Беларускае медыйнае поле разарвалася, раскідалася і расцерушылася ў розныя бакі. Медыя фармуе рэальнасць, толькі адлюстроўвае, ці ўсё разам? Адначасова паўстае пытанне: што было першым — уплыў ці адлюстраванне?

Раскіданае медыйнае гняздо

Незалежныя беларускія медыі не могуць быць адлюстраваннем беларускага жыцця ў Беларусі.

У канцы жніўня 2020 я падумаў, што варта было б рэдакцыям сваё кіраўніцтва вывезці за мяжу, а ў полі пакінуць рэпарцёраў на (паў)падпольным становішчы. Тэарэтычна і цяпер бы тыя ці іншыя падпольшчыкі маглі б даваць унутраны кантэкст таго што адбываецца ў Беларусі. А найперш перадаваць атмасферу.

Але маем той фармат працы, які бачым цяпер. А гэта часцей навіны з радзімы як перадрук, а не ўласны эксклюзіў. Плюс каментары аглядальнікаў. А спікеры далёка не ўсе пагаджаюцца на публічныя выступы. А ананімных лідараў меркаванняў не бывае.

У замежжы ад беларускага журналіста патрэбныя не рэпарцёрскія ці інтэрв’юёрскія таленты. Галоўная каштоўнасць у здатнасці да работы, падобнай да выведкі, якая працуе з адкрытымі і паўадкрытымі крыніцамі.

Але самае галоўнае — з вызначэннем тэмаў. Што галоўнае? На дзень, на тыдзень, на перспектыву? Я, напрыклад, праз два гады адсутнасці ў Беларусі не магу ўявіць што там людзі абмяркоўваюць між сабою на рабоце, у барах ці ў цягніках.

За мяжой для журналіста ў пошуку тэмаў выбар грамадскіх актыўнасцяў невялікі — Офіс Святланы Ціханоўскай, Пераходны Кабінет ды Каардынацыйная Рада. Плюс яшчэ Рада Культуры час ад часу пройдзе на даляглядзе падзейнага фону.

Для каго пішам?

Як чалавек, які два гады таму вырваўся на вольную тэрыторыю, у маім выпадку ў Грузію, з сарака баксамі ў кішэні, я ведаю калі не ўсе, то шмат якія, узроўні выжывання і станаўлення ў новых нечаканых умовах.

Сёння бачу розныя складанасці ў новапрыбылых у Польшчу.

Апошняя хваля беларускай эміграцыі вельмі свежая, людзі ўсё яшчэ масава перажываюць свае стрэсы, сваё выжыванне і ўкараненне ў новых краінах.

Шмат хто, канешне, калі раптам пачуе, шчыра парадуецца за чарговыя дыпламатычныя паездкі Святланы Ціханоўскай, а хтосьці раздражнёна паплюецца ад навінаў пра беларускую каляпалітыку за мяжой.

Але я не бачу рэзону, каб людзі ажно штодня адсочвалі нейкія навіны пра тое, што іх не датычыць непасрэдна.

Ці часта беларускія дэмакратычныя колы даюць інфармацыю, якая дапаможа чарговаму ўцекачу ад рэжыму? А беларусу ў Беларусі? Пытанні рытарычныя.

Магчыма, выправіць сітуацыю можа сваё грамадскае медыя?

Скінуцца на сваё супольнае

Калі рыхтаваў гэты тэкст, убачыў абвестку яшчэ аднаго медыйнага праекту, які на мяжы закрыцця просіць у гледачоў грошы на сваё існаванне.

З аднаго боку, кепска, што заходнія фундацыі рэжуць беларускія праекты — не бачаць патэнцыялу, эканомяць і лепяць да «дэмакратычных расейцаў»?

З іншага боку, можа хоць адзін ці нават два медыя будуць існаваць за данаты. Гэта было б феерычным працягам станаўлення гарызантальнай беларускай супольнасці. Цяпер ужо транснграчнінай.

Відавочна медыі часцей танцуюць ад сваёй аўдыторыі, якая звычайна «намольваецца» не адзін год. Цяпер спажыўцы раскіданыя па краінах. Апроч агульных успамінаў іх не звязвае нічога, бо адсутнічае агульная перспектыва. І іх калісьці ўлюбёны медыя адчування адзінства ўжо не даюць.

Разарванае і раскіданае медыйнае поле — люстэрка разарванага і раскіданага грамадства.

