«І ўсё адно фашысты — вы!» — адна з самых частых рэплік у актуальным публічным дыскурсе ў Беларусі. Прадстаўнікі і прыхільнікі дзейнай улады называюць так сваіх апанентаў за падтрымку нацыянальнай сімволікі, што выкарыстоўвалася, маўляў, калабарантамі за часамі другой Сусветнай як знак генацыду беларускага народа. І цягнецца гэта ўжо з 1992 г., з часоў палемікі пра ўвядзенне незалежнай дзяржаўнай атрыбутыкі, што надоўга было закаркавана сумнавядомым рэферэндумам 1995 г.

Прыхільнікі перамен даводзяць, што прыкметы фашызму, не гістарычнага, але сучаснага — знаходзяцца ў прамовах і дзеяннях прадстаўнікоў цяперашняй беларускай улады. І гэта пачалося яшчэ з азначэння былога спікера Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання Сямёна Шарэцкага, якое ён неаднакроць агучваў у 1996-9 гг. і маніфестна паўтарыў у 2000 г. На сёння гэтая лінія ўзаемнага абвінавачвання дасягнула экстрэмуму і патрабуе пэўнага крытычнага разбору.

Для таго, каб гэты разбор быў падмацаваны тэарэтычна, варта звярнуцца да двух важных прац аўтараў, якіх нельга абвінаваціць у няведанні феномену фашызму ці надта аднабокім падыходзе да вызначэння яго сутнасці. Гаворка ідзе пра вядомы даклад «Вечны фашызм» італьянскага прафесара Умберта Эка, зроблены ім у 1995 г. (ізноў гэты 1995 г.!), а таксама не менш вядомай працы італьянскага філосафа-традыцыяналіста, аднаго з апалагетаў фашысцкага руху Юліюса Эволы «Фашызм. Нарысы крытычнага аналізу з правага боку» (1964 г.). Цікава, што хаця пад фашызмам часцей за ўсё маюць на ўвазе палітыку і ваенныя злачынствы нацысцкай Германіі, не нацыянал-сацыялізм, або нацызм, а менавіта фашызм робіцца словам-маркерам і спосабам апісання універсальнай з’явы, якая сягае не толькі ў сумную гісторыю еўрапейскіх 20-40х гг. XX ст., але дае магчымасць праводзіць аналогіі і з сучаснымі ідэалогіямі і рухамі.

На думку Умберта Эка гэта імаверна звязана з тым, што слова фашызм з’яўляецца ўніверсальным паняццем-канструктарам у сілу пачатковай размывістасці і мазаічнасці яго італьянскай мадэлі (з чым, дарэчы, пагаджаецца і Ю. Эвола). Той самай мадэлі, што спарадзіла стыль і пэўную моду на фашызм у Еўропе. Італьянскі фашызм не меў дакладна выпрацаванай філасофіі ці ідэалогіі і таму не здолеў спарадзіць дасканалы таталітарызм, але затое змяшчае ў сябе зародкі ўсяго таго, што можна пабачыць у іншых варыянтах яго рэалізацыі. Такім чынам, «тэрмін „фашызм“ ўжываецца паўсюдна, таму што нават калі выдаліць з італьянскага фашысцкага рэжыму адзін або некалькі аспектаў, ён усё роўна працягне пазнавацца як фашысцкі. Выдаліўшы з італьянскага фашызму імперыялізм, атрымліваем Франка або Салазара. Унікаем каланіялізму — выходзіць балканскі фашызм. Дадаем да італьянскага фашызму радыкальны антыкапіталізм (чым ніколі не грашыў Мусаліні), і атрымаецца Эзра Паўнд». Гэта змушае самога У. Эка шукаць тыя прыкметы вечнага фашызму (ур-фашызму), якія выяўляюць сябе безадносна гістарычных форм рэалізацыі і дазваляюць маркіраваць палітыку і ідэалогію ў якасці фашысцкіх паводле шэрагу прыкмет.

