Большасць палітарганізацый асноўнай задачай бачаць паступовыя трансфармацыі дзеючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і дэмакратызацыю палітычнай сістэмы. Стратэгія змены беларускага кіраўніцтва праз аргазацыю акцый пратэсту ў выніку «каляровай рэвалюцыі» не з`яўляецца асноўнай у парадку дня беларускай апазіцыі. Партыі плануюць выкарыстоўваць парламенцкую кампанію з мэтай павелічэння свайго актыва і патэнцыялу для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, або ўзмацнення партыйных пазіцый у кааліцыйных перамовах наконт супольнага прэтэндэнта на вышэйшую пасаду краіны.
Асаблівасці посткамуністычнай трасфармацыі 2010-х: сканчэнне эры «ашаламляльных выбараў»
Змена аўтарытарных кіраўнікоў на посткамуністычнай прасторы ў другім дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя набыла адрозныя ад папярэдніх трасфармацый асаблівасці. Напрыканцы 1990-х і сярэдзіне 2000-х адхіленне ад улады аўтакрата адбывалася пасля «ашаламляльных выбараў». Незадаволеныя хадой і вынікамі выбараў пратэстоўцы выходзілі на вуліцу і ў ходзе негвалтоўных масавых акцый абрыналі кіроўны рэжым, як напрыклад у Славаччыне (1998 г.), Сербіі (2000), Грузіі (2003), Украіне (2004), Кыргызстане (2005).
У 2010-х гадах аўтакраты пачынаюць губляць сваю ўладу ў выніку масавых пратэстаў, якія былі справакаваны крайне непапулярнымі і памылковымі з пункту гледжання грамадства рашэннямі вышэйшага кіраўнцітва. На постсавецкай прасторы справядлівасць гэтага тэзісу падкрэсліваюць падзеі ў Кыргызстане (2010), Украіне (2014), Арменіі (2018).
У Кыргызстане нагодай для пратэстных акцый 2010 года стала падвышэнне камунальных тарыфаў на святло і цяпло, продаж буйных дзяржаўных актываў, карупцыя, а таксама арышт лідэраў апазіцыі. Ва Украіне масавыя пратэсты напрыканцы 2013 года былі справакаваны адмовай падпісання прэзідэнтам Віктарам Януковічам Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. У Арменіі грамадскасць была незадаволена паразамі кіраўніцтва краіны і ўзброеных сіл падчас 4-дзённай вайны з Азербайджанам у 2016 годзе. Пратэсты выклікалі парушэнне абяцанняў экс-прэзідэнтам Сержам Саргс`янам не балатавацца на пасаду прэзідэнта і прэм’ер-міністра пасля канстытуцыйнай рэформы 2015 года. Нягледзячы на гэта Серж Саргс’ян быў прызначаны кіраўніком урада, але ж у выніку быў адхілены ад улады пасля масавых пратэстаў.
Хваля пратэстаў супраць непапулярнай палітыкі дзяржаўнага кіраўніцтва ахапіла і Беларусь у 2010-х гадах. Тысячы людзей выходзілі на вуліцы беларускіх гарадоў падчас маўклівых акцый 2011 года і антыдармаедскіх пратэстаў 2017 года. Гэтыя пратэстныя рухі сведчылі пра істотную незадаволенасць у грамадстве існуючым палітычным курсам, але не прывялі да адхілення ад улады вышэйшага кіраўніцтва краіны.
Беларусь адрозніваецца ад Украіны і Арменіі больш жорсткім персаналісцкім характарам рэжыму і пазасістэмнасцю апазіцыі, якая амаль не прадстаўлена ў выбарных органах. Акрамя таго, вышэйшае кіраўніцтва запабягае ўзмацненню альтэрнатыўных палітыка-эканамічных груповак, якія сталі бы настолькі магутнымі, каб паставіць пад сумнеў вяршынства прэзідэнцкай улады ў размеркаванні дабротаў.
