Узброеныя сілы Беларусі нарошчваюць інтэнсіўнасць баявой падрыхтоўкі. Пасля завяршэння комплекснага вучэння стартавала праверка баявой гатоўнасці. Бліжэйшыя паўгода стануць багатымі на мерапрыемствы баявой і аператыўнай гатоўнасці, пераўзбраенне, а таксама абсталяванне па перыметры граніц з заходнімі краінамі і Украінай. Гэтыя мерапрыемствы сінхранізаваныя з вясновым палітычным календаром у Расіі і Беларусі (выбары прэзідэнта РФ, Усебеларускі народны сход), а таксама падрыхтоўкай Крамля да новага маштабнага наступлення ва Украіне.
Пасля завяршэння комплекснага вучэння 3 кастрычніка па даручэнні Лукашэнкі ва ўзброеных сілах пачаўся чарговы этап праверкі баявой гатоўнасці. Кіруе ім дзяржаўны сакратарыят Рады бяспекі. Комплексная праверка вызначыць гатоўнасць часцей і падраздзяленняў выконваць задачы па прызначэнні. Войскі зробяць маршы ў прызначаныя раёны з далейшым выкананнем нарматываў па баявой падрыхтоўцы.
Акрамя таго, ваенная і спецыяльная тэхніка пройдуць праверку кантрольнымі прабегамі па перасечанай мясцовасці і дарогах агульнага карыстання (Мінская, Віцебская вобласці). У мерапрыемстве выкарыстоўваюцца падраздзяленні Сіл спецыяльных аперацый, Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання, а таксама ВПС і войскаў СПА. Прадугледжана задзейнічанне авіяцыі для падтрымкі сухапутных войскаў.
Адначасова стартавалі заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці, якія працягнуцца да 6 кастрычніка. Імі кіруюць старшыні абласных камітэтаў. Мэта — павышэнне падрыхтоўкі і зладжанасці органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны да фарміравання мясцовых войскаў. Ва ўсіх раёнах краіны пройдуць тэарэтычныя і практычныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі выканкамаў, ваенных камісарыятаў і адміністрацый пунктаў прыёму мабілізацыйных рэсурсаў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы ваеннаабавязаных: у рамках аднадзённага збору ім давядуць асновы і парадак дзеянняў у ходзе фарміравання тэрытарыяльных войскаў.
6 кастрычніка Лукашэнка наведаў ваенны аб’ект у Брэсцкай вобласці, адзін з навучальных аб’ектаў Мінабароны. Яму паказалі варыянт інжынернага абсталявання вузла супраціву ўмацаванага раёна і заняткі на ім аднаго з падраздзяленняў. Размова пра апорны пункт «Лініі Хрэніна»» каля вёскі Сакі ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Афіцыйна пункт атрымаў назву «вузел супраціву Кобрынскага ўмацаванага раёна».
Падчас агляду Лукашэнка заявіў: падобных ліній абароны, але яшчэ больш маштабных, па перыметры мяжы будзе некалькі. Іх арганізоўваюць з улікам сучасных войн, у тым ліку ва Украіне, і рэкамендацый ПВК «Вагнер». Канцэптуальна «Лінія Хрэніна» — гэта сукупнасць узаемазвязаных апорных пунктаў і ўмацаваных раёнаў у заходніх і паўднёвых рэгіёнах краіны, якія мяжуюць з краінамі НАТА і Украінай — па аналогіі з «лініяй Суровікіна» на Данбасе.
Лукашэнка заявіў, што мае намер весці актыўную абарону, але ў любы момант гатовы перайсці ў наступленне. Для гэтага да сярэдзіны 2024-га войска атрымае неабходны арсенал у поўным аб’ёме. У яго ўваходзяць сувязь, разведка, беспілотнікі (ударныя ў тым ліку), актыўная абарона — узаемазвязаныя апорныя пункты і ўмацаваныя раёны, якія па сігнале будуць займаць войскі ў выпадку ўзнікнення пагроз.
Лукашэнка ў чарговы раз нагадаў пра «магутную зброю», якая можа нанесці «непрымальную шкоду» суперніку, намякнуўшы на валоданне расейскай тактычнай ядзернай зброяй. Заява супала з чарговай дыскусіяй у РФ аб адкліканні ратыфікацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. Такім чынам, рэжым сінхранізаваў рыторыку з Крамлём у межах лініі на ядзерны шантаж Захаду.
Надыходзячы праз шэсць месяцаў дэдлайн па падрыхтоўцы «лініі Хрэніна» і пераўзбраенні беларускага войска, пра якое кажа Лукашэнка, выпадае на сакавік-красавік 2024 года. Да гэтага часу ў Расіі і Беларусі завершацца важныя палітычныя кампаніі — выбары прэзідэнта РФ і з’езд Усебеларускага народнага сходу. Крэмль таксама разлічвае, што будзе закладзена аснова для новых расейскіх наступальных дзеянняў, запланаваных на вясну 2024 года.
Характар падрыхтоўчых мерапрыемстваў сведчыць: з тэрыторыі Беларусі рыхтавацца новы, на гэты раз сумесны напад на Украіну. На думку рэжыму, «Лінія Хрэніна» і расейская ядзерная тактычная зброя павінна стрымаць дзеянні ў адказ з боку Украіны і яе заходніх саюзнікаў.