатыпамі пра беларусаў у лепшым выпадку дзесяцігадовай свежасці.
Беларускі 2020 не асэнсаваны самімі беларусамі, што ўжо чакаць ад замежніка адэкватнага ўспрыняцця сучасных беларусаў. Усе — не ўсе, але большасць беларусаў моцна пракачаліся за апошнія тры з лішкам гады.
Калі ўжываць слова «шляхціч» як сінонім «крэатыўнага класу», то мой аўтатрэнінг не такі далёкі ад ісціны. Бо беларуская хваля вымушанай эміграцыі ад 2020 году і па сёння мае ўнікальны характар.
У Еўропе ніколі не бачылі адначасова такой вялікай колькасці людзей, пераследаваных за іншадумства. Я сыходжу з меркаванага мінімуму ў 70% дарослых беларусаў, якія не падтрымалі Лукашэнку ў 2020.
Так, у СССР на ўсіх этапах яго існавання трываў пераслед самых розных сацыяльных і этнічных групаў. І ў былых краінах сацлагеру было штосьці падобнае да СССР з улікам нацыянальных асаблівасцяў.
Але ў савецкія часы гаворка не вялася нават пра дзесяць працэнтаў насельніцтва, якія б адкрыта выступілі супраць улады. У дыктатурах не падтрымка — гэта больш за няўдзел, гэта акт варожасці.
У 2020 годзе адкрылася акно самых розных магчымасцяў. У тым ліку сталася агульнадаступным веданне прыблізных працэнтаў праціўнікаў дыктатара.
Не забудзем, што аграмадная колькасць людзей да жніўня 2020 году верыла ў прававое поле на тэрыторыі Беларусі.
Маўляў, раней апазіцыянераў саджалі не па законе, але гэта было выключэннем. Мы то — большасць — жывем па законах, і мусім мець з боку дзяржавы ўзаемнасць.
І калі пасля «уключэння» інтэрнэту людзі ўбачылі той жах, які нарабілі карнікі Лукашэнкі за 8-12 жніўня 2020, з’явілася масавае абурэнне менавіта беззаконнем. Усе ўбачылі ад чаго так блізка яны жылі сваё жыццё — ад магчымасці трапіць у катавальні Акрэсціна.
Пракачанасць беларусаў такая, што ў Польшчу ды іншыя краіны прыбываюць людзі, якія пабачылі пашчу нечысці зусім блізка, а дзясяткі тысяч пабывалі там унутры. У былой палітычнай Усходняй Еўропе ўжо толькі людзі сталага і надта сталага веку памятаюць што такое фашысцкія рэжымы з камуністычнымі лозунгамі.
Новая хваля беларускай эміграцыі на вялікі адсотак складаецца з людзей, пацярпелых за ідэалы. Найперш ідэалы справядлівасці.
Так, такія эмігранты былі заўжды, але не ў колькасці людзей, якімі можна засяліць цэлы абласны/ваяводскі горад.
Названая няпростасць беларусаў за мяжой — вялікі іміджавы капітал, які нельга растрэсці.
Хтосьці ў 2020 годзе заўважыў як раптам у краінах, дзе здавалася, што няма беларускіх дыяспараў, раптам выйшлі людзі з БЧБ-сімволікай.
Гэта беларусы, якія жылі ціхенька, мімікруючы пад мясцовых, якія не жадалі акцэнтаваць увагу на сваім паходжанні, каб не чуць на адказ штосьці пра Лукашэнку. Цяпер да суайчыннікаў хацелася далучыцца.
Стаць часткай феерыі паўставання грамадзянскай супольнасці з максімальна пазітыўным іміджам. «Беларус» загучала годна.
Вось гэтае «годна» нам беларусам трэба калектыўна расшыфраваць — назваць больш дакладна. Гэта задача для паліттэхнолагаў у камандзе з сацыёлагамі, камунікацыйнікамі, рэкламістамі.
Што праўда, паліттэхнолагі — гэта для прававога поля, ці хаця бы падабенства чагосьці законнага. Будзь то ў мірны час, ці не зусім мірны.
Мае прапановы ў будучую агульную капілку:
Беларусы тэхналагічна мегасучасныя (нагадаць пра 5-ю ІТ-краіну ў свеце да 2020);
Беларусы амаль як першахрысціяне, на столькі іх пратэст без карыслівых матываў;
Беларусы — Еўрапейцы з вялікай літары, бо Закон для іх рэлігія;
Беларусы мегаталірантныя (гісторыя без рэлігійных пераследаў, першыя праведнікі міру, пратэст 2020 быў усіхным);
Але ў выпадку патрэбы беларусы мегасмелыя (проста праілюстраваць з 2020 году).
Яка кажуць, дадай сваё.
Фактычна варта ствараць імідж беларусаў у Еўропе як носьбітаў Веды — як сутыкнуцца з абсалютным Злом, і застацца чалавекам.