Варта зазначыць, што ні партыйнае назіранне, ні ініціятыва праваабаронцаў па назіранню ўжо не з’яўляюцца элементам стратэгіі па змене беларускага кіраўніцтва. Заявы арганізатараў «Права выбару» падкрэсліваюць, што асноўнай задачай кампаніі з’яўляецца ўплыў на ацэнку выбараў з боку заходніх дэмакратый. [1] Удзельнікі кааліцыі часам хоць і заяўляюць аб імкненні супрацьдзейнічаць фальсіфікацыям падчас галасавання, але ж відавочна не маюць ілюзій наконт свайго патэнцыялу для ціску на арганізатараў выбараў. Тым болей не агучваецца мэты па мабілізацыі грамадства на пратэсты. Напрыканцы 1990-х і ў першай палове 2000-х менавіта адчуванне падману і пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў выводзілі на вуліцы Братыславы, Белграда, Тбілісі, Бішкеку і Кіева тысячы грамадзян, што прыводзіла да зрынання аўтакратаў.
Палітарганізацыі: канцэнтрацыя ўвагі на працы з непалітызаванымі пратэстнымі групамі
У апошнія гады палітарганізацыі спрабуюць выйсці за межы свайго апазіцыйнага электарата — жорсткіх апанентаў прэзідэнта А. Лукашэнка. Партыі імкнуцца працаваць з тымі группамі грамадства, якія ўсё часьцей праяўляюць незадаволенасць існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкай беларускага кіраўніцтва. Часта гэта прадстаўнікі тых пластоў насельніцтва, якія раней падтрымлівалі дзяржаўны курс і маглі галасаваць за прэзідэнта А. Лукашэнка, але не цікавіліся апазіцыйнай палітыкай, лідарамі і партыямі.
Разам са скарачэннем рэсурсаў у дзяржавы беларускае кіраўніцтва вымушана абмяжоўваць сацыяльныя гарантыі для ўсё большай колькасці сацыяльных груп. У прыярытэтах застаецца падтрыманне стабільнісці сілавікамі і кіруемасць дзяржапарата, для забеспячэння лаяльнасці якіх пераразмяркоўваюцца адпаведныя даброты. Павелічэнне апаратнай вагі сілавікоў прыводзіць да паступовай страты імі самакантролю, перавышэння паўнамоцтваў і пераследу прадстаўнікоў розных групп грамадства, з-за чаго расце незадаволенасць імі не толькі сярод шараговых грамадзян, але ж і часткі элітаў. Таксама беларускае кіраўніцтва вымушана забяспечваць лепшыя ўмовы для бізнэса для прыцягнення інвестыцый і падтрымання эканамічнага развіцца. Гэта выклікае канфлікты з мясцовымі супольнасцямі з-за парушэння экалагічных нормаў і ўмоў для жыцця.
У сваю чаргу правацэнтрысты, «Гавары праўду» і сацыял-дэмакраты канцэнтруюць сваю ўвагу на правядзенні грамадскіх кампаній па сацыяльнай і лакальнай павесцы, якую арганізоўваюць іх актывісты на месцах. Гэта дазваляе рэгіянальным лідарам напрацоўваць вядомасць і прыцягваць новых актывістаў у сітуацыі, калі ў партый адсутнічае прадстаўніцтва ў выбарных органах. Дзякуючы кампаніям па адвакатаванню і петыцыям палітарганізацыі пашыраюць сетку сваіх актывістаў у рэгіёнах не толькі падчас выбараў, але і паміж электаральнымі кампаніямі.
На пряцягу шэрагу гадоў правацэнтрысты (Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), дэпутат Г. Канапацкая) і «Гавары праўду» працуюць з удзельнікамі руху «Маці 328», якія змагаюцца за інтарэсы сваіх асуджаных па наркатычным артыкуле сваякоў. Яшчэ падчас выбараў 2016 года каля дзясятка актывістак «Маці 328» спрабавалі вылучыцца ў якасці кандыдатаў, але не былі зарэгістраваныя. Напярэдадні старту парламенцкіх выбараў 2019 улады пайшлі насустрач некаторым патрабаванням, каб дэпалітызаваць рух і прадухіліць вылучэнне кандыдатаў ад «Маці 328». Кіраўнік дзяржавы нават заявіў аб намеры сустрэцца з прадстаўнікамі пратэстнага руху. [2] Нягледзячы на гэта шэраг актывістак пры падтрымцы палітарганізацый («Гавары праўду», БХД, Аб’яднаная грамадзянская партыяі (АГП) і сацыял-дэмакратаў) разлічваюць вылучыцца ў кандыдаты з патрабаваннем да ўладаў правесці судовую рэформу.
