Пад прыгнётам панскiм
Танчылi, сьпявалi,
Свойскiя каўбаскi
Пiвам запiвалi.
Міхал Анемпадыстаў, Уступ да «Народнага альбома»
Штогод набліжэньне 17 верасьня выклікае бадай ва ўсіх СМІ, не залежных ад беларускага ўрада, хвалю матэрыялаў, якія намагаюцца патлумачыць, як жа няправільна і неадназначна мы ўзьядналіся восемдзесят гадоў таму. Дзяржаўныя ж СМІ ці маўчаць ціха, ці паўтараюць замшэлыя савецкія штампы.
У 2003 г. памерла мая заходнебеларуская бабуля. Яна ніколі не працавала ў каўгасе і ўвогуле ня мела справы з савецкай дзяржавай. Цьвёрда трымалася веры ды лічыла сябе таму «рускай», дарма што хадзіла і ў царкву, і ў касьцёл. Чысты прыклад Заходняй Беларусі без бальшавікоў. Пэрсанаж «Народнага альбому».
Але яна ўмела толькі накрэсьліць польскай лацінкай сваё прозьвішча. Ні чытаць, ні пісаць, дарма што была цікаўным чалавекам. Толькі радыё ратавала яе ў гэтым сэнсе апошнія гады. Яе сям’я, яе муж, ды і ўвогуле вясковае атачэньне былі прыблізна такога ж кшталту людзьмі. Дадам, баба зь дзедам былі не з беззямельных сем’яў ды й самі ўспадкавалі зямлю. Але — непісьменнасьць, беднасьць, хваробы, сьмерць дзяцей у малым веку — рэальнасьць Заходняй Беларусі.
Мая ўсходнебеларуская бабуля таксама паходзіла з шматдзетнай сялянскай сям’і з-пад Чавусаў. Усе яе браты ды сёстры атрымалі базавую ці сярэднюю адукацыю, усе мелі куды лепшае здароўе ды дажылі да сталага веку, а не паміралі ў 40 гадоў як мае заходнебеларускія сваякі. Яна лічыла сябе беларускай і прыехаўшы ў Заходнюю Беларусь ў 1947 г. зьдзіўлялася зусім не дабрабыту, а сквапнасьці тамтэйшых «моцных гаспадароў».
Таму 17 верасьня для мяне — дата асабістая, кантрастна падсьветленая дыямэтральна процілеглымі лёсамі дзьвюх галінак маёй сям’і. Але гэта і самая важная беларуская дата. Бо гэта быў адзіны гістарычны шанец для заходніх беларусаў перастаць быць расходным матэрыялам, пераадолець сацыяльнае і нацыянальнае гібеньне і зноў далучыцца да тварэньня гісторыі. Так, у складзе БССР-СССР. Так, гэта была часам супярэчлівая гісторыя — і зіхоткая, і брыдкая. Але яны ўратаваліся ад распушчэньня ў іншых народох, фізычнай і маральнай дэградацыі ды расьцярушаньня па сьвеце.
«Прадпрымальныя заходнікі» супраць «усходнебеларускага быдла»
Але з датай гэтай, як і з народнай памяцьцю пра вайну, каторы год б’юцца і лібэралы і нацыяналісты, відаць спадзеючыся так заваяваць падтрымку народа. Праўда, якую тэму ні вазьмі, а сяньняшнія ідэйныя змаганьні нацыяналістычна-лібэральнай плыні нагадваюць то «бой зь ценем», то лупцаваньне здохлага ільва. Бо апанэнты з боку дзяржавы, можа фармальна і маюць салідныя пасады ды званьні, але канцэптуальна здатныя хіба сачыніць маніхвэст у «Беларускай думцы» ў стылі чарговых тэзаў зьезду КПСС.
Ня стала выключэньнем ў шматгадовай кампаніі рэвізіянізма датычна беларускага адзінства і сёлетняя 80-я гадавіна ўзьяднаньня краіны. Вось з самага цэнтра колішняй Заходняй Беларусі піша «Рэгіянальная газэта»: «17 верасня 1939 года савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы з мэтай далучыць да СССР землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.»
Зрэшты, пад агнём крытыкі ня толькі дата, але і ўвогуле сама ідэя адзінства беларусаў. Вядучы інтэрнэт-партал краіны напярэдадні дня ўзьяднаньня распавёў: «Існуе меркаваньне, што жыхары Заходняй Беларусі больш прадпрымальныя, чым тыя, хто паходзіць з усходніх абласьцей краіны.» Аўтар ня кажа, дзе такое меркаваньне бытуе, але намякае на яго вядомасьць. І акуратна падсумоўвае «ва ўмоўным батле „Захад vs Усход“ выяўляецца лідэрства „заходнікаў“, падстрахоўваючыся агаворкай пра абмежаванасьць выбаркі.
