Дыскусія вакол новай праграмы BISS (працяг, папярэдняя частка тут)

Аддаленай мэтай праграмы «Каштоўнасныя трансфармацыі» ёсць як мага больш поўны адказ на пытанне: што абумоўлівае наяўную грамадска-палітычную і эканамічную сістэму і як яе можна рэфармаваць? Нераскрытым фактарам абумоўлення ўсцяж застаецца ментальнасць, спосаб мыслення, жыццёвая філасофія, каштоўнасці ўдзельнікаў грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця.

Цягам гісторыі з’явілася шмат канцэпцый каштоўнасцяў. Ёсць вялікае мноства азначэнняў тэрміну «каштоўнасці». Багата класіфікацый. Але далёка не кожную такую канцэпцыю можна выкарыстаць у экспертным даследаванні. Адаптацыя тэорыі інстытутаў Норта і тэорыі дзвюх сістэм Канэмана падаецца тут выбарам найлепшым з магчымых. Аналагічна як у самой эканамічнай тэорыі, так і ў межах вывучэння каштоўнасцяў можна зрабіць добры ўжытак з прэзумпцыі (абмежаванай) рацыянальнасці чалавека. Норт і Канэман вартыя ўвагі тым, што даюць багата добрых падказак, як гэта можна рабіць.

У гэтым артыкуле падрабязна спынімся на пытанні, якое выклікае, бадай, найбольш спрэчак: як суадносяцца нортаўскія «інстытуты» і нашы «каштоўнасці»?

Інстытуты Норта: што гэта такое як яны функцыянуюць?

Існуе доўгая традыцыя акадэмічнага навучання, якая была асабліва моцная ў сярэднявеччы, згодна з якой усякае пазнанне павінна пачынацца ад дэфініцыі, то бок сціслага адказу на пытанне: Што гэта такое? Устаноўку на дэфініцыі суправаджае перакананне, што кожны вялікі аўтар, ствараючы сваю канцэпцыю, абавязкова дае кананічны і адзіны адказ на пытанне: Што гэта? адносна любога ключавога тэрміну або паняцця. Такая ўстаноўка выразна прасочваецца ў ходзе бягучай дыскусіі вакол Нортавага «інстытуту». Першая рэч, якую некаторыя крытыкі зрабілі, гэта адшукалі (хутчэй за ўсё, у Вікіпедыі) нешта, што падалося ім кананічнай дэфініцыяй «інстытуту» і адкрыўча заявілі: вось што такое інстытуты, а зусім не тое, што бачым у BISS’аўскім «Нарысе»!

Што ж давайце паспрабуем у традыцыйным ключы высветліць на базе пару выказванняў Норта, штотакое інстытуты і паглядзім, што з гэтага атрымаецца:

(1) Інстытут гэта…

структура стымулаў у эканоміцы.

the incentive structure of economies (North 2005: vii).

(2) Інстытут гэта…

чалавекам спароджаныя абмежавальнікі, якія структуруюць палітычнае, эканамічнае і грамадскае ўзаемадзеянне.

humanly devised constraints that structure political, economic, and social interaction (North 1991).

(3) Інстытуцыйная структура гэта…

спалучэнне фармальных правілаў, нефармальных абмежавальнікаў і спецыфікі іх прымянення.

a combination of formal rules, informal constraints,

and their enforcement characteristics (North 2005: 6).

Як бачым, няма ў Норта нейкай «кананічнай», «сутнаснай» дэфініцыі інстытуту. У залежнасці ад сітуацыі ён з дапамогай розных выразаў характарызуе інстытуты. Ці гэта значыць, што Норт — несур’ёзны навуковец? У мяне ёсць іншае тлумачэнне: Норт — занадта сур’ёзны навуковец, каб займацца такім непрадуктыўным заняткам, як стварэннем «кананічных» дэфініцый.

Для таго, каб магчы граматна карыстацца тэрмінам, дастаткова азнаёміцца з кантэкстам яго стасавання. Некалькі кантэкстаў: структура стымулаў, абмежавальнае ўздзеянне, сваяцтва з правіламі, датычнасць да палітычнага і эканамічнага жыцця — дазваляюць кампетэнтнаму чытачу стварыць як мінімум уступнае ўяўленне пра нортаўскія інстытуты. Такога ўяўлення зазвычай дастаткова, каб перайсці да наступнага, больш істотнага этапу — зразумення, як інстытуты функцыянуюць.