Кааптацыя ў парламент двух прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасці і апазіцыі — Алены Анісім з Таварыства беларускай мовы (ТБМ) і Ганны Канапацкай з АГП — паўплывалі на карэктыроўку палітарганізацыямі падыходаў у адносінах да ўзаемадзеяння з уладамі і змякчэння іх пазіцый.
Яшчэ МорысДзювержэ заўважаў, што парламентарыі-партыйцы маюць менш радыкальныя пазіцыі, чым партыйны актыў без мандатаў.[3] У сваю чаргу барацьба за лідарства павадуе канфлікт паміж дэпутатамі і кіраўніцтвам у межах адной партыі. Гэта пацвярджаецца напружаннымі адносінамі паміж парламентарыем Г. Канапацкай і лідарамі АГП. Але ж іншыя ўдзельнікі правацэнтрысцкай кааліцыі — БХД і «За свабоду» — наладзілі плённае супрацоўніцтва з парламентаром Г. Канапацкай. Гэта праявілася ў распрацоўцы палітарганізацыямі і лабіяванні пры дапамозе мандата апазіцыйнага дэпутата зменаў у заканадаўстве, часам паспяховых.
Партыі таксама імкнуцца ангажавацца ў пратэстныя рухі па экалагічнай і горадабудаўнічай павесцы ў Мінску, Брэсце, Светлагорсу і Магілёве. Экалагічны пратэст у Берасці быў падтрыманы нават лідарам Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) М. Статкевічам, які таксама адкарэктаваў свае падыходы. БНК адмовілася ад арганізацыі пратэстаў на цэнтральных вуліцах сталіцы. Заклікі да змены кіраўніцтва праз Плошчу трансфарматаваліся ў падрыхтоўку вулічных акцыі для ціску на ўлады дзеля зменаў у палітычнай сістэме.
Фактычна ўсе палітарганізацыі адаптуюць свае стратэгіі ў залежнасці ад чаканняў грамадства. Партыі імкнуцца працаваць з новымі пратэстнымі аўдыторыямі, якія не цікавацца палітычнай павесткай, але ж гатовыя абараняць свае сацыяльна-эканамічныя інтарэсы. Гэтыя группы насельніцтва яшчэ не гатовыя ставіць выклік існуючай уладзе і патрабаваць змены беларускага кіраўніцтва. Яны імкнуцца дзейнічаць у рамках дзеючага прававога поля, але ж часам выходзяць на вуліцы, калі мясцовыя ўлады ігнаруюць іх патрабаванні. У большасці выпадкаў пратэстныя рухі па экалагічнай, горадабудаўнічай і мясцовай павесцы ўзначальваюць актывісты, якія належаць ці належалі да апазіцыйных палітарганізацый.
Парламенцкая кампанія: падрыхтоўка для прэзідэнцкіх выбараў 2020
Змена ў бачанні палітарганізацыямі шляхоў дэмакратызацыі Беларусі паўплывала на выбарчую актыўнасць партыяў. Усе партыі (за выключэннем КХП БНФ на чале с З. Пазняком) прынялі рашэнне вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты парламента. Байкотнага падыходу прытрымліваюцца толькі моладзевыя актывісты — арганізатары БНР — 100, якія і раней дэкларавалі сваю апалітычнасць, частка прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і старога актыву партый, які ўжо не адно дзесяцігоддзе ўдзельнічаюць у палітычным жыцці.