І вось галоўнай прыкметай пры гэтым італьянскі семіётык і пісьменнік лічыць культ традыцыі і звязаны з ім сінкрэтызм крыніц паходжання. Традыцыяналізмробіць акцэнт на існаванні спрадвечных народных традыцый і звычаяў, якія кладуцца ў аснову дзяржаўнай палітыкі, як голас і спадчына продкаў — прастора міфалагічнага насычэння ўладнага дыскурсу. Гэта апеляцыя да старадаўняй духоўнай спадчыны, якая ў ідэалагічнай апрацоўцы прапаганды пераўтвараецца ў волю і мудрасць народа, што злучае свой лёс і волю з лёсам і воляй правадыра. Сінкрэтызм жа ідэалагічнай пазіцыі вядзе да таго, што для абгрунтавання сваіх ідэалаў фашысцкая прапаганда гатова выкарыстоўваць любыя крыніцы — ад рэлігійна-кансерватыўных да ультралевых, не асабліва пераймаючыся супярэчлівасцю розных гештальтаў. Ці не пра вобраз Бацькі народа, моцнага Гаспадара і з’явы кшталту «праваслаўнага атэізму» вядзецца тут гаворка, пакуль каментаваць не будзем. Справядлівасці дзеля, аднак, адзначым, што з супрацьлеглага боку падобны акцэнт на традыцыйных каштоўнасцях і пэўны культ асобы можна пры жаданні адшукаць толькі ў радыкальна-правых прыхільнікаў беларускага палітыка 90-х Зянона Пазняка, якія на сёння ствараюць мізэрную частку прыхільнікаў перамен.

Хаця калі верыць аднаму з найбольш уплывовых тэарэтыкаў фашызму Юліюсу Эволе у большай нават ступені, чым адданасць традыцыі для фашызму характэрны культ моцнай Дзяржавы, Імперыі, або Райху. Італьянскі фашызм відавочна захапляўся гістарычнай спадчынай дзяржавы старажытнага Рыму, духоўнымі нашчадкамі якога лічаць сябе ў пэўнай ступені і сучасныя італьянцы. Рым, што рэспубліканскі, што імперскі, уяўляў для іх сакральную формулу таго надзвычайнага Парадку, які надаваў вышэйшае прызначэнне жыццю кожнага асобнага грамадзяніна. Нарадзіцца і памерці за Рым — ці ж не гэта было вышэйшай цнотай мінулых часоў? — задавалі сабе пытанне італьянскія фашысты. — І ці не знак гэта таго, якім мусіць быць грамадзянскі ідэал сёння? Фашызм спараджвае вялікі міф Дзяржавы як структуры свяшчэннага парадку, — гэта амаль новы смяротны бог-Левіяфан з трактата Т. Гобса. Дзяржава як тое, што надае экзістэнцыяльны сэнс і наканаванасць жыццю кожнага асобнага чалавека. «Ты ёсць сукупнасць тваіх абавязкаў і доўгу перад дзяржавай»: вось формула ідэальнага чалавека фашыстаў.

Дзяржава не можа быць вынікам калектыўнай дамовы, кволым гарантам правоў і свабод ці, крый Божа, аналагам прыкрай карпарацыі: дзяржава, гэта тое, што лучыць цяперышчыну з мінуўшчынай, з чаго бярэ пачатак адлік часоў. Адсюль замілаванне да велічы і моцы Трэцяга Райху, магутнай Іспаніі ці адзінай вялікай Італіі. Не важна які імперскі праект ляжа ў аснову ідэалогіі фашызму, але гэта будзе абавязкова вялікая імперыя, якую мы страцілі, якую мы абавязкова адрадзім. І калі імперыя тая будзе называцца нават СССР, менш фашысцкай ідэалогія, што будзе гэты вобраз выкарыстоўваць, не стане. Слова дзяржава часта можа падмяняцца яе іменем уласным — Германія, Італія і т. п., але сутнасці тое не змяняе, бо галоўнае тут, што ўсім добрым, што ёсць у яго жыцці, чалавек абавязаны менавіта дзяржаве і яе кіраўніцтву. Карацей, «Беларусь — гэта мы». На гэтым фоне большасць апанентаў улады ў Беларусі (згодна таму ж уладнаму дыскурсу) выглядаюць як купа левых, лібералаў і анархістаў, што толькі і мараць як тую дзяржаву разбурыць, рэалізаваўшы вялікую ганьбу для ўсялякага сумленнага фашыста. Бо дзяржава — гэта святое.

