Партыі працягваюць пераглядаць свае погляды на супрацу з беларускімі уладамі, што ў выніку прыводзіць да замацавання трох асноўных апазіцыйных альянсаў: Беларускі нацыянальны кангрэс з жорсткай рыторыкай, правацэнтрысты са змяшанай пазіцыяй і памяркоўныя апазіцыянеры з «Гавары праўду». Інтэграцыя апазіцыянераў ва ўладную сістэму спрыяе з’яўленню новых палітычных праектаў, якія кідаюць выклік традыцыйным партыям. Паміж партыйным кіраўніцтвам і партыйцамі-дэпутатамі будзе і надалей узнікаць напружаннасць, што будзе весці да перафарматавання апазіцыйных сіл у сітуацыі няразвітай партыйнай сістэмы.

Беларускае кіраўніцтва пачынае выкарыстоўваць больш мяккія дырыжысцкія метады ў беларускай палітыцы. Гэта прадугледжвае адыход ад жорсткага непрымання апазіцыі і стварэнне перадумоў для паступовай інтэграцыі памяркоўных апазіцыянераў ва ўладную сістэму. Беларускае кіраўніцтва таксама працягвае захады па ўключэнню ў парадак дня асобных апазіцыйных ініцыятыў і сімвалаў. Напрыклад, адзін з асноўных дзяржаўных ідэолагаў і рэдактар прэзідэнцкага выдання СБ-Сегодня П. Якубовіч узяўся курыраваць пабудову помніка ў Курапатах [1]. Гэтую ж тэматыку спрабуе перахапіць у апазіцыйных ініцыятыў кіраўніцтва праўладнай «Белай Русі», здольнае мабілізаваць на добраўпарадкаванне ўрочышча Курапаты значны чалавечы рэсурс [2].

Верагодна, улады разумеюць, што змякчэнню апазіцыйнай рыторыкі садзейнічаюць не столькі жорсткія рэпрэсіі, колькі інтэграцыя прадстаўнікоў пра-дэмакратычнай апазіцыі ў прадстаўнічыя органы ўлады. Сілавікі выкарыстоўваюць жорсткія рэпрэсіі ў крытычныя моманты нарастання вулічных пратэстаў. Улады ставяцца адносна памяркоўна да колькасна невялікага пратэстнага руху пад палітычнымі лозунгамі, якія традыцыйна малапапулярныя сярод беларускага насельніцтва, асабліва паміж прэзідэнцкімі выбарамі. Відавочна, што апазіцыйныя лідары з бескампраміснай і жорсткай рыторыкай заўсёды будзе мець пэўную аўдыторыю, большасць з якой прадстаўляе «канапавыя войскі». Тым не менш, ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцен актыву заўсёды гатовыя далучыцца да несанкцыянаваных пратэстаў у перыяды, калі грамадства знаходзіцца ў палітычнай спячцы.

Аднак сілавы блок пачынае мець перавагу ў кабінетах беларускага кіраўніцтва ў крызісныя перыяды нарастання незадаволенасці сацыяльна-эканамічнай палітыкай і збліжэння павесткі апазіцыі і насельніцтва. Улады дэманструюць гатоўнасць жорстка спыняць вулічны пратэстны рух пад сацыяльна-эканамічнымі лозунгамі, калі той дэманструе добрую дынаміку, як гэта было падчас пратэстаў супраць «дэкрэту аб дармаедах» увесну гэтага года.

На палітычным полі Беларусі перыядычна ўзнікаюць новыя апазіцыйныя арганізацыі, рухі і кампаніі. Новые палітычныя праекты з’яўляюцца як у стане жорсткіх апанентаў дзеючага кіраўніцтва, так і сярод больш памяркоўных апазіцыянераў. Варта зазначыць, што толькі апасенні кіраўніка дзяржавы не даюць сфармаваццца «партыі ўлады» ў выглядзе «Белай Русі» — праекту асобных прадстаўнікоў беларускай наменклатуры. Прэзідэнт А. Лукашэнка таксама стрымлівае і пераход да мажарытарна-прапарцыйнай сістэмы, нягледзячы на жаданне часткі беларускіх упраўленцаў падвысіць свой уплыў на размеркаванне мандатаў.

На сёння ў апазіцыйнай палітыцы сфармаваліся тры асноўныя цэнтры: Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК) з лідарамі Міколам Статкевічам і Уладзімірам Някляевым, правацэнтрысцкая кааліцыя ў складзе АГП, БХД і «За свабоду», а таксама кампанія «Гавары праўду». Іншыя палітычныя групоўкі вымушаны лавіраваць паміж гэтымі трыма аб’яднаннямі. Пры гэтым, партыя БНФ адмовілася ад супрацы ў рамках правацэнтрысцкай кааліцыі, спрабуе захаваць аўтаномнасць і ідэнтычнасць з апорай на сваіх асноўных прыхільнікаў — нацыянальна-арыентаваны электарат. У сваю чаргу некалі моцная БСДП (Грамада) перажывае працяглы перыяд унутрыпартыйных канфліктаў, якія ставяць пад пытанне будучыню гэтай партыі як самастойнага гульца.

