Лютаўскі рэферэндум 2022 стаў падпісаннем угоды першага прэзідэнта Беларусі з кіроўным класам наконт трансфармацыі персаналісцкага рэжыму ў калектыўнае праўленне. Паводле новых дамоўленасцяў Аляксандру Лукашэнка абмежавалі магчымасць балатавання на пасаду прэзідэнта двума тэрмінамі. З іншага боку, першы прэзідэнт Беларусі атрымаў карт — бланш на дадатковыя 10 год праўлення. Гэтае вымушанае пагадненне з’явілася кампрамісным у няпростай сітуацыі, у якой апынуўся Лукашэнка ў выніку працяглага палітычнага крызісу. Аднак з цягам часу верагоднасць трансфармацыі персаналісцкага рэжыму ў калектыўнае праўленне выглядае ўсё больш прывіднай.
На працягу 2022 года першы прэзідэнт Беларусі ўсяляк зацягваў пачатак перамоў і афармленне рэальных механізмаў пераразмеркавання ўлады. Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года Лукашэнка неаднаразова абяцаў перадаць частку паўнамоцтваў ад прэзідэнта іншым органам улады, праўда без канкрэтызацыі намераў.
Толькі ўзмацніўшы свае асабістыя пазіцыі кіраўнік дзяржавы напрыканцы 2022 году пачаў гандаль з вертыкаллю наконт трансфармацыі палітычнай сістэмы з фармаваннем адпаведных прававых нормаў. Аднак галава персаналісцкага рэжыму хоча змяніць сістэму так, каб пакінуць усё па-ранейшаму.
Разам з узмацненнем пазіцый Аляксандра Лукашэнкі паўнавартасная трансфармавацыя персаналісцкага рэжыму ў калегіяльные праўленне выглядае ў чарговы раз замарожанай. Запуск працэсу пераемніцтва, на якую першапачаткова разлічвалі правячыя эліты і пра якую намякаў першы прэзідэнт Беларусі падчас актыўнай фазы палітычнага крызісу, адкладваецца на няпэўны тэрмін.
Самі архітэктары рэжыму не маюць уяўлення і адзінага погляду на абноўленую сістэму праўлення. Беларускае кіраўніцтва часта робіць супярэчлівыя заявы наконт Усебеларускага народнага сходу і пераразмеркавання паўнамоцтваў на карысць ураду, мясцовых уладаў і парламента. Выглядае на тое, што новы «вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя» рызыкуе стаць яшчэ адным «пятым» колам ва ўладнай сістэме і далучыцца да іншых спячых інстутаў — парламента і мясцовых саветаў.
Вяртанне народнай любові або як не аддаць каханую
На працягу 2022 года кіроўны клас паступова кансалідаваў вертыкаль вакол асобы Аляксандра Лукашэнкі, а затым вярнуў лаяльнасць шырокага кола насельніцтва рэпрэсіямі і папулісцкімі захадамі.
Другі год пасля рэвалюцыі 2020 стаў часам жорсткай рэакцыі і зачысткі грамадства ад іншадумства ў кірунку таталітарнай дзяржавы. Сітуацыя абцяжарвалася вайной ва Украіне і падтрымкай дзеянняў Крамля з боку беларускага кіраўніцтва.
Кансалідацыя вертыкалі адбывалася за кошт, па-першае, чыстак дзяржапарату ад чыноўнікаў і работнікаў бюджэтных сфер, якія праявілі «слабасць» альбо лаяльнасць якіх выклікала сумнеў у вышэйшага кіраўніцтва.
Па-другое, дзяржава Лукашэнкі актывізавала працэс пераразмеркавання дабротаў ад прыватнай сферы і нелаяльных груп насельніцтва на карысць забеспячэння прыхільнасці чыноўнікаў і сілавікоў. Вышэйшае кіраўніцтва таксама ўзнавіла аб’ёмы падтрымкі дзяржсектара эканомікі (у межах сваіх магчымасцяў), у захаванні якога заўсёды бачыла гарантыю свайго выжывання.