У філасофска-палітычным плане Эвола свядома падкрэслівае антаганізм звязкі паняццяў «дзяржава» і «грамадства» у ідэалогіі фашызму, які ніколі не будзе падтрымліваць «грамадскі» бок і звязаныя з ім ідэалогіі ліберальнага, дэмакратычнага ці народна-дэмакратычнага (сацыялістычнага) тыпу. Непрыняцце ідэі «сацыяльнай дзяржавы» палітычнай дактрынай фашызму магло б быць канешне моцным аргументам у рэабілітацыі менавіта беларускай мадэлі, якая зрабіла з гэтай формулы нацыянальны брэнд. Калі толькі забыцца на тое, што беларуская «сацыяльная дзяржава» з’яўляецца ідэалагічным рэліктам савецкага часу і працуе на татальнае замацаванне залежнасці грамадскіх форм жыцця ад дзяржаўнай падтрымкі, што якраз ладна ўпісваецца ў агульны сінкрэтызм фашысцкай ідэалогіі і яго культ дзяржавы насуперак грамадскаму. На фоне гэтага рэпрэсіі супраць НДА і любых незалежных грамадскіх аб’яднанняў ужо цалкам неабавязковая дэталь.

Калі падвесці першы рахунак, то ў намінацыях «за традыцыяналізм, ідэалагічную непераборлівасць і культ моцнай дзяржавы» з лікам 2:1 перамагае ўладны дыскурс. Ужо ўлічым, аб’ектыўнасці дзеля, схільнасць да традыцыйных каштоўнасцяў найбольш радыкальна-кансерватыўнай часткі апазіцыі.

Дарэчы, што да іншай папулярнай звязкі фашызму з нацыяналізмам, то тут Эвола куды як скептычны. Адзначаючы адмыслова, што: «з пункту гледжання прынцыпаў у палітычнай дактрыне фашызму была пераадоленая ўсялякая грамадзянская і дэмакратычная ідэалогія. Было адноўлена вяршэнства дзяржавы (!) над нацыяй і народам, то бок годнасць вярхоўнай улады, адзіна здольнай даць нацыі сапраўдную самасвядомасць, адзіную форму і волю, зрабіць яе датычнай звышнатуральнага парадку». Эвола неаднакроць цытуе прамовы Мусаліні, дзе той адзначае, што «няма нацыі без дзяржавы», што менавіта «дзяржава дае народу волю і дзейнае існаванне», тым самым падкрэслівае, што нацыяналізм ёсць для фашызму толькі другаснай характарыстыкай, спробай скарыстаць натуральныя пачуцці любові да народа і радзімы на сваю карысць. Сам Эвола з арыстакратычнай грэблівасцю ставіцца да падобных нацыяналістычных гатункаў фашызму і наўпрост кажа, што «ідэал сапраўднай дзяржавы мае патрэбу ў рашучым ачышчэнні ад усялякага нацыяналістычнага дамешку», каб той фашызм не вылягчаўся ў банальны папулізм. Пра тое, што нацыяналізм выкарыстоўваецца фашысцкай ідэалогіяй толькі як чарговая форма элітызму — спроба супрацьпаставіць сваё-чужому, замяшаўшы тое на рашчыне ксенафобіі і параноі — піша таксама Умберта Эка. Моцныя ворагі звонку і знутры, якія падрываюць падмуркі дзяржаўнасці і прагнуць цалкам знішчыць нашы здабыткі — не вынаходніцтва сучаснай прапаганды, а правераны часам рэцэпт (таму дзярждэп, лялькаводы і нутраныя здраднікі — гэта ўсё інгрэдыенты класічнага фашысцкага пірага, яны лёгка знаходзяцца ў той жа нацысцкай прапагандзе, чым параўнальна нядаўна збілі з панталыку Азаронка).

Хаця, з іншага боку, для Эволы менавіта змяшанне нацыяналістычнай ідэі з дактрынай вяршэнства дзяржавы над нацыяй — адна з характэрных рысаў фашызму, што найбольш яскрава ўвасобілася ў фашызме гітлераўскім. Пры гэтым этнічны немец аўстрыйскага паходжання Адольф Гітлер відавочна не столькі скарыстаў нядаўна паўсталы нямецкі нацыяналізм, колькі стварыў новы вялікі міф — пра арыйскую расу, якая цалкам убіралася ў палітычную форму Трэцяга Райху. «Вялікі нямецкі народ» — формула, якая мае відавочна архаічныя карані, і не мае непасрэднага дачынення да нацыяналізму сучаснасці. Італьянскі фашызм таксама хутчэй меў не нацыяналістычны характар, колькі расавы (асабліва ў дачыненні да насельнікаў Абісініі). Ва ўсіх гэтых выпадках паняцці нацыяналізму і патрыятызму фактычна атаесамляліся і спараджалі непарушную звязку народа і дзяржавы. Сам жа заклік да развіцця нацыі быў перадусім не сацыяльным ці культурным, але — палітычным (Вялікая Германія, Вялікая Італія). У беларускім выпадку звяртае на сябе ўвагу тое, што цяперашняя ўлада дастаткова варожа ставіцца да любых праяў этнічнага нацыяналізму, развіцця беларускай мовы і культуры, і гэта навочна не дае магчымасці яе ўпікнуць у беларускім этнічным нацыяналізме.