Рыторыка лідараў БНК і заклікі да несанкцыяваных акцыяў прыцягваюць найбольш рашучых апазіцыянераў, якія гатовыя аб’яднаць высілкі для вулічных пратэстаў супраць існуючага рэжыма. Аднак папулярнасць ідэі Плошчы ў беларускім грамадстве застаецца настолькі невысокай, што нават лідары БНК імкнуцца пра гэта публічна не размаўляць. Вулічная актыўнасць разглядаецца зноў жа як паступовае пашырэнне прасторы свабоды праз арганізацыю несанкцыяваных пратэстаў. Гэта патрабуе вялікай ахвярнасці ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў, якіх сілавікі перыядычна арыштоўваюць, адпраўляюць «на суткі» і/або караюць вялікімі штрафамі.

У перыяд паляпшэння адносін з Еўрасаюзам улады не дазваляюць брутальныя сілавыя разгоны несанкцыянаваных акцый, аднак пераследуюць актывістаў пасля іх правядзення. Пры гэтым вулічным лідарам не атрымліваецца сарваць працэс урэгулявання адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Нават жорсткія захады сілавікоў па спыненню пратэстнага руху ўвесну гэтага года не настолькі сапсавалі адносіны з ЕС, каб не аднавіць іх з яшчэ лепшай дынамікай праз некалькі месяцаў. Тым не менш, афіцыйны Менск дэманструе заходнім сталіцам саступкі і ўводзіць абмежаваны заяўны прынцып правядзення масавых вулічных мерапрыемстваў. Такім чынам беларускія ўлады фармальна пашыраюць прастору свабоды, на чым так настойваюць вулічныя лідары. Адначасова сілавы блок атрымлівае яшчэ больш гнуткія механізмы для супрацьдзеяння пратэстнаму руху, яго абмежаванню і ізаляванню ад інстытуалізаванай апазіцыі [3].

Разам са зняццём сацыяльна-эканамічнага напружання ў беларускім грамадстве пазіцыі БНК аслабляюцца, асабліва з улікам канцэнтрацыі увагі яе лідараў на палітычным парадку дня. Хутчэй за ўсё, у выпадку захавання гэты апазіцыйны альянс будзе мець свайго кандыдата на наступныя прэзідэнцкія выбары, вакол якога будуць гуртавацца найбольш бескампрамісныя праціўнікі беларускага кіраўніцтва. Пры гэтым, БНК можа байкатаваць мясцовыя і парламенцкія выбары, ня маючы дастатковай колькасці спрактыкаванага ў выбарах актыву.

З іншага боку, узрастае канкурэнцыя ў стане памяркоўнай апазіцыі, якая выступае за дыялог з беларускім кіраўніцтвам і мірныя перамены. Першымі жаданне дамаўляцца з уладамі выявілі прадстаўнікі «Гавары праўду», за што іншыя апазіцыйныя партыі падверглі кіраўніцтва кампаніі астракізму. Арганізацыя заяўляе аб імкненні ператварыцца ў палітычную партыю і паслядоўна павялічвае актыў. Аднак перавагі партый у сённяшняй сітуацыі невідавочныя. Найбольш плённым для павелічэння сваіх шэрагаў падаецца вылучэнне ад «Гавары праўду» кандыдата на пасаду прэзідэнта, дзякуючы чаму Таццяна Караткевіч стала пазнавальнай у рэгіёнах. Яе патэнцыял быў напоўніцу выкарыстаны ў паслявыбарчы перыяд, калі арганізацыя значна павялічыла свае шэрагі за кошт новых актывістаў. Кампанія ўжо абвесціла сваю доўгатэрміновую стратэгію, якая ўключае ўдзел ва ўсіх выбарах і вылучэнне свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта на наступных выбарах. Пакуль інтрыгай застаецца толькі прозвішча гэтага кандыдата. Аднак парламенцкая кампанія 2016 прынесла ў жыццё новых публічных лідараў, якія спрабуюць граць у той жа палітычнай нішы, што і «Гавары праўду».

Спроба каманды дэпутаткі Ганны Канапацкай стварыць новы палітычны праект «Наперад, Беларусь!» напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы выклікала ажыўленне ў незалежным грамадстве. Актывісты стаміліся ад традыцыйных партыйных арганізацый, а таксама разлічваюць на падвышэнне сваіх перспектыў ва ўмовах абвастрэння барацьбы партый за лаяльнасць актыву. Аднак дэпутатцы Г. Канапацкай цяжка канкураваць з партыйным кіраўніцтвам АГП за апазіцыйны актыў, які традыцыйна мае больш радыкальныя погляды, чым насельніцтва. У выніку працы ў парламенце і кантактаў з выбаршчыкамі погляды Г. Канапацкай становяцца больш памяркоўнымі. Гэта робіць яе прывабнай сярод незадаволеных сацыяльна-эканамічнай палітыкай грамадзян, але, хутчэй за ўсё, не павялічвае папулярнасці сярод апазіцыйнага актыву.

