Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў адбудуцца праз паўгады — як мяркуецца, 18 лютага 2018 г. Электаральная кампанія распачнецца яшчэ раней — з лістапада гэтага года. Аднак беларускія ўлады і значная частка апазіцыйных партый пакуль ігнаруюць гэтую тэматыку. Беларускае кіраўніцтва не жадае ствараць дадатковыя ўмовы для палітызацыі і ўзрушання грамадства, асабліва пасля масавых пратэстаў у лютым-сакавіку гэтага года. Апазіцыйныя партыі не маюць супольнага бачання таго, якім чынам будуць адбывацца змены ў краіне, і прытрымліваюцца сваіх стратэгій, часам варагуючы паміж сабою за прыхільнасці апазіцыйнага электарата.

Асноўны выбарчы сцэнар уладаў: кароткія выбары

Улады імкнуцца падтрымліваць грамадства ў дэпалітызаваным стане падчас выбараў дзякуючы абмежаванню рэсурсаў і падтрымкі кандыдатаў, а таксама фактычнага скарачэння перыяду для правядзення агітацыі.

Арганізатары выбараў імкнуцца панізіць увагу грамадзян краіны да мясцовых выбараў, асабліва жыхароў сталіцы і вялікіх гарадоў, дзе адсотак незадаволенасці палітыкай улады вышэйшы за сярэднія паказнікі па краіне. Варта адзначыць, што правядзенне кампаніі запланавана на халодны перыяд і зімовыя святы, што не спрыяе ўвагі выбарцаў да кампаніі. Акрамя таго, дзяржава прадставіць толькі абмежаваную падтрымку кандыдатам у выглядзе выступу на дзяржаўным радыё і друкавання праграмаў у афіцыйных газетах. Партыі павінны будуць самастойна шукаць фінансаванне на агітацыйную прадукцыю і аплату выступаў сваіх прадстаўнікоў на тэлевізіі. Пры гэтым беларусы не дэманструюць гатоўнасць інвеставаць свае грошы ў палітыку, дзе пануююць перадвызначанасць вынікаў, безнадзейнасць і перасцярога перад рэпрэсіямі. Хутчэй за ўсё, дзяржаўныя медыя будуць прытрымлівацца традыцыйнага падыходу па дэідэалагізацыі і дэперсаніфікацыі электаральнага працэсу, а таксама нарошчвання інтэнсіўнасці інфармавання насельніцтва аб выбарах з прыбліжэннем даты галасавання.

Улады захаваюць значны ўзровень пераемнасці ў існуючых саветах — хутчэй за ўсё, болей за 50% дзеючых дэпутатаў працягнуць працу ў саветах новага склікання. Верагодна, што павялічыцца адсотак выхадцаў з сацыяльнай сферы ў якасці вылучэнцаў у мясцовыя саветы. Выхадцы з галінаў культуры, адукацыі, навукі і аховы здароўя ў саветах склалі 28,9% дэпутацкага корпуса па выніках мінулых мясцовых выбараў 2014 [1]. Стаўка на прадстаўнікоў сацыяльнай сферы дазволіць уладам часткова кампенсаваць адмоўныя рэйтынгі дзяржаўных інстытутаў у сувязі са скарачэннем у апошнія гады сацыяльных гарантый насельніцтву. У сваю чаргу моцныя гаспадарнікі ўжо колькі гадоў не могуць выцягнуць эканоміку з крызісу, а на некаторых прамысловых прадпрыемствах у рэгіёнах заробкі значна ніжэйшыя за сярэднія паказнікі па краіне. Таму мясцовае кіраўніцтва будзе выстаўляць кандыдатамі ў дэпутаты дырэктарат з асобных паспяховых прадпрыемстваў і/або ў сельскай мясцовасці, дзе яны могуць дасягнуць посьпеху на бесканкурэнтных выбарах і з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу.

Беларускае кіраўніцтва захавае ці нават павялічыць сярод праўладных кандыдатаў адсотак жанчын, якія часцей за ўсё прадстаўляюць сацыяльную сферу і мясцовыя адміністрацыі. Доля жанчын у мясцовых саветах складае стала высокі адсотак яшчэ з часоў Савецкага саюза, а дзеючы дэпутацкі корпус быў сфармавана на 46,3% з жанчын. Такі высокі працэнт дасягаецца за кошт органаў самакіравання першаснага і базавага узроўняў — сельсаветаў, гар- і райсаветаў. Прадстаўнічыя органы дублююць асаблівасці гендэрнага складу выканаўчай улады, дзе адсотак жанчын павялічваецца на ніжэйшых пасадах.

