Спяваю мінорную песню эмігранта
А мог бы спяваць там, дзе лямпачка не гасне
Бадзёры марш беларускага вязня
© Leibonik
Хутка чарговы новы год, які будзе святкаваць часткова раз’яднаная беларуская нацыя. Часткова, таму што пры наяўнасці сучасных сродкаў камунікацыі цалкам яе раз’яднаць на Беларусь усходнюю і заходнюю не атрымаецца ні ў якіх спецслужбаў. Пры гэтым тое, што працягвае лучыць пераважную частку беларусаў па абодва бакі мяжы — гэта пэўная настальгія па мінуламу і не жаданне прызнаваць той факт, што вяртання ў рэальнасць да 2020 года не будзе. Вось чаму і планаваць нешта, спадзявацца ці чакаць наступлення таго, што было магчыма ў ранейшыя часы, не выпадае.
Перажыўшы траўму незавершанай рэвалюцыі, вялікая частка людзей спрабуе захаваць для сябе тую беларускую даваенную Атлантыду, што імкліва сышла на дно кудысьці ў раён рускага ваеннага карабля. Гэта бачна відавочна ў палітыцы. Напрыклад, пад час чарговых дэбатаў, ці варта ўдзельнічаць у новых «выбарах». Спакойна, панове, можна разняволіцца: пытанне пра выбары ў Беларусі канчаткова закрытае, прынамсі пры цяперашнім кіраўніцтве. Лепшае, што тут можна зрабіць, гэта падыскутаваць пра выбары ў Каардынацыйную раду і механізм, па якім туды варта ажыццяўляць галасаванне.
Па-першае, таму што гэта хаця б часткова можа быць новым і нечаканым досведам для адвыклых ад рэальнай дэмакратыі беларусаў, а па-другое, таму што гэта дасць нам хаця б мінімальнае разуменне, як працуюць дэмакратычныя працэдуры пры лічбавым галасаванні. І першае і другое — профіт, хай сабе і невялікі. Прынамсі можна атрымаць нясумную пляцоўку, дзе будуць дыскутавацца вострыя тэмы, а ў перспектыве можа і дзейсны варыянт на новыя дэмакратычныя выбары ў выпадку такога-сякога транзіту.
У Беларусі ж відавочна на выбарах «сюрпрызаў не будзе»: асабліва някемным, накшталт былога старшыні беларускай партыі «Зялёных», здолелі тое патлумачыць проста на пальцах. Застаецца невялікая інтрыга хіба толькі з палавым членам Ліберальна-дэмакратычнай партыі, але і яго электаральныя перспектывы не надта ўражваюць, нягледзячы на запэўніванні старшыні апошняй.
Лукашэнка паступова звыкаецца з думкай пра паўтарэнне шляху Назарбаева, а ягоныя дэпутаты штампуюць усё новыя законы пра статус ВНС, пажыццёвыя гарантыі прэзідэнту і членам яго сям’і, ганаровае сенатарства і іншыя спосабы пераканаць пажылога дыктатара, што здаваць уладу на новага крамлёўскага пераемніка не толькі не страшна, а нават трошкі прыемна. Ніхто гэтаму асабліва не верыць, але большасць старанна робіць выгляд, што «усё рушыць водле плану».
Асоба пераемніка можа не настолькі сама па сабе істотная, будзе тое ўмоўная Качанава або Карпянкоў, калі сцэнарый пойдзе у накірунку інкарпарацыі і Беларусі як «суцяшальнага прыза» за імперскі рэванш. Але можа мець пэўную інтрыгу ў выпадку, калі ўсё пойдзе не зусім водле плану і давядзецца ладзіць «круглы стол з дэмакратычнай апазіцыяй». Пры старым дыктатары гэта опцыя неімаверная, пры пераемніке ўжо цалкам рабочая. Гэта таксама тое, што ў гарызонце да 2020 г. не ўяўлялася асабліва магчымым. Але рэвалюцыя 2020 г. настолькі не «разгайдала» сітуацыю ў краіне, што сёння сцэнар пераемніка выглядае цалкам рабочым. І так, гэта дакладна не Коля.
Тыя, хто працягваюць жыць падзеямі 20-га, дасюль паўтараюць як мантру тое, што, маўляў, дэмакратычныя сілы не выкарысталі магчымасць гвалтоўнай змены ўлады. Вельмі зручны міф, калі забыць, што да гвалтоўнага варыянту ўлады былі куды як добра падрыхтаваныя і гэта літаральна на сваёй скуры адчулі ўдзельнікі пратэстаў 9-11 жніўня. І каб не нечаканы для ўсіх усплёск пратэсту мірнага, так бы і засталася тая спроба чарговым трагічным эпізодам адвечнага змагання беларусаў з дыктатурай.
А мірным пратэстам нельга кіраваць гэтаксама ж як гвалтоўным. Тут ніякія матросы і салдаты на штурм палацу не пабягуць. Ды і з вышыні дня сённяшняга бачна, што мы на той момант хадзілі па самым краі Прагі-68, але абышлося ўсталяваннем Польшчы-82. Разлічваць на сам па сабе сілавы варыянт сёння, без уліку рэгіянальнага і глабальнага раскладу сіл і неабходнасці распаду ці істотнага паслаблення Расіі, было б недальнабачнасцю і глупствам. Такія пражэкты ўзнікаюць хіба калі працягваць трымацца ўяўнага гарызонту свету да 20-года: калі ўнутраную сцэну Беларусі можа было ідэалістычна ўяўляюць у адрыве ад палітыкі маскоўскай.