Але ці далёка ад такой тэорыі да таго меркаваньня, якое пазалетась выказала вядомая прадстаўніца Партыі БНФ пра «ўсходнебеларускае быдла», ад якога церпяць «заходнікі»? Выказала, бяз жадных для сябе наступстваў з боку партыі ці не залежнай ад беларускага ўраду прэсы. Гэтае замілаваньне «заходніцтвам» — зусім не індывідуальная экстравагантнасьць. Летась дзясяткі заўважных грамадзкіх актывістаў дый знаных журналістаў з захапленьнем падхапілі ідэю «Вайшнорыі» — такога сабе варыянту ў летуценьнях адкруціць 1939 г. назад і ўявіць Заходнюю Беларусь сяньня.
Зьдзіўляцца няма чаго. Вобраз «Заходняй Беларусі», як нейкага месца паратунку ад Савецкай улады, старанна выштукоўваецца таленавітымі творцамі ўжо шмат гадоў. Узорам таму стаў выдадзены яшчэ ў 1997 г. культавы «Народны альбом», геніяльны ўзор адбельваньня польскага каляніяльнага ўладараньня ў нашай старонцы. Камэнтуючы яго беларускія інтэлектуалы захоплена кажуць пра «краіну-міф, краіну-прывід» — Заходнюю Беларусь — наўзорная ілюстрацыя культурнай самакалянізацыі.
Польскі рай для беларусаў: ані дзяржавы, ані дабрабыту, ані свабоды, ані будучыні
У лепшым выпадку пытаньне сяньня ставіцца паноўнай у грамадзкім дыскурсе лібэрал-нацыяналістычнай плыньню так: 17 верасьня дало нам бутафорскую дзяржаву (якая пазьней толькі праз шчасьлівае здарэньне зрабілася сапраўднай) і забрала дабрабыт і/ці свабоду. Гэта адметна, бо пра БССР як недадзяржаву кажуць часам людзі, якія цьвердзяць пра БНР, што існавала выключна як грамадзкая ініцыятыва, як дзяржаву.
З другога боку, а чаго было там забіраць у 1939 г. у Заходняй Беларусі? Ці была яна тым квітнеючым краем? Ці можна абгрунтоўваць сьцьверджаньне пра заможнасьць у ёй прымітыўнымі спасылкамі на прыватнае землеўладаньне? І ці можна па змаўчаньні лічыць, што якасьць жыцьця на хутары селяніна, які вядзе малаэфэктыўную адсталую гаспадарку, лепшая за якасьць жыцьця калгасьніка? Рытарычныя пытаньні, калі зірнуць на вядомыя факты неідэалягізавана.
Лішне ўжо і казаць пра агульны аўтарытарны і агрэсыўны рэжым у якім даводзілася існаваць беларусом (гэта тут не пра СССР — узгадайма захоп Віленскага краю, войны, якія тагачасная Польшча зваявала з усімі сваімі суседзямі і ня раз, або пазьнейшыя мутныя дамовы з гітлераўскай Нямеччынай), уціск некаталікоў, хранічнае парушэньне правоў этнічных меншасьцяў, дзяржаўны антысэмітызм, вайсковую калянізацыю… Брутальнасьць міжваеннай Польшчы, як і амаль усіх суседніх дзяржаў рэгіёна, абмяжоўвалася толькі яе аб’ектыўнымі магчымасьцямі да ажыцьцяўленьня рэпрэсіяў, а не гуманізмам.
Шмат гаварылася пра культурныя і адукацыйныя магчымасьці для беларусаў у БССР і Польшчы. Ёсьць сэнс аднак зірнуць і ў іншы бок. А менавіта можна ж параўноўваць польскую афэрту беларусом (то бок непрыхаваны каляніяльны рэжым) не з савецкай, а зь летувіскай альтэрнатывай. Анягож нават Ковенская Летува выглядала прыстойней за Польшчу Пілсудзкага. Пры мізэрнасьці сваіх магчымасьцяў, Летува праз сваё Міністэрства беларускіх спраў спрычынілася да тварэньня беларускай культуры на дзяржаўным узроўні ды прапаноўвала беларусом хоць нейкае месца ў сваёй дзяржаўнасьці.
Таму гэны «польскі час» быў проста змрокам і здавалася, што цемра агарнула нас назаўжды. 17 верасьня 1939 г. Максім Танк напісаў у сваім дзёньніку, што сама думка пра «вызваленне Заходняй Беларусі пры дапамозе нашых усходніх братоў» за доўгія гады польскай адміністрацыі «стала літаратурнай тэмай». А калі яна стала рэчаіснасьцю, «мы ёй не менш здзівіліся, як ажыццяўленню казкі».
Сэнс Танкавых словаў будзе мала каму зразумелы сяньня. Але тады было відавочна, што Варшава пасьпяхова ідзе да канчатковага вырашэньня «беларускага пытаньня».
Справа ў тым, што з савецкага боку мяжы ўжо да сярэдзіне 1930-х, да мінімума змалела цікавасьць да падтрымкі барацьбы за ўзьяднаньне, будаваўся «сацыялізм у адной краіне», а Язэп Вісарыёнавіч разагнаў і перастраляў аснову Камінтэрна, які ўласна і падтрымліваў вызвольныя рухі. Мяжа БССР з Польшчай уважалася за пастаянную, таму й сталіца мусіла пераехаць далей — зь Менску ў Магілеў.
