Заходнія краіны працягваюць уводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і вызначаюць умовы для змякчэння ціску. Гэта, у прыватнасці, вызваленне палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій, выхад з расейскай вайны супраць Украіны. Падаецца, працэс будзе працягвацца. Мінск не праяўляе цікавасці да здзелкі. Замест гэтага Лукашэнка накіроўваецца ў сямейнае знешнепалітычнае турнэ па краінах «далёкай дугі» — у ААЭ, Кітай і Экватарыяльную Гвінею. Як і ў іншыя афрыканскія краіны, экспансія інтарэсаў рэжыму адбываецца па мадэлі «Шэймана-Зінгмана», якая добра зарэкамендавала сябе.
Міністэрства фінансаў ЗША аб’явіла аб новых санкцыях у дачыненні да беларускага рэжыму. У спіс патрапілі 8 беларускіх грамадзян і 11 прадпрыемстваў і кампаній. Гэта пацвярджае намаганні Вашынгтона па прыцягненні Лукашэнкі, ягонай сям’і і рэжыму да адказнасці за антыдэмакратычныя дзеянні і парушэнні правоў чалавека як у Беларусі, так і ў свеце. ЗША маюць намер і далей пераследваць крыніцы даходаў рэжыму Лукашэнкі (яго так званыя асабістыя «кашалькі»») і суб’ектаў, якія спрыяюць агрэсіўнай вайне Расіі ва Украіне. Напрыклад, каардынуюць перамяшчэнне дзяцей з Украіны ў Беларусь і падтрымліваюць аўтарытарны рэжым.
У цэлым ЗША гатовы гаварыць аб змяненні палітыкі ў адносінах да Беларусі, змякчэнні санкцый і паляпшэнні адносін з Мінскам пры выкананні шэрагу ўмоў. У прыватнасці, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, згортвання рэпрэсій супраць беларускага народа і спынення саўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны. Пры гэтым вызваленне палітвязняў будзе зыходным пунктам далейшых дыскусій аб развіцці Злучанымі Штатамі адносін з Беларуссю. Аднак, Штаты не атрымлівалі сігналаў ад рэжыму Лукашэнкі аб гатоўнасці да перамоваў аб вызваленні палітвязняў.
Вялікабрытанія таксама чарговы раз пашырыла санкцыі супраць Расіі і Беларусі. Абмежаванні ўведзены ў адносінах да 25 фізічных асоб. Сярод іх кіраўніцтва і сваякі кіраўніцтва расійскага вытворцы беспілотнікаў «Аэраскан», аэракасмічнага інжынірынгавага цэнтра «Саюз», ваенныя РФ. У дачыненні да беларускага «Канструктарскага бюро „Дысплей“ таксама ўведзены санкцыі з-за паставак прадукцыі для ВПК Расіі і арміі. Лондан таксама аб’явіў аб пашырэнні санкцый у дачыненні да беларускіх функцыянераў. У спіс дададзены 17 чалавек — прадстаўнікі судоў, у тым ліку Вярхоўнага, работнікі пракуратуры і Следчага камітэта.
Акрамя таго, краіны Еўразвяза могуць атрымаць паўнамоцтвы спыняць імпарт газу з Расеі і Беларусі. Праект рэгуляцыі, які разглядае ЕС, дазволіць дзяржавам саюза абмяжоўваць доступ кампаніям з Беларусі і Расіі да трубаправоднай інфраструктуры для паставак газу, а таксама тэрміналам ЗПГ. Дакумент можа дазволіць еўрапейскім кампаніям выходзіць з кантрактаў з расейскімі пастаўшчыкамі без выплаты кампенсацый. Абмяжоўваць доступ да газатранспартнай інфраструктуры можна будзе па меркаваннях бяспекі.
МЗС Беларусі пракаментаваў новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў і фізічных асоб у традыцыйным ключы, назваўшы іх штодзённасцю і рытуальнымі танцамі.
Тым часам Лукашэнка ў коле сям'і і набліжаных застаўся ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах пасля кліматычнага саміту ААН у Дубаі. Ён правёў перамовы з прэзідэнтам ААЭ Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам у «хатнім, сямейным фармаце» без дакладнага парадку дня. Пры дыялогу таксама прысутнічалі ягоныя сыны Віктар і Мікалай.
3 снежня Лукашэнка раптоўна вылецеў у Кітай. Там ён правёў кароткія перамовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Яны абмяняліся меркаваннямі па ўкраінскім крызісе. Па ініцыятыве кітайскага боку абмяркоўвалася рэалізацыя праекта індустрыяльнага парка «Вялікі камень», развіццё прамысловага супрацоўніцтва, спрашчэнне трансгранічных перавозак, садзейнічанне эканамічнаму, гандлёваму і кадраваму абмену.
Аднак сам Лукашэнка прыехаў абмяркоўваць толькі цікавыя для яго праекты — напрыклад, аднаўленне фінансавання будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната. Беларускія ўлады спадзяюцца аднавіць кітайскае фінансаванне будаўніцтва ГАК і ўвесці яго ў эксплуатацыю да 1 чэрвеня 2025 года. Акрамя гэтага, Лукашэнка паразмаўляў з настаўнікамі свайго сына Мікалая ў Пекінскім універсітэце, дзе той праходзіў практыку ў рамках сумеснага праекта па супрацоўніцтве паміж Кітаем і Беларуссю ў сферы біятэхналогій. Аб прарыўных дамоўленасцях па выніках візіту не паведамлялася.
Потым Лукашэнка вярнуўся на некалькі дзён у ААЭ, але прэс-служба не дала інфармацыю пра яго баўленьне часу. Традыцыйна візіты ў ААЭ Лукашэнку, яго сям’я і набліжаныя выкарыстоўваюць для правядзення кароткатэрміновага водпуску.
Далей Лукашэнка накіраваўся ў шэраг краін Афрыканскага кантынента з «афіцыйным візітам» — у прыватнасці, у Экватарыяльную Гвінею. Там палітык правёў перамовы з прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянгам Нгема Мбасага. Бакі падпісалі дарожную карту па развіццю супрацоўніцтва Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі, якая ахоплівае 15 ключавых напрамкаў. Размова ідзе аб кааперацыйных праектах, пастаўках беларускай тэхнікі і арганізацыі яе абслугоўвання, сельскагаспадарчай сферы, ахове здароўя, фармацэўтыцы і рэалізацыі медыцынскага абсталявання, лясной гаспадарцы.
Дарожная карта разлічана на 2024–2026 гады. У прысутнасці Лукашэнкі і Мбасога таксама быў падпісаны пакет дакументаў, «накіраваных на развіццё супрацоўніцтва ў розных сферах». На перагаворах у пашыраным складзе Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць прадаставіць комплексныя рашэнні для развіцця Экватарыяльнай Гвінеі. У цэлым, дамоўленасці шмат у чым капіююць мадэль экспансіі ў іншыя афрыканскія краіны (напрыклад, Зімбабвэ), праваднікамі якой з’яўляюцца Віктар Шэйман і Аляксандр Зінгман. Яны таксама бралі ўдзел у перамовах.