Як Х функцыянуе? — гэта нашмат больш важнае пытанне, чым Што такое Х? І калі хтось знаёмы з Нортам крыху больш, чым на ўзроўні цытатаў з Вікіпедыі, то напэўна ведае, што гэтаму — функцыянальнаму — аспекту Норт прысвячае сапраўды шмат увагі. Між іншым па гэтай прычыне ў асноўнай яго працы Разуменне працэсу эканамічных зменаў ён абмяркоўвае інстытуты ў працэсуальным або структурным ключы. Само слова «institution» з’яўляецца ў яго даволі рэдка; пераважна ён гаворыць пра «інстытуцыйныя змены», «інстытуцыйныя інавацыі», «інстытуцыйную структуру», «інстытуцыйную матрыцу», або (ці не найчасцей) «інстытуцыйны каркас».

Інстытуцыйны каркас (institutional framework) функцыянуе як абумоўленая культурай сукупнасць узаемазвязаных правілаў, імператываў, шаблонаў разумавання. А гэтыя правілы-імператывы-шаблоны актывізуюцца перадусім дзеля змяншэння неакрэсленасці. Стан неакрэсленасці — небяспечная рэч, паколькі паралізуе магчымасць прымання рашэнняў. Вось чаму больш аплочваецца мець неправераны арыентыр, чым не мець яго ўвогуле. Інстытуцыйны каркас і з’яўляецца крыніцай такога тыпу арыентыраў. (Тое, што ў гэтым абзацы сказана ў свабоднай форме, у «Нарысе» выкладзена аналітычна (с. 5-6), а дзеля грунтоўнага вывучэння можна звярнуцца да другога раздзелу Нортавага Разумення працэсу эканамічных зменаў.)

Такім чынам, у функцыянальным плане нортаўскія інстытуты — гэта правілы або правілападобныя з’явы, якія актывізуюцца галоўным чынам дзеля змяншэння неакрэсленасці. У залежнасці ад сітуацый яны могуць функцыянаваць як (нефармальнае) дапаўненне да заканадаўства (або нават яго частковы субстытут) або як крыніца (нефармальных) правілаў яго інтэрпрэтацыі і прымянення. Інстытуты могуць таксама функцыянаваць як гатовыя шаблоны калькуляцыі выгадаў і затрат.

Ці абавязкова называць нортаўскі інстытут «інстытутам»?

Устаноўка на «кананічную» дэфініцыю звычайна суправаджаецца перакананнем, што — выкарыстоўваючы чыюсьці канцэпцыю — нельга мяняць тэрміналогію. Калі Гайдэгер назваў Dasein «Dasein`ам», то гэтага слова нельга мяняць. Калі Норт назваў інстытуты «інстытутамі», значыць, так і павінна застацца. Нібыта тэрміны хаваюць у сабе нейкае містычнае значэнне, якое будзе страчана, калі якісь неадказны карыстальнік наважыцца іх змяніць.

Тэрміны (прынамсі ў даследніцкім кантэксце) — гэта «этыкеткі», асноўная функцыя якіх — абазначаць патрэбныя нам аб`екты такім чынам, каб мы гэтыя аб`екты не блыталі. Праблема з нортаўскім «інстытутам» такая, што ён — незалежна ад таго, на якой мове гаворым — увесь час блытаецца з інтытутам-установай. У некаторых выпадках кантэкст дазваляе разабрацца, калі ў якім сэнсе ўжыта гэта слова, але не заўсёды. Давайце ў якасці практыкавання прывяду некалькі англамоўных фармулёвак са словам «institution» або «institutional»:

(а) «Institutions that support our work and the many people who fund them deserve thanks, too» (урывак з падзякаў аўтара на пачатку ягонай кнігі).

(б) «Strengthening іnstitutions and good governance» (адзін з прыярытэтаў Усходняга партнёрства).

(в) «Іnstitutional changedepends on decision-makers» (з аднаго блогу на тэму пераадолення беднасці).

