Электаральная кампанія 2024 году ў мэсэджах дзяржпрапаганды вырашае традыцыйныя задачы па ўмацаванні лаяльнасці сярод прыхільнікаў, зніжэння сумневаў сярод неангажаванай аўдыторыі, а таксама па дыскрыдытацыі апанентаў. Упершыню выкрышталізаваны тэзіс пра «электаральны суверэнітэт» — у папярэднія гады ўлады імкнуліся хоць нешта зрабіць для знешняй легітымнасці выбараў, цяпер ад гэтага яны адмаўляюцца прамым тэкстам.
Прызначаны на месца Лідзіі Ярмошынай новы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка 26 лістапада ў эфіры тэлеканалу ОНТ распавядаў пра асаблівасці новай электаральнай кампаніі, выкліканыя ўвядзеннем у Канстытуцыю нормы пра Адзіны дзень галасавання:
“У розных рэгіёнах будзе выдавацца розная колькасць бюлетэняў. Напрыклад, у сельскай мясцовасці будуць выдавацца чатыры бюлетэні, калі грамадзяне будуць галасаваць адначасова за дэпутатаў сельскага або пасялковага савета, за абранне дэпутатаў раённага савета дэпутатаў, абласнога савета дэпутатаў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У Мінску крыху прасцей — будзе выдавацца два бюлетэня па выбарах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Мы крыху скарацілі выбарчы цыкл. Раней у 4 гады мы праводзілі трое выбараў і фактычна знаходзіліся ў стане перманентнага выбарчага працэсу. Канешне, гэта стварала пэўныя складанасці і для дзяржавы, і для грамадства. Цяпер мы будзем праводзіць двое выбараў фактычна раз на 5 гадоў. Адпаведна павялічыліся паўнамоцтвы дэпутатаў да 5 гадоў, змяніліся патрабаванні да патэнцыйных кандыдатаў як у прэзідэнты, так і ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты мясцовых саветаў. У чым яшчэ асаблівасці? Пасля завяршэння адзінага дня галасавання нам трэба яшчэ працягнуты выбарчы цыкл: спачатку абраць членаў Савета Рэспублікі, таксама трэба будзе абраць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад нававыбраных дэпутатаў мясцовых саветаў (законам вызначана, што такіх павінна быць 350), і дэлегатаў выбраць ад структур грамадзянскай супольнасці, якіх будзе 400 чалавек» (цытата па газеце «Звязда»).
Апісаныя навацыі найбольш цікавыя арганізатарам выбараў у сітуацыі, калі ў выбаршчыка фактычна няма выбару: конкурс на дэпутацкі мандат рэдка дзе перавышае аднаго чалавека (прывітанне савецкім безальтэрнатыўным выбарам з непарушным блокам камуністаў і беспартыйных), а апазіцыі ці проста іншадумцаў няма нават на этапе збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Святлана Ціханоўская прапанавала назваць гэту кампанію «бязвыбарамі», што гучыць прыгожа, але не ўтварае альтэрнатывы кампаніі кіроўнага рэжыму.
Там дзе ў выбарчым бюлетэні ўтварылі конкурс, ён выглядае вельмі штучным. Напрыклад, як піша «Точка», «И даже лидеру партии <„Белая Русь“> Олегу Романову в Гродненском-Северном избирательном округе намерена оппонировать однопартийка Елена Шутикова. Она заведует детским садиком».
ДзяржСМІ нават і не імкнуцца зрабіць выгляд, што электаральная кампанія з’яўляецца яркай і канкурэнтнай, але робяць акцэнт на тым, што ўдзел у галасаванні вельмі важны.
А вось старшыня ЦВК Ігар Карпенка знайшоў лозунг моманту — «электаральны суверэнітэт»: «Пры разглядзе Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі мы паспрабавалі ўключыць такое паняцце, як электаральны суверэнітэт як неад’емнае, выключнае права суверэннай дзяржавы самастойна, без якіх-небудзь умяшанняў праводзіць выбары. Мы для сябе ўжо вызначылі напрамкі, якія павінны паставіць заслон спробам уплыву на выбарчую сістэму, у першую чаргу звонку».
