Відавочна, што абяцанае экспертамі ў сярэдзіне 1990-х гг. надыходжанне глабальнага «пахавання» нацый-дзяржаў, нацыяналізмаў, нацыянальнасцей і ўсяго нацыянальнага не адбылося. Сёння нацыяналізм выглядае не толькі жывым і актыўным, але і здольным правакаваць радыкальныя змены палітычнага ландшафту ва ўсім свеце. У вялікай колькасці выпадкаў сучасны нацыяналізм паводзіць сябе агрэсіўна, па-ксенафобску і адкрыта выступае супроць базавых прынцыпаў ліберальнай дэмакратыі. Не выпадкова, што ўсё часцей сённяшнюю сітуацыю параўноўваюць з той, што склалася на пярэдадні Першай і Другой сусветных войнаў.
Разам з тым, ў сучасным глабалізаваным свеце нацыяналізм мае бясконцую колькасць канкрэтных форм існавання. Ён не ёсць самастойнай палітычнай ідэалогіяй, а, хутчэй, тыпам рыторыкі, наборам сантыментаў, і, што самае галоўнае, надзвычайна магутным сродкам масавай мабілізацыі, якія могуць спалучацца з самымі рознымі варыянтамі канкрэтных палітычных практык і ідэалогій (правых, левых, ліберальных і г. д.).
Усходняя Еўропа, да якой належыць Беларусь, ёсць рэгіёнам асаблівага, этнічнага (лінгвістычнага) тыпу нацыяналізму. Гэтую думку падзяляюць прадстаўнікі практычна ўсіх накірункаў сучасных даследаванняў нацыяналізму (Геллнер, Грох, Бройі, Сміт і г. д.). У межах рэгіёну, гістарычна падзеленага паміж шматэтнічнымі імперыямі, наяўнасць асобнай мовы і культуры легітымізавала спробы арганізаванай барацьбы за стварэнне асобных дзяржаў. Этнічны нацыяналізм не аднойчы стыгматызаваўся як «дрэнны», непазбежна анты-дэмакратычны, у адрозненне ад «добрага», індывідуалістычна-грамадзянскага нацыяналізму Захада (Кон, Грінфелд). У мінулым і ў сённяшні час не цяжка знайсці вялікую колькасць прыкладаў таго, што празмерная акцэнтацыя каштоўнасцей этнічнага калектыву ў параўнанні з каштоўнасцю правоў асобы, вядзе да варожасці і гвалту ў адносінах да «іншых». Але гэта не азначае аўтаматычнай не сумяшчальнасці прынцыпаў этнічнага нацыяналізму і ліберальнай дэмакратыі. Гістарычна (этна)нацыянальныя рухі Усходняй Еўропы спалучалі ўласна нацыянальныя і дэмакратычныя лозунгі. Ёсць выдатныя ўзоры дэмакратычных рэжымаў (Фінляндыя, на прыклад), якія склаліся ў дзяржавах, створаных у выніку перамогі менавіта этнічнага нацыяналізму. З іншага боку, праявы варожасці і гвалту да «іншых» не цяжка заўважыць сёння ў рэгіёнах, дзе нацыяналізм павінен быць «правільным» па вызначэнні. Больш таго, і адсутнасць натуральных рэсурсаў для ўтварэння этнічнага нацыяналізму (напрыклад, у Лацінскай Амерыцы) не з’яўляецца гарантыяй імунітэту ад аўтарытарызму.
Усходне-Еўрапейскае памежжа (колішняе заходняе памежжа Расійскай імперыі і СССР), больш вузкі рэгіён, да якога таксама належыць Беларусь, было прасторай, для насельніцтва якога гібрыдызацыя і гнуткасць ідэнтычнасці з’яўляліся неабходнай формай сацыяльнай адаптацыі і паспяховай стратэгіі існавання. Прадстаўнікі дыскрымінаванай сялянскай большасці тут знаходзіліся ў сітуацыі перманентнага выбару паміж уласнай і/ці ідэнтычнасцю іншай, часова дамінуючай элітарнай групы. Утварэнне нацый-дзяржаў пасля Першай сусветнай вайны значыла больш-менш паспяховы пераход ад гібрыдных форм да «цвёрдай», этна-лінгвістычнай ідэнтычнасці. Няпісаным правілам рэгіёну стала тое, што нацыянальная мова станавілася не толькі сацыяльна прадпісанай дамінуючай формай камунікацыі, але і сродкам дэлімітацыі палітычнай прасторы і падтрымання яе межаў.