Калі адкінуць, аднак, у бок канструкт этнічнай беларускай нацыі і падставіць на яго месца палітычны міф пра «савецкі беларускі народ-партызан», то можа зрабіцца відавочным. Той нацыяналізм, які развівае сучасная ўлада ў Беларусі, застаецца рускім нацыяналізмам у яго правінцыяльна-імперскім выглядзе: «беларусаў як рускіх за знакам якасці». Ён бярэ свой выток з той версіі мадыфікацыі рускага нацыяналізму, які у савецкія часы атрымаў увасабленне ў нібыта інтэрнацыянальным вобразе «савецкага чалавека», дзе базава захоўвалася руская ідэнтычнасць: за мяжой савецкім грамадзянам раілі называць сябе «рускімі», што з лёгкасцю дэманструюць падручнікі замежных моў савецкага часу. У нашых рэаліях гэты беларускі рускі нацыяналізм набыў больш агрэсіўна-радыкальную форму ў дачыненні да лакальнага этнасу і культуры нават у параўнанні з этнічным рускім нацыяналізмам у РФ, прызначыўшы беларускіх этнічных нацыяналістаў на ролю новых ворагаў — неа-цыган. Гістарычным падмуркам паўставання ідэалогіі гэтага руху можна лічыць ідэі заходне-русізму канца XIX ст. як абгрунтавання ідэі аднаго вялікага «рускага славянскага народа», што ў сучасных варунках знаходзіць увасабленне ў формах ідэалогіі еўразійства і адзінай «усходнеславянскай цывілізацыі», і выяўляецца ў светапоглядзе шэрагу прадзяржаўных ідэолагаў і палітычных аналітыкаў (Дзерман, Гігін, Пятроўскі, Шпакоўскі).

З іншага боку, калі ўзяць этнічны беларускі нацыяналізм, што падзяляе частка прыхільнікаў перамен, то ён відавочна не завязаны на нейкі дзяржаўніцкі праект. Наадварот, яго заўзятары пераважна разглядаюць палітыку дзяржавы за апошнія стагоддзі як мэтаскіравана варожую да нацыянальных каштоўнасцяў: акрамя невялікіх перыядаў адлігі і беларусізацыі (10-я гг. 20 ст. у Расійскай імперыі, 20-я гг. 20 ст. у БССР ці пачатак 90-х у РБ) яны лічаць дзейную дзяржаўную палітыку неадпаведнай нацыянальнаму праекту. Патрабаванні да развіцця нацыянальных каштоўнасцяў з іх боку пераважна тычацца падтрымкі і развіцця беларускай мовы і культуры, яны не сягаюць глабальных палітычных праектаў «Новай Беларусі ад мора да мора» з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да суседніх краін. Ідэі балта-чарнаморскага калектару ці эпізадычныя эмацыйныя водгукі пра «Вільня, Беласток, Смаленск наша» застаюцца дастаткова маргінальнымі і не ўтвараюць відавочны мэйнстрым. Сярод апазіцыйных палітыкаў таксама няма нікога, хто б публічна і свядома агучваў патрабаванні да вяртання раней страчаных тэрыторый за кошт суседзяў. Прыкметы ксенафобіі ў апазіцыйным лагеры можна ўгледзіць хіба ў паранаідальным чаканні розных здрад і падставаў з боку Масквы, але не тое, каб гэта ніяк не падмацоўвалася дзеяннямі самога Крамля і ўсёй палітыкай суседняй дзяржавы ў дачыненні да нашага рэгіёна апошнія некалькі стагоддзяў. Але нават пры такім раскладзе з боку апазіцыйных палітыкаў (той жа Ціханоўскай, за што яе шмат крытыкавалі знутры) да апошняга не пакідаліся спробы знайсці агульную мову і мінімальны дыялог з Пуціным па вырашэнні беларускага пытання, перыядычна гучалі галасы ў падтрымку руху Навальнага, як вынік — да паўнавартай антырасійскай ксенафобіі тут таксама не дацягвае.