Дзякуючы працы з новымі аўдыторыямі і кампаніям па адвакаванню, палітарганізацыі здолелі абнавіць свой актыў і дабіцца шэрагу перамог у адстойванні інтарэсаў грамадзян. Гэта зматывавала новых чальцоў партый прыняць актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах. Па ўсёй верагоднасці, колькасць апазіцыйных вылучэнцаў у дэпутаты ў 2019 годзе ўзрасце ў параўнанні з 2016 годам. Аднак вялікая частка з іх можа не прайсці праз сіта рэгістрацыі выбаркамамі з-за меншай дасьведчанасці альбо больш жорсткага адсейвання ўладамі альтэрнатыўных лідараў.
БНК плануе вылучэнне каля 25 кандыдатаў у дэпутаты парламента па ўсёй краіне.[4] Гэтыя вылучэнцы хутчэй за ўсё здолеюць зарэгістраваць ініцыятыўныя групы і правесці шэраг вулічных акцый з палітычнай павесткай. Аднак верагоднасць таго, што яны працягнуць кампанію ў якасці кандыдатаў нязначная. Большасць з камандаў не здолеюць сабраць неабходныя для вылучэння 1000 подпісаў. Верагодна, што перад імі і не ставіцца такая задача, але ў БНК няма ніводнай зарэгістраванай партыі, якая магла б вылучыць кандыдатаў рашэннем свайго цэнтральнага органа.
БНК у апошні час у большай ступені арыентуецца на працу ў рэгіёнах краіны. Пасля нейтралізацыі ўладамі пратэстнага руху супраць «дэкрата аб дармаедах» падыход па арганізацыі палітычнага пратэсту ў цэнтры Мінска не прыносіць плёну і не прыцягвае новых актывістаў у арганізацыю. У той час як у рэгіёнах краіны працягвае нарастаць напружаннасць паміж жыхарамі з аднаго боку і мясцовымі ўладамі і інвестарамі з іншага, у асноўным па экалагічнай павестцы. Кааліцыя разлічвае мабілізаваць для ўдзелу ў электаральных кампаніях 2019/2020 актыў іншых апазіцыйных палітарганізацый, якія канцэнтруюць сваю ўвагу на буйных гарадах і маюць абмежаваныя рэсурсы для падтрымкі сваіх рэгіянальных структур. Дзяля гэтага лідары Кангрэсу на працягу апошніх гадоў стварылі рэгіянальныя кааліцыі з прадстаўнікоў іншых палітарганізацый. БНК разглядае парламенцкую кампанію як прамежкавы этап у падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў, якую павінен узначаліць экс-кандыдат у прэзідэнты М. Статкевіч. Для гэтага плануецца ўцягнуць у кампанію жорсткіх апанентаў беларускага кіраўніцтва за кошт канцэнтравання ўвагі на крытыцы дзеючага рэжыму і асабіста палітыцы прэзідэнта А. Лукашэнка.
Акрамя таго, БНК плануе працаваць з грамадзянамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы. Кааліцыя разлічвае на зваротную сувязь з насельніцтвам у рэгіёнах, дзе традыцыйна больш нізкія заробкі і дабрабыт, таму сярод асноўных тэмаў парламенцкай кампаніі ўздымае пытанне росту заробку і дабрабыту. Яшчэ адным з накірункаў, якім займаецца «Еўрапейская Беларусь», з’яўляецца мабілізацыя прыхільнікаў еўраінтэграцыі, якія стаяць на больш рашучых пазіцыях, чым правацэнтрысцкі рух «За свабоду» з больш памяркоўнай крытыкай палітыкі беларускага кіраўніцтва.
Правацэнтрысты (АГП, БХД і «За свабоду») заявілі пра закрыццё 90 з 110 парламенцкіх выбарчых акруг сваімі актывістамі. [5] Кожная з арганізацый-партнёраў узяла на сябе абавязак выставіць каля 30-35 кандыдатаў. Перавагай гэтай кааліцыі з’яўляецца магчымасць партыйнага вылучэння ад АГП, адзінай зарэгістраванай партыяй у гэтым альянсе. Правацэнтрысцкія кандыдаты верагодна не закрыюць 90 акруг, так як на некаторых з іх у буйных гарадах кааліцыянты могуць будуць прадстаўлены двума кандыдатамі.
