Славацкая надзея: досвед дэмакратычных трансфармацый. Пер. са славацкай. Браціслава — Мінск: ООО Невский простор, СПб., 2006. 328 С.
Кніга, з якой цяпер можа пазнаёміцца беларускі чытач, — не шараговая. Напісаная выбітнымі славацкімі інтэлектуаламі, яна падае шырокі погляд на самыя розныя праблемы славацкага грамадства — ад пачаткаў нацыянальнай свядомасці да ўступлення краіны ў Еўрасаюз. І ўжо ад першых старонак чытач будзе вымушаны канстатаваць: паўставанне сучаснай палітычнай нацыі ды культурніцкай ідэнтычнасці славакаў надзвычай добра карэлюецца з гэткімі ж працэсамі і нашай гісторыі.
Як і беларускі, славацкі нацыяналізм, што пачаў фармавацца напрыканцы ХІХ ст. — пачатку ХХ ст., быў даволі запозненай еўрапейскай з’явай. Ён выразна саступаў больш магутным нацыяналізмам суседніх народаў — чэхаў і мадзьяраў, якія дагэтуль паспелі ўжо сфармаваць свае высокія культуры ды бачанне ўласных гісторый. А таму, як піша Р. Хмел у раздзеле «Славацкае пытанне ў ХХ стагоддзі», славакі доўга і нікім не ўспрымаліся «дзяржаўным, … гістарычным народам… Наступствам гэтага, між іншым, былі праблематызацыя, а часам нават і негацыя, як гістарычнасці славакаў, так і іх дзяржаўнасці. Мадзьярская палітычная нацыя, гэтаксама як і чэхаславацкая палітычная нацыя, зыходзілі з вышэйшасці тытульнага народу, які меў спадчыннае права й на гісторыю. Венгерская гісторыя была мадзьярскай, чэхаславацкая — чэшскай». Добра вядома, што ў расейска-імперскіх ды савецкіх оптыках беларусам таксама адмаўлялі ў «спадчынным праве на гісторыю», а іх дзяржаўнасць у мінулым ніколі не была відавочным фактам ува ўсіх версіях гісторыі Расейскай імперыі ці СССР, напісаных прадстаўнікамі «тытульнай нацыі».
Амаль што да дэталяў сіметрычным беларускаму з’яўляўся на пачатку ХХ ст. і стан славацкага грамадства: «не было нават сваіх сярэдніх школ, амаль ніякіх культурных і навуковых устаноў, тэатраў, бібліятэк, выдавецтваў, адсутнічалі культурна-палітычныя цэнтры, а ўсю палітыку прэзентавалі сабой некалькі пісьменнікаў і публіцыстаў» (Р. Хмел). Адпаведна грамадства не ўсведамляла аніякіх палітычных інтэрэсаў, а нешматлікая славацкая эліта адно «абмяжоўвалася патрабаваннем… прыняць закон аб мовах і ўвесьці ўсеагульнае выбарчае права» (М. Земка).
Гэткім чынам, на пачатку ХХ ст. славакі і беларусы знаходзіліся практычна ў аднолькавых стартавых умовах будавання мадэрновых нацыяў.
Далейшыя падзеі, а менавіта Першая сусветная вайна, бальшавісцкая рэвалюцыя ў Расеі ды заканчэнне Другой сусветнай вайны, вядома ж, па-рознаму адбіліся на славацкай і беларускай гісторыях. Але не настолькі, каб страціць пачуццё таго дзіўнага паралелізму, якое ад першых старонак выклікае кніга. Нарэшце, у бліскучым эсэ Л. Грэндэля знаходзім пэўнае тлумачэнне. Гэтае тлумачэнне — канцэпт Сярэдняй Еўропы, спецыфічнай прасторы-тэрыторыі, адкрытай цягам ХІХ і ХХ стст. захопам ды мілітарнай канкурэнцыі еўрапейскіх імперскіх гульцоў. Вось як вызначае яе Л. Грэндэль:
«Сярэдняя Еўропа — гэта рэгіён кантыненту, што з якога заўгодна боку свету можна калі заўгодна захапіць… У Сярэдняй Еўропе пражывае сярэднееўрапеец… надзвычай чуйны да свайго паходжання… У адпаведнасці з гістарычным алгарытмам, сярэднееўрапейца нехта рэгулярна акупуе, можна нават сказаць: сістэматычна гвалціць… У выніку гэтага сярэднееўрапеец больш, чым несярэднееўрапеец, схільны да фобіяў і параноі… Апошнім часам Сярэднюю Еўропу ўтвараюць малыя дзяржавы… Ідэнтычнасць сярэднееўрапейскіх абарыгенаў за апошнія 70-80 гадоў сістэматычна парушалася».