Таму па гэтым пункце «нацыяналізм для ўмацавання дзяржаўнасці» расклад зноў хутчэй 2:0 на карысць ўладнай версіі («за трывалую ксенафобію і моцную ўсходнеславянскую саюзную дзяржаву, што дасць дыхту любому ворагу як з Захаду, гэтак і з Усходу»), бо нацыяналізм беларускага супраціву нейкі паказальна антыдзяржаўніцкі і не надта ксенафобскі.

Умберта Эка агулам вылучае 14 прыкмет «вечнага фашызму», але большая частка іх можа быць сцягнутая ў некалькі сэнсавых груп. Першая група — прыкметы моцнай кансалідацыі і адпаведнай ёй нізкай крытычнасці: культ сілы, а не розума (з агульным шальмаваннем «разумнікаў»), непрыняцце аніякай крытыкі ўласных поглядаў і прынцыпаў, патрабаванне лаяльнасці і адданасці, варожасць да іншых пазіцый і меркаванняў, што агулам абапіраецца на мабілізацыю насельніцтва, якое перажывае моцную сацыяльную фрустрацыю. Калі параўнаць бюджэты, якія вылучаюцца на навуку, адукацыю і культуру, з бюджэтамі сілавых ведамстваў у сучаснай Беларусі, то расклад тут будзе відавочна не на карысць «разумнікаў». Афіцыйныя ўлады таксама часта грэбліва выказваліся пра «яйкагаловых» і ляпілі ідэалагічна вывераны вобраз сярэдняга беларуса рабочых прафесій (што таксама высокая класіка). Вайсковыя парады, ваенная форма і званні многіх прадстаўнікоў ураду, перыядычныя сумесныя вайсковыя вучэнні — таксама ў капілку вобразу дзяржаўнага мілітарызму. Абавязковыя курсы дзяржаўнай ідэалогіі і адзіныя дні інфармавання мусілі ствараць адзіную правільную інфармацыйную павестку, а кожны, хто яе парушае, успрымаецца як здраднік і разбуральнік дзяржаўных каштоўнасцяў. Слушны адказ можа быць толькі адзіны «За Беларусь!» і ніякіх іншых меркаванняў тут не прадугледжана. Відавочна, што як у сітуацыі Італіі 20-х гг. ці Германіі 30-х гг. XX ст. беларуская дзяржаўная ідэалогія выкарыстоўвае страхі і комплексы часткі насельніцтва сярэдняга і сталага веку, што траўматычна перажылі вопыт постсавецкіх трансфармацый і рэзкае падзенне дабрабыту і звыклых іерархій. Таму па гэтых прыкметах афіцыйны дыскурс дастаткова добра ўкладаецца ў прапанаваную Умберта Эка схему.

Таксама відавочна, што пераважная сацыяльная база прыхільнікаў перамен — гэта гарадская моладзь, а таксама людзі сярэдняга і вышэй за сярэдні дастатку, што знаходзяць сябе пераважна ў сферы паслуг ці недзяржаўным бізнэсе. Прыхільнікі перамен пераважна арыентаваныя на каштоўнасці інавацыі і тэхналагічны рух, асабліва шмат іх у ІТ-сектары (гэта пацвярджаецца таксама дадзенымі нядаўніх даследаванняў). Іх інфармацыйная і ідэалагічная павестка дастаткова пярэстая, каб весці размову пра нейкую ўніфікацыю пазіцыі: хіба тэма правоў чалавека ці сумленных выбараў можа іх аб’яднаць — але гэта вельмі хісткія пункты для татальнай кансалідацыі. Агулам нават праўладная ідэалогія спрабуе паказваць прыхільнікаў перамен як кепска арганізаваную і ідэйна падзеленую супольнасць, што зноў такі кепска кладзецца на фашызацыю іх вобраза. З гэтай нагоды, па сукупнасці згаданых прыкмет зноў рахунак не на карысць новай апазіцыі: 3:0 («за агульную дзяржідэалогію, мілітарызм і мабілізацыю фрустраванага грамадства») — перамога аддаецца беларускай уладзе.