З іншага боку, вандруючы апошнія два з лішкам гады па Украіне, Грузіі, Літве і Польшчы, я заўважыў, што цуд імгненнага будавання сацыяльных сотаў 2020 году, гэтая практыка працуе і за мяжой. Беларуская ўзаемадапамога асабліва выразна заўважная ў адносна невялікіх гарадах замежжа.

Патэнцыял

Як выкарыстаць не расцярушаны яшчэ патэнцыял 2020?

Напрыклад, прызнацца, што адкрытая дзейнасць вольнага медыя магчымая толькі для беларусаў у эміграцыі.

Прызнацца, што для суайчыннікаў унутры краіны трэба рабіць не журналістыку, а прадукт ва ўмовах халоднай вайны. Не гуляцца ў «нармальнасць» з заходнімі партнёрамі, а пасля з пальца высмоктваць «аб’ектыўную журналістыку» пра фактычна акупаваную Беларусь. Сыходзіць з рэалій, хай сабе яны не зразумелыя донарам. Тлумачыць, шукаць выхады на мясцовых палітыкаў.

Калі будзе канкрэтыка, тады мазгавыя штурмы пойдуць не офіснаму кату пад хвост, а на карысць.

Фантазія на тэму «што бы я параіў зрабіць»

Пачаць з простых, але важных для простых жа людзей рэчаў. Напрыклад знайсці фінансаванне для беларускага юрыдычнай дапамогі 24/7.

Колькі чалавека не пераконвай працягваць удзельнічаць у беларускім жыцці пасля пераезду за мяжу, пакуль чалавек думае пра выжыванне, яму не да высокіх ідэяў. А тут — цэнтр, дзе дапамогуць! Ідэйныя дапамогуць практычна. Вось спецыялісты па прававых аспектах арэнды жытла, тут пра ўзаемадзеянне з працадаўцам, тут як камунікаваць з рознымі сэрвісамі, а тут усё пра падаткі для прыватных асобаў і малога бізнесу. А там вунь пра розныя варыянты легальнага прыбывання.

Замест тысячы словаў не такая складаная справа, патрэбная ўсім.

І вось Офіс, Кабінет ці Рада дэманструюць першыя канкрэтныя крокі ў агульнай для беларусаў замежжа рэальнасці.

А тут «чорная лебедзь»! А раптам у беларусаў з’віцца новы лідар з вялікім крэдытам даверу?

Самы высокі ўзровень даверу, гэта калі ты гатовы даць чалавеку свае грошы на захаванне, а тым больш на развіццё — сваё і супольнасці. «Партыя беларусаў», «Ордэн беларусаў», «Супольнасць беларусаў», можа прыдумаць іншы варыянт. Галоўнае, што супольнасць аб’яднаная не толькі ідэйна, але практычна.

Тады і «унутраны пашпарт» спатрэбіцца — для ідэнтыфікацыі адзін аднаго ў офлайн версіі.

Моцныя дыяспары рана ці позна змогуць адыграць вялікую ролю ў грамадска-палітычнай адбудове Беларусі.

Вызначальны для грамадскіх ініцыятываў 2024 год

Апісаная вышэй фантазія — толькі прыклад у якім кірунку можна думаць, каб аб’яднаць беларусаў не толькі пачуццём любові да радзімы, але і чымсьці практычным.

2024 можа стаць вызначальным для ўсіх беларускіх палітычных ініцыятываў, паўсталых на выездзе ці пераехалых за мяжу ад 2020 году.

Старыя наратывы прадаваць наўрад ці атрымаецца як у 2023. Напрыклад, што «наша галоўная мэта — вызваленне палітзняволеных».

Зразумела, што ў цяперашні час беларускіх палітзняволеным можа даць шанец ці то снайпер ці то вайсковая аперацыя.

Нават на агучку падобных ідэяў беларускія грамадска-палітычныя ініцыятывы не атрымаюць «ярлык» ад сваіх заходніх партнёраў. «Не час».

Вось тут бы «чорнай лебедзі» і з’явіцца, каб паставіць перад фактам заходніх партнёраў: ёсць асобны, адрозны ад заходняга, шлях вырашэння праблемы дыктатуры ў Беларусі. Які? Давайце абмяркуем у незалежным беларускім медыя. То бок, зусім незалежным, які існуе за данаты спажыўцоў інфармацыі.

Будзе нарастаць і мадыфікавацца суб’ектнасць беларусаў, будзе незалежным медыям пра што распавядаць.