Вышэйшае кіраўніцтва можа дазволіць большую канкурэнцыю ў сталіцы і буйных гарадах за кошт лаяльных палітычных партый (Камуністычная партыя Беларусі (КПБ), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) і канструктыўных апазіцыянераў з ЛДП. Кандыдаты ад лаялістаў адцягнуць частку галасоў пратэстнага электарата ад апазіцыйных вылучэнцаў у сталіцы і буйных гарадах. Хутчэй за ўсё, вышэйшае кіраўніцтва па-ранейшаму будзе стрымліваць імкненне палітызаванага аб’яднання «Белая Русь» манапалізаваць статус «партыі ўлады». Тым не менш, партыйнае прадстаўніцтва ад лаяльных уладам арганізацый у саветах можа падывысіцца, што ўзмоцніць тэндэнцыю да інстытуалізацыі партыйнай сістэмы і сбалансавання прэзідэнцкай галіны ўлады.

Цалкам з’яўляецца магчымым амаладжэнне вылучаных уладамі кандыдатаў, а па выніках выбараў і дэпутацкага корпуса. Моладзевая палітыка беларускага кіраўніцтва і мэтанакіраваная ідэалагічнага праца дазволіла ізаляваць моладзь ад кантактаў з структураванай апазіцыяй, высушыць моладзевы апазіцыйны рух і нават стварыць устоўлівую тэндэнцыю да аднаўлення «савецкай ідэнтычнасці» сярод значнай колькасці маладзёнаў [2]. Савецкая ідэнтыфікацыя такой моладзі не рэзануе з ідэалагемамі апазіцыйных партый, сярод якіх пераважае якраз адваротнае імкненне да дэсаветызацыі, еўрапеізацыі і мадэрнізацыі грамадства.

Нягледзячы на адсутнасць парогу яўкі на мясцовых выбарах арганізатары пастараюцца забяспечыць высокія афіцыйныя лічбы па краіне на ўзроўні болей за 70%. Выбарчыя паказнікі з’яўляюцца адным з асноўных ідэалагічных абгрунтаванняў легітымнасці дзеючай улады і прымаемых ёю рашэнняў. Беларускае кіраўніцтва традыцыйна выкарыстае адміністрацыйную машыну мабілізацыі электарата для ўдзелу ў галасаванні з выкарыстаннем рэсурсу працоўных калектываў дзяржпрадпрыемстваў, адукацыйных устаноў, GoNGOі афіцыйных прафсаюзаў.

Забеспячэнне сярэдніх па краіне паказнікаў па ўдзелу ў галасаванні мяркуецца за кошт высокай яўкі ў сельскай мясцовасці, дзе рэйтынгі дзяржаўных інстытутаў традыцыйна вышэйшыя і амаль адсутнічаюць прадстаўнікі структураванай апазіцыі. Высокія афіцыйныя лічбы таксама будуць дасягацца за кошт датэрміновага галасавання і, верагодна, у сталіцы яны зраўняюцца з колькасцю прагаласаваўшых у асноўны дзень. Варта адзначыць, што назіральнікі ад грамадзянскай супольнасці і апазіцыі не здолеюць пракантраляваць гэтыя лічбы. Напрыклад, міжпартыйная ініцыятыва «Права выбара» адмовіліся ад назірання падчас датэрміновага галасавання.

Улады будуць спрабаваць абмежаваць магчымасці апазіцыйных кандыдатаў па мабілізацыі пратэстнага электарата ў перыяд выбарчай кампаніі. Падтрыманне атмасферы расчараванне і безвыходнасці пашырае байкотныя настроі і будзе павялічваць напружанасць паміж апазіцыйнымі партыямі з розным поглядам на электаральную дзейнасць.