Падчас рэвалюцыі 2020 сярэднія і дробныя прадпрымальнікі падтрымалі пратэст і агульную павестку грамадзянскай супольнасці. Значная частка буйнога бізнэсу з сімпатыяй паставілася да прыхільнікаў перамен. У той час як кіраўніцтва дзяржсектара ў хуткім часе пасля першых дзён паслявыбарчай дэзарыентацыі падтрымала Лукашэнку, уключылася ў супакойванне работніцкага руху, а затым і ў рэпрэсіі ў адносінах да актывістаў.
Аляксандр Лукашэнка бачыць экзістэнцыйную пагрозу асабістаму праўленню ад пашырэння прыватнай сферы, у першую чаргу сярэдняга і дробнага бізнэсу, кіраванне якім з дапамогай традыцыйных адміністрацыйных захадаў уяўляецца дастаткова праблематычным.
Кіроўны клас таксама спрабуе ўзяць пад татальны кантроль развіццё новых тэхналогій і ІТ сферу, якая доўгі час заставалася па — за ўвагай Аляксандра Лукашэнкі. Лідар дзяржавы паходзіць з аграсектара і з асаблівым клопатам адносіцца да развіцця сельскай гаспадаркі з масштабнымі ўліваннямі. Аднак перагляд папярэдняй угоды з ІТ (якая прадугледжвала мінімальны кантроль з боку дзяржавы і прэферэнцыі ў параўнанні з іншымі прыватнымі сектарамі наўзамен на неўмяшанне ў палітыку) рызыкуе знішчыць гэтую сферу.
Выбуховы рост і паступовае павелічэнне долі ў ВУП, а таксама роля ў рэвалюцыі 2020 прымусілі рэжым Лукашэнкі цалкам перагледзець дамову з ІТ сектарам. Зараз ІТ тэхналогіі перанакіроўваюцца на забеспячэнне татальнага кантролю над грамадствам, а таксама выкарыстоўваюцца ў карных мерапрыемствах і пераследзе маніфестантаў 2020.
Бенефіцыяры рэжыму Лукашэнкі павялічвалі сваю долю ў размеркаванні бюджэтнага «пірага» на шкоду работнікаў нелаяльных сфер. Нягледзячы на пагаршэнне кадравага дэфіцыту ў сістэме аховы здароўя «ковідныя» выплаты былі скасаваны, а новая сістэма надбавак не дадавала істотных фінансавых матывацый медыкам. Напрыканцы году гэта было ўскосна прызнана кіраўніцтвам сістэмы аховы здароўя, якое запусціла папулісцкую кампанію па праверцы заробкаў у сферы. Варта нагадаць, што падчас рэвалюцыі 2020 медыкі актыўна агучвалі сваю пазіцыю супраць гвалту з боку ахоўнікаў рэжыму. Незадаволенасць у сферы аховы здароўя назапашвалася яшчэ з часу супярэчлівых заяў кіраўніка дзяржавы, які прытрымліваўся ковід-дысідэнцкіх поглядаў падчас пачатку пандэміі.
Сістэма адукацыі зазнала найбольшы ідэалагічны ціск з боку рэжыму Лукашэнкі, які паступова мультыплікаваў савецкія шаблоны выхавання маладога пакалення. Правячы клас зрабіў стаўку на ўзнаўленне «савецкага» чалавека. За доўгі час праўлення Аляксандра Лукашэнкі прапагандыстам не атрымалася зрабіць прывабнай для шырокіх груп насельніцва ідэалогію рэжыму, якая не давала адказы на новыя выклікі і з’яўлялася эклектычнай сумессю з перавагай савецкіх уяўленняў, але і з дадаткам нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў. Падчас разгортвання рэакцыі, якую ачолілі адыёзныя прапагандысты і актывісты «русского мира», нацыянальныя каштоўнасці сталі зазнаваць сур’ёзны ўціск.