У далейшым, цалкам верагодным з’яўляецца стварэнне самастойнага руху «Наперад, Беларусь!» пад кіраўніцтвам парламентарыя Г. Канапацкай. Гэта можа ўзмацніць напружанасць у адносінах з правацэнтрыстамі і вымусіць Ганну Канапацкую адмовіцца ад партыйнай афіліацыі з АГП, што магчыма і ў выніку барацьбы за крэсла кіраўніка партыі. Хутчэй за ўсё, бачанне каманды Г. Канапацкай не абмяжоўваецца мясцовымі выбарамі, але ж ахоплівае і наступныя прэзідэнцкія выбары. Парламентар Г. Канапацкая цалкам можа скарыстаць напрацаваны патэнцыял у якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта і ўзмацнення сваіх пазіцый сярод іншых партый.

Варта зазначыць, што ўлады паступова пераймаюць парадак дня партыі БНФ, кіраўніцтва якога таксама пазбягае жорсткіх заяў у адносінах да ўладаў. Напрыклад, у выніку самаізаляцыі Крамля пачалася разбудова памежнай інфраструктуры паміж Беларуссю і Расіяй, улады пераймаюць клопат пра Курапаты і актыўна навязваюць кантакты з заходнімі сталіцамі. Партыя БНФ ўжо пацьвердзіла намер вылучыць свайго ўжо былога старшыню Аляксея Янукевіча кандыдатам на пасаду прэзідэнта, якому аднак могуць скласці канкурэнцыю іншыя не менш амбітныя чальцы партыі. Пры гэтым, сябра ТБМ Алена Анісім неаднаразова дэманстравала сваю прыхільнасць да ідэалагічнай платформы БНФ. Аднак парламентарка А. Анісім пазбягае дэманстраваць у авальнай залі парламента апазіцыйныя погляды і часта падтрымлівае пазіцыю ўладаў па найбольш спрэчных сацыяльна-эканамічных пытаннях.

Правацэнтрысты таксама пацвердзілі намер вылучыць супольнага кандыдата ў прэзідэнты. Кожная са структур мае амбітных прэтэндэнтаў на статус «адзінага», з-за чаго паміж імі можа ўзнікнуць напружанасць у будучым. Пакуль — да старта перамоў аб адзіным кандыдаце ў прэзідэнты — правацэнтрысты дастаткова плённа супрацоўнічаюць унутры Беларусі і выступаюць з адзінай пазіцыяй на міжнароднай арэне. Кааліцыя ўдала выкарыстала выхад людзей на вуліцы беларускіх гарадоў з пратэстамі супраць «дэкрэту аб дармаедах» у лютым і сакавіку гэтага года. У адрозненне ад БНК, лідары якога сканцэнтравалі ўвагу на сталіцы, кіраўніцтва правацэнтрыстаў удзельнічала ў многіх пратэстах у рэгіёнах. Хутчэй за ўсё, гэта падвысіла іх рэйтынгі, аднак пасля жорсткай рэакцыі ўладаў правацэнтрысты не здолелі данесці да сваіх прыхільнікаў супольнае бачанне. Надалей пратэстны актыў перахапіў БНК, а ўдзельнікі кааліцыі працягнулі самастойную працу ў рэгіёнах без супольных ініцыятыў. Тым не менш, правацэнтрысты з’яўляюцца касцяком шырокай кампаніі па назіранню «Права выбара — 2018», вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты і, хутчэй за ўсё, будуць паўнафарматна ўдзельнічаць у наступных парламенцкіх выбарах.

Такім чынам, у выпадку з’яўлення ў саветах прадстаўнікоў апазіцыйных партый іх стаўленне да беларускіх ўладаў будзе аб’ектыўна мякчэць і ўступаць у канфлікт з больш жорсткімі поглядамі партыйнага актыву. У залежнасці ад колькасці партыйцаў у прадстаўнічых органах — мясцовых саветах і парламенце — можа адбыцца перафарматаванне ў апазіцыйнай палітыцы са з’яўленнем новых рухаў ці аб’яднанняў, а таксама сур’ёзная барацьба за лідарства ў традыцыйных партыях паміж партыйцамі-дэпутатамі і партыйным кіраўніцтвам.


[1] Якубович: Куропаты должны стать местом народной скорби и благородной памяти: https://news.tut.by/society/533012.html

[2] Актывісты «Белай Русі» правялі суботнік у Курапатах: https://nn.by/?c=ar&i=199423

[3] Глава МВД о новом законе о массовых мероприятиях: это жесточайшая либерализация https://news.tut.by/economics/565978.html