(г) «Тhe Hoover Institution at Stanford».

Дзе тут нортаўскія, а дзе нянортаўскія «інстытуты»? Што да (а) і (г) можна адносна лёгка зразумець, што гаворка ідзе пра інстытуты-ўстановы. У (б) можа мецца на ўвазе штось трэцяе: нешта, што ўключае ў сябе як інстытуты-ўстановы, так і інстытуты-правілы або/і ўстойлівыя формы ўзаемадачыненняў. Але ў канчатковым плане няясна. Што да (в) — можна хіба што толькі гадаць.

Сам факт, што трэба за кожным разам выясняць, у якім сэнсе тэрмін ужыты, вельмі ўскладняе камунікацыю і даследніцкі працэс. Уявіце сабе сітуацыю, калі банкнот з тым самым абазначэннем у «Еўраопце» значыць «100 рублёў», у «Рублёўскім» — «50 рублёў», а ў «Прасторы» — бліжэй не акрэсленую вартасць паміж 30 і 150 рублямі. Часавыя і энергетычныя затраты на выясненне, калі якую вартасць банкнот выражае, былі б неймавернымі, а галоўнае — непатрэбнымі. Нешта падобнае і з «інстытутам». Калі ўвесь час узнікае рызыка, што будзе блытаніна, то чаму б не падумаць пра больш зручны тэрмін?

Тое, што эканамісты-інстытуцыяналісты некалі (яшчэ задоўга да Норта) увялі ў абарот шматзначны тэрмін зусім не памяншае вартасці іх працы. І тое, што Норт падтрымаў гэту традыцыю — таксама рэч зразумелая. З гледзішча даследчай прагматыкі гэта нават добра, што ён не зацыкліваўся на шуканні «ідэальных» тэрмінаў, а кіраваўся нармальнай у такой сітуацыі «эўрыстыкай даступнасці». Аднак усё гэта зусім не азначае, што мы і ўсе наступныя пакаленні мусім прысягнуць на вернасць тэрміну «інстытут». Можам пашукаць іншую этыкетку.

Правілападобны характар каштоўнасцяў

Няма ідэальных тэрмінаў і няма сэнсу імкнуцца да бездакорнай тэрміналогіі. Калі мы прапануем называць нортаўскія «інстытуты» «каштоўнасцямі», то не таму, што гэта опцыя ідэальная, а проста таму, што яна менш праблемная. Чаканую выгаду сфармулюем так:

Часавыя і энергетычныя выдаткі на пераадольванне непаразуменняў спароджаных ужываннем у нашай даследніцкай праграме групы тэрмінаў асацыяваных з «каштоўнасцямі» будуць меншымі, чым выдаткі на пераадольванне непаразуменняў спароджаных ужываннем групы тэрмінаў асацыяваных з «інстытутамі».

Падазраю, што прыхільнікі «кананічных» дэфініцый, будуць у гэтым месцы чакаць справаздачнага азначэння «каштоўнасцяў». І гэта ім будзе падавацца лагічным: калі хочам выясніць, ці «каштоўнасці» — гэта тое самае, што (нортаўскія) «інстытуты», то давайце параўнаем дэфініцыі першага і другога. Гэта кепская пастаноўка справы. Цягам гісторыі паўсталі дзясяткі або сотні азначэнняў каштоўнасцяў, а што да нортаўскіх «інстытутаў» было вышэй паказана, што там нават не ставілася мэта спарадзіць нейкую кананічную дэфініцыю.

Канешне ж, як у выпадку «інстытутаў», так і ў выпадку «каштоўнасцяў» можа быць карысным глянуць, у якіх кантэкстах яны звычайна ўжываюцца. Напрыклад, навукоўцы з Еўрапейскага даследавання каштоўнасцяў (EVS) асацыююць каштоўнасці з глыбіннымі арыентацыямі, якія былі прыняты індывідамі, а таксама з матывацыйнымі сіламі, якія абумоўліваюць выбары і дзеянні(Br? chon, Gonthier 2017: 2). А польскі аксіёлаг Уладыслаў Татаркевіч лічыць, што каштоўнасць — гэта гранічны панятак, які не падлягае азначэнню (Tatarkiewicz 1971: ч. 1, п. 3).