Наступны комплекс прыкмет паводле Эка — гэта культ паказнога гераізму, мачызм і гамафобія, жыццё як татальная барацьба і перамога над ворагам. Калі нават асабліва не прыглядацца да гэтага сегменту, то і тут разлічваць на перамогу ў намінацыі на лепшага фашыста — апазіцыі пэўна не даводзіцца. Праўда культ герояў апошнім часам стаў уласцівы і ёй, але хутчэй з той агаворкай, што гэта не зусім той кшталт «гераізму», які рэспектуе фашысцкі дыскурс. Сучасныя героі перамен — гэта звычайна людзі, якія зазнаюць пераслед ці пакуты за свае перакананні, то бок хутчэй хрысціянскія пакутнікі, героі незламанага духу. Для фашысцкай прапаганды — гэта не самы ідэальны тып героя, бо гэта мусіць быць герой-пераможца, воін, паладын, новы Зігфрыд, якіх у апазіцыі відавочна бракуе (адно калі лічыць такімі вобразы Аўтуховіча ці Фядуты ў паказе беларускай прапаганды — змагароў-тэрарыстаў). Нацягнутасць падобных вобразаў, праўда, нагэтуль відавочная, што наўрад ці атрымае праверку аналізам. Затое праўладная ідэалогія штампуе вобразы народных герояў — спартоўцаў, ваенных, сілавікоў, перадавікоў вытворчасці — як прыкмету моцы і стабільнасці рэжыму, яна таксама ўвесь час эксплуатуе вобразы гераічнага мінулага ў часы другой Сусветнай.

Пра паказальную гамафобію праўладнага дыскурса, а таксама яго патрыярхальнасць прамоўлена ўжо неаднакротна, каб да гэтага зноў вяртацца: яны працінаюць сабой увесь апарат ад самых вярхоў да асобных ведамстваў. На гэтым фоне дэманстратыўная жаночая салідарнасць і ЛГБТ-актывізм часткі апазіцыі выглядаюць як татальная здрада ўсім ідэалам фашызму. Што ж датычыць успрымання жыцця як барацьбы, то для прыхільнікаў перамен — гэта досвед апошняга, бадай, года іх існавання, у той час як для дзяржаўнай ідэалогіі кожны ўраджай — ужо добрая нагода да барацьбы. Урад бясконца змагаецца за падвышэнне сярэдняга заробку, спыненне інфляцыі, пазбяганне дэвальвацыі, цану за газ, малако ці нафту. Афіцыйныя навіны часта нагадваюць зводкі часоў вайны: столькі было здабыта, адваявана ці выцягнута ў сквапнага супраціўніка. Бясконцы дыскурс змагання і барацьбы таму хутчэй праява менавіта дзяржаўнай ідэалогіі, у той час як мабілізацыя прыхільнікаў перамен адбываецца даволі спантанна і рэдка сягае планамі на працяглую барацьбу.

Калі нават дзеля справядлівасці даць апазіцыі бал за «барацьбу да перамогі» і «гэта не хуткі бег — гэта марафон», то агульны расклад ізноў будзе не на яе карысць. 3:1за бясконцую барацьбу за лепшую будучыню, свет без вычварэнцаў і апору на гераічнае мінулае і сучаснае» супраць «за барацьбу да перамогі»).

Трэці комплекс прыкмет — самы цікавы: гэта масавы элітарызм і якасны папулізм. Вось што піша сам Умбэрта Эка: «Правадыр, які ведае, што атрымаў ўладу не праз дэлегаванне, а захапіў сілай, разумее таксама, што сіла яго грунтуецца на слабасці масы, і гэтая маса слабая настолькі, каб мець патрэбу ў Правадыру і заслугоўваць яго. Таму ў такіх грамадствах, арганізаваных іерархічна (па мілітарысцкай мадэлі), кожны асобны правадыр пагарджае, з аднаго боку, тымі, хто стаіць вышэй, а з іншага — падначаленымі. Тым самым ўмацоўваецца масавы элітарызм». Гэта апісанне досыць трапна кладзецца на мадэль прэзідэнцкай вертыкалі як асноўнай структуры функцыянавання беларускай дзяржавы. Любоў да Правадыра і імкненне падсядзець начальства і перамагчы ў міжвідавой канкурэнцыі з сябе падобнымі — адна з відавочных прыкмет афіцыйнага беларускага палітыкума. Таму кожны можа лічыць сябе абраным, але толькі ў той ступені, у якой ён можа ўбудаваць сябе ў дзяржаўны праект, пакідаючы прастор пад індывідуальныя пошукі вяршынь патрыятызму і лаяльнасці. У адрозненні ад відавочна вертыкальна арганізаванага праекту ўлады, апазіцыйныя актывісты хутчэй выяўляюць прыклады гарызантальных сувязяў, пра што таксама ўжо шмат пісалася.