Па той бок мяжы, на той момант Заходняя Беларусь імкліва асымілёўвалася. Пра абяцаньне міністра ўнутраных спраў Польшчы Леапольда Скульскага, які на самым пачатку 20-х гадоў абяцаў, што праз 50 гадоў усіх беларусаў льга будзе пасадзіць на адной канапе, прынята ўспамінаць гіранічна. А між тым, да таго ўсё і йшло. Паміж двума попісамі 1921 і 1931 гг. колькасьць беларусаў у Заходняй скарацілася амаль на мільён асобаў. Таму зьдзіўляліся нават чыноўнікі тае польскае дзяржавы, як Севярын Віславух. Апошні, дарэчы, апісаў і працяг гэтага працэсу: у вёсках, дзе паводле попісу 1931 г., было больш за 100 беларускамоўных, усяго праз шэсьць гадоў, у 1937 г. праведзенае польскімі уладамі дасьледаваньне рэгіёна знаходзіла «суцэльна польскае насельніцтва» з моцнай польскай сьвядомасьцю.
Супрацьстаяць таму мізэрныя па сваіх памерох (гэта ня абраза, а аб’ектыўны факт) нялевыя беларускія партыі ў Польшчы не маглі, а левыя, больш магутныя арганізацыі, былі падарваныя наступствамі ўнутрыпалітычнай барацьбы і бойні ў СССР. Зрэшты, не было ў краі пэрспэктываў і для палітычна незацікаўленых людзей, апроч яе эміграцыі. Бліжэйшай ці далейшай, за акіян. Яе масавасьць відавочная ўсім, хто вырас на Заходняй, а не даведаўся пра яе пабачыўшы ракаўскі брук. Аповяды пра «амэрыканчыкаў», ці тых хто зьехаў у Аргентыну, Аўстралію ды на ўсе чатыры бакі сьвету назаўжды ў гады майго маленства можна было пачуць у кожнай заходнебеларускай вёсцы.
У варункох ХХ ст. аб’яднаньне беларусаў магло адбыцца толькі праз удзел нейкага магутнага міжнароднага гульца, як то СССР, складовай часткай якога была БССР. І варыянтаў не было: заходнім альянтом ніколі не былі цікавыя беларускія праекты, нацысцкая Нямеччына таксама ня мела намераў ствараць беларускую дзяржаву.
Таму аб’яднаньне і было для Танка «казкай». Для кагосьці гэта казка апынулася страшнай, бо такія тэктанічныя гістарычныя зрухі заўжды маюць такую ўласьцівасьць. Нічога выбітна амаральнага на беларускім сумленьні нямашака. Аб’яднаньне адбылося праз адасабленьне ад Польшчы абшараў, якія былі заселеныя збольшага беларускім насельніцтвам, абшараў зь пераважна этнічна польскім насельніцтвам тады да БССР амаль не далучылі. Адбылося ўсё толькі пасьля каляпсу польскай дзяржавы: Не 1 верасьня, а 17-га. Па гэтым пункце ўшчуваць беларусаў няма ў чым.
Пазьнейшыя рэпрэсіі да тых, каму «за польскім часам» жылося няблага або да прадстаўнікоў польскай каляніяльнай адміністрацыі, выглядаюць жорсткімі, а часцяком і яўна недапушчальнымі. Абавязкова трэба пра іх гаварыць. Але варта гаварыць і пра структурны гвалт, ад якога гадамі пакутавалі і паміралі тысячы беларусаў у заходніх рэгіёнох краіны пад польскай адміністрацыяй. І пазьнейшы масавы гвалт у грамадзтве зьніадкуль не зьяўляецца, бо ахвяры і каты часам могуць мяняюцца месцамі. Як пісаў шмат пазьней Веслаў Гурніцкі ў «Bambusowa klepsydra», калі хто хоча зразумець, як сталі магчымымі «чырвоныя кхмеры» і іх нялюдзкае вынішчэньне гарадоў і гараджан, хай просто згадае пра тое, якім выглядаў «Парыж Усхода» — зіхоткі дарэвалюцыйны Сайгон, з яго зьвярынай эксплёатацыяй учорашніх вяскоўцаў, наркаманіяй, дзіцячай прастытуцыяй і сацыяльнай дэградацыяй у вачох навакольнага сялянства. Можна пагардліва называць гэта зайздрасьцю хлопскага быдла да лепшых людзей, скатваючыся ў сацыяльны расізм. А можна задумацца над тым як раскручваецца сьпіраль сацыяльнага гвалту і чалавек робіцца зьверам.
Гэта безумоўна не аслабляе значэньня таго факту, што рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў польскай каляніяльнай адміністрацыі і шавіністычных арганізацыяў, а таксама і супраць пэўных сацыяльных пластоў, часам былі адвольнымі і бесчалавечнымі і ня могуць быць апраўданыя. Але і весьці справу да таго, каб ператварыць 17 верасьня як і 9 траўня, як прапаноўваюць некаторыя, у дзень прымірэньня, недапушчальна. Прымірэньне з калянізатарамі немагчыма, як немагчыма і прымірэньне Каіна ды Авэля.