Рэжым занепакоены з’яўленнем раптоўных рызык для палітычнай стабільнасці напярэдадні выбараў 2024 года. Па выніках гэтай кампаніі павінен быць сфарміраваны Усебеларускі народны сход у новай якасці. Для гэтага ўлады пашыраюць пералік задач і крыніцы фінансавання знешняй разведкі. Цяпер яна адказная за прадухіленне пагроз з боку спецслужбаў замежных дзяржаў, а таксама тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый.
Указам № 344 ад 2 лістапада Лукашэнка змяніў у сакавіцкі ўказ 2003 года «Аб пытаннях знешняй разведкі». У новай рэдакцыі знешняй разведцы прадпісваецца абараняць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Рабіць гэта неабходна шляхам здабывання і выкарыстання інфармацыі, а таксама садзейнічаннем дзяржорганам у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. У параўнанні з папярэдняй версіяй, у цяперашнім указе няма ўзгадвання абароны жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.
Таксама ўказ фармулюе галоўную мэту знешняй разведкі — выключыць раптоўнае ўзнікненне пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі за межамі краіны. Да асноўных задач знешняй разведкі дададзена прадухіленне пагроз з боку спецслужбаў замежных дзяржаў, а таксама тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый.
Спецыяльныя службы зараз будуць весці разведку ва ўсіх дзевяці сферах нацыянальнай бяспекі: палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхналагічнай, сацыяльнай, дэмаграфічнай, біялагічнай, інфармацыйнай, ваеннай і экалагічнай. Тады як службы ВС зоймуцца ваеннай сферай, што мае на ўвазе разведку ў ваенна-палітычным, ваенна-стратэгічным, ваенна-тэхнічным, інфармацыйным, ваенна-эканамічным, ваенна-экалагічным, ваенна-біялагічным напрамках. У новай рэдакцыі дабаўлены ваенна-стратэгічная, інфармацыйная і ваенна-біялагічная сферы. Органы пагранічнай службы зоймуцца разведкай для забеспячэння аховы граніцы і пагранічнай бяспекі.
Разведслужбы ўпаўнаважылі ствараць легендарныя арганізацыі, аператыўныя ўлікі і розныя інфармацыйныя сістэмы, неабходныя для дзейнасці. Раней яны толькі ўносілі прапановы «аб стварэнні арганізацый або іх падраздзяленняў».
Новаўвядзенне ўказа — норма аб фінансавым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні разведслужбаў за кошт сродкаў бюджэту, а таксама «іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам». Для матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння могуць рэалізоўвацца дзяржпраграмы. Парадак расходавання сродкаў і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння вызначаць кіраўнікі знешняй разведкі.
Відавочна, што ў аснову ўказа ляглі вынікі нарады двухгадовай даўніны, прысвечанай пытанням разведвальнай дзейнасці. Тады Лукашэнка заяўляў: сучасных умовах задача супрацоўнікаў КДБ — забяспечыць стабільнасць сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, абараніць краіну ад знешняга дэструктыўнага ўздзеяння. Ён таксама паставіў задачы нарасціць намаганні па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам (уключаючы палітэмігранцкія цэнтры ў Варшаве і Вільнюсе), супрацьдзейнічаць антыканстытуцыйным праявам, а таксама ўзмацніць кантроль абстаноўкі ў працоўных калектывах. Тады ж Лукашэнка запатрабаваў ад КДБ падвышаць эфектыўнасць знешняй разведкі і трансфармаваць яе ў падраздзяленне, здольнае вырашаць актуальныя стратэгічныя задачы.
Два гады таму Лукашэнку непакоілі магчымыя дыверсіямі, забастоўкамі на прадпрыемствах. Ён таксама не выключаў чарговай спробы рэвалюцыі ў перыяд правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму. Верагодна, аналагічныя фобіі палітык адчувае ў сувязі з падрыхтоўкай да адзінага дня галасавання 25 лютага і правядзення Усебеларускага сходу 24 красавіка 2024 года.