Што ж да якаснага папулізму, то Эка тлумачыць яго так: «У вачах ур-фашызму індывід правоў асобы не мае, а Народ паўстае як якасць, як маналітнае адзінства, якое выказвае сукупную волю. Паколькі ніякая колькасць чалавечых істот на самай справе не можа мець сукупную волю, Правадыр прэтэндуе на тое, каб мець прадстаўніцтва ад імя ўсіх. Страціўшы права дэлегаваць, шараговыя грамадзяне не дзейнічаюць, яны толькі заклікаюцца — частка за цэлае, pars pro toto — гуляць ролю Народа. Народ, такім чынам, існуе як феномен выключна тэатральны». Найлепшая ілюстрацыя да гэтай цытаты — феномен Усебеларускага народнага сходу, які выбіраецца паводле досыць непразрыстых крытэрыяў, але лічыцца ідэальнай рэпрэзентацыяй волі беларускага народу. Тут, як кажуць, каментарыі не патрэбныя. На фоне гэтага, калі прыхільнікі перамен і спрабуюць абаперціся на нейкую форму папулізму, то хутчэй на папулізм колькасны — свае рашэнні яны падмацоўваюць дадзенымі платформы «Голас» ці іншых інструментаў падліку. Канешне іх спроба сімвалічнага перахопу павесткі і фраза пра 97% можа нагадваць менавіта фашысцкі лозунг пра адзінства нацыі, але па-першае, адноснасць гэтай лічбы разумеюць самі прыхільнікі перамен, па-другое, з адваротнага боку ўладны дыскурс працягвае казаць пра свае 60-80% прыхільнікаў, навочна дэманструючы, праўда, мізэрную частку з іх. То бок базавае адрозненне супраціўнікаў палягае ў тым, што фігура народа для ўладнага дыскурса максімальна дэперсаналізаваная і выяўляецца ў зборным вобразе нейкага сярэдняга беларуса, у той час як для прыхільнікаў перамен народ рэпрэзентуюцца дастаткова персанальна, праз яго канкрэтных прадстаўнікоў або канкрэтныя групы грамадзян.

Першая і другая акалічнасць зноў змушае аддаць перамогу ў намінацыі за лепшую рэалізацыю фашысцкіх установак беларускім уладам з рахункам 2:0за элітарызм вертыкалі, а таксама папулісцкі вобраз народа як цэлага»).

Нарэшце яшчэ адной прыкметай вечнага фашызму Умберта Эка называе стварэнне сваёй «новамовы» — гэта тая прастора, дзе апошнім часам, праўда, здолелі выявіцца абодва бакі канфлікту. Хаця калі дзяржаўная прапаганда даўно выкарыстоўвае выразы кшталту «свядомых», «змагароў», «бчб», а таксама наватворы кшталту «бабарык і латушак», то пратэстны дыскурс не так даўно пачаў пераймаць гэты від змагання, выкарыстоўваючы формулы кшталту «ябацькаў» ці «застабілаў». У выніку, каб нікога не пакрыўдзіць (хай нават тых «„ябацькаў і трэба запісаць на рахунак расійскіх паліттэхнолагаў), раздадзім тут абодвум бакам па бале і зробім нічыю 1:1.

Ужо не паводле Эка ці Эволы, але паводле ўласнай перакананасці праўладны дыскурс лічыць, што галоўнай прыкметай фашызму з’яўляецца шанаванне сімвалаў, што выкарыстоўваліся за часамі другой Сусветнай на варожым праўдзе баку. Праўда за адсутнасцю доказаў гэтаму дыскурсу зноў даводзіцца апеляваць да нейкай дэпэрсаналізаванай чалавечай памяці, якая нібыта ўзгадвае карніцкія аперацыі пад бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. У такім разе гэта ўжо не аргументы, а міфалагізацыя вобразу ворагу. Да таго ж прыхільнікам дзяржаўнай ідэалогіі таксама пачалі закідаць ідэалагічную неідэальнасць аўтара афіцыйнага сцяга БССР, на аснове якога зроблены сучасныя дзяржаўныя сімвалы: той таксама, маўляў, партрэты Гітлера маляваў. Таму ў сувязі з сумнеўнасцю аснавання для параўнання пакінем тут кожнаму боку па цвёрдаму 0:0.