Як у выпадку (нортаўскіх) інстытутаў, так і тут больш важны функцыянальны аспект. Вартым увагі ў гэтым плане з`яўляецца аналіз Рэя Джэкендофа, амерыканскага кагнітывіста, судырэктара Цэнтра кагнітыўных даследаванняў. Прафесар Джэкендоф прыкмячае, што базавым элементам любой сістэмы каштоўнасцяў з`яўляецца іх «правілападобнасць»: «Для таго, каб аб’екты, асобы або дзеянні мелі каштоўнасць, павінны існаваць прынцыпы прыпісвання каштоўнасці на розных падставах, гзн. правілы, у якіх каштоўнасць з’яўляецца ў наступстве імплікацыі: Калі гэта-і-гэта адбываецца, то прыпісваецца такая-і-такая каштоўнасць». (Jackendoff, 2006: 377). Гэта — момант уводу (input):

Другі базавы момант — вынік (output): Калі такое-і-такое дзеянне мае такую-і-такую каштоўнасць, то ажыццяўляй яго!

Дробная заўвага: хоць гэта можа ўспрымацца як нешта штучнае, але дзеля зручнасці аналізу тут стасуем наступныя моўныя канвенцыі:

(а) адмоўная каштоўнасць (напр. зло) — гэта таксама каштоўнасць;

(б) бяздзеянне — гэта таксама дзеянне (аналагічна як паўтараны многімі ў маральным ключы напамін: адмова ад выбару — гэта таксама выбар).

Трэці базавы элемент — прамежкавы: рознага роду дзеянні па перапрацоўцы інфармацыі, што адбываюцца паміж уводам і вынікам:

(У якасці асновы выкарыстана: Jackendoff 2006: 377; схематызацыя паходзіць ад мяне.)

Нортаўскія «інстытуты» таксама функцыянуюць як правілы: фармальныя, нефармальныя, датычныя да дзеянняў або датычныя да прымянення іншых правіл. Прадстаўленая вышэй схема можа быць выкарыстана дваяка: для акрэслення стратэгіі даследавання і для аперацыяналізацыі катэгорыі каштоўнасцяў/інстытутаў.

Падагульненне

Ёсць два падыходы да фармавання і ўжывання тэрмінаў: а) адшуканне «праўдзівай» і «кананічнай» дэфініцыі і культываванне вернасці ёй; б) кантэкстуальнае акрэсленне тэрміну і паказанне, якім чынам функцыянуе абазначаны дадзеным тэрмінам аб’ект. У межах эксперцкага даследавання другі падыход больш прадуктыўны.

У функцыянальным плане нортаўскія «інстытуты» і «каштоўнасці» ідэнтычныя. Як інстытуцыйныя каркасы, так і каштоўнасныя сістэмы дзейнічаюць як правілы, якія абумоўліваюць input (спосаб прыпісання з’явам нейкай вартасці), output(генераванне імператываў і ажыццяўленне дзеяння) і спосабы перапрацоўкі інфармацыі, што пасярэднічаюць паміж першым і другім.Гэтыя правілы могуць быць фармальныямі ці нефармальнымі, выразнымі ці туманнымі, агульнаграмадскімі або сегментнымі, усведамлянымі ў момант дзеяння (рэдка) ці неўсведамлянымі (часта), але менавіта яны ляжаць у аснове каштоўнасцяў-у-дзеянні або інстытутаў-у-дзеянні.


Brechon, Pierre, Frederic Gonthier (eds) (2017) European Values: Trends and Divides Over Thirty Years.Leiden: Koninklijke Brill.

Jackendoff, Ray (2006) The Peculiar Logic of Value. Journal of Cognition and Culture. 6. 3-4.

North, Douglass (1991) Institutions. Journal of Economic Perspectives, 5 (1).

North, Douglass (2005) Understanding the Processof Economic Change.Princeton — Oxford: Princeton University Press.

Tatarkiewicz, Wladyslaw (1971) O bezwzglednosci dobra, w: Pisma zebrane, t. 1: Droga do filozofii i inne rozprawy filozoficzne, Warszawa.