Апазіцыйныя партыі: інэрцыйны падыход да выбараў

Апазіцыйныя партыі не ажыццяўляюць сістэмнага ціску на беларускія ўлады з мэтай прымусіць змяніць умовы правядзення мясцовых выбараў 2017/2018 г. Сярод пераважнай большасці партый, за рэдкім выключэннем, пераважае інэрцыйны падыход да выбарчай кампаніі. На сёння толькі «Гавары праўду» і моладзь БНФ акцэнтуюць у сваёй публічнай рыторыцы намер партыйцаў прыняць удзел у кампаніі ў якасці кандыдатаў і робяць захады па мабілізацыі актыву.

Тым не менш, у апазіцыі захоўваюцца добрыя стартавыя магчымасці для працы па гарадскіх выбарчых акругах. У асобных гарадах узровень латэнтнай незадаволенасці палітыкай уладаў вышэйшы ў параўнанні з сельскай мясцовасцю, што было відавочна падчас вулічых пратэстаў у лютым-сакавіку 2017 у Гомлі, Віцебску, Магілёве, Горадні, Бабруйску, Воршы, Пінску, Маладэчна, Баранавічах, Слоніме, Рагачове. Акрамя таго ў некаторых гарадах мясцовае чынавенства скампраметавала сябе праз карупцыйныя скандалы, недасканалую гаспадарчую дзейнасць і дрэннае добраўпарадкаванне, як, напрыклад, у Салігорску, Воршы, Бабруйску і Крычаве [3]. Хаця беларускае кіраўніцтва прадпрыняла захады па падвышэнню рэйтынгаў мясцовых органаў улады ў асобных рэгіёнах праз узмацненне антыкарупцыйнага пераследу і кадравую ратацыю найбольш непапулярных кіраўнікоў [4].

Рэйтынгі дзяржаўных інстытутаў традыцыйна ніжэйшыя ў Менску, аднак улады падтрымліваюць у сталіцы высокі ўзровень апалітычнасці, расчаравання і байкотныя настроі сярод пратэстнага электарата. Разам з тым жыхары сталіцы маюць большы ўзровень дабрабыту і занятасці у параўнанні з сярэднім па краіне. Гэта значна звужае магчымасці партый для агітацыі і разварушвання сталічнага насельніцтва з апазіцыйнымі настроямі.

Сумнеўна, што апазіцыя дамовіцца наконт мабілізацыі свайго базавага электарата, што ва ўмовах нізкай яўкі выбарцаў магло б прывесці да фактычнай перамогі асобных моцных апазіцыйных прэтэндэнтаў у дэпутаты. Традыцыйна, частка апазіцыйных партый будзе кіравацца байкотнай логікай і дэматываваць пратэстны электарат удзельнічаць у галасаванні. Хаця асобныя партыі могуць дасягнуць поспеху за кошт вылучэння добра вядомых кандыдатаў, якія ўжо неаднаразова балатаваліся і напрацавалі аўтарытэт сярод апазіцыйнага электарата. У выпадку з’яўлення яскравых і актыўных апазіцыйных вылучэнцаў мясцовыя ўлады могуць задзейнічаць іх выбаркавую рэгістрацыю, асабліва ў сталіцы і буйных гарадах.

Выбары ў большасць базавых (раённыя і гарадскія) і сельскіх органаў самакіравання пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Апазіцыя па-ранейшаму перажывае кадравы дэфіцыт па-за межамі сталіцы і вялікіх гарадоў. Вузкая лава патэнцыйных кандыдатаў ад апазіцыйных партый таксама адмоўна паўплывае на іх канкурэнтаздольнасць у выпадку супрацьстаяння з яскравымі праўладнымі кандыдатамі. Варта адзначыць, што асобныя лаялісты спадзяюцца не толькі на адміністрацыйны рэсурс, але ж праводзяць інтэнсіўныя выбарчыя кампаніі, маюць палітычную вагу і аўтарытэт сярод выбарцаў.

Выбарчая павестка: мясцовыя праблемы і сацыяльна-эканамічная палітыка vsпалітычны пратэст

Адсутнасць кааліцыйных дамоўленасцяў паміж апазіцыяй перашкодзіць фармаванню супольнага апазіцыйнага парадку дня на мясцовыя выбары. Адпаведна пратэстны электарат будзе атрымліваць супярэчлівыя пасланні ад апазіцыйных альянсаў унутры краіны (Беларускага нацыяльнальнага кангрэсу, правацэнтрысцкай кааліцыі і «Гавары праўду»), так і палітычнай эміграцыі, сярод якой пашыраны байкотныя настроі.