Беларуская нацыя ёсць своеасаблівым прыкладам развіцця этнічнага нацыяналізму і, адначасова, тыповай праявай захавання памежнай ідэнтычнасці. Падобна іншым народам заходняга памежжа Расійскай імперыі беларусы абазначылі сваё імкненне да самастойнага існавання ў другой палове 19-га стагоддзя менавіта ў форме (этна)нацыянальнага руху. Разам з тым Беларусь у той час адносілася да ліку найбольш эканамічна адсталых рэгіёнаў гэтай прасторы, што запаволіла развіццё сацыяльнай мабільнасці. Беларусы былі амаль выключна сялянамі (92%) і, у большасці, непісьменнымі (86,5%). Нацыянальны рух у гэтых умовах не меў дастатковай аўдыторыі (звычайна гэта гарадское адукаванае насельніцтва) і значных шанцаў на пабудову нацыі-дзяржавы. Тым не менш ён прадэманстраваў імкненне да яе стварэння ў 1918 годзе, што праклала шлях да абвяшчэння беларускай адміністратыўнай аўтаноміі ў 1919.
У кароткі перыяд беларусізацыі БССР набывае некаторыя рысы сапраўднай нацыі-дзяржавы з дамінуючым становішчам беларускай мовы (сярод чатырох афіцыйных), уласным ўрадам, парламентам, нацыянальным ўніверсітэтам, бібліятэкай, архівам і іншымі статуснымі інстытуцыямі. Разам з тым, гэтага часу было не дастаткова для масавага ўкаранення нацыянальнай і замены традыцыйных форм гібрыднай ідэнтычнасці. Працэс быў спынены ў выніку мэтанакіраваных рэпрэсій супроць нацыянальнай эліты, мовы (рэформа 1933 г.), нацыянальнага гістарычнага наратыву. Іх негатыўныя наступствы былі ўзмоцненыя катастрафічнай стратай насельніцтва (у першую чаргу гарадскога) і культурнай спадчыны пад час Другой сусветнай вайны.
Да канца 1950-х гг. Беларусь была пераважнай аграрнай прасторай з дамінаваннем вясковага насельніцтва (69%). Маштабныя і надзвычай хуткія працэсы мадэрнізацыі і ўрбанізацыі 1960-1980-х гг. пераўтварылі яе ў адну з найбольш развітых рэспублік СССР. Хваля мігрантаў з вёскі ўспрымала іх як цуд і не была здольная да супраціву не менш маштабнай русіфікацыі. Ёй спрыяў пануючы ідэалагічны дыскурс, які абяцаў хуткую пабудову камунізму, пазбаўленага якіх-небудзь нацыянальных адрозненняў. Да сярэдзіны 1980-х у гарадах Беларусі не засталося, а ні воднай школы з беларускай мовай навучання.
У апошнія два дзесяцігоддзі ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці адбывалася галоўным чынам як формы звязанасці з пэўнай дзяржаўнай прасторай. Разам з тым, ўласна этна-лінгвістычны кампанент, характэрны для іншых нацыянальных супольнасцей рэгіёну, у Беларусі па ранейшаму існуе ў маргінальных да масавай свядомасці формах. Яна шмат у чым захоўвае традыцыі гібрыднасці і гнуткасці, характэрных для культурнага памежжа, а не для нацыі-дзяржавы.
На сённяшні дзень Беларусь — адзіная краіна Усходняй Еўропы, дзе мова і культура, якія легітымізуюць яе стварэнне, знаходзяцца ў падначаленым, дыскрымінавным становішчы. Гэтае парушэнне няпісаных правілаў рэгіёну з’яўляецца выклікам самога яе існавання як суверэннай дзяржавы.