Няцяжка заўважыць, што паводле азначаных вышэй крытэраў беларуская гісторыя ХХ ст. мала чым адрозніваецца ад славацкай або сярэднееўрапейскай. Ці не ў адпаведнасці з тым жа самым «гістарычным алгарытмам», пра які піша Грэндэль, беларусаў у ХХ ст. «сістэматычна гвалцілі»? А ці не дэманструе знакамітая беларуская мадэль паводзінаў «абы не было вайны» схільнасці да фобіяў і параноі? Нарэшце, ці не з’яўляецца тая ж самая сітуацыя «паміж» (сітуацыя Сярэдняй Еўропы) вызначальным чыннікам і беларускай ідэнтычнасці, якая «сістэматычна парушалася»? Узгадайма хаця б «Тутэйшых» Купалы ды знакамітага Мікіту Зносака, адзіным клопатам якога было своечасова вывесіць адпаведны сцяг (ды не памыліцца), дэманструючы лаяльнасць чарговаму акупанту. (Дарэчы, а ці не ёсць і сама Беларусь, насуперак устойліваму сцверджанню аб яе прыналежнасці да ўсходняга арыялу, тыповай сярэднееўрапейскай краінай?)
Нарэшце, цяжка не ўразіцца і вершамі «сярэднееўрапейскага» паэта Эндрэ Адзі, якімі Грэндэль завяршае сваё эсэ: «Заўжды і паўсюль спазняемся, / Пэўна, ішлі здалёк»… А ў іншым ягоным вершы чытаем: «Па-над Дунаем край — громаадвод Еўропы. / Ганебны слуп жахлівы тут стаіць спрадвек / для ўсіх тубыльцаў, цёмных і ўбогіх. / Марнее ў невуцтве нікчэмны чалавек, /не ўсведамляючы сваіх заганаў. / Не будзе тут інакш — бо так наканавана!» Але ж тыя самыя настроі ды думкі разлітыя і ў ранняй паэзіі Купалы! Між тым, адзначым: абодва паэты пісалі ў адзін і той жа час.
Лучаць нашыя гісторыі, безумоўна, і шмат якія іншыя паралелі. Хоць бы і паралелі з камуністычных часоў. Але павучальным, бадай што, будзе параўнанне палітычных сітуацый, што склаліся пасля прагалошання незалежнасці Славакіі і Беларусі. Іх развіццё прывяло на сёння да зусім розных вынікаў. Калі для Беларусі гэтым вынікам сталася кансалідацыя аўтарытарнага рэжыму, дык для Славакіі — усталяванне дэмакратычнай сістэмы ды сяброўства ў ЕС.
Але перад тым быў аўтарытарны рэжым Ул. Мэчыяра. І зноў жа шаноўны чытач знойдзе процьму паралеляў, аналогіяў ды проста тыпалагічных падабенстваў. Як і ў беларускім выпадку, грунтам, на які гэты рэжым абапіраўся, не ў апошнюю чаргу былі недафармаванасць палітычнай і культурніцкай ідэнтычнасці славакаў ды слабыя або ўвогуле неспрыяльныя традыцыі дзяржаўнасці. Цікава, але большасць славакаў зусім не прагнулі атрымаць дзяржаўную незалежнасць. Вось што піша сацыёлаг З. Бутарава: «Непасрэдна пасля падзелу ЧСФР многія жыхары Славакіі аказаліся ў стане, які нагадваў, хутчэй, шок пасля разводу, чым эйфарыю ад доўгачаканага вызвалення з чэшскіх пут». Таму застаецца адно канстатаваць: ва ўмовах падобных да славацкіх колькасць людзей, што хочуць мець палітыка з «моцнай рукой», які нагадваў бы ім пра прамінулыя часы, заўжды будзе пераважаць. А свабодныя і дэмакратычныя выбары аказваюцца для такіх палітыкаў найлепшым спосабам прыйсці да ўлады. Як раз у выніку дэмакратычных выбараў Ул. Мэчыяр і стаў начале краіны.