Такім чынам, калі падвесці сухую рэшту пад пытаннем, хто: беларуская ўлада ці яе апаненты лепш трапляюць у вобраз фашызму і могуць лічыцца яго сучаснай рэінкарнацыяй? — то з відавочным лікам 10:3 у гэтым параўнанні выйграе менавіта сучасная беларуская дзяржаўная ўлада і яе ідэалогія. Гэта відавочна больш пераканаўчы вынік, чым у беларускай зборнай па хакеі, і наўпросты паказальнік моцы беларускай дзяржавы. Але, зрэшты, колькі тыя рахункі не зводзь, памятайма, што «фашысты ўсё адно мы!»

П.С.

Для тых жа, хто не ўпэўнены, ці не падзяляе ён сам каштоўнасці сучаснага фашызму, прапаную прайсці нескладаны тэст. Адкажыце станоўча ці адмоўна на наступныя пытанні:

1. Вы лічыце, што моцная дзяржава — гэта галоўны падмурак развіцця і заможнасці грамадства і народа, які забяспечвае стабільнасць і парадак?

2. Вы лічыце, што галоўныя духоўныя скарбы беларускага народу — гэта лепшыя наробкі савецкай культурнай спадчыны і нашай праваслаўнай духоўнай культуры?

3. Вы мяркуеце, што толькі традыцыйныя каштоўнасці і народныя звычаі — гэта арганічная аснова для развіцця народа і краіны?

4. Вы ўважаеце моцную дзяржаўную палітыку падтрымкі ўсіх сфер грамадскага жыцця важнай, бо без гэтага грамадства застаецца цалкам безабаронным?

5. Вы лічыце, што беларуская нацыя нарадзілася разам з перамогай над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне, а свайго піку развіцця дасягнула за годы існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь?

6. Вы мяркуеце, што беларусы і рускія — гэта адзіны народ і яны ўтвараюць адзіную ўсходнеславянскую цывілізацыю?

7. Вы лічыце, што любая крытыка дасягненняў беларускай дзяржавы шкодная і падрывае нацыянальны інтарэс?

8. Вам падаецца, што вакол шмат варожых сіл, асабліва сярод краін Захаду і суседніх народаў, што пагражаюць суверэнітэту і эканамічнай бяспецы нашай краіны?

9. Вы лічыце, што беларусы дэманструюць моцнае нацыянальнае адзінства і яно пераканаўча адлюстравана ў структуры дзейнай беларускай улады?

10. Вы мяркуеце, што толькі разам, згуртавана, беларусы змогуць пераадолець наступствы галечы і беспарадку, якія нам засталіся спадчынай «ліхіх 90-х»?

11. Вы захапляецеся гераічнымі здзяйсненнямі нашых спартсменаў, працоўных, дзеячоў культуры, лічыце, што на іх прыкладзе варта гадаваць наступныя пакаленні?

12. Вы лічыце, што толькі моцная армія і міліцыя здольныя зберагчы мір і спакой у краіне? Вы моцна шануеце людзей у форме?

13. Вы лічыце, што гамасэксуалізм ці трансгендэрныя людзі — гэта шкодная біялагічная дэвіяцыя і размыванне грамадскай маралі?

14. Вы мяркуеце, што толькі нястомная барацьба за святлую будучыню можа дараваць нам спакойнае і заможнае жыццё?

15. Вам падаецца, што толькі прэзідэнцкае разуменне будучыні нашай дзяржавы можа прывесці Беларусь да росквіту і самі гатовы актыўна падключацца да яго рэалізацыі?

16. Вы лічыце, што ўвесь беларускі народ мае агульную волю і яна дакладна прагучала пад час 6 Усебеларускага народнага сходу?

За кожны станоўчы адказ смела стаўце сабе 1 бал. Калі вы набралі 16 балаў, мы рады бачыць сярод нашых чытачоў такога паважанага чалавека і лепшага фюрара нацыі. Калі вы набралі ад 10 да 15 балаў — вы ўзорны сучасны фашыст і можаце прэтэндаваць на прасоўванне ў дзяржаўнай ідэалагічнай вертыкалі. Калі ў вас набіраецца ад 5 да 9 балаў, то вы маеце добры фашысцкі патэнцыял, але вам ёсць дзе падцягнуць сваю ідэйную правільнасць і адданасць: будзьце пільныя! Калі вы набралі ад 0 да 4 балаў, то вы — фашыст-пачатковец, з такім узроўнем падрыхтоўкі вам ісці хіба ў штаб Ціханоўскай ці ў НАУ, у сур’ёзную дзяржаўную структуру вы дакладна не патрапляеце.