Марна таксама спадзявацца, што сённяшняе жыццё пад унутранай акупацыяй можа хаця б у нейкай ступені вярнуцца да таго, якім яно было да 20-года. Рэпрэсіі ўжо самі па сабе спыніцца не могуць і таму нам трэба звыкнуцца з тым, што Беларусь — гэта краіна, у якой сядзяць палітвязні. Такая ж як Куба, Іран, Кітай, Паўночная Карэя і т. п. Што самі па сабе яны не выйдуць. І што пакуль мы не здабудзем кропак сілы, якімі можна будзе ціснуць на рэжым і дамагацца іх вызвалення, ніякіх рэальных зрухаў тут не адбудзецца. І гэта відавочна не санкцыі, тут трэба куды больш крэатыву.
Беларускі бізнес не павернецца ў сітуацыю як раней і не зможа ігнараваць пастаяннае ўзрастанне канкурэнцыі за рэсурсы, усё новыя абмежаванні і формы кантролю, якія забіваюць і без таго не надта свабодны рынак. Прывід «сацыяльнай дзяржавы» будзе ўсё далей выпраўляцца ў нябыт, цэны расці, а дабрабыт падаць. Тут таксама трэба адкінуць ранейшыя ілюзіі, што з часам нешта зможа наладзіцца. Хіба толькі знізіцца парог адчувальнасці і той ўзровень жыцця, які раней падаваўся за нізкі, перастане настолькі пужаць і прыгнятаць. Зрэшты на ўзроўні прагматыкі як раз большасць гэта ўжо і так адчувае.
На што тут можна спадзявацца, дык хіба на тое, што зноў такі ваенна-палітычная машына ўсходняга суседа дасі збой і ўяўная стабільнасць усходнеславянскіх аўтарытарызмаў перастане быць трывалай канструкцыяй, спарадзіўшы новыя магчымасці для развіцця. Сёння ж адзінае, што можна рабіць, — гэта дамаўляцца на беразе пра магчымыя аб’ёмы заходняй эканамічнай дапамогі, адсутнасці жорсткіх рэпарацый і дбаць пра наяўнасць рэальнага плана развіцця эканомікі і інвестыцыйнай дзейнасці ў дэмсіл на пераходны перыяд.
Таксама апошняя ілюзія, з якой варта беларусам расстацца, гэта тое, што з іх нацыянальнымі каранямі і ідэнтычнасцю усё будзе нармальна ў кожным выпадку. Маўляў, бацькі дзясяткі гадоў выбіралі беларускую мову як родную, а беларускую нацыянальнасць як саноўную, і іх дзеці выбіраць будуць. З кожным перапісам, аднак, працэнт такіх людзей крытычна ў краіне падае, а калі ўлічыць тэмпы імклівай зачысткі нацыянальнай культуры і шалёнай русіфікацыі, то спадзявацца на натуральную экалогію грамадскіх працэсаў больш не выпадае.
Таму цяпер толькі актыўнае грамадзянскае дзеянне: толькі праца на ўзроўні сваёй сям’і і знаёмых для падтрымкі ядра нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай адметнасці. Без гэтага беларусы будуць ператварацца ў малыя народы поўначы. Пры чым рабіць гэта мусяць як беларусы ў эміграцыі, так і дома. Чытаючы беларускія кнігі і гледзячы фільмы ў беларускай агучцы, слухаючы кліпы беларускіх музыкаў і гледзячы пастаноўкі беларускіх тэатраў хаця б на ютубе. І прывучаючы да гэтага ўласных дзяцей, бо, як вядома, не той беларус, у каго бацькі размаўляюць па-беларуску, а ў каго па-беларуску гавораць дзеці. Да 2020 г. можна было верыць у тое, што беларусізацыя адбудзецца самацёкам, у 2024 г. ужо відавочна, што толькі праз нас саміх.
Замест падсумавання. Можна канешне аддавацца улюбёнай беларускай скрусе і дэпрэсіі, шкадаваць сябе і страчаныя магчымасці, настальгічна прыгадваць ранейшыя лепшыя часы і наракаць на тых, хто не можа іх павярнуць, а можна цвяроза глядзець на свет, які незваротна змяніўся, бачыць новыя магчымасці там, дзе іх раней не існавала, і нарэшце актыўна рабіць тое, што мы ўсе даўно адкладалі: будаваць сваю дзяржаву і нацыю, паступова, цаглінка за цаглінкай, для таго, каб не змарнаваць свой гістарычны шанс у момант чарговага перыяду паўраспаду маскоўскай імперыі. Польшча і Фінляндыя зрабілі гэта ў 1918, краіны Балтыі атрымалі волю ў 1990-я, Україна змагаецца за сваю свабоду проста цяпер. Ці змогуць беларусы патрапіць у той жа цягнік і нарэшце атрымаць свабоду? — залежыць у тым ліку ад таго, як мы самі адкажам на гэта пытанне.