Сутнасць створанага ім рэжыму таксама добра вядомая беларусам. Палягала яна ў тым, што «пасля выбараў 1994 г. груба адмаўляліся законы прававой дзяржавы, выказвалася непавага да канстытуцыйнага падзелу ўлады, абмяжоўвалася дзейнасць шмат якіх незалежных інстытутаў, адбывалася масавае злоўжыванне прыватызацыяй (палітычны кліентэлізм), улада падпарадкавала сабе асноўныя СМІ (тэлебачанне і радыё), заблакавала інтэграцыйныя працэсы ў накірунку Еўрапейскага Саюза і г. д.» (Ул. Крывы). Нічога дзіўнага, што такі рэжым не мог не атрымаць падтрымкі з боку Расеі. А таму раздзел кнігі «Стасункі з Расіяй і кансалідацыя дэмакратыі…», напісаны палітолагам А. Дулебам, будзе асабліва цікавы тым, хто вывучае працэсы беларуска-расейскай інтэграцыі.
І ўсё ж у гэтым пункце славацка-беларускія паралелі практычна завяршаюцца. Бесстаронні назіральнік будзе вымушаны канстатаваць, што параўнальна з беларускім мэчыяраўскі рэжым быў значна менш паслядоўны і скансалідаваны. Славацкая «дыктатура» так і не здолела зрабіць некалькі істотных крокаў, каб працягнуць сваё існаванне і адкласці прыход апазіцыі да ўлады. Па-першае, нягледзячы на ўціск, у краіне не толькі дзейнічала заканадаўства аб СМІ (пасля 1989 г., як піша М. Колар, «свабода слова набыла сілу закону і дастатковую прастору для сваёй рэалізацыі»), але і працавалі некантраляваныя дзяржавай электронныя і друкаваныя медыя. Па-другое, нягледзячы на «паступовае абмежаванне прасторы дзейнасці грамадскіх арганізацый» (М. Бутара), славацкі трэці сектар не зазнаў за мэчыяраўскім кіраваннем масаванай атакі, якая прывяла б да закрыцця сотняў НДА. Па-трэцяе, апазіцыйныя партыі не былі выціснутыя са сферы публічнай палітыкі і мелі сваіх прадстаўнікоў у парламенце. І, нарэшце, як няўрадавыя арганізацыі, так і палітычныя апазіцыйныя партыі не толькі мелі доступ да незалежных медыя, але і выкарыстоўвалі іх падчас мабілізацыйных і выбарчых кампаній. Залішне казаць, што беларускія палітычныя рэаліі пасля 1994 г. зусім іншыя.
Як бы там ні было, славакам бліскуча ўдалося змяніць сітуацыю ў краіне. Дык якім жа чынам і з якімі рэальнымі эканамічнымі ды сацыяльнымі вынікамі для яе жыхароў? Якія праблемы ўдалося пераадолець, а якія не? Як сёння выглядаюць славацкія эканоміка і палітыка? Як грамадская апінія рэагуе на старыя і новыя праблемы і выклікі? Як сяброўства ў ЕС уплывае на развіццё Славакіі? На гэтыя ды іншыя пытанні чытач знойдзе адказы ў другой частцы кнігі.
І ўсё ж, які славацкі досвед? Ці мае ён для нас якое-кольвек значэнне?
Сутнасць і яго значэнне для малых сярэднееўрапейскіх краін бадай што найбольш сцісла сфармуляваў адзін з аўтараў кнігі журналіст І. Штулайтэр: «Быць знутры, а не на арбіце дэмакратычнага свету, супрацоўнічаць з развітымі краінамі, мець бяспошлінны доступ на іх рынкі, карыстацца фондамі, прызначанымі для падтрымкі праграм развіцця і структурнай трансфармацыі эканомікі, чэрпаць натхненне ў разумнай і таленавітай чыннасці новых суседзяў — вось трамплін для паспяховай эканамічнай трансфармацыі любой краіны з-за былой „жалезнай заслоны“. Асабліва гэта датычыць тых краінаў, што не маюць радовішчаў нафты і газу. Без элементарнага даверу прыватных інвестараў і замежных урадаў да стабільнасці айчыннай палітыка-эканамічнай сістэмы нельга й думаць пра рост жыццёвага ўзроўню шырокіх слаёў насельніцтва. Прынамсі, гэтакі досвед Славакіі».
Відавочна, што гэты досвед не можа не быць адной з падвалінаў і нашай надзеі. Бо паводле сваіх вынікаў ён — пазітыўны.