Верагодна, што БНК і палітычная эміграцыя будуць палітызаваць выбарчую павестку з акцэнтаваннем увагі на нелегітымнасці дзеючых уладаў і правальную сацыяльна-эканамічную палітыку з патрабаваннем забяспечыць сумленныя выбары. Аднак, хутчэй за ўсё, напружанасць у грамадстве ў сувязі з увядзеннем дэкрэта аб дармаедах згубіць сваю вастрыню. Уладам атрымалася на пачатку года прадухіліць нарастанне пратэстнага руху камбінаваным падыходам. З аднаго боку, сілавікі прадпрынялі шэраг захадаў для запалохвання грамадства рэпрэсіямі ў адносінах да лідараў вулічных пратэстаў, незалежных медыя/блогераў і крымінальнай справай «патрыётаў». З іншага боку, беларускае кіраўніцтва зрабіла пэўныя саступкі пратэстным групам насельніцтва замарозкай дэкрэта аб дармаедах. Тым не менш, латэнтная незадаволенасць у грамадстве сацыяльна-эканамічнай палітыкай дзяржавы захоўваецца, нягледзячы на паступовае аднаўленне ў краіне эканамічнага росту і падвышэнне дабрабыту насельніцтва.

Асобныя палітычныя партыі надаюць значную ўвагу мясцовай павестцы ў сваёй працы яшчэ да старту выбарчай кампаніі. Актывісты «Гавары праўду», моладзі БНФ, аргкамітэт БХД і частка сацыял-дэмакратаў праводзяць пастянную нізавую актыўнасць і рэкрутацыю валанцёраў з дапамогай мясцовых грамадскіх кампаній у пэрыяд паміж выбарамі.

У некаторых буйных і сярэдніх гарадах асаблівую вастрыню мае горадабудаўнічая тэматыка і апазіцыянеры маюць усе шанцы атрымаць падтрымку мясцовых жыхароў. Напрыклад, за апошні год адбыліся пратэсты або грамадскія кампаніі і петыцыі супраць зносу ці ўшчыльнення ў некаторых раёнах Менска, Гомеля, Салігорска, Бабруйска. У новых мікрараёнах Віцебска, Горадні, Гомеля і Магілёва мясцовыя актывісты ўжо некалькі год працуюць з жыхарамі і дабіваюцца ад улады стварэння медычнай і адукацыйнай інфраструктуры, пераразмеркавання бюджэтных рэсурсаў. Партыі таксама могуць актуалізаваць пытанні якасці і цаны на жыллёва-камунальныя паслугі, што будзе мець важнае значэнне для грамадзян у сувязі з ростам тарыфаў і большай аплатай падчас зімовага перыяда. Варта адзначыць, што лаялісты таксама могуць паспрабаваць перахапіць у апазіцыянераў мясцовую павестку для адцягнення галасоў.

Такім чынам, улады не дэманструюць імкнення змяніць правілы правядзення выбараў падчас электаральнай кампаніі 2017/2018. Нягледзячы на анансаваныя планы змяніць выбарчы кодэкс, гэтага не адбылося. Магчыма, беларускае кіраўніцтва пралічвае варыянт правядзення агульнанацыянальнага плебісцыта разам з выбарамі ў саветы, напярэдадні якога, безумоўна, рабіць змены у выбарчай сістэме было б рызыкоўна. Хутчэй за ўсё, улады замацуюць тэндэнцыі да павелічэння партыйнага прадстаўніцтва ў выбарных органах, як за кошт прадстаўнікоў лаяльных, так і апазіцыйных партый. Тым не менш, колькасць апазіцыянераў у саветах будзе залежыць не толькі ад ціску міжнароднай супольнасці і жадання афіцыйнага Менску працягнуць дыялог з заходнімі сталіцамі, але ж і настойлівасці апазіцыйных партый.


[1] Сведения о составе избранных депутатов местных Советов депутатов двадцать седьмого созыва.

[2] Аксана Шэлест: Нябожчыкаў трэба хаваць — дэсаветызацыя павінна быць скончана.

[3] В Кричеве «наехали» на требующих отставки главы райисполкома жителей.

[4] Президент Республики Беларусь Александр Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы.