На фоне новага канфлікту на Блізкім Усходзе паміж Ізраілем і групоўкай ХАМАС, якую падтрымлівае Іран, беларускі рэжым інтэнсіфікуе супрацу з Тэгеранам. Гэта адбываецца, нягледзячы на рызыкі эскалацыі вайны да рэгіянальнага ўзроўню з перспектывай прамога супрацьстаяння паміж Іранам і Ізраілем. Такім чынам, рэжым робіць стаўку на далейшую інтэграцыю ў расейска-іранскую антызаходнюю вось. А новая вайна на Блізкім Усходзе, на думку Мінска і Крамля, адцягне Захад ад вайны з Украінай.
На мінулым тыдні ў Тэгеране адбылося паседжанне змешанай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік, іранскую — першы віцэ-прэзідэнт Махамад Мохбер. На парадку дня — гандлёва-эканамічнае, прамысловае, інвестыцыйнае, банкаўскае, нафтахімічнае супрацоўніцтва, пытанні ў сферах аховы здароўя і фармацэўтыкі, транспарту і авіязносін. Дасягнутыя дамоўленасці замацаваў пратакол, які будзе рэалізаваны ў рамках дарожнай карты супрацоўніцтва.
У беларускую дэлегацыю ўвайшлі прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Мінтранса, Міністэрства аховы здароўя, а таксама «Белнафтахіма» і бізнесмены. Акрамя таго, запланаваны пасяджэнні змешанай рабочай групы па нафтавым супрацоўніцтве і сумеснага камітэта па міжнародных аўтамабільных зносінах. Адбудзецца і беларуска-іранскі бізнес-форум, які арганізуе Гандлёва-прамысловая палата.
Таксама Іран і Беларусь вядуць перамовы ў рамках працоўных груп па аблягчэнні пытанняў лагістыкі і мытні. Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Іранам і Еўразійскім эканамічным саюзам напэўна вырашыць гандлёвыя і мытна-тарыфныя праблемы, аблегчыць гандаль. Улічваючы, што Беларусь не мае выхаду да мора, умацаванне калідора «Поўнач-Поўдзень» з транскаспійскім маршрутам садзейнічае развіццю гандлю паміж краінамі. Таксама знаходзіцца на парадку дня супрацоўніцтва ў сферы нафты і нафтахіміі.
У бліжэйшы час Мінск наведае першы віцэ-прэзідэнт Ірана Махамад Мохбер. Гэта будзе падрыхтоўкай да візіту ў Беларусь іранскага прэзідэнта Эбрахіма Раісі, які запланаваны на 2024 год.
Падчас сакавіцкага візіту ў Іран Лукашэнка сустрэўся з Мохберам і дамовіўся, што палітык прыедзе ў Беларусь і прааналізуе выкананне дамоўленасцей у эканоміцы. У прыватнасці, у час візіту быў падпісаны план усебаковага супрацоўніцтва на 2023–2026 гады.
Аднак вядома, што менавіта Мохбер 6 кастрычніка 2022 года ўзгадніў у Маскве здзелку па пастаўцы Расіі іранскай зброі. Гаворка ішла аб ракетах класа «зямля-зямля» і дадатковых партыях ударных беспілотнікаў.
Таму відавочна: перамовы з Мохберам не абмяжуюцца пытаннямі эканомікі. Бакі надаюць асаблівую ўвагу як бяспецы, так і ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву. Пасля Лукашэнкі ў Тэгеран накіраваўся міністр абароны Віктар Хрэнін. Беларускі Дзяржкамваенпрам нават вызначыў нейкія «пэрспэктыўныя праекты» сумесна з Іранам. Верагодна, размова ідзе аб наладжванні вытворчасці іранскіх дронаў-камікадзэ і балістычных ракет у Беларусі для патрэб Расіі.
Тым не менш, нягледзячы на рызыкі эскалацыі канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС да рэгіянальнага ўзроўню з уцягваннем Ірана і іншых гульцоў, беларускі рэжым вызначыўся са стаўкай. Такую ж стаўку робіць і Расія, зацікаўленая, каб новая вайна адцягнула сусветную супольнасць ад баявых дзеянняў ва Украіне і скараціла аб’ёмы ваеннай дапамогі ЗША Кіеву.