У 2022 годзе ідэолагі імкнуліся цалкам вярнуцца да рэплікацыі і дастасаванні савецкіх ідэалагічных інструментаў да новай рэчаіснасці. Гэтыя падыходы ў сярэдняй перспектыве далі плён у кансалідацыі аўдыторыі вакол лідара дзяржавы (з улікам пагрозы ўцягвання ў вайну) і індактрынацыі новага пакалення сілавікоў. Паступова ідэолагі ахоўнікаў рэжыму прыраўнялі сімволіку нацыянал-дэмакратаў да «нацыскай» і зрабілі істотны крок у кірунку таталітарных практык з найгоршых перыядаў савецкай гісторыі. З прыхільнікаў нацыянальна-дэмакратычнага праекту пачалі фармаваць вобраз здраднікаў радзімы і ворагаў дзяржавы.
Рэжыму Лукашэнкі атрымалася вярнуць давер насельнцітва да дзяржаўных інстытуцый на фоне Украіне і няўдзелу беларускага войска ў наўпроставай агрэсіі на тэрыторыі Украіны, а таксама папулісцага ўмяшальніцтва А. Лукашэнкі ў цэнавае рэгуляванне.
Вышэйшае кіраўніцтва станоўча ацаніла палітычныя эфекты папулісцкіх захадаў, з дапамогай якіх атрымалася вярнуць давер насельніцтва. Хаця на пэўны час ініцыятывы Аляксандра Лукашэнка дэстабілізавалі сітуацыю ў гандлі і выклікалі незадаволенасць сярод бізнэсу.
Падзенне эканомікі не выклікала росту сацыяльнага напружання ў выглядзе адкрытых пратэстаў насельніцтва. Ураду і Нацбанку атрымалася захаваць сацыяльна-эканамічную стабільнасць, а паступовае скарачэнне дабрабыту стала прымальнай платай для насельніцтва за непасрэдны няўдзел беларускага войска ў агрэсіі на тэрыторыі Украіны.
А. Лукашэнка прымусіў насельніцтва заключыць абноўленую ўгоду з дзяржавай, паводле якой рэжым гарантуе бяспеку і няўвязванне беларускага войска ў адкрыты ўзброены канфлікт ва Украіне. Пры гэтым большасць насельніцтва маўкліва пагадзілася на паступовае падзенне даходаў без рэзкіх скачкоў і абясцэньвання беларускага рубля. У сваю чаргу, патэнцыйна небяспечныя пратэсныя группы грамадства падпалі пад несупынны ціск ахоўнікаў рэжыму.
Рэжым Лукашэнкі паступова павялічваў выдаткі за публічныя праявы іншадумства і актывізм, а таксама абмяжоўваць апанентаў у палітычных, грамадзянскіх і сацыяльных правах. Напрыканцы года ўлады вырашылі пазбаўляць грамадзянства беларусаў па нараджэнню за экстрэмісцкую дзейнасць, а фактычна за актыўную грамадскую пазіцыю, якая не супадае з ідэалагічным курсам кіроўнага класа.
Такім чынам, эвалюцыйная трансфармацыя ў калектыўнае праўленне з больш мяккай формай аўтакратыі і развіццём іншых дзяржаўных інстытутаў (акрамя прэзідэнта) у сярэдняй перспектыве ўяўляецца маларэальнай. Змена існуючай формы праўлення магчыма ў выпадку фізічнай недзеяздольнасці архітэктара персаналісцкага рэжыму, як і ў выпадку паўнавартаснага ўцягвання беларускага войска ў ваенную аванцюру Крамля. Пагроза дзяржаўнага перавароту (coup d'état) не з’яўляецца імавернай у сітуацыі несупынных чыстак, рэпрэсій і кадравых ратацыі ў дзяржапараце і сілавым блоку. Звужэнне зваротнай сувязі і закрытасць вышэйшага кіраўніцтва ад крытыкі прывядзе раней ці пазней да чарговага абвастрэння і рэвалюцыйнай сітуацыі. Аднак народнае паўстанне можа быць пасьпяховым толькі ў выпадку сур’ёзнага расколу ў правячым класе, асабліва са з’яўленнем на гарызонце новых «чорных лебедзяў».