У правацэнтрыстаў пакуль не атрымліваецца вылучыць супольнага кандыдата на пасаду прэзідэнта, хаця перамовы аб гэтым ідуць ужо болей за год. Лідары да гэтага часу не могуць вызначыцца з асаблівасцямі правядзення праймерыз, якія пераносяцца на перыяд пасля выбараў у парламент. Падчас парламенцкіх выбараў кааліцыянты будуць спрабаваць узмацніць сваі перамоўныя пазіцыі, каб палепшыць шанцы патэнцыйных прэтэндэнтаў на статус адзінага кандыдата ад правацэнтрыстаў. На гэтае званне прэтэндуюць старшыня «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Павал Севярынец і лідар АГП Мікалай Казлоў.
«Гавары праўду» працягвае дыстанцыянавацца ад іншых палітычных арганізацый і не ўдзельнічае ў кааліцыйных аб’яднаннях. За апошнія гады арганізацыі атрымалася значна ўзмацніць свае шэрагі, пашырыць рэгіянальнае прадстаўніцтва і далучыць новых актывістаў. Лідары «ГП» паставілі задачу вылучыць да 50 прэтэндэнтаў у дэпутаты. [6] У адрозненне ад зарэгістраваных партый вылучэнцы ад гэтага аб’яднання павінны сабраць 1000 подпісаў выбарцаў, што можа падкарэктаваць лічбы да 20-30 кандыдатаў. Аднак вылучэнне зборам подпісаў дазволіць камандзе «Гавары праўду» ацаніць свае магчымасці і адмабілізаваць актыў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Арганізацыя ўжо заявіла аб планах выставіць свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта, прозвішча якога збіраецца абвесціць пасля сканчэння парламенцкіх выбараў. Сярод верагодных прэтэндэнтаў — А. Дзмітрыеў і экс-кандыдат у прэзідэнты Т. Караткевіч.
Кіраўніцтва БНФ заявіла аб фармаванні спіса з 90 патэнцыйных вылучэнцаў.[7] Але ж хутчэй за ўсё, іх колькасць будзе меншай. На парламенцкіх выбарах 2016 года балатавалася 60 кандыдатаў-чальцоў БНФ. [8] Партыя таксама імкнецца дыстанцыянавацца ад удзелу ў кааліцыях і мае намер падтрымаць свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта. Яшчэ раней БНФ заяўляла пра амбіцыі вылучыць свайго кандыдата у прэзідэнты. Аднак партыя ўжо даўно не праводзіла маштабныя кампаніі, падчас якіх можна было б адмабілізаваць актыў у зборы подпісаў. Пры гэтым парламентарый і старшыня ТБМ А. Анісім таксама абвесціла намер вылучыцца ў парламент і стаць кандыдатам у прэзідэнты. У гэтым выпадку яна можа аб’яднаць нацыянал-дэмакратаў, якія арганізаваны ў разнастайныя ініцыятывы і часта не маюць партыйнага білета БНФ.
Лідары Беларускай сацыяль-дэмакратычнай парыі (Грамада) таксама перыядычна агучваюць жаданне намінаваць свайго кандыдата ў прэзідэнта. Падчас парламенцкай кампаніі Грамада выстаўляе каля 60 кандыдатаў, якія вылучаюцца партыйным рашэннем. У партыі ёсць моцныя рэгіянальныя структуры, як, напрыклад, Брэсцкая абласная арганізацыя, якая мае пастаянны кантакт з выбарцамі і вялікі досвед у сборы подпісаў. Аднак сумнеўна, што Грамада можа самастойна правесці прэзідэнцкую кампанію, нягледзячы на паспяховае вылучэнне ў 2006 годзе кандыдата А. Казуліна. Пасля 2006 года яе структуры былі значна аслаблены ўнутранымі канфліктамі ў выніку барацьбы за лідарства.
Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ) з абраннем новага кіраўніцтва змяніла свой байкотны падыход да ўдзелу ў выбарах. Перад БСДГ стаяць выклікі павелічэння колькаснага складу і адукацыі сваіх чальцоў пасля доўгіх гадоў ігнаравання электаральных кампаній. На парламенцкіх выбарах партыя плануе выставіць каля 20 кандыдатаў.[9]
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» заявіла аб вылучэнні 50 кандыдатаў.[10] Варта зазначыць, што ў былых камуністаў яшчэ застаюцца старыя сувязі сярод чыноўнікаў дзяржапарата, якія захаваліся з савецкіх часоў. Апазіцыйныя камуністы разглядаюць магчымасць вылучэння свайго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта. Тым не менш, сумнеўна, што іх актыў і мабілізацыйныя магчымасці істотна павялічыліся пасля 2015 года, калі яны спрабавалі вылучыць Калякіна кандыдатам у прэзідэнты, аднак няўдала. «Справядлівы свет» таксама імкнецца адстойваць інтарэсы сваіх прыхільнікаў у рамках дзеючай сістэмы ўлады. Так, на І пленуме акрамя вылучэння прэтэндэнтаў у камісіі партыя заявіла аб пачатку кампаніі за 35-гадзінны працоўны тыдзень.
Такім чынам, палітарганізацыі карэктуюць свае падыходы да ўдзелу ў парламенцкай кампаніі, якую выкарыстоўваюць для ўзмацнення сваіх структур напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Павелічэнне колькасці патэнцыйных кандыдатаў адбываецца ў асноўным за кошт тых арганізацый, якія раней байкатавалі або ігнаравалі выбары. Партыі імкнуцца прытрымлівацца сацыяльна-эканамічнай павесткі, якая цікавіць новыя пратэстныя групы грамадства. Гэтыя прыхільнікі паступовых перамен не ставяць на парадак дня змену вышэйшага беларускага кіраўніцтва. Калі беларускае кіраўніцтва працягне эксперымент з апазіцыйным прадстаўніцтвам у новым складзе парламента, палітарганізацыі будуць спрабаваць ініцыяваць сацыяльна-эканамічныя і палітычныя трансфармацыі ў межах існуючага прававога поля Беларусі. У іншым выпадку ўзмоцняцца пазіцыі лідараў з больш жорсткай рыторыкай, якія будуць спрабаваць кансалідаваць традыцыйных апанентаў беларускага кіраўнцітва для вулічнага ціску на ўлады.
[1]Готовы ли партии к парламентским выборам?[online], https://belaruspartisan.by/politic/473772/ [доступ: 04.09.2019].
[2]Лукашенко готов встретиться с родителями детей, осужденных по ст. 328 [online], https://naviny.by/article/20190902/1567426560-lukashenko-gotov-vstretitsya-s-roditelyami-podrostkov-osuzhdennyh-za[доступ: 04.09.2019].
[3]М. Дювержэ. Политические партии,[пер.] Академический Проект, Москва 2002, с. 560.
[4]Более 20 соратников Статкевича пойдут в депутаты [online], https://naviny.by/new/20190829/1567094497-bolee-20-soratnikov-statkevicha-poydut-v-deputaty [доступ: 04.09.2019].
[5]Навошта правацэнтрысты ідуць на парламенцкія выбары?[online], https://euroradio.fm/navoshta-pravacentrysty-iduc-na-parlamenckiya-vybary-efir-u-1505[доступ: 04.09.2019].
[6]До 50 кандидатов в депутаты выдвинет гражданская кампания «Говори правду»[online], https://naviny.by/new/20190817/1566016629-do-50-kandidatov-v-deputaty-vydvinet-grazhdanskaya-kampaniya-govori-pravdu [доступ: 04.09.2019].
[7]Апазіцыя пойдзе на парламенцкія выбары. Але адзінага спісу кандыдатаў не будзе[online], https://belsat.eu/news/apazitsyya-pojdze-na-parlamentskiya-vybary-ale-adzinaga-spisu-kandydatau-ne-budze/ [доступ: 04.09.2019].
[8]Сведения о выдвижении кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва[online], http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-Elect9.pdf[доступ: 04.09.2019].
[9]Сергей Черечень: В провинции практически не знают оппозиционных политиков[online], https://belaruspartisan.by/politic/473396/[доступ: 04.09.2019].
[10]Валерий Ухналев: Мы попытаемся выдвинуть собственного кандидата[online], https://belaruspartisan.by/politic/474464/[доступ: 04.09.2019].