Маніторынг Media IQ паказвае, што словаспалучэнне «электаральны суверэнітэт» у беларускай медыяпросторы амаль не фіксавалася да лютага 2023 году, калі дзяржсакратар Саўбезу Беларусі Аляксандр Вальфовіч паведаміў пра ўнясенне яго ў праект канцэпцыі нацыянальнай бяспекі (Карпенка тады стаў адным з евангелістаў наратыву пра «электаральны суверэнітэт»). Канцэпцыю мусіць зацвердзіць Усебеларускі народны сход, які мусіць утварыцца па выніках гэтай электаральнай кампаніі, а прапаганда ўжо ўзяла яго на ўзбраенне.
Часам словаспалучэнне ужываецца даслоўна, як у справаздачы з круглага стала ў «СБ. Беларусь сегодня» пра ўдасканаленне сістэмы нацыянальнай бяспекі (Цікава, што тут эксперт Аляксандр Цішчанка растлумачыў сэнс канцэпцыі: «Мы больше не дадим использовать наше право на выбор в качестве антигосударственных демаршей»), але часцей прапагандысты фармулююць гэты наратыў больш агульнымі словамі — мы самі будзем вызначаць свой лёс.
Праўладны палітолаг Вадзім Баравік канстытуцыйную норму пра зменлівасць улады ў выніку выбараў падае як падкінутую знешнімі ворагамі ідэю, а такія выбары — каляровай рэвалюцыяй: «Почему белорусы и россияне на данном этапе не приемлют навязываемые Западом идеи смены законно избранной власти путем проведения цветных революций, которые часто сопровождаются дестабилизацией и гражданскими войнами». Яго калега Пётр Пятроўскі працягвае думку пра знешнія пагрозы: «Беларуси необходимо максимально обезопасить себя от внешнего вмешательства в предстоящие выборы».
Такім чынам тэмы электаральнага суверэнітэту і абароны ад знешняга ўплыву цесна пераплеценыя і адлюстроўваюць антызаходні настрой.
Поўнай паслядоўнасці з электаральным суверэнітэтам няма, бо для лаяльнай і неангажаванай аўдыторыі хтосьці мусіць сведчыць што з пункту гледжання легітымізацыі органаў дзяржаўнага кіравання шляхам зацверджанай працэдуры выбараў усё адбылося правільна. Гэтую ролю як і пад час ранейшых кампаній будзе рабіць Місія назіральнікаў ад СНД за выбарамі дэпутатаў у Адзіны дзень галасавання. Акрамя місіі СНД былі запрошаны прадстаўнікі ШАС, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Саюзнай дзяржавы і індывідуальныя эксперты.
У дзяржСМІ тлумачыцца адсутнасць у гэтай кампаніі звыклага назірання ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (генсек СНД Сяргей Лебядзеў заявіў: «назіранне з боку БДІПЧ АБСЕ і некаторых іншых заходніх структур выкарыстоўвалася толькі для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі»), ну, а цяпер не разам, а замест іх будуць «Назіральнікі ад СНД — незалежныя і аб’ектыўныя эксперты».
Такім чынам падтрымліваецца ўражанне, што сябры Беларусі ёсць толькі ў Расіі і краінах СНД, а Захад варожы і імкнецца да дэстабілізацыі Беларусі. Людзі ж, якія трымаюць уладу ў Беларусі, вядома імкнуцца да стабільнасці, якая ў іх інтэрпрэтацыі значыць захаванне ўлады ў адных і тых жа руках. Збольшага кандовыя і нецікавыя паведамленні пра маштабнасць і досвед працы місіі назіральнікаў СНД пэўна не будуць цікавымі масавай аўдыторыі, але ў любым выпадку будуць успрымацца хаця б фонава як нешта, што з’яўляецца аксіёмай і ў такой якасці будуць працаваць на ўмацаванне ўспрыняцца Адзінага дня галасавання як легітымных і празрыстых выбараў.
Як і ў папярэдніх электаральных кампаніях у Беларусі тут асноўны аб’ём кантэнту тычыцца тэхнічных працэдур, а не асвятлення праграм кандыдатаў, парадку дня ці нават знаёмству з іх біяграфіямі. У СМІ публікуюцца каментарыі да вынікаў апытання, якое Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД) замаўляў у Інстытуце сацыялогіі НАН Беларусі ў кастрычніку 2023 году. З агучанага вынікае, што палітычныя аспекты выбараў грамадзянаў не турбуюць, у адрозненні ад якасці вады, стану дарог, падвышэння асартыменту тавараў.
Мясцовыя і парламенцкія выбары адбываюцца на ўзроўні акругі дзе болі жыхароў акругі менавіта так звычайна і фармулююцца. Аднак палітычныя апаненты звычайна дадаюць у парадак дня не толькі пытанні ўзроўню выжывання, але і спрачаюцца за рознае бачанне будучыні — хаця б на мінімальным узроўні. Цяпер намёкаў на штосьці больш за выжыванне не адзначана.
У апытанні БІСД фігуруюць чаканні рэспандэнтаў у адносінах да будучых дэпутатаў — мабільнасць, прафесійнасць, цесны кантакт з выбаршчыкамі і нацэленасць на хуткае вырашэнне паўсядзённых праблем. Падобна, што гэта адзін з прыкладаў сацыяльнаўхваляльных адказаў на пытанні, бо, напрыклад, рэспандэнты (а можа і сацыёлагі) хутчэй за ўсё не ведалі, што дэпутаты мясцовага ўзроўню працуюць на грамадскіх пачатках, а значыць пра прафесійнасць можна будзе казаць толькі на парламенцкім ўзроўні.
ДзяржСМІ ствараюць уражанне інклюзіўнасці і клопату пра грамадзян і ўразлівыя групы з боку арганізатараў кампаніі. Прайшла хваля публікацый пра стварэнне добрых ўмоў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі каб яны маглі ажыццявіць галасаванне, пры гэтым замоўчваецца пазбаўленне выбаршчыка магчымасці сам на сам пабыць з бюлетэнем для галасавання.
Спіс наратываў:
Удзел у галасаванні вельмі важны;
Электаральны суверэнітэт («мы самі будзем вызначаць свой лёс»);
Захад варожы і імкнецца да дэстабілізацыі Беларусі («назіранне з боку БДІПЧ АБСЕ і некаторых іншых заходніх структур выкарыстоўвалася толькі для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі»);
Сябры Беларусі ёсць толькі ў Расіі і краінах СНД («Назіральнікі ад СНД — незалежныя і аб’ектыўныя эксперты»);
Інклюзіўнасць і клопат пра грамадзян і ўразлівыя групы.
Падсумаванне
Цэнтральнае месца займае канцэпцыя «электаральнага суверэнітэту», якая стала важным элементам у падмацаванні ідэі выключэння знешняй ацэнкі электаральнага працэсу ў Беларусі. Пры гэтым ухваляльныя ацэнкі прымаюцца ад хаўруснікаў кіроўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і выкарыстоўваюцца для сведчання легітымізацыі органаў дзяржаўнага кіравання шляхам зацверджанай працэдуры. Тэмы электаральнага суверэнітэту і абароны ад знешняга ўплыву цесна пераплеценыя і адлюстроўваюць антызаходні настрой.
Такі падыход дазваляе беларускім уладам умацоўваць сваю пазіцыю ўнутры краіны і знешне, ствараючы абарончы мур ад знешніх уплываў і крытыкі